«ГІСТО́РЫКА-ЮРЫДЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ», «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске...»,
найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі ўсх. Беларусі 16—18 ст. Выдадзена ў 1871—1906 (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары: А.М.Сазонаў (вып. 1—16), М.М.Мяшчэрскі і М.Л.Вяроўкін (вып. 17), Вяроўкін (вып. 18—26), Дз.І.Даўгяла (вып. 27—32). З 17-га вып. ёсць імянны і геагр. паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рус. мову, астатнія — на мове арыгінала. Пераважная частка дакументаў апублікавана ўпершыню і датычыцца гал.ч.сац.-эканам. жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва.
Сярод дакументаў: прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716; акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789; акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791, Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771; каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781; дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726; дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766, пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве; «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі; перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituales»); інвентары маёнткаў, падараваных Стафанам Баторыем Полацкай калегіі езуітаў; апісанне межаў паміж ВКЛ і Рас. дзяржавай; звесткі пра суднаходства па Дзвіне, Уле, па метралогіі, тапаніміцы і гіст. геаграфіі Беларусі; дакументы, што тычацца біяграфіі падарожніка М.М.Пржавальскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІ ЦЭНТР,
цэнтральная зона населенага пункта або яго частак, у якой сканцэнтраваны ўстановы грамадскага, адм.-дзелавога, культ.-асв., гандл.-быт., спарт., рэкрэацыйнага і інш. прызначэння. У буйных гарадах грамадскія цэнтры ствараюцца паводле іерархічнага прынцыпу: агульнагар. цэнтр, цэнтры гар. раёнаў, жылых, вытв., рэкрэацыйных, а таксама мікрараёнаў, жылых і прамысл. комплексаў, спецыялізаваныя цэнтры — навук., навуч., мемар., мед. і інш.
Стараж. грамадскія цэнтры гарадоў фарміраваліся з будынкаў жылога і абарончага (замкі), культавага (храмы), гандл. прызначэння, устаноў самакіравання (ратушы) вакол плошчаў у межах абарончых крапасных умацаванняў. Кампазіцыя сучасных грамадскіх цэнтраў захоўвае традыцыі, адлюстроўвае новы сац.-грамадскі змест і дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу. Пры развіцці і рэканструкцыі грамадскіх цэнтраў важнейшая задача — ахова гіст. спадчыны, помнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры, горадабудаўніцтва. Сярод буйнейшых сучасных грамадскіх цэнтраў Еўропы і Амерыкі комплекс Дэфанс і Форум у Парыжы, грамадскі цэнтр у новым раёне ў Франкфурцена-Майне (Германія), цэнтры гарадоў-спадарожнікаў Харлаў, Стывенедж у Англіі, Велінгбю, Фарста ў Швецыі, Тапіёла ў Фінляндыі, адм. цэнтры гарадоў Таронта (Канада) Бостана (ЗША), «Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку.
На Беларусі грамадскія цэнтры развіваюцца паводле праектаў рэгенерацыі, складзеных для ўсіх гіст. гарадоў (Мінска, Віцебска, Гродна, Брэста, Магілёва, Пінска і інш.). У іх ствараюцца ахоўныя зоны помнікаў гісторыі і культуры, свабодныя ад транспарту пешаходныя зоны і вуліцы. Грамадскія цэнтры новых гарадоў (Салігорска, Светлагорска, Наваполацка), пасёлкаў і буйных вёсак (в. Малеч Брэсцкай, Верцялішкі Гродзенскай, Акцябрскі Віцебскай, Сарачы Мінскай, Мышкавічы Магілёўскай абласцей) уяўляюць сабой сучасныя добраўпарадкаваныя грамадскія комплексы і арх. ансамблі.
Літ.:
Соколов Л.И. Административные центры городов. М., 1979;
Моисеев Ю.М., Шимко В.Т. Общественные центры. М., 1987;
Общественные нетры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.
