ВАСІЛЬКО́Ў (Іосіф Георгіевіч) (11.3.1879, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 23.8.1942),

бел. батанік, адзін з першых даследчыкаў расліннасці Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1904). У 1920—29 праф., заг. кафедры ў Горацкай с.-г. акадэміі. З 1934 у Ін-це біялогіі АН Беларусі. Аўтар прац па флоры Каўказа, Казахстана, Еўрапейскай ч. Расіі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання «Флора БССР».

Тв.:

Матэрыялы да флоры Горацкага раёна // Праца навук т-ва па вывучэнні Беларусі пры Бел. дзярж. акадэміі сельскай гаспадаркі ў Горках. 1927. Т. 3.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАСАЎ (Гаўрыла Мікалаевіч) (10.8.1912, Мінск — 18.11.1979),

бел. шахматыст. Міжнар. майстар (1949). Канд. гіст. н. (1952). Засл. работнік культуры Беларусі (1972). Скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1952). У 1952—58 старшыня праўлення Бел. т-ва культ. сувязі з заграніцай, у 1963—74 выкладаў у Мінскім пед. ін-це замежных моў. Чэмпіён БССР у 1936, 1939, 1941, 1958, 1963. Паспяхова выступаў у чэмпіянатах СССР і міжнар. матчах. Імем Верасава названы пачатак у адным з дэбютаў ферзевых пешак, адна з сістэм у сіцыліянскай абароне.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1671—1766 пры Віцебскім езуіцкім калегіуме. У канцы 17 ст. былі пастаўлены лац. («Два браты, святыя Канцый і Канцыян») і польская («Містычнае прычасце вяселля Генсерыка і Трызімунда») драмы. У 18 ст. ставіліся панегірычная драма «Каштоўны камень у дзюбе крумкача Гасеўскіх, які ўпрыгожвае дзедаў пярсцёнак Корвінаў» (1737; прысвечана гербу віцебскіх магнатаў і 50-годдзю існавання калегіума), польск. трагедыі «Артахар» Я.​Кушаля (1765) і «Сеннахерыб» (1766). Школьныя драмы пісалі выкладчыкі рыторыкі і паэтыкі калегіума С.​Макоўскі, Ян Заранак і інш.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Уладзіслаў Мікалаевіч) (23.11.1935, Масква — 30.6.1971),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969; 1971, пасмяротна), лётчык-касманаўт СССР (1969). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1959). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 12—17.10.1969 з Ф.Філіпчанкам і В.В.Гарбатко здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-7»; 6—30.6.1971 з Г.Ц.Дабравольскім і В.І.Пацаевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-11» і арбітальнай станцыі «Салют». Пры вяртанні на Зямлю загінуў з інш. членамі экіпажа. Правёў у космасе 28,7 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 4, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬНААДПУ́ШЧАНІКІ,

у антычным і раннефеад. грамадстве рабы, адпушчаныя на волю ці выкупленыя на ўласныя зберажэнні. Грамадз. правы вольнаадпушчанікаў былі абмежаваны, часцей яны па-ранейшаму служылі сваім гаспадарам. У Стараж. Грэцыі пры вызваленні рабам не давалі грамадзянства, і яны станавіліся метэкамі пад патранатам б. гаспадара. У Стараж. Рыме вольнаадпушчанікі атрымлівалі радавое імя б. гаспадара і рым. грамадзянства, але без права адпраўляць магістратуры і служыць у арміі. У герм. плямёнах і ў «варварскіх» дзяржавах рабоў звычайна адпускалі з захаваннем іх асабістай залежнасці ад ранейшага патрона.

т. 4, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДАЛІ́Н ((Gadolin) Юхан) (Іаган; 5.6.1760, г. Турку, Фінляндыя — 15.8.1852),

фінскі хімік. Чл.-кар. Пецярб. АН (1811). Вучыўся ва ун-тах у гарадах Аба і Упсала. У 1785—1822 працаваў ва ун-це ў г. Аба (з 1797 праф.). Навук. працы па неарган. хіміі. Пры даследаванні мінералу, знойдзенага каля г. Ітэрбюн с. Ітэрбю (Швецыя), адкрыў невядомую раней «зямлю» (сумесь аксідаў рэдказямельных металаў), якую назваў ітрыевай, што было пачаткам адкрыцця рэдказямельных элементаў. У яго гонар мінерал назвалі гадалінітам, а адзін з рэдказямельных металаў гадалініем.

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДАЛІ́НІЙ (лац. Gadolinium),

Gd, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 64, ат. м. 157,25, адносіцца да лантаноідаў. Адкрыты ў 1880 швед. хімікам Ж.​Марыньякам, названы ў гонар фін. хіміка Ю.Гадаліна. Мяккі серабрысты метал, шчыльн. 7895 кг/м³, tпл 1312 °C, ферамагнетык (ніжэй за 18 °C). У паветры акісляецца, узаемадзейнічае з вадой і мінер. к-тамі (сернай, азотнай, салянай), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў. Перспектыўны матэрыял для рэгулюючых стрыжняў ядз. рэактараў (паглынальнік нейтронаў).

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЯ СЕ́ТКА,

сістэма газаправодаў для транспартавання гаручых газаў і размеркавання іх паміж спажыўцамі; асн. элемент сістэмы газазабеспячэння. Бываюць размеркавальныя, міжпасялковыя і ўнутрыдамавыя; у залежнасці ад колькасці ступеней ціску — адна- (у невялікіх населеных пунктах), двух- (у сярэдніх гарадах), трох- і чатырохступеньчатыя (у вял. гарадах). Гарадскія газавыя сеткі — звычайна кальцавыя (замкнутыя), што забяспечвае бесперабойнасць падачы газу пры адключэнні асобных участкаў. Геагр. становішча Беларусі абумовіла пракладку праз яе тэр. буйных магістральных газаправодаў і, як вынік, паскораную газіфікацыю яе гаспадаркі і высокую шчыльнасць газавых сетак.

т. 4, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕА́С (ад італьян. galeazza вялікая галера),

гальес, парусна-вяслярны ваенны карабель 16—17 ст. у еўрап. флотах. Прамежкавы тып судна паміж галерай і ветразевым суднам. Даўж. да 80 м, шыр. 9—16 м, па 1 раду вёслаў з кожнага борта (па 9—10 весляроў-нявольнікаў), 3 мачты з косымі ветразямі, 2 палубы (ніжняя для весляроў, верхняя для салдат і гармат). Узбраенне да 70 гармат рознага калібру, надводны таран. Каманда 800—1200 чал. Упершыню выкарыстаны венецыянцамі ў баі з туркамі пры Лепанта (1571).

Галеас.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАНКО́Ў (Іван Пракопавіч) (27.2.1919, в. Яўкіна Шумяцкага р-на Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1980),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча пагранвойск (1939), Вышэйшую школу прафс. руху (1951). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, у снеж. 1941 — вер. 1943 у партыз. атрадзе на Смаленшчыне. Вызначыўся ў крас. 1945 пры фарсіраванні р. Шпрэе ў Берліне. Рота на чале з капітанам Гаманковым адбіла некалькі контратак праціўніка. Цяжка паранены, не пакінуў поля бою. Да 1969 на прафс. і гасп. рабоце.

І.П.Гаманкоў.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)