скрыжаванне генетычна разнародных арганізмаў (раслін і жывёл) з мэтай атрымання лепшых па якасцях сартоў, відаў, парод; адзін з важнейшых фактараў эвалюцыі біял. форм у прыродзе. Скрыжаванне асобін аднаго і таго ж віду наз. ўнутрывідавой гібрыдызацыяй, а розных відаў або родаў — аддаленай гібрыдызацыяй. У эксперыменце магчыма гібрыдызацыя паміж непалавымі (саматычнымі) клеткамі вельмі аддаленых відаў (напр., чалавека і мышы, соі і гароху). Гібрыдызацыя саматычных клетак адкрывае падыходы да такіх праблем, як зменлівасць на клетачным узроўні, працэсы антагенезу, узнікненне пухлін і інш. У малекулярнай біялогіі шырока выкарыстоўваюць гібрыдызацыю малекул нуклеінавых кіслот рознага паходжання (гл.Генетычная інжынерыя).
У аснове гібрыдызацыі ляжыць здольнасць раслін і жывёл да палавога ўзнаўлення шляхам апладнення. Натуральная гібрыдызацыя адбываецца спантанна ў прыродных умовах, штучная гібрыдызацыя кіруецца чалавекам шляхам падбору пар з пэўнымі прыкметамі і ўласцівасцямі, якія неабходна атрымаць у патомкаў (якасць, буйнаплоднасць, прадукцыйнасць, ранняспеласць, устойлівасць да хвароб і шкоднікаў, марозаўстойлівасць і інш.). У селекцыі раслін найб. пашырана ўнутрывідавая гібрыдызацыя. Нескрыжавальнасць пар і стэрыльнасць гібрыдаў пры аддаленай гібрыдызацыі пераадольваюцца метадамі поліплаідыі і бекросу, папярэднім вегетатыўным збліжэннем і інш. У жывёлагадоўлі адрозніваюць уласна гібрыдызацыю (атрыманне гібрыдаў паміж відамі і родамі розных жывёл, напр., буйной рагатай жывёлы з якам і зебу, свойскай свінні з дзіком і інш.) і міжнароднае скрыжаванне (унутрывідавую гібрыдызацыю, якая з’яўляецца метадам прамысл. развядзення жывёл). Развіваецца таксама ўнутрыпародная (міжлінейная) гібрыдызацыя адселекціраваных па пэўных прыкметах парод, тыпаў, ліній.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
1) прыўнясенне ў прыроднае асяроддзе і размнажэнне ў ім непажаданых для чалавека арганізмаў.
2) Выпадковае або антрапагеннае пранікненне (дзякуючы дзейнасці чалавека) у экасістэмы і тэхнал. прылады відаў жывых арганізмаў, якія не характэрны для дадзеных згуртаванняў і прылад і звычайна там адсутнічаюць. Біялагічнае забруджванне найчасцей мае мясц. характар, аднак яго адмоўныя вынікі могуць істотна павялічвацца дзякуючы здольнасці арганізмаў-забруджвальнікаў самастойна мігрыраваць на значныя адлегласці (напр., эладэя, каларадскі жук рассяліліся па ўсёй тэр. Беларусі). Асабліва небяспечнае біялагічнае забруджванне асяроддзя ўзбуджальнікамі інфекц. і паразітычных хвароб, шкоднікамі с.-г. раслін і іх канкурэнтамі. Папярэдзіць біялагічнае забруджванне можна своечасовым выяўленнем, лакалізацыяй і ліквідацыяй крыніц забруджвання, ажыццяўляючы комплекс мерапрыемстваў па санітарнай ахове навакольнага асяроддзя, увядзеннем каранціну, папярэднімі абгрунтаваннем і прагназаваннем магчымых вынікаў інтрадукцыі і акліматызацыі новых для дадзенай тэр.відаў раслін і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІ́ТНЫЯ АЗЁРЫ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1972 для аховы унікальнага і надзвычай маляўнічага ўзгорыста-азёрнага прыроднага комплексу ў Беларускім Паазер’і. Пл. 1,5 тыс.га (1996).
