грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац. адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі было паўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел.нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел.нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Баброўскага, І.Даніловіча, І.Анацэвіча, І.Лабойкі, І.Грыгаровіча, К. і Я.Тышкевічаў, Т.Нарбута, А.Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, П.Багрыма, А.Вярыгі-Дарэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, П.Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.Савіч, А.Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у т. л. ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел.нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел.вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, А.Абуховіча, К.Каганца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук.беларусазнаўства (публікацыі П.Бяссонава, І.Насовіча, М.Доўнар-Запольскага, Е.Раманава, Я.Карскага, А.Сапунова, А.Ельскага, Я.Карловіча, Г.Татура, М.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, А.Сержпутоўскага, М.Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт.газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел.рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ. аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел.нац.-вызв. руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.Бычкоўскага, В.Гадлеўскага, А.Пачопкі, А.Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., А.Гарун, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, З.Бядуля, браты А. і І.Луцкевічы, А.Уласаў, В.Ластоўскі, І.Буйніцкі, У.Галубок, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, Я.Лёсік, Ф.Шантыр, Л.Сівіцкая (З.Верас), Я.Хлябцэвіч, Л.Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял.кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у т. л.бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел.нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел.газ.«Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.—ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел. руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел. руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастаць унутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНКЗах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел.этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв. руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у 1920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст. пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.
Кр.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977; Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991; Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979; Усебеларускі з’езд 1917 года: Сведчанне сучасніка / Публ. В.Скалабана // Бел.гіст.Часоп. 1993. № 1—4; Доўнар-Запольскі М.В. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Мн., 1994; [Публіцыстыка Кастуся Каліноўскага] / Падрыхтавалі да друку А.Гаўрон, Я.Янушкевіч // Маладосць. 1988. № 1; Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.
Літ.:
Багдановіч М. Публіцыстыка // Зб.тв.Мн., 1968. Т. 2;
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Власт [Ластоўскі В.] Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910 (факс. выд.Мн., 1992);
Купала Я. Публіцыстыка // Зб.тв.Мн., 1976. Т. 7;
Яго ж. Жыве Беларусь: Вершы, арт.Мн., 1993;
Гмырак Л. Творы. Мн., 1992;
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928;
Тое ж.Мн., 1991;
Цвікевіч А. «Западноруссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. Мн., 1929;
2 выд.Мн., 1993;
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. 4 выд.М.; Л., 1926;
Тое ж.Мн., 1992;
Абдзіраловіч І. [Канчэўскі І.] Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светагляду). Вільня, 1921;
4 выд.Мн., 1993;
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Лёсік Я. Творы. Мн., 1994;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
Недасек Н. [Адамовіч Ант.]. Камунізм і «беларускі нацыяналізм»: (Гіст. агляд...) // Запісы. Мюнхен, 1962. Кн. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСІЗА́ЦЫЯ,
палітыка нац.-дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва ў БССР у 1920-я г. Яе вытокі ў бел.вызв. руху, у ідэях бел.нац. адраджэння. У БССР беларусізацыя праводзілася пад кіраўніцтвам КП(б)Б як адзінай уладнай партыі. Выпрацоўка нац. праграмы Камуніст. партыі праходзіла складана і супярэчліва, у жорсткай унутрыпарт. барацьбе. Ва ўмовах пераходу ад грамадзянскай вайны да грамадзянскага міру, станаўлення новай эканам. палітыкі (нэпа), пошуку формаў саюзу сав. рэспублік, пад націскам прадстаўнікоў нац. кампартый верх узяла лінія прыхільнікаў федэратыўнага аб’яднання, абнаўлення нац. палітыкі. Ініцыятарамі і аўтарамі палітыкі беларусізацыі былі дзеячы бел.нац.-вызв. руху, якія ў час Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны свядома прыйшлі да бальшавікоў, звязалі з сав. уладай свае надзеі на нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа, яго сац. і нац. адраджэнне. Многія з іх увайшлі ў склад кіруючых парт. і сав. органаў (А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі, А.Л.Бурбіс, А.В.Баліцкі, П.В.Ільючонак і інш.). Нягледзячы на шэраг супярэчнасцяў, ініцыятыва была падтрымана кіраўніцтвам КП(б)Б, у т. л. сакратарамі ЦК В.Г.Кнорыным, В.А.Багуцкім, А.М.Асаткіным-Уладзімірскім, А.І.Крыніцкім. Першыя крокі ў ажыццяўленні беларусізацыі зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць мовы, стварэнне бел. школ, перавод справаводства на бел. мову). Пры Наркамаце асветы БССР адкрыліся курсы беларусазнаўства для падрыхтоўкі настаўнікаў (кіраўнік Я.Лёсік). У лют. 1921 ЦВКБССР прыняў шэраг пастаноў, што прадвызначылі ўвесь наступны ход беларусізацыі. Быў пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. і польскай моў, намечаны меры па стварэнні сістэмы дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійна-тэхн. вучылішчаў і тэхнікумаў. Для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 распачаў дзейнасць БДУ, у 1922 — Ін-тбел. культуры. Згуртаванню ўсіх творчых сіл народа садзейнічала абвешчаная ў ліп. 1923 сумесным дэкрэтам ЦВКСССР і ЦВКБССР амністыя ўсім радавым удзельнікам і кіраўнікам антысав. нац. фарміраванняў і арг-цый 1918—20. VII з’ездКП(б)Б (сак. 1923) падвёў папярэднія вынікі вырашэння нац. пытання на Беларусі, сфармуляваў прынцыпы палітыкі беларусізацыі. Пашыраны пленум ЦБКП(б)Б (ліп. 1923) вызначыў комплекс мер па гасп. адраджэнні краю, тэр. самавызначэнні бел. народа, развіцці бел. мовы і нац. культуры, вылучэнні і выхаванні кадраў. Гэта праграма неаднаразова ўдакладнялася і дапаўнялася на пленумах ЦККП(б)Б (1925). 2-я сесія ЦВКБССР (15.7.1924) прыняла пастанову «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі», у выніку якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзярж. палітыкай. Прэзідыум ЦВКБССР утварыў спец. камісію па ажыццяўленні нац. палітыкі на чале з А.І.Хацкевічам. Аналагічныя камісіі былі створаны пры акр. выканкомах. У 2-й пал. 1920-х г. беларусізацыя мела цэласны канцэптуальны характар і была ўзнята да ўзроўню парт. і дзярж. палітыкі. Узбуйненне БССР у 1924 і 1926 дабратворна паўплывала на паліт., эканам. і культ. развіццё рэспублікі. Асноўны змест нац. палітыкі вызначалі пытанні развіцця бел. мовы і культуры (пры безумоўным забеспячэнні правоў і магчымасцяў свабоднага развіцця нац. меншасцяў). Выключная ўвага звярталася на навук. даследаванні праблем бел. мовы, яе гісторыі, нарматыўнасць, распрацоўку навук. тэрміналогіі. У 1920-я г.бел. мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літаратурнай мове. Выдаваліся працы па актуальных праблемах гісторыі, мастацтва, л-ры, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі. Шырокае развіццё атрымала краязнаўства. У 1928 каля 80% школ было пераведзена на бел. мову навучання; адкрываліся школы і класы для прадстаўнікоў нац. меншасцяў; выкладанне вялося на 8 нац. мовах. Да канца 1920-х г. амаль цалкам пераведзена на бел. мову справаводства ў дзярж. і парт. органах. Адным з цэнтр. кірункаў беларусізацыі з’яўлялася т.зв. каранізацыя — вылучэнне і выхаванне кадраў з карэннага насельніцтва на парт., сав., праф. і грамадскую работу. Палітыка беларусізацыі зрабіла значны ўплыў на нар. масы Зах. Беларусі, узмацніла іх арыентацыю на БССР; многія дзеячы бел. эміграцыі прынялі запрашэнне ўрада БССР вярнуцца на Беларусь для нац.-культ. працы. З канца 1920-х г., ва ўмовах стварэння аўтарытарна-бюракратычнай сістэмы і разгортвання кампаніі супраць т.зв. нацыянал-дэмакратызму, пачаўся паварот да фактычнай контрбеларусізацыі, разгрому нац. інтэлігенцыі. Апагеем гэтай кампаніі стала сфальсіфікаваная справа т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», за прыналежнасць да якога было засуджана 90 чал., пераважна дзеячы навукі і культуры, кіраўнікі шэрагу наркаматаў рэспублікі. У 1930-я г. сам тэрмін «беларусізацыя» амаль на паўстагоддзе знікае з ужытку.