В.І.Анікін.
Да арт.Грамадскі цэнтр. Форум Цэнтральнага рынку ў Парыжы.Грамадскі цэнтр у г. Салігорск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁЗНА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Лёзненскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Мошна. Чыг. станцыя на лініі Віцебск—Смаленск. За 40 км на ПдУ ад Віцебска. Аўтадарогамі звязаны з Віцебскам, Смаленскам, Оршай, Янавічамі, Арэхаўскам. 7,6 тыс.ж. (1998).
У канцы 16 ст. сяло Л. ў складзе Мікулінскай вол. Віцебскага пав. З 1625 — уласнасць кн. Агінскіх. У 1654 Л. ўпамінаецца як мястэчка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у Рас. імперыі. цэнтр воласці Аршанскага пав. Магілёўскай губ. У 1786 Агінскія заснавалі тут мураваную правасл. царкву (знішчана ў 1961). У пач. вайны 1812 у Л. 2 тыдні стаяў 3-і франц. корпус маршала М.Нея. З 1831 у Л. штогод праводзілася 4 кірмашы, былі развіты рамёствы. З адкрыццём у 1866—67 руху па Рыга-Арлоўскай чыгунцы на ўскраіне Л. пабудавана чыг. станцыя. У 1870 Л. перайшло да Храпавіцкіх, потым да А.І.Шабекі. У 1865 адкрыта нар. вучылішча, у 1875 (пры чыг. станцыі) — царк.-прыходская школа (у 1887 пераўтворана ў 4-класнае нар. вучылішча). У 1880 у Л. 1536 ж., 216 дамоў, 25 крам, валасное праўленне, бальніца. У 1897—2473 ж. З 1924 цэнтр Лёзненскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 17.7.1941 да 8.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. 1200 чал. У 1972—5,7 тыс. чал.
Працуюць малочны, хлебны з-ды, Лёзненскі кансервава-агароднінасушыльны завод, ільнозавод, аграпрамтэхніка, сельгасхімія. 2 сярэднія і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа мастацтваў, 4 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, 2 б-кі, Дом піянераў і школьнікаў, кінатэатр, Лёзненскі ваенна-гістарычны музей, бальніца, паліклініка, аптэка. Могілкі сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму; помнік Вызвалення. Радзіма мастака М.Шагала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯДЫ́,
вёска ў Валяўкоўскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. на р. Мярэя (прыток Дняпра). Цэнтр саўгаса. За 29 км на У ад г. Дуброўна, 140 км ад Віцебска. 707 ж., 287 двароў (1999).
Вядома з канца 16 ст. ў Аршанскім пав. З 1607 сяло, уладанне падстолія ВКЛ М.Глябовіча, з сярэдзіны 17 ст. — Сапегаў. У 1672 мястэчка. Ў 1738 — 23 дымы, у 1745 пабудавана Пакроўская царква, у 1799 — царква Іаана Багаслова. З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 мястэчка Л. ў дзярж. кіраванні, пазней уласнасць кн. Пацёмкіна, Любамірскіх. У вайну 1812 у ваколіцах Л. дзейнічаў партыз. атрад Дз.В.Давыдава. У 1897 у Хаўбнянскай вол. Горацкага пав. Магілёўскай губ.; 4434 ж., 599 дамоў, 4 правасл. царквы, 2 багадзельні, 8 яўр. і 1 царк.-прыходская школа, паштова-тэлегр. станцыя, 2 гарбарні, 2 крупадзёркі, 3 маслабойні, 11 кузняў, 4 пенькатрапальні, 3 ільнотрапальні, вадзяны млын, 82 гандл. і 2 піўныя крамы, шынок, 2 заезныя двары, 2 кірмашы на год. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічала Ляднянская арг-цыяРСДРП. З 1923 цэнтр воласці Горацкага пав. Смаленскай губ. З 3.3.1924 у БССР, з 17.7.1924 да 8.7.1931 цэнтр Ляднянскага раёна Аршанскай акр. У 1924—26 і з 1954 цэнтр сельсавета, з 1938 у Віцебскай вобл. У 1925 у Л. 3747 ж., 689 гаспадарак. З 27.9.1938 да 10.3.1954 — гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі разбурылі гар. пасёлак, загубілі частку жыхароў. У 1963—781 ж., 229 двароў, у 1972—735 ж., 275 гаспадарак.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, дзіцячы сад, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Радзіма мастака С.К.Заранкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 2-га Бел. фронту (ген.-палк. Г.Ф.Захараў) 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 33-я, 49-я, 50-я, а таксама 4-я паветр. арміі, якім процістаялі 8 пяхотных і 2 матарызаваныя дывізіі 4-й арміі ням. групы армій «Цэнтр», што займалі эшаланіраваную (на глыбіню 60 км) абарону. Згодна з планам Бел. аперацыі перад войскамі 2-га Бел. фронту стаяла задача: ва ўзаемадзеянні з войскамі левага крыла 3-га і правага крыла 1-га Бел. франтоў разграміць магілёўскую групу праціўніка, вызваліць Магілёў і выйсці на р. Бярэзіна. Партызанам даручылі разбураць камунікацыі ворага і садзейнічаць сав. войскам у фарсіраванні водных перашкод. На гал. напрамку наступлення 49-й арміі была сканцэнтравана большая частка сіл і сродкаў, якія пераўзыходзілі праціўніка па пяхоце больш як у 2 разы, па артылерыі — у 4 разы, танках — у 1,5 раза. Напярэдадні аперацыі часці авіяцыі далёкага дзеяння і бамбардзіроўшчыкі фронту нанеслі ўдар па аэрадромах, вузлах абароны і артыл. пазіцыях праціўніка. У ходзе аперацыі вызвалены 25 чэрв. Чавусы, 26 чэрв. Горкі, 27 чэрв. Копысь і Шклоў, 28 чэрв. Магілёў і Быхаў. Пасля фарсіравання Дняпра і авалодання Магілёвам войскі фронту выйшлі ў міжрэчча Друці і Дняпра, паглыбіліся ў абарону праціўніка да 90 км. Яны скавалі на сваім напрамку значныя сілы ворага, пазбавілі яго магчымасці ажыццявіць манеўр рэзервамі ў палосах наступлення 1-га і 3-га Бел. франтоў (гл.Бабруйская аперацыя 1944 і Віцебска-Аршанская аперацыя 1944), арганізаванага адыходу за Бярэзіну, што пазней садзейнічала акружэнню і знішчэнню групоўкі праціўніка ў раёне на У ад Мінска. 21 вайск. злучэнне і часць атрымалі ганаровыя найменні «Магілёўскіх», 32 — «Верхнедняпроўскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОТЕ́ЧЕСТВЕННЫЕ ЗАПИ́СКИ»,
1) рускі штомесячны часопіс. Выдаваўся ў 1820—30 у С.-Пецярбургу П.П.Свіньіным. Часопісу папярэднічалі 2 аднайм. зборнікі (штогоднікі), выдадзеныя ім у 1818—19 і прысвечаныя рус. таленавітым самавукам, іх вынаходніцтвам. Публікаваў матэрыялы па пытаннях прам-сці, этнаграфіі, асобныя творы белетрыстыкі.