Рэльеф — складаная сістэма озавых градаў і камавых узгоркаў, якія перамяжоўваюцца запоўненымі вадой глыбокімі ўпадзінамі. На тэр. заказніка Балдуцкая група азёраў, адметных глыбокімі катлавінамі і чыстай вадой. Лясы паўд.-таежныя хваёвыя і яловыя, пераважаюць бары і ельнікі-зеленамошнікі кіслічнага, чарнічнага, бруснічнага, верасовага, арляковага тыпаў. На вяршынях вял. узгоркаў трапляюцца лішайнікавыя хвойнікі, у падлеску — ядловец і бружмель. На невял. участках растуць бяроза павіслая, асіна, дуб, вяз. У флоры заказніка 538 відаў вышэйшых раслін, у т. л. каля 40 рэдкіх ахоўных відаў, адзінае на Беларусі месца, дзе растуць меч-трава звычайная, цюльпан лясны і чарнакорань голы.
Азёры Глубелька (злева), Глубля ў заказніку Блакітныя азёры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЧА́Р (Antiaris),
род кветкавых раслін сям. тутавых. 6 відаў. Растуць у тропіках Азіі, Афрыкі і на трапічных а-вах. Найб. вядомы анчар ядавіты (A. toxicaria), або упас-дрэва з в-ва Ява.
Аднадомныя шматгадовазялёныя дрэвы або кусты. Лісце чаргаванае простае. Кветкі непрыкметныя, аднаполыя, мужчынскія ў невялікіх плоскіх галоўчатых суквеццях, жаночыя — адзіночныя беспялёсткавыя, з маленькай чашачкай. Плод складаны або зборны (суплоддзе) з мноствам дробных плодзікаў, якія шчыльна сядзяць і абгорнуты сакавітым калякветнікам. Усе віды анчара ядавітыя. У млечным соку анчара ядавітага, які абарыгены выкарыстоўваюць для атручвання наканечнікаў стрэл, знаходзяцца ядавітыя гліказіды — антыярын і антыязідзін. Анчар Бенета (A. bennettii) з в-ва Віты-Леву мае ў пладах кармінавую фарбу, у кары — лубяныя валокны; з валокнаў анчара мяшочнага (A. saccodora) і анчара цэйлонскага (A. ceylonica) вырабляюць мешкавіну. Сок і насенне розных відаў анчара ўжываюць як ірвотны і слабіцельны сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЁЎКІ (Pyralididae),
сямейства дзённых матылёў. У сусв. фауне каля 20 тыс.відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць у пустынях, стэпах, лясах, на лугах, некаторыя — на водных раслінах, у прадуктовых складах, збожжасховішчах, млынах. На Беларусі 150 відаў; найб. вядомыя: лугавы і сцябловы (кукурузны) матылькі (пашкоджваюць буракі, каноплі, бабовыя, сланечнік, кукурузу, проса), паўднёвая свірнавая агнёўка (шкодзіць зернебабовым); шышкавая агнёўка (псуе хвою і лісце хваёвых і мяшаных лясоў), млынавая і мучная агнёўкі (пашкоджваюць зерне і харч. прадукты); вял. васковая агнёўка (псуе воск і вашчыну ў вуллях).
Дробныя і сярэдніх памераў: крылы (размах 1—5 см) складаюцца трохвугольнікам ці абгортваюць цела трубачкай. Развіццё з поўным ператварэннем. Вусені жывуць звычайна ўнутры раслін (кормяцца каранямі, парасткамі, пладамі і г.д.) або ў скручаным лісці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЫ́НІЯ,
традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на УПаўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.
Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЗГЛІ́НА (Euonymus),
род кветкавых раслін сям. брызглінавых. Каля 220. відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі (асабліва ў Кітаі, Японіі, Індакітаі, Гімалаях), Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі ў лясах, хмызняках па берагавых схілах рэк і ў ярах трапляюцца брызгліна бародаўчатая (E. verrucosa) і еўрапейская (E. europaea). У Цэнтр.бат. садзе АН вырошчваюць 10 інтрадукаваных відаў, з якіх найб. перспектыўныя для зялёнага буд-ва брызгліна карлікавая (E. nana), Маака (E. maakii), шыракалістая (E. latifolia) і свяшчэнная (E. sacrosancta).