Літ.:
Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;
Кароль А. Беларусізацыя — палітыка нацыянальнага адраджэння // Крыжовы шлях. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУСТРЫЯЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац industria стараннасць, дзейнасць),
працэс стварэння буйной машыннай вытв-сці, у першую чаргу ў прамысловасці. Перадумовы І. складваліся ў перыяд т.зв. першапачатковага накаплення капіталу (ахапіла краіны Зах. Еўропы ў 16—18 ст., Расію ў 17—19 ст.). Гэты працэс прывёў да экспрапрыяцыі многіх сялян і фарміравання вольнай прац. сілы. Аднак рэальныя ўмовы для разгортвання І. склаліся ў працэсе індустр. рэвалюцыі (прамысл. перавароту), якая адбывалася ў апошняй трэці 17 ст. — 1-й чвэрці 19 ст. першапачаткова ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы і ў ЗША. Прамысл. пераварот меў сваім вынікам стварэнне прам-сці фабрычна-заводскага тыпу, якая паступова выцясняла дробную таварную вытв-сць і мануфактуру. Гэта прывяло да ўзнікнення новага тыпу цывілізацыі — індустрыяльнага грамадства, якое прыйшло на змену агр.-рамеснай цывілізацыі. Сімвалам і гал. рухальнай сілай гэтага грамадства стала фабрыка, потым — прамысл. карпарацыя. Узніклі вольнае прадпрымальніцтва, нуклеарная сям’я, нац. дзяржава, рэпрэзентатыўны ўрад, пачала пашырацца адукацыя, інстытутыялізавалася навука. І. капіталіст. тыпу ахоплівае працяглы перыяд і найчасцей пачынаецца з лёгкай прам-сці, якая патрабуе менш капіталаўкладанняў, а абарачальнасць капіталу адбываецца больш хуткімі тэмпамі, у выніку чаго хутчэй і ў большай масе ствараецца прыбытак. Тэрміны і тэмпы ажыццяўлення І. ў розных краінах неаднолькавыя. Толькі ў Вялікабрытаніі прамысл. рэвалюцыя і І. супалі ў часе. Менавіта таму яна ўжо да сярэдзіны 19 ст. ператварылася ў індустр. развітую краіну («фабрыку свету»), якая забяспечвала прамысл. таварамі інш. краіны. У Германіі, Францыі, ЗША і інш. краінах І. зацягнулася на многія дзесяцігоддзі. Германія ператварылася ў індустр.-агр. краіну толькі ў канцы 19 ст., Францыя — у пач. 20 ст. У Расіі І. пачалася ў апошнія дзесяцігоддзі 19 ст., але так і не завяршылася да 1-й сусв. вайны і Кастр. рэвалюцыі 1917.
І. ў межах Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі, свой завяршальны этап рэалізавала ўжо ва ўмовах сав. улады. Гэты этап праводзіўся з сярэдзіны 1920-х г., пасля таго як XIV з’ездКПСС (1925) абвясціў курс на І. краіны ў якасці ген. лініі эканам. развіцця. У той час Беларусь характарызавалася нізкім узроўнем вытв-сці. Яна мела 3,4% насельніцтва СССР, а выпускала ўсяго 1,6% прамысл. прадукцыі. У 1926 дробныя саматужнікі выпускалі больш за 41% прадукцыі ўсёй прам-сці, а рабочыя, занятыя ў саматужна-рамеснай прам-сці, складалі амаль 3/4 рабочых Беларусі. Тут пераважалі дрэваапр., вытворч. і лёгкая галіна прам-сці, што вымагала больш інтэнсіўнага індустр. развіцця, чым у краіне ў цэлым. Сума бюджэтных укладанняў у разліку на душу насельніцтва ў нар. гаспадарку Беларусі ў 1928—32 павялічылася ў 2,8 разы, а ў Расіі — у 1,2 разы. Асн. сродкі накіроўваліся ў той час у паліўную, дрэваапр., папяровую, гарбарную і харч. галіны, бо іх развіццё патрабавала менш выдаткаў і часу. У 1932 на долю групы «Б» прыпадала больш за 65% усёй прамысл. прадукцыі, якая выраблялася на Беларусі. Паступова павялічваліся капіталаўкладанні ў развіццё энергет., машынабудаўнічай, станкабудаўнічай прам-сці і на вытв-сць будматэрыялаў. За першыя 2 гады 1-й пяцігодкі замест запланаванага павелічэння аб’ёмаў вытв-сці прамысл. прадукцыі на 87,8%, фактычны прырост склаў 149,3%. Выпуск прамысл. прадукцыі ў 1932 павялічыўся ў параўнанні з 1928 у 2,7 разы. За гады 1-й пяцігодкі ўведзена ў дзеянне 538 новых прадпрыемстваў, з іх 78 буйных. Хутка расла колькасць рабочага класа: у пачатку пяцігодкі на адно буйное прадпрыемства рэспублікі прыпадала 250 рабочых, а праз 2 гады — 870. Фарміраваліся новыя рабочыя прафесіі — металісты, машынабудаўнікі, тэкстыльшчыкі, хімікі. Хуткімі тэмпамі павялічвалася колькасць інжынераў, тэхнікаў, інш. спецыялістаў.
Гэтыя дасягненні з’явіліся вынікам не толькі добрасумленнай і самаахвярнай працы бел. народа, але і значных страт. За гады пяцігодкі рэзка абвастрылася праблема накапленняў. Не абумоўленая аб’ектыўнымі патрэбнасцямі сац.-эканам. развіцця калектывізацыя знізіла вытв-сцьс.-г. прадукцыі, у выніку значна пагоршыўся жыццёвы ўзровень большасці насельніцтва, з’явіліся карткі на харч. тавары. Негатыўны ўплыў адм.-каманднай сістэмы кіравання, распачатыя рэпрэсіі прывялі ў рэшце рэшт да запавольвання тэмпаў індустр. развіцця. У выніку гэтага за гады 2-й пяцігодкі (1933—37) аб’ём прамысл. вытв-сці ў Беларусі вырас у 1,9 разы, што ніжэй не толькі ад запланаванага (у 3,8 разы), але і агульнасаюзнага (2,2 разы). Такія паказчыкі індустр. развіцця адмоўна адбіваліся на жыццёвым узроўні насельніцтва. Пакупная здольнасць рубля ў 1932 у параўнанні з 1928 знізілася на 60%, а індэкс рознічных цэн у 1940 перавысіў узровень 1928 у 6,3 разы. Рэальная зарплата рабочых дасягнула ўзроўню 1928 толькі ў 1940. Такім чынам, завяршальны этап І. ў Беларусі, як і ў цэлым у Сав. Саюзе, быў вельмі супярэчлівым: вялікія здабыткі самаахвярнай напружанай працы народа суправаджаліся шматлікімі стратамі і неабгрунтаванымі ахвярамі.