2) Рускі штомесячны літаратурны і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1839—84 у С.-Пецярбургу пад рэдакцыяй А.А.Краеўскага, з 1868 М.Някрасава, з 1877 М.Салтыкова-Шчадрына, Р.Елісеева, М.Міхайлоўскага. У 1839—46 аддзел крытыкі і бібліяграфіі ўзначальваў В.Бялінскі, які надаў «О.з.» прагрэсіўны, дэмакр. характар. Часопіс узнімаў найважнейшыя пытанні грамадскага жыцця, прапагандаваў ідэі рэаліст. мастацтва, выступаў супраць рэакц. друку, пазней — тэорыі «чыстага мастацтва». У ім супрацоўнічалі А.Герцэн, М.Агароў, М.Лермантаў, І.Тургенеў, Ф.Дастаеўскі і інш., у 1847—66 — ураджэнец Віцебска, літ. крытык С.Дудышкін. У 1850—60-я г. крытычныя матэрыялы часопіса знізілі сваю сац. вастрыню. Змясціў літ.-крытычныя артыкулы Бялінскага пра М.Гогаля, Лермантава, А.Пушкіна, яго літ. агляды за 1840—45, рэцэнзіі М.Чарнышэўскага на нарысы П.Шпілеўскага «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» і «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1854), якія ўтрымлівалі матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, гісторыі Беларусі, рэцэнзію на зб. «Беларускія народныя песні». Побыт, норавы сялян бел. вёскі, стан нар. асветы на Беларусі апісаны ў нататках-успамінах Ф.А.Калістава (псеўд. К.Лістоў) «З памятнай кніжкі народнага настаўніка. Вясковая бурса» (1881). Забаронены царскім урадам.
Літ.:
История русской журналистики XVIII—XIX вв. 3 изд. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБАЛТЫ́ЙСКІ ФРОНТ ДРУГІ́ў Вялікую Айчынную вайну.
Утвораны 20.10.1943 у выніку перайменавання Прыбалт. фронту (створаны 10.10.1943). Дзейнічаў на паўн.-зах. напрамку. Камандуючыя: ген. арміі М.М.Папоў (кастр. 1943 — крас. 1944), ген. арміі А.І.Яроменка (крас. 1944 — люты 1945), Маршал Сав. Саюза Л.А.Говараў (люты—сак. 1945); чл.ваен. савета ген.-лейт. Л.З.Мехліс (кастр.—снеж. 1943), ген.-лейт. М.А.Булганін (снеж. 1943 — крас. 1944), ген.-лейт. У.М.Багаткін (крас. 1944 — сак. 1945); нач. штаба ген.-лейт., з 23.8.1944 ген.палк. Л.М.Сандалаў (кастр. 1943 — сак. 1945), ген.-палк. М.М.Папоў (сак. 1945). У яго склад увайшлі арміі: 11-я, 20-я, 22-я агульнавайск., 3-я ўдарная, 6-я і 11-я гв. і 15-я паветр.; у розны час у склад фронту ўваходзілі 42-я і 51-я агульнавайск., 1-я і 4-я ўдарныя, 10-я гв. і 14-я паветр. арміі, 5-ы танк., 3-і гв.кав. і 130-ы латышскі стралк. карпусы. У ліст. 1943 войскі левага крыла фронту ва ўзаемадзеянні з Прыбалтыйскім фронтам першым вялі наступленне на Віцебска-Полацкім напрамку. У ліп. 1944 войскі фронту правялі Рэжыцка-Дзвінскую аперацыю 1944 і прасунуліся на З да 200 км. У выніку быў прарваны гал. абарончы рубеж ворага «Пантэра», вызвалены раённыя цэнтры Беларусі: 12 ліп. Расоны і Дрыса (з 1962 Верхнядзвінск), 17 ліп. Асвея, інш. населеныя пункты. Пасля вызвалення г. Даўгаўпілс (27 ліп.) войскі фронту наступалі ўздоўж Зах. Дзвіны, удзельнічалі ў вызваленні Рыгі, у кастр. 1944 сумесна з войскамі 1-га Прыбалт. фронту блакіравалі ў Курляндыі групу армій «Поўнач» і да крас. 1945 вялі баі па яе знішчэнні. П.ф.д. расфарміраваны 1.4.1945, яго войскі перададзены ў склад Ленінградскага фронту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1941—44у Вялікую Айчынную вайну.