Шматгадовазялёныя і лістападныя кусты або невял. дрэвы. Галінкі гладкія ці ў густых бародаўках. Лісце авальна-падоўжанае, супраціўнае. Кветкі двухполыя, рознага колеру, пляскатыя, у паўпарасоніках, зрэдку — адзіночныя. Плод — скурыстая каробачка. Дэкар., лек. (сардэчны, гіпатэнзіўны, ірвотны, слабіцельны, вітамінны сродак), інсектыцыдныя, тэхн. (драўнінныя, гутаперчаносныя, фарбавальныя і алейныя) расліны. Усе часткі брызгліны ядавітыя (маюць сардэчны гліказід эванізід), у лісці да 170 мг% аскарбінавай к-ты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЗІНА́ (Sambucus),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных зонах зямнога шара. На Беларусі як здзічэлыя і натуралізаваныя трапляюцца бузіна гронкавая, або чырвоная (S. racemosa), чорная (S. nigra) і травяністая, або бузнік (S. ebulus), рэдка ў культуры — арыгінальныя сарты бузіны чорнай: залацістая, рассечана- і стракаталістая. У Цэнтр.бат. садзе АН вырошчваюць 6 інтрадукаваных відаў: бузіна Зібальда (S. sieboldiana), камчацкую (S. kamtschatica), канадскую (S. canadensis), карэйскую (S. coreana), пушыстую (S. pubens) і сібірскую (S. sibirica).
Высокія кусты або невял дрэвы выш. да 10 м, зрэдку шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце няпарнаперыстае з непрыемным пахам. Кветкі дробныя, белыя, жоўтыя, крэмавыя, зеленаватыя, іншы раз ружовыя або чырвоныя, у верхавінкавых шчыткападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — сакаўная ягадападобная касцянка. Дэкар., лек., харч., тэхн., меданосныя, ядавітыя (кара мае алкалоід самбуцын), інсектыцыдныя і фітанцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЧНЫ ЦВЕТ (Anagallis),
род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, як занесеныя ў Паўн. Амерыцы; 1 від — у тропіках абодвух паўшар’яў. На Беларусі пераважна ў паўд. і паўд.-зах. раёнах трапляюцца зрэдку як пустазелле на палях, агародах, пустках, каля дарог вочны цвет палявы (Anagallis arvensis) і вельмі рэдка як пустазелле, а таксама на сухіх схілах і ў хмызняках вочны цвет блакітны (Anagallis foemina).
Адна-, двухгадовыя травяністыя расліны з галінастым распасцёртым ці ўзнятым сцяблом. Лісце дробнае, суцэльнае, супраціўнае, найчасцей сядзячае. Кветкі звычайна адзіночныя на доўгіх кветаножках у пазухах лістоў, з кола- або лейкападобным чырв. блакітным ці белым вяночкам. Плод — шарападобная каробачка. Лек. (мачагонны, патагонны, жаўцягонны, слабільны сродак) і ядавітыя расліны. Садовыя формы некаторых відаў (напр., гібрыдная буйнакветная Anagallis grandiflora) вырошчваюць як дэкаратыўныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗЗУ́БКІ, анадонты (Anodonta),
род прэснаводных малюскаў кл. двухстворкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы. Жывуць у стаячых і з павольнай плынню вадаёмах, поўзаюць па грунце. На Беларусі 5 відаў: бяззубка звычайная (A. cygnea cygnea, найб. пашыраная), бяззубка выцягнутая (A. cygnea cellensis), бяззубка рыбіна (A. cygnea piscinalis), бяззубка качыная (A. cygnea anatina), бяззубка вузкая (Peeudanodonta complanata).
Ракавіна (даўж. да 20 см) з дзвюх авальных створак, злучаных эластычнай звязкай. Замковыя зубы адсутнічаюць (адсюль назва). Рухаюцца з дапамогай клінападобнай нагі. Орган дыхання — шчэлепы. Біяфільтраты, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі і іх рэшткамі. Раздзельнаполыя. Самка выношвае аплодненыя яйцы ў шчэлепах восень і зіму, вясной выходзяць лічынкі (глахідыі) і прымацоўваюцца да покрыва ў шчэлепах рыб, дзе да пераўтварэння ў дарослую асобіну вядуць паразітычны спосаб жыцця. Лічынкамі і моладдзю кормяцца рыбы. Корм для с.-г. Жывёл, ракавіны — сыравіна для галантарэйнай прам-сці.