у складзе Азербайджана, аддзелена ад яго тэр. Арменіі. Мяжуе па р. Аракс з Іранам і Турцыяй. Пл. 5,5 тыс.км². Нас. 306 тыс.чал. (1991), гарадскога 33%. Сярэдняя шчыльн. 55,6 чал. на 1 км². Жывуць азербайджанцы (95,6%), рускія і інш. Цэнтр — г.Нахічэвань. Гарады: Ардубад, Джульфа, Шарур.
Прырода. Паверхня гарыстая, каля 75% тэрыторыі на выш. больш за 1000 м. На Пн — Даралагезскі хр., на У — Зангезурскі хр. (выш. да 3904 м, г. Капутджух). Паўд. і паўд.-зах. часткі тэр. ўздоўж р. Аракс — раўніна выш. 600—1000 м. Карысныя выкапні: малібдэнавыя і поліметал. руды, каменная соль, сера, буд. матэрыялы. Шматлікія крыніцы мінер., пераважна вуглякіслых вод. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-растудз. ад -3 °C на раўніне, да -14 °C у гарах, ліп. адпаведна 28 °C і 25 °C (на вяршынях гор да 5 °C). Ападкаў за год ад 200 мм на раўніне да 600 мм у гарах. Гал. рака Аракс з прытокамі Арпа, Нахічэванчай. Вадасховішчы Батабатгёль і Узунабінскае (на р. Нахічэванчай) і Арпачайскае. Глебы шэразёмныя, бурыя і каштанавыя. Расліннасць на раўніне палыновая і салянкавая, у гарах стэпавая, субальпійская і альпійская; лясоў амаль няма.
Гісторыя. Тэр. рэспублікі заселена чалавекам з эпохі неаліту. У 8—7 ст. да н.э. ў складзе дзяржаў Мана і Мідыя, у 6—4 ст. да н.э.Ахеменідаў дзяржавы, у 4 ст. да н.э. — дзяржавы Аляксандра Македонскага, у пач. 2 ст. да н.э. — Атрапатэны. У 1 ст. да н.э. захоплена Рымам, у 3 ст.н.э. — Персіяй, у 623 — Візантыяй, у сярэдзіне 7 ст. — арабамі. У 9—10 ст. уваходзіла ў склад дзяржаў Саджыдаў (879—930) і Саларыдаў (941—965); гарады Нахічэвань, Джульфа, Ардубад сталі цэнтрамі рамяства і гандлю. У 11 ст. заваявана сельджукамі (г. Нахічэвань быў сталіцай дзяржавы султана Алп-Арслана), з 12 ст. ў складзе азерб. дзяржавы Эльдыгізідаў. У 13—15 ст. пад уладай манголаў, Цімура і цюркаў-агузаў, у 15—16 ст. у складзе дзяржаў Кара-Каюнлу і Ак-Каюнлу. З канца 16 ст. пад уладай Ірана ў складзе Сефевідаў дзяржавы (да 1720-х г.) і імперыі Надзір-шаха (1736—47). Неаднаразова перажыла нашэсці тур. і іранскіх войск. У 16 ст. ў складзе Сефевідскай дзяржавы вылучылася населенае азербайджанцамі і армянамі васальнае Нахічэванскае ханства, якое пасля распаду імперыі Надзір-шаха ў сярэдзіне 18 ст. стала незалежным, але ў канцы 18 ст. зноў трапіла пад уладу Ірана. Паводле Туркманчайскага дагавора 1828 у складзе Расіі, у 1849 тут утвораны Нахічэванскі пав. Эрыванскай губ. У пач. 20 ст. ўзніклі першыя с.-д. ячэйкі і арг-цыі «Гумет», вясной і летам 1917 у Нахічэвані і інш. месцах — Саветы, але ўлада заставалася ў руках мясц. бекаў і ханаў. У ліст. 1917 — сак. 1918 тут дзейнічала адміністрацыя Закаўказскага камісарыята. У чэрв. 1918 Нахічэвань акупіравана тур., у ліст. — брыт. войскамі; чл. партыі «Мусават» абвясцілі ў краі т.зв. Аракскую рэспубліку. У 1919—20 пад уладай мусаватыстаў і дашнакаў. У ліп. 1920 Нахічэванскі край заняла Чырв. Армія. 28.7.1920 абвешчана Нахічэванская ССР, якая заключыла ваен.-эканам. саюз з РСФСР і Азербайджанам. У лют. 1923 3-і Усенахічэванскі з’езд Саветаў ператварыў Нахічэванскую ССР у Нахічэванскі аўт. край у складзе Азерб. ССР. 9.2.1924 аўт. край ператвораны ў Нахічэванскую АССР. З 1989 насельніцтва Нахічэванскай АССР, якое ў выніку нагорна-карабахскага крызісу было адрэзана ад асн.тэр. Азербайджана, актыўна ўдзельнічала ў руху за незалежнасць Азербайджана і яднанне азербайджанцаў СССР і Ірана. У снеж. 1989 — студз. 1990 адбываліся масавыя несанкцыяніраваныя пераходы насельніцтвам рэспублікі сав.-іранскай граніцы. У ліст. 1990 Нахічэванская АССР перайменавана ў Нахічэванскую Аўт. Рэспубліку. З 1991 у складзе незалежнай Азербайджанскай Рэспублікі.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (поліметал. руды, каменная соль, сера), лёгкая (шоўкаматальная, бавоўнаачышчальная, трыкат., швейная), харч. і харчасмакавая (плодакансервавая, мяса-малочная, тытунёвая, разліў мінер. вод), электра- і радыётэхн., дрэваапр., у т. л. мэблевая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, асфальтабетон, абліцовачны камень). На р. Аракс азербайджанска-іранскі гідратэхн. комплекс «Аракс». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні вінаграду, костачкавых фруктаў, тытуню, цвёрдых гатункаў пшаніцы. Пасяўныя пл. займаюць каля 25 тыс.га, пераважае паліўное земляробства. Вінаградарства (тэхн. і кішмішныя гатункі) і садоўніцтва (абрыкосы, персікі, чарэшні і інш.) развіты ў перадгорных і сярэднягорных раёнах. Вырошчваюць збожжавыя на прыараксінскіх раўнінах, тытунь у Нахічэванскім і Шарурскім р-нах, агародніна-бахчавыя культуры паўсюдна. Бульбаводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага і мяса-воўнавага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак. Развіта шаўкаводства. Транспарт аўтамаб., чыг. і паветраны. Уздоўж мяжы з Іранам і Турцыяй праходзяць участкі аўтадарогі і чыгункі Баку—Ерэван. Даўж. чыгункі 190 км. Бальнеалагічныя курортныя мясцовасці Бадамлы, Сіраб.
Да арт.Нахічэванская Аўтаномная Рэспубліка. Статак авечак на пашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́СПАРА БЕЛАРУ́СКАЯ,
частка бел. народа, якая жыве па-за межамі Беларусі. У канцы 19 ст. — 1980-я г. ахоплівала ад 1/6 да амаль 1/3 часткі бел. нацыі. У пач. 1990-х г. за межамі Рэспублікі Беларусь пражывала 3—3,5 млн. беларусаў.