Утвораны 22.6.1941 на базе Заходняй Асобай ваеннай акругі. 24.7.1941 пасля разгрому у навагрудскім «катле» (камандуючыя Дз.Р.Паўлаў, ген. А.А.Грыгор’еў, А.А.Караткоў, У.Я.Кліманоўскіх і інш. расстраляны, у 1956 рэабілітаваны) сфарміраваны нанава і падзелены на Зах. і Цэнтр. (да 25.8.1941) франты. Камандуючыя: ген. арміі Дз.Р.Паўлаў (22—30.7.1941), ген.-лейт. А.І.Яроменка (30.6—2.7, 19—29.7.1941), Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка (2—19.7, 30.7—12.9.1941), ген.-палк. І.С.Конеў (12.9—12.10.1941, 26.8.1942—27.2.1943), ген. арміі Г.К.Жукаў (13.10.1941—26.8.1942), ген.арміі В.Д.Сакалоўскі (28.2.1943—15.4.1944), ген.-палк. І.Д.Чарняхоўскі (15—24.4.1944); чл.ваен. савета: А.Я.Фаміных, П.К.Панамарэнка, М.А.Булганін, Л.З.Мехліс, В.Е.Макараў; нач. штаба: У.Я.Клімаўскіх, Г.К.Маландзін, Сакалоўскі, У.С.Галушкевіч, А.П.Пакроўскі. У розны час у склад З.ф. ўваходзілі арміі: 3, 4, 5, 10, 11, 13, 16, 19, 20, 21, 22, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 39, 43, 49, 50, 61, 68, 1-я Ударная, 10-я і 11-я гвардз., 3-я і 4-я танк., 1-я і 4-я паветраныя. Войскі фронту ўдзельнічалі ў Брэсцкай крэпасці абароне 1941, Магілёва абароне 1941, Мінска абароне 1941, Віцебска абароне 1941, Гомеля абароне 1941, нанеслі Лепельскі контрудар 1941, правялі Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941. Разам з інш. франтамі прымалі ўдзел у Смаленскай бітве 1941, Маскоўскай бітве 1941—42, Курскай бітве 1943, Смаленскай аперацыі 1943. У канцы 1943 — пач. 1944 войскі З.ф. развівалі наступленне на Віцебскім і Аршанскім напрамках, выйшлі да ўсх. раёнаў Беларусі. 24.4.1944 З.ф. перайменаваны ў Беларускі фронт трэці, яго левае крыло — у Беларускі фронт другі (2-га фарміравання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГІЁН [лац. legio (legionis) ад legere збіраць, набіраць],
1) у Стараж. Рыме найбуйнейшае агульнавайск. фарміраванне (напачатку назва ўсёй арміі). Меў сцяг з выявай арла. Падзяляўся на кагорты, маніпулы, турмы, цэнтурыі, складаўся з пешых салдат, коннікаў і абозу (3—10 тыс.чал.).
2) 3 16 і 18 ст. назва асобных вайск. фарміраванняў (пераважна з наёмнікаў і добраахвотнікаў) у шэрагу краін. Сярод іх былі легіёны польскія, Рускі Л. у Францыі ў канцы 1-й сусв. вайны (снеж. 1917—18; першапачаткова 51 афіцэр і 1629 салдат-добраахвотнікаў; прайшоў з баямі праз Латарынгію, Эльзас, Саар, дайшоў да г. Вормс, Германія; страціў 2 тыс.чал.), нямецкі Л. «Кондар» у час грамадз. вайны 1936—39 у Іспаніі (ваяваў на баку франкістаў у баях за Мадрыд, Більбао і інш., разбурыў г.Герніка), Чэхаславацкі Л. у СССР у 1939—41 (да 700 чал., камандзір Л.Свобада). На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. легіянерамі называлі польск. вайскоўцаў корпуса ген. Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага і Арміі Краёвай, а таксама вайскоўцаў, створаных у складзе ням.-фаш. войск з палонных чырвонаармейцаў Татарскага (Волжска-Татарскага) Л. (у 1942—43 нёс ахоўную службу і дзейнічаў супраць сав. партызан у раёне Віцебска) і Туркестанскіх Л. (адзін з батальёнаў дыслацыраваўся ў Рэчыцы). З 1831 існуе франц. Замежны Л. (удзельнічаў ва ўсіх калан. войнах Францыі; паводле некаторых звестак на 1995—96, 12 б. легіянераў жывуць на Беларусі, у т. л. 8 з іх у Магілёве).
