ПРАЦЭРКО́ІД (ад грэч. pro перад, раней, замест + kerkos хвост),
лічынкавая форма першай паразітычнай фазы ў жыццёвым цыкле некат. плоскіх чарвей з класаў цэстод (атр. псеўдафіліды — стужачнік шырокі, рамянцы і інш., тэтрафіліды) і амфілінаідэй.
Даўж. каля 0,5 мм. Задні канец цела (цэркамер) аддзелены перацяжкай і мае хіціноідныя кручкі. Развіваецца П. у целе першага прамежкавага гаспадара (ракападобных) з лічынкі лікафоры (у амфілінід) або з анкасферы ці карацыдыя (у цэстод). У наступнага прамежкавага гаспадара (рыбы) П. ператвараецца ў плерацэркоід — апошнюю лічынкавую стадыю амфілінід і цэстод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЯ́М,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі апошні цар Троі, бацька Гектара, Парыса, Касандры і многіх інш. сыноў і дачок. Амаль усе яго сыны загінулі ў Траянскай вайне. Адзін з самых хвалюючых эпізодаў паэмы «Іліяда» — знаходжанне састарэлага П. ў грэч. лагеры, дзе ён упрошвае Ахіла выдаць яму за вял. выкуп цела забітага Гектара. У ноч узяцця Троі грэкамі П. спрабаваў узброіцца і ўступіць у бой. Жонка Гекуба пераканала яго шукаць выратавання каля хатняга алтара Зеўса, дзе П. загінуў ад мяча Неапталема — сына Ахіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РПУР (ад лац. purpura пурпурная куклянка, пурпурны колер) антычны, прыродны чырванавата-фіялетавы фарбавальнік. Утрымліваецца ў выдзяленнях гіпабранхіяльных залоз марскіх бруханогіх малюскаў—іглянак, або пурпурных куклянак, напр., балінус, або мурэкс, брандарыс (Bolinus brandaris, або Murex brandaris). Па хім. прыродзе — вытворнае прыроднага фарбавальніка індыга.
Вядомы каля 1600 г. да н.э. (Стараж. Егіпет, Фінікія). Выкарыстоўваўся для афарбоўкі тканін, а таксама ў жывапісе, касметыцы і інш. У стараж. Рыме афарбаваная П. адзежа была адметнай адзнакай вышэйшых пасад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦАЛА́НЫ (італьян. pozzolana ад назвы італьян.г. Пацуолі, каля якога здабывалі П.),
вулканагенна-асадкавыя і асадкавыя горныя пароды з уласцівасцю паглынаць аксід кальцыю CaO з вапнавых раствораў. Паводле складу сярод П. адрозніваюць вулканічныя туф, попел, шкло, таксама цэалітавыя пароды, трэпел, дыятаміт і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці дабавак у вытв-сці вяжучых матэрыялаў, т.зв. пуцаланавых цэментаў (гідраўлічная актыўнасць П., што вызначаецца паглынаннем CaO за 30 сут, складае 350—500 мг на 1 г дабаўкі). Буйныя радовішчы ў Італіі, Крыме, Арменіі, на Паўн. Каўказе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́ШКІ,
радовішча мелу ў Гродзенскім р-не, каляв. Пышкі. 2 пластападобныя паклады, звязаныя з адкладамі верхняга мелу, залягаюць у выглядзе адорвеняў сярод ледавіковых утварэнняў сожскага зледзянення. Мел шаравата-белы, белы, у асобных інтэрвалах жаўтаваты, месцамі з плямамі ажалязнення, слаба сцэментаваны, з уключэннямі крамянёвых сцяжэнняў, у верхняй ч. пласта запясочаны. Разведаныя запасы 2 участкаў (Паўн. і Паўд.) 5,2 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы (пройдзеная) 2,4—39,7 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,3—15,4 м. Мел прыдатны на выраб вапны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЧА́НЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія развіваюцца на пясках і маюць не больш за 10% часцінак фіз. гліны. Развіваюцца на марэнных, азёрна-ледавіковых, водна-ледавіковых, старажытнаалювіяльных, поймавых і эолавых пясках. Маюць значную водапранікальнасць, аэрацыю, цеплаёмістасць. Прыродная ўрадлівасць нізкая — колькасць арган. і мінер. рэчываў невялікая. Падзяляюць на рыхла- і звязнапясчаныя глебы. На Беларусі займаюць больш 25% тэр. (большасць пад хваёвымі лясамі). Складаюць каля 19% с.-г. угоддзяў. Акультурваюцца П.г. ўнясеннем арган. і мінер. угнаенняў, пасевамі бабовых, вапнаваннем, глінаваннем, арашэннем і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РНЫЯ ГАРАДЫ́,
рэшткі пераважна сярэдневяковых комплексаў жылых, гасп., абарончых, пахавальных ці культавых (манастыры, храмы) пабудоў, часткова ў наземных, часткова ў прыродных ці штучна зробленых пячорах.
Вядомы на Балканскім п-ве, у Італіі, Турцыі, Крыме (Эскі-Кермен, Чуфут-Кале, Каламіта, Мангуп), на Каўказе (Уплісцыхе, Вардзія), у Сярэдняй Азіі, Індыі (Аджанта) і Кітаі (Дуньхуан).
Т.С.Скрыпчанка.
Да арт.Пячорныя гарады. 1. Пячорны горад Уплісцыхе. Грузія. 1 ст. да н.э. — 11 ст.н.э. 2. Пячорны будысцкі храм Юньган каляг. Датун. Кітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДО́УКА (Tricholoma),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 36 відаў. Найб. вядомыя Р.: зялёнка, падзялёнка, бела-карычневая (T. albobrunneum), мыльная (T. saponaceum), сухая (T. sudum). Трапляюцца з вер. па кастр. пераважна ў хвойных лясах.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка лускаватая ці гладкая, бураватая, шараватая, белаватая, злёгку пукатая або шырокалейкападобная. Пласцінкі свабодныя ці прырослыя. Мякаць белаватая, на зломе часам ружавее. Ножка цэнтр., цыліндрычная, шчыльная. Споры гладкія, эліпсоідныя. Ёсць ядомыя і ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙТ з Дэрбі
(Wright of Derby) Джозеф (3.9.1734, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 29.8.1797),
англійскі жывапісец. Вучыўся ў Лондане (1751—53, 1756—57). Працаваў у Дэрбі, Баце. Зазнаў уплыў караваджызму. У творчасці выявіў тэндэнцыі перадрамантызму. Адзін з першых звярнуўся да прамысл. тэматыкі, адлюстроўваў сцэны працы, навук. доследаў і інш. з выкарыстаннем эфектаў начнога асвятлення: «Лекцыя пра Сонечную сістэму» (каля 1763—65), «Дослед з паветранай помпай» (1768), «Кузня» (1771), «ілюмінацыя замка св. Анёла», «Вывяржэнне Везувія» (абедзве 1774—75) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). За 500 м на У ад чыг. ст. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. У агаленні, прымеркаваным да сценкі закінутага кар’ера, выступаюць у парушаным заляганні мелавыя пароды верхнемелавога ўзросту з рэшткамі марской фауны і жаўлакамі крэменю. Слаі пад вуглом да 70° нахілены на Пн. Бачная магутнасць выхаду каля 4—5 м. Парушанае заляганне мелу абумоўлена ўздзеяннем сожскага ледавіка. Р.г.а. дазваляе рэканструяваць асаблівасці будовы і фарміравання парушэнняў, выкліканых ледавіком.