У розных гіст. умовах перасяленне насельніцтва з бел. зямель у інш. рэгіёны было выклікана эканам., паліт., ваен., рэліг. і інш. прычынамі. Ранняя эміграцыя найчасцей праяўлялася ў форме ўцёкаў з ВКЛ пакрыўджаных ці незадаволеных яго палітыкай прадстаўнікоў пануючага саслоўя. Для натуральнай эміграцыі з бел. зямель былі і прававыя падставы. Так, паводле прывілея 1447 Казіміра IV (пазней замацаваны ў Статуце ВКЛ 1529) князі, рыцары, шляхта і баяры маглі пакідаць дзяржаву «для лепшого щастья набытья», навучання ваен. майстэрству. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 пацвердзілі права вольных людзей розных саслоўяў на лячэнне, набыццё адукацыі, навучанне рамяству за мяжой. Многія з вольных людзей, якія выязджалі ў замежныя краіны, пакідалі там добрую спадчыну, садзейнічалі пашырэнню кнігадрукавання і асветы (Ф.Скарына, П.Мсціславец, Сімяон Полацкі, І.Капіевіч і інш.). У 15—16 ст. дзесяткі маладых людзей з бел. зямель ВКЛ вучыліся ў еўрап. ун-тах. Значны рост перасяленняў на У у канцы 16—17 ст. быў выкліканы больш раннім узмацненнем прыгоннай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. ўціску ў Рэчы Паспалітай. У 17—18 ст. у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і інш. дзяржавамі ў глыб імперыі перасяляліся ваеннапалонныя і нямала цывільных жыхароў з бел. зямель. Выхадцы з Беларусі і прымусова пераселеныя сяляне, рамеснікі, гандляры, шляхта садзейнічалі гасп. асваенню Паволжа і Сібіры, некаторыя з іх займалі высокія дзярж. і ваен. пасады, сталі заснавальнікамі купецкіх родаў, узбагачалі культ. жыццё ў месцах свайго пражывання. Перасяленцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі пачынальнікамі геагр. і этнагр. вывучэння новых каланізаваных Расіяй тэрыторый, карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.Каменскі, Л.Сеніцкі і інш.). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац, Новадзявочы, Данскі і Нова-Іерусалімскі (на Істры) манастыры. Яны прынеслі ў Рус. дзяржаву новыя рамёствы, свой адметны стыль, матывы і тэхніку скульпт. разьбы па дрэве («беларуская рэзь»), вырабу шматколернай кафлі. Падзелы Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 і развіццё ў канцы 18—19 ст.нац.-вызв. руху на Беларусі вызначылі паліт. прычыны эміграцыі, асабліва пасля паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64. Некаторыя з іх уключыліся ў рэв. і вызв. рух у Еўропе і Амерыцы (Т.Касцюшка, В.Урублеўскі, М.Судзілоўскі, З.Мінейка і інш.), садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, узбагачалі тым самым і бел. спадчыну (І.Дамейка, Г.Дмахоўскі, Н.Орда, А.Рыпінскі, К.Ельскі і інш.). Паводле перапісу 1897, у Рас. імперыі за межамі губерняў пераважна з бел. насельніцтвам (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) пражывала каля 500 тыс. беларусаў. Даследчыкамі прыроды, побыту, традыцый народаў Сібіры, Д. Усходу, Казахстана сталі сасланыя І.Чэрскі, Э.Пякарскі, А.Янушкевіч, Б.Дыбоўскі, В.Кавалеўскі. Узбагачэнню рус. прыродазнаўчай навукі спрыяла творчая спадчына вучоных — выхадцаў з Беларусі В.Ермакова, У.Брайцава, А.Садоўскага, Ж.Урублеўскага, У.Урублеўскага, У.Кавалеўскага, А.Кавалеўскага.
Першая хваля масавай працоўнай міграцыі бел. насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Рас. імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на рубяжы 19—20 ст. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі перасялілася (пераважна сяляне) больш за 700 тыс., за межы Расіі — 500—800 тыс.чал. (пераважна ў ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Зах. Еўропы). Па-за этн. межамі ўзніклі першая асв.арг-цыя «Крывіцкі вязок» (1868), першая самастойная паліт.арг-цыябел. інтэлігенцыі «Гоман» (1884, абедзве ў Пецярбургу), «Беларускае студэнцкае зямляцтва» ў Варшаве (1908—1914), Беларускі навук.-літ. гурток у Санкт-Пецярбургу (1912—14). У 1914 зарэгістравана першае супольнае Т-ва беларусаў і маларосаў (ЗША, штат Мічыган). У многіх рус. асяродках ЗША і Канады беларусы складалі значную ці нават большую частку, былі заснавальнікамі многіх правасл. цэркваў, прыходаў, удзельнікамі грамадска-культ. жыцця.
1-я сусв. вайна 1914—18, Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917, герм. і польская акупацыі Беларусі выклікалі значны адток бел. насельніцтва на У Расіі (246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных пасля не вярнуліся на радзіму), вываз ваеннапалонных у Германію, выезд больш за 120 тыс.чал. у Літву, Латвію, Эстонію, Чэхаславакію, Турцыю і інш. краіны. За мяжой з’явілася першая арганізаваная паліт. эміграцыя (урад і вайск. фарміраванні БНР, кіраўніцтва партыі бел. эсэраў і інш.). Працоўная (сялянская) эміграцыя звязана з выездам у Амерыку і Еўропу (каля 180—250 тыс. жыхароў Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы). Найбольшай актыўнасцю і нац.-культ. дзейнасцю ў міжваенны перыяд. вызначалася Д.б. ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Аргенціне (існавалі т-вы, нац. друк, асвета). З БССР у 1926—38 у інш. рэгіёны СССР перасялілася больш за 600 тыс.чал. (планавы набор рабочай сілы, дэпартацыі, паліт. рэпрэсіі і інш.). Рассеяныя па абшарах дзяржавы беларусы стварылі дзесяткі грамадскіх, культурна-асветных арг-цый, якія ў 1930-я г. спынілі сваю дзейнасць. У выніку 2-й сусв. вайны амаль 1,5 млн. беларусаў эвакуіравалася на У і толькі трэцяя частка з іх вярнулася ў БССР; у ліку сав. ваеннапалонных за мяжой апынулася шмат беларусаў, каля 400 тыс. вывезена ў Германію (240 тыс. з іх не вярнуліся). Да сак. 1946 у СССР рэпатрыіравана 520 тыс. беларусаў. Аснову Д.б. склалі таксама члены бел. арг-цый, устаноў, вайск. фарміраванняў на акупіраванай тэр., якія выехалі на Захад. Пасля вайны Д.б. за межамі СССР папаўнялася нязначна. Рэгулярны прыток беларусаў і выхадцаў з Беларусі ў зах. краіны пачаўся ў 1980-х г. У 1988—90 з БССР эмігрыравала больш за 52 тыс.чал. У 1991—95 за межы Рэспублікі Беларусь выехала каля 55 тыс.чал.: у Ізраіль (50%), ЗША (32%), Германію, Аўстралію, Польшчу, Канаду. Па неафіц. звестках у 1995 каля 500 тыс. беларусаў пражывала ў ЗША, каля 100 тыс. у Канадзе, дзесяткі тысяч у Аргенціне, Бразіліі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Вялікабрытаніі і Аўстраліі Прыкладна 250—400 тыс. беларусаў Беласточчыны апынуліся ў Польшчы пасля вызначэння пасляваен. дзярж. граніц. Пасля распаду СССР на абшарах новых незалежных дзяржаў апынулася больш за 2 млн. беларусаў. У 1992—95 Беларусь прыняла з новых незалежных дзяржаў 287 тыс. асоб, з якіх амаль 150 тыс. беларусаў. На постсавецкай прасторы цяпер сканцэнтравана пераважная большасць усіх замежных беларусаў. На 1996 у Расіі іх больш за 1 млн. 100 тыс.