3) Назва грамадскіх арг-цый у некаторых краінах (напр., Амерыканскі легіён, каталіцкі духоўна-дабрачынны Л. Марыі, засн. ў 1921 у Дубліне).
Літ.:
Пети П. Русские в составе французской армии во время Великой войны 1914—1918 гг.: Пер. с фр. // Военно-ист. журн. 1998. №3;
Марьина В.В. Чехословацкий легион в СССР (1939—1941 гг.) // Вопр. истории. 1998. № 2;
Студнев Д. Иностранный легион // Армия. 1996. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНЫЯ КНІ́ГІ,
від актавых запісаў пра купцоў і іх тавары, правезеныя праз мытныя каморы ці прыкаморкі; каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. У М.к. фіксаваліся прозвішчы і месца жыхарства купцоў, якія, адкуль і куды везлі тавары, іх кошт, сума мыта. Паводле М.к. (1-я пал. 17 ст.) з усяго купецтва Беларусі, якое займалася замежным гандлем, беларусаў было 80—85% (ім належала да 90% перавезеных тавараў), яўрэяў — 9—10%, палякаў, рускіх і інш. 4—6%. Асн. прадметы ўвозу: футра, тканіны, металы, рамесныя вырабы і інш. М.к. сведчаць, што асн. пунктамі гандлю бел. купцоў у Расіі былі Масква, Пскоў, Вял. Лукі, Таропец, Смаленск, Белы, Бранск, Вязьма; на Украіне — Кіеў, Чаркасы, Львоў, Луцк; у Прыбалтыцы — Рыга, Кралявец (Кёнігсберг); у Польшчы — Люблін, Гданьск, Торунь, Гнезна, Познань, Вроцлаў, Тыкоцін.
Асн. гандлёвыя шляхі 15—18 ст.: рэкі Зах. Дзвіна, Дняпро, Прыпяць, Нёман і іх прытокі; больш за 20 сухапутных дарог (гасцінцаў), найважнейшыя з іх: Орша—Мінск—Ваўкавыск—Шарашова—Брэст, т.зв. «вялікая дарога»; Полацк—Віцебск—Орша, т.зв. «гасцінец вялікі»; Пінск—Гарадзішча—Навагрудак—Іўе—Вільня; Пінск—Хомск, т.зв. «дарога вялікая»; Полацк—Невель, т.зв. «вялікая Маскоўская дарога»; Магілёў—Шклоў—Копысь—Орша; Гомель—Рэчыца—Бабруйск—Мінск; Мінск—Глуск—Слуцк. На Вільню было 9 дарог, на Смаленск і Маскву — 10, на Люблін — 6. Зберагліся М.к.: Брэста за 1583 (апублікавана) і 1605, Гродна за 1600 (апублікаваны фрагмент), 1605 і 1764, Магілёва за 1612, 1708, Полацка за 1616 і 1708, Віцебска за 1605 (апублікавана), Барысава за 1708, Камянца за 1708, Вержбалова за 1708 і 1709, Мінска за 1709, Рэчыцы за 1708 і 1709, Сталовічаў за 1708. М.к. пач. 17 ст. зберагаюцца ў рукапісным аддз. б-кі Вільнюскага ун-та, 18 ст. — у рукапісным аддзеле б-кі Нарадовай у Варшаве.