чал., на Украіне больш за 400 тыс., у Казахстане — 170 тыс., Латвіі — амаль 100 тыс., Літве — 50 тыс., Эстоніі — 25 тыс. За межамі Рэспублікі Беларусь частка беларусаў пражывае на этнічных землях, якія ў 1920—40 адышлі да інш. дзяржаў. Духоўнай асновай нац. самавызначэння, праявай самабытнасці, адметнасці сталі створаныя беларусамі ў замежжы грамадскія, паліт., асв.-культ., навук., рэліг. арг-цыі, суполкі мастакоў, нац. друк і асвета, культ. цэнтры, музеі і архівы, маст. калектывы, пабудаваныя храмы. За мяжой дзейнічаюць Бел. аўтакефальная правасл. царква, Бел.правасл. царква ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярха, Бел. каталіцкія (уніяцкія) місіі ў Чыкага, Лондане, Парыжы. Царк.-рэліг. жыццё на нац. аснове складваецца і на постсавецкім абшары (Масква, Санкт-Пецярбург, Рыга). Захаванню нац. свядомасці, пашырэнню звестак пра беларусаў спрыяюць Бел.-амер. задзіночанне, Бел.нац. аб’яднанне, Бел. кангрэсовы камітэт, Бел.-амер. рада ў Чыкага (усе ў ЗША), Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, Згуртаванне беларусаў Канады, Федэрацыя бел. арг-цый у Аўстраліі, Бел. хаўрус у Францыі, жаночыя, маладзёжныя і інш. арг-цыі; правядзенне традыц. сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (з 1952 адбыліся 22 сустрэчы), Аўстраліі (з 1976—12 сустрэч); перыяд. друк, у т. л. штомесячная газета «Беларус» (у ЗША ў 1980-я г. выходзіла 15 выданняў на бел. мове). Нац.-культ., сац.-паліт. інтарэсы беларусаў Польшчы выражаюць паліт. партыя Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, Бел. аб’яднанне студэнтаў і інш. т-вы, згуртаваныя ў Раду бел. арг-цый і Бел. Саюз, Бел. грамадска-культ.т-ва, газета «Ніва» і інш. З канца 1980-х г. пачаўся працэс нац.-культ. гуртавання беларусаў СССР. Пра дынаміку іх арганізац. аб’яднання на постсавецкай прасторы сведчыць грамадская культ.-асв. дзейнасць у 1997 больш за 80 бел. суполак, т-ваў, згуртаванняў, цэнтраў у Расіі, на Украіне, у Малдове, Латвіі, Літве, Эстоніі, Казахстане, Кыргызстане, Узбекістане. Цэнтры навук.-культ. жыцця Д.б.: Беларускі ін-т навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Англа-бел. т-ва, Б-ка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане, філіял Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Таронта (Канада), Бел.гіст.т-ва ў Беластоку (Польшча), Вялікалітоўскі фонд імя Л.Сапегі, фундацыя імя П.Крачэўскага (ЗША) і інш. Асяроддзе замежных беларусаў вылучыла вядомых людзей у розных галінах навукі, літаратуры і мастацтва. Парт.-дзярж. колы БССР і СССР у адносінах да Д.б. вялі палітыку яе непрызнання, ізаляцыі паліт. эміграцыі ад Бацькаўшчыны, расколу яе па ідэалаг. адзнаках. Створанае Бел.т-ва па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (1964, з 1976 — Бел.т-ва «Радзіма») трымала сувязь толькі з арг-цыямі, якія лаяльна ставіліся да сацыяліст. ладу. Недаацэньваліся нац.-культ. патрэбы суродзічаў у іншаэтнічных раёнах СССР. З пачаткам працэсаў дэмакратызацыі, нац. адраджэння, паліт. і эканам. рэформ узніклі ўмовы для пераасэнсавання ролі Д.б. З канца 1980-х г. новыя грамадскія рухі на Беларусі сталі ініцыятарамі ўсталявання з ёй сталых зносін. Істотныя змены ў адносінах Д.б., у т. л. і на дзярж. узроўні, пачаліся, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Дзейнічае згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 1990), падтрымку ўрада атрымалі яго ініцыятывы агульнанац. маштабу — Першы сход беларусаў блізкага замежжа (снеж. 1992), Першы з’езд беларусаў свету (ліп. 1993). У ліп. 1997 адбыўся Другі з’езд беларусаў свету. Вырашэнню праблем Д.б. спрыялі прыняцце Закона аб грамадзянстве (1991), Закона аб парадку выезду і ўезду (1993), уключэнне ў шэраг падпісаных Рэспублікай Беларусь міжнар. дагавораў (з Расіяй, Польшчай, Украінай, Кыргызстанам, Казахстанам і інш.) артыкулаў аб магчымасці свабоднага выяўлення, захавання і развіцця суайчыннікамі этнічнай, культ., моўнай, рэліг. самабытнасці, прыняцце дзярж. праграмы «Беларусы ў свеце». Гл. таксама Эміграцыя.
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (Вторая половина XIX в.). Мн., 1978;
Грыцкевіч В.П. Нашы славутыя землякі. Мн., 1984;
Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;
Сачанка Б.І. Беларуская эміграцыя. 2 выд.Мн., 1991;
Скарыніч. Вып. 1—3. Мн., 1991—97;
Антонава Т. У землякоў за акіянам. Мн., 1992;
Кіпель В. Беларусы ў ЗША Мн., 1993;
Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мн., 1993;
Культура беларускага замежжа Кн. 1—3. Мн., 1993—94;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЖАНЦЫ,
асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.
Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас.к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел.сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел.нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).
У пачатку Вял.Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн.чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс.чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар.арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт.эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.
З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец.Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́ (БСГ),
нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку. Створана ў канцы 1902 пад назвай Бел.рэв. грамада (БРГ) на аснове гурткоў бел. студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Стваральнікі і кіраўнікі: браты І.І. і А.Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі і інш. На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903) БРГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нац. пытанні формай забеспячэння нац. свабоды прызнавала незалежную дэмакр. рэспубліку. Выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, нар. заканадаўства, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную мед. дапамогу. У агр. пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэв. дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам. Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903, па другіх — у 1906). У 1903—04 БСГ узаемадзейнічала з Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай с.-д. партыяй, выдавала разам з імі нелегальную л-ру. З канца 1905 у Мінску дзейнічала падп. друкарня БСГ. На 2-м з’ездзе (студз. 1906, Мінск) прынята новая праграма партыі. У ёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла замену капіталіст. ладу сацыялістычным, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакр. рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культ.-нац. аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі з мясц. сеймам у Вільні. У агр. пытанні патрабавала адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Ажыццяўленне ўсіх паліт. і сац. пераўтварэнняў з’езд звязваў са скліканнем Устаноўчага сейма Беларусі.
Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыяд. выданнем на бел. мове стала газ.«Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14.9.1906). Газета мела рэв.-дэмакр. характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на бел. мове «Наша ніва». Асн. аб’ектам дзейнасці БСГ было бел. сялянства. Яе ўплыў на гар. рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны. У рэвалюцыю 1905—07 БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., арганізавала шэраг паліт. сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сял. забастовак. Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й пал. 1907 лідэры БСГ засяродзілі сваю дзейнасць на выданні газ. «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам бел. нац.-культ. руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нац. свядомасці, ідэі нац.-культ. адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастойнасці бел. нацыі, змагалася за ўвядзенне бел. мовы ў школе, царкве і касцёле. У 1-ю сусв. вайну на акупіраванай немцамі тэр. дзейнічала створаная членамі БСГБеларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група. На неакупіраванай тэр.БСГ аднавіла дзейнасць пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Яе паліт. курс у новай гіст. сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакр. пераўтварэнняў. Канферэнцыя БСГ (сак. 1917, Мінск) выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рас. рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. У сак. 1917 прадстаўнікі БСГ удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, атрымалі 10 месцаў у Беларускім нацыянальным камітэце. Грамада пашырыла свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і інш. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, у маі—чэрв. 1917 выдавала газ.«Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. думах Мінска, Петраграда, Бабруйска. У чэрв. 1917 канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П.Бадунова, А.Бурбіс, Я.Варонка, К.Душэўскі, З.Жылуновіч, У.Ігнатоўскі, Я.Колас, А.Смоліч. БСГ была ініцыятарам склікання ў ліп. 1917 з’езда беларускіх арганізацый і партый, займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917. У кастр. 1917 БСГ налічвала каля 10 тыс. членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутр. супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У вер. 1917 частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пач. 1918 адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай бел. дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арг-цыі сталі на шлях утварэння бел. дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пач. 1919 у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады. Пераемніцай традыцый БСГ з 1991 стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.
Літ.:
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел.паліт.арг.: Бел.рэв. грамада, Бел.сац. грамада. Вільня, 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ (ад археа... + ...логія),
галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв.археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.
Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял.франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.Ю.Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.Я.Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.Шліман, А.Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.С.Уварава, Д.Я.Самаквасава, Л.К.Іваноўскага, У.І.Сізова, А.А.Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.
На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.Нарбут, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.П.Тышкевічы, А.Г.К.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, В.А.Шукевіч, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Г.Х.Татур, Л.Ю.Лазарэвіч-Шапялевіч, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал.з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел.АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.М.Ляўданскі, К.М.Палікарповіч, С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, І.А.Сербаў, С.С.Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, З.Шмід, З.Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.Дз.Будзько, У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі, У.П.Ксяндзоў, А.Г.Калечыц, Э.М.Зайкоўскі, В.Ф.Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, К.П.Шут, В.І.Шадыра, В.С.Вяргей, М.І.Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк, Т.С.Бубенька, В.М.Ляўко, Л.У.Калядзінскі, В.Е.Собаль, Ю.А.Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.У.Дучыц, Я.Р.Рыер, У.У.Багамольнікаў, Т.М.Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.А.Трусаў, А.К.Краўцэвіч, В.У.Шаблюк, І.М.Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, В.В.Сядоў, П.М.Траццякоў).
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.Да арт.Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Максім Іванавіч) (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Полацкага р-на Віцебскай вобл., на р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. За 100 км ад Віцебска, вузел чыг. ліній на Маладзечна, Віцебск, Невель (Расія), Даўгаўпілс (Латвія) і аўтадарог на Віцебск, Невель, Верхнядзвінск, Глыбокае, Лепель. Аэрапорт. 82,7 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Полотеск, Полотьск, Полтеск; паводле скандынаўскіх саг Pallteskiuborg, Palteskia) — самы стараж. горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых гарадоў усх. славян. Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» (Лаўрэнцьеўскі і Іпацьеўскі спісы) пад 862. Засн. крывічамі на месцы паселішча балтаў 1-й пал. 1-га тыс. (днепра-дзвінская культура). У 9 ст. размешчаны на беразе р. Палаты на гарадзішчы пл. 0,5 га і селішчы пл. 6 га. Згадваўся ў летапісах у 865 (у час вайны з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам) і ў 907 (у дагаворы кн. Алега з Візантыяй). У 980 (паводле інш. звестак у 970 ці 975) у час паходу на П. наўгародскага кн.Уладзіміра Святаславіча быў забіты першы гістарычна вядомы полацкі кн.Рагвалод, які «прыйшоў з-за мора». Яго дачка Рагнеда Рагвалодаўна стала жонкай вял. кіеўскага кн. Уладзіміра. Пэўны час П. быў у складзе Кіеўскай Русі. У 10—13 ст. цэнтр буйнога Полацкага княства. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах (зах.-дзвінскае адгалінаванне шляху «з варагаў у грэкі») садзейнічала яго хуткаму эканам., паліт. і культ. развіццю. У 1105 (магчыма, з 992) у П. існавала епіскапская кафедра (гл.Полацкая праваслаўная епархія). З 988 полацкім князем быў сын Рагнеды Ізяслаў Уладзіміравіч (памёр у 1001), з 1003 — Брачыслаў Ізяславіч, які здзейсніў у 1021 паход на Ноўгарад. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найб. росквіту. У 11—12 ст. горад займаў пл. каля 80 га, меў каля 8 тыс. жыхароў. Нават пасля падзелу ў 1101 княства паміж сынамі Усяслава П. заставаўся буйным паліт. цэнтрам і гал. канкурэнтам Кіева. У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд.рус. князёў супраць полацкіх князёў, захапіў іх і ў 1129 выслаў у Візантыю. Але пасля вяртання іх дзяцей на радзіму барацьба працягвалася. У 1-й чвэрці 12 ст. актывізавалася гар.веча — сход палачан для вырашэння грамадскіх спраў, пытанняў вайны і міру, гандлю, судовых спрэчак. Ад імя веча («мужоў палачан») падпісваліся дагаворы з Рыгай і ганзейскімі купцамі. У 1132 веча абрала князем Васільку Святаславіча. У 1151 і 1158 за княжацкі трон у П. змагаліся друцкі кн.Рагвалод Барысавіч і мінскі кн.Расціслаў Глебавіч. У 1161 полацкім князем стаў Усяслаў Васількавіч. У 1262—63 у П. княжыў Таўцівіл. У 13 ст. полацкія дружыны разам з лівамі, латгаламі і эстамі змагаліся супраць ням. крыжакоў. З канца 13 — пач. 14 ст. П. у складзе Вялікага княства Літоўскага з правамі поўнай аўтаноміі. У 14 ст. вядомы полацкія князі Воін, Глеб, Андрэй Альгердавіч. З 1392 П. кіравалі намеснікі вял. князя ВКЛ. У 1410 полацкія харугвы ўдзельнічалі ў разгроме Тэўтонскага ордэна пад Грунвальдам. Каля 1490 у П. нарадзіўся бел. першадрукар, асветнік і дзеяч культуры эпохі Адраджэння Ф.Скарына. У 1498 горад атрымаў магдэбургскае права. У 14—16 ст. П. — самы вял. горад у ВКЛ, меў асобыя прывілеі (гл.Полацкае права, Полацкія прывілеі). З 1504 цэнтр Полацкага ваяводства. З 16 ст. горад меў герб: у блакітным полі трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі, вада сярэбраная. У Лівонскую вайну 1558—83 П. у 1563 заняты маск. войскамі Івана IV (гл.Полацка абарона 1563). У 1579 адваяваны войскамі Стафана Баторыя. У 1580 у горад запрошаны прадстаўнікі ордэна езуітаў. З прыняццем Брэсцкай уніі 1596 Сафійскі сабор у П. стаў кафедральным уніяцкім саборам. У 1601 узніклі рамесніцкія цэхі кавалёў, кацельшчыкаў, слесараў, мечнікаў, залатых спраў майстроў і інш. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 20 тыс.ж., пераважна рамеснікі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 у горадзе адбылося Полацкае паўстанне 1633. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П. заняты рус. войскамі, паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 вернуты Рэчы Паспалітай. У Паўночную вайну 1700—21 каля П. стаялі рус. войскі. У чэрв. 1705 іх наведаў цар Пётр I. У выніку 1-га і 2-га падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772 да Расіі адышла правабярэжная, у 1793 — левабярэжная ч. горада. У 1772—76 цэнтр Полацкай правінцыі, з 1776 — Полацкай губерні, у 1778—96 — Полацкага намесніцтва. З 1796 цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ. У 1781 зацверджаны новы герб горада — «Пагоня» (на сярэбраным полі выява конніка са шчытом і ўзнятым мячом). У вайну 1812 пасля захопу 26 ліп.франц. войскамі П. адбыліся Клясціцкія баі 1812, потым Полацкія бітвы 1812. У 19 ст. ў горадзе пераважала рамесная вытворчасць. У 1817—3340 ж.Полацкі царкоўны сабор 1839 прыняў пастанову аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. У 1840—50-я г. было 6—9 гарбарняў (па 3—6 рабочых у кожнай), 3—5 цагельняў, 2—3 піваварні, 8—10 ганчарняў (2—4 рабочыя ў кожнай). У 1860-я г. працавалі тытунёвая ф-ка, гарэлачны з-д (каля 20 рабочых). Значнае месца ў развіцці горада займаў гандаль, пашырэнню якога спрыяла адкрыццё ў 1866 руху на ўчастку Дынабург—П. Рыга-Арлоўскай чыгункі. У 1860 працавалі 122 крамы, у 1865—456. У 1897 у П. 20 294 ж. У 1904 узнікла Полацкая арг-цыяРСДРП. У ліст. 1917 тут адбыўся Другі з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту, у снежні — Трэці з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР — цэнтр Палацкага раёна, у 1924—30 і 1935—38 — Полацкай акругі. З 1938 у Віцебскай вобл., горад абл. падпарадкавання. У пач.Вял.Айч. вайны часці Чырв. Арміі і гарнізон Полацкага ўмацаванага раёна больш як 3 тыдні стрымлівалі праціўніка на подступах да горада (гл.Полацка абарона 1941). 16.7.1941 П. акупіраваны ням.-фашыстамі, якія знішчылі тут каля 150 тыс. жыхароў і ваеннапалонных, усе прамысл. прадпрыемствы, культ.-асв. ўстановы, 96% жыллёвага фонду. Дзейнічала Полацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 4.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту і партызанамі ў ходзе Полацкай аперацыі 1944. У 1944—54 цэнтр Полацкай вобласці, з 1954 раённы цэнтр Віцебскай вобл. У 1970 у П. 64,2 тыс. жыхароў.
У 9 ст. П. размяшчаўся на берагах р. Палата (адсюль назва горада) на ўмацаваным гарадзішчы. У 11 ст. дзядзінец перанесены на ўзгорак пры ўпадзенні Палаты ў Зах. Дзвіну. У 12—13 ст. горад меў развітую планіровачную структуру; складаўся з пасялення на беразе Палаты (пачатковае гарадзішча і паселішча), Полацкага Верхняга замка, Вял. пасада (на правым беразе Зах. Дзвіны) і Запалоцця (за р. Палата). На тэр. Верхняга замка ў 11 ст. пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. сфарміравалася самабытная Полацкая шкала дойлідства; узведзены Полацкі княжацкі храм, княжацкія палаты, Прадцечанская царква (на в-ве Зах. Дзвіны, не захавалася), у прадмесці Бельчыцы — Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр; засн.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр і пабудаваны яго саборны храм — Спаса-Праабражэнская царква і храм-пахавальня. У 14 ст. заселены левы бераг Зах. Дзвіны. У 1-й пал. 16 ст. пабудаваны драўляны кальвінскі збор (згарэў у 1660). У 1580 закладзены драўляныя касцёл і калегіум езуітаў, у 1-й пал. 17 ст. ўзведзены мураваныя будынкі Полацкага езуіцкага калегіума. У канцы 16 ст. планіровачная структура горада складалася з Верхняга і Ніжняга замкаў і 6 пасадаў: Вялікага, Запалоцкага, Востраўскага, Якіманскага, Крыўцова (за Зах. Дзвіной), Слабадскога (уздоўж р. Бельчыца); было каля 80 вуліц і завулкаў. П. з’яўляўся важным стратэг. пунктам і меў развітую сістэму абарончых умацаванняў. Верхні і Ніжні замкі былі абнесены драўлянымі сценамі з вежамі і злучаліся паміж сабой пад’ёмным мостам, перакінутым цераз роў. Абарончыя ўмацаванні неаднаразова гарэлі і зноў аднаўляліся. Перад будынкам езуіцкага калегіума пачала фарміравацца Полацкая Парадная плошча. У 17—18 ст. існавала вял. колькасць мураваных манастыроў, цэркваў, касцёлаў, у т. л.Полацкі Богаяўленскі манастыр, Полацкі Кляштар бернардзінцаў, Полацкі кляштар францысканцаў, Полацкі кляштар дамініканцаў, манастыр базыльян. У 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. ў сувязі з войнамі горад заняпаў. Да сярэдзіны 18 ст. склалася прамавугольная сістэма планіроўкі цэнтр.ч. П. У 1778 для правабярэжнай ч. горада распрацаваны рэгулярны праектны план. Уздоўж Зах. Дзвіны па гал. вуліцы (сучасны праспект К.Маркса) запраектаваны 3 плошчы: гал., гар. магістрата і гандл. Галоўная (Парадная, потым Корпусная) плошча ў канцы 18 — пач. 19 ст. забудавана адм. будынкамі ў стылі класіцызму (захавалася часткова). Прамавугольную сістэму планіроўкі атрымала Запалоцце (таксама з 3 плошчамі). У 1838 распрацаваны праект плана для ўсяго горада, паводле якога рэгулярная сістэма планіроўкі развівалася і ў Задзвінскай ч., дзе ў цэнтры была запраектавана прамавугольная плошча. У паўн.-ўсх.ч. горада засн. новыя жылыя кварталы. Паводле генплана П. 1937—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. І.Рапапорт) пабудаваны прамысл. прадпрыемствы, шматпавярховыя жылыя дамы, адм. і грамадскія будынкі. У пасляваен. гады П. развіваўся паводле генплана 1948 («Белдзяржпраект», арх. Г.Заборскі, Л.Мацкевіч, А.Хегай; карэкціроўка 1964, Віцебскі аблпраект, арх. В.Данілаў, А.Данілава, Л.Яніна, З.Даўгяла). Агульнагар. цэнтр размяшчаецца на гал.гар. магістралі — праспекце К.Маркса з сістэмай плошчаў, падпарадкоўваецца гал. кампазіцыйнай восі — Зах. Дзвіне. У 1950—60-я г. рэканструявана цэнтр.ч. горада — пл. Леніна (б. Корпусная, цяпер Свабоды), праспект К.Маркса, вуліцы Гогаля і інш. Сучасны горад забудоўваецца паводле генплана 1972 (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Чарнышоў, Г.Булдаў, М.Трагубовіч; карэкціроўка 1977). Уключае правабярэжжа, якое чыгункамі і р. Палата падзяляецца на планіровачныя раёны (Цэнтральны, Грамы 1-я і Грамы 2-я, Паўночны, Запалоцце), і левабярэжжа — раён Задзвінне. Арх.-планіровачная структура Цэнтр. раёна — прамавугольная сетка вуліц з дробнымі кварталамі, забудаванымі 2—5-павярховымі дамамі. Адм.-грамадскі цэнтр фарміруецца на пл. Свабоды. На скрыжаванні праспекта К.Маркса з вул. Гогаля ўтворана пл. Ф.Скарыны (у 1974 тут устаноўлены помнік Скарыне). У інш. планіровачных раёнах правабярэжжа пераважае 1-павярховая забудова сядзібнага тыпу. Левабярэжжа складаецца з жылой зоны і паўд.прамысл. раёна. Створаны мікрараён Марыненка з 5—9-павярховай забудовай, гандл. цэнтрам. Зоны адпачынку — поймы Зах. Дзвіны і Палаты. Захаваліся фрагменты забудовы 17—19 ст. па вул. Леніна, Полацкі жылы дом (Дом Пятра I), Полацкая кірха, дамы па вул. Скарыны, б. дом губернатара (у 2000 рэстаўрыраваны). Каля Сафійскага сабора знаходзіцца Барысаў камень (гл.Барысавы камяні) — помнік эпіграфікі 12 ст. Распрацаваны праект рэгенерацыі гіст. забудовы горада 1985 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Токарава, І.Шамецька). У 2000 у П. пабудаваны мост цераз Зах. Дзвіну, пастаўлены помнік Ефрасінні Полацкай (скульпт. І.Голубеў).
З 10 ст. ў П. развіты кавальскае, ювелірнае, касцярэзнае, гарбарнае, шавецкае і інш. рамёствы. 12 ст. — росквіт пісьменства і адукацыі. Пры манастырах перапісваліся кнігі, вяліся летапісныя запісы, праводзілася навучанне падлеткаў. Дзейнасць Ефрасінні Полацкай апісана ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай» — помніку бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. З сярэдзіны 12 ст. тут працавалі дойлід Іаан і майстар-ювелір Лазар Богша. У 1161 Богша зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. З 11 ст. вядомы помнікі эпіграфікі — надпісы, зробленыя ў П. ці выхадцамі з Полаччыны (на сценах Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, на касцях, амфарах, плінфе і інш., Барысавых камянях і Рагвалодавым камені, а таксама надпіс палачаніна Жураговіца на сцяне Сафійскага сабора ў Кіеве). Захаваліся 3 рукапісныя помнікі 12—14 ст. — Полацкія евангеллі. Матэрыяльная культура П. ўключала элементы горадабуд. структуры, асаблівасці фартыфікацыі, побыту, развітое рамяство. У 2-й пал. 13—14 ст. культура П. перажывала некат. заняпад. У 15 ст. тут назіраўся ўздым культ. жыцця. Ад гэтага часу і да 17 ст. ў горадзе існавала 12 манастыроў і каля 18 храмаў. У 1581 засн.Полацкі езуіцкі калегіум, які ў 1812 пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію. Першым рэктарам калегіума быў царк. і паліт. дзеяч, пісьменнік П.Скарга. Тут выкладалі граматыку, рыторыку, паэтыку, лац. і стараж.-грэч. мовы, філасофію, фізіку, астраномію і інш. У 1618—21 і 1626—27 чытаў лекцыі паэт-гуманіст М.К.Сарбеўскі. З калегіума выйшлі мастак В.Ваньковіч, скульптар і гравёр Ф.Талстой, драматург і гісторык Н.Мусніцкі, пісьменнік Я.Баршчэўскі і інш. Пры калегіуме працаваў Полацкі школьны тэатр; створана Полацкай езуіцкай акадэміі бібліятэка. У 17 ст. пры Богаяўленскім манастыры дзейнічалі брацтвы і школа, у якой у 1656 выкладаў педагог, пісьменнік і публіцыст Сімяон Полацкі. У П. складзены зб.бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак». У 1835 на базе езуіцкай акадэміі і піярскага вучылішча адкрыты Полацкі кадэцкі корпус. З 1872 працавала Полацкая настаўніцкая семінарыя (у 1902 яе скончыў бел. паэт Я.Журба). У пач. 20 ст. працавалі жаночая дзярж. гімназія (гл.Полацкія гімназіі), 6 вучылішчаў рознага профілю, 5 царк.-прыходскіх школ, яўр.рэліг. школа. У 1925—28 дзейнічаў філіял літ. аб’яднання «Маладняк». У 1926 адкрыты Полацкі краязнаўчы музей. У 1936 на базе мясц.т-ра рабочай моладзі створаны калгасна-саўгасны т-р. У 1940—41 працавалі 16 агульнаадук. школ, буд. і лясны тэхнікумы, школьнае і дашкольнае педвучылішчы, 11 клубаў, кінатэатр, 9 б-к. У Вял.Айч. вайну знішчаны ўсе культ.-асв. ўстановы П. У пасляваен. час адноўлены ці адкрыты новыя. Сучасны П. — значны культ. цэнтр Віцебскай вобл. і Беларусі. Тут дзейнічаюць (2000) Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік (уключае больш за 7 пастаянна дзеючых музеяў: Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі музей баявой славы і інш., таксама ахоўную зону стараж. цэнтра горада), пед. каледж, мед. вучылішча, нац. гімназія, 15 сярэдніх, муз. і 2 спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац. культуры, 2 нар. т-ры, 3 палацы культуры, 21 б-ка. П. — радзіма многіх дзеячаў культуры, у т. л. Ф.Скарыны, майстра-чаканшчыка па серабры І.Андрэева, рус. і бел. ўсходазнаўца К.Касовіча, этнографа і фалькларыста С.П.Сахарава, бел. кінарэжысёра Ю.В.Тарыча. Паводле меркаванняў некат. даследчыкаў, з Полаччыны паходзіць адзін з аўтараў і герояў «Слова пра паход Ігаравы» — Баян. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі: Ефрасінні Полацкай, Ф.Скарыне, У.М.Азіну, ахвярам фашызму, сав. ваеннапалонным і ахвярам фаш. тэрору, сав. воінам, воінам-гвардзейцам, камсамольцам Полаччыны, Вызвалення; Курган Бессмяротнасці. Помнікі археалогіі — гарадзішча і селішча (9—10 ст.), вал Івана IV Грознага (16 ст.) і інш.
Дзейнічаюць прадпрыемствы металаапр. (Полацкі завод сельгасабсталявання, Полацкі завод «Праммашрамонт»), хім. (Полацкі завод шкловалакна, італа-бел. прадпрыемства «Аджы Вуполста»), будматэрыялаў (Полацкі камбінат будматэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр. (акц.т-ва «Палатэск»), лёгкай (Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», ільнозавод, акц.т-ва «Мона»), харч. (камбінат хлебапрадуктаў, мясакамбінат, кансервавы з-д, малочны камбінат, хлебазавод, піўзавод, вінзавод) прам-сці; паліграфпрадпрыемства «Спадчына Ф.Скарыны», ЦЭЦ, раённае аб’яднанне Дзяржкамсельгастэхнікі, гідраметэастанцыя, лясгас, рыбгас «Полацкі». У П. знаходзяцца: Полацкі філіял Бел. камерцыйнага ун-та кіравання, Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж, Полацкі лясны тэхнікум, Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум, Полацкі педагагічны каледж, 3 ПТВ, мед. вучылішча, Нац. гімназія, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац. культур і рамёстваў, 2 нар. тэатры, 3 палацы культуры. П. — цэнтр Полацкай епархіі праваслаўнай царквы.
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX—XIII вв. Мн., 1975;
Яго ж. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Полоцкие грамоты ХІП — начала XVI вв. М., 1977—85;
Полоцк: Ист. очерк. 2 изд. Мн., 1987;
Раппопорт П.А. Полоцкое зодчество XII в. // Сов. археология. 1980. № 3;
Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992;
Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;
Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны: Гісторыя Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай. Мн., 1998;
Тарасаў С.В. Полацк IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 1998.