АРА́БСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ НА́ФТАВАЯ КАМПА́НІЯ (англ. Arabian-American Oil Company; АРАМКА),

заснавана ў 1933 у штаце Дэлавэр буйнейшымі нафтавымі манаполіямі ЗША для эксплуатацыі нафтавых радовішчаў Саудаўскай Аравіі (на ўмовах канцэсіі). У 1973 урад Саудаўскай Аравіі набыў 25%-ную долю ў здабычы нафты, у 1980 стаў адзіным уладальнікам АРАМКА. Здабывае каля 245 млн. т нафты за год (1983), а таксама прыродны газ. Нафта ў асноўным экспартуецца, пераважна ў краіны Зах. Еўропы, у ЗША, Японію.

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКА́ДЗІЯ,

клімата-бальнеагразевы курорт на ўзбярэжжы Чорнага м., у межах г. Адэса. Засн. ў 1921. Клімат тыповы для прыморскай стэпавай зоны, спрыяльны для паветраных і сонечных ваннаў, начнога сну на беразе мора, аэраіонатэрапіі. Дадатковыя лек. фактары — ліманная гразь, марскія купанні з чэрвеня да жніўня, штучныя мінер. ванны на аснове марской вады. Пераважная спецыялізацыя санаторных устаноў (больш за 20) — лячэнне органаў дыхання, нерв., сардэчна-сасудзістых і гінекалагічных хвароб. Пансіянаты, дамы адпачынку, турбазы, паркі.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЕКІ́Н (італьян. Arlecchino). традыцыйны персанаж італьянскай камедыі дэль артэ; слуга-прастак, нязграбны цяльпук, які сваімі недарэчнымі паводзінамі заблытваў інтрыгу камедыі. У сярэдзіне 17 ст. ў Францыі — вобраз хітрага, дасціпнага плеткара, які актыўна ўдзельнічаў у развіцці дзеяння. Далейшая змена маскі арлекіна адбывалася па-за камедыяй дэль артэ. У 18 — пач. 19 ст. ў Францыі арлекін — вытанчаны любоўнік, шчаслівы сапернік персанажа нар. т-ра П’еро.

Да арт. Арлекін. П.​Сезан. П’еро і Арлекін. 1888.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАШО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Барташы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун парфірападобнага ружова-шэрага граніту. Даўж. 4,0 м, шыр.2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 11 м³, маса каля 30 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. гадоў назад з Карэльскага перашыйка. Належыць да рэдкіх валуноў са знакамі: на паўд. ч. высечаны чатырохканцовы крыж. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХА́НЫ (цюрк.),

мацерыковыя дзюны, паўмесяцавыя або серпападобныя ўзгоркі з сыпкага, навеянага ветрам пяску. Характэрныя для пясчаных пустыняў. Наветраны схіл барханаў выпуклы ў плане, доўгі, пакаты (5—14°), падветраны — увагнуты, кароткі, стромкі (30—33°), пераходзіць у выцягнутыя «рогі». Выш. да 10—20 м, зрэдку 40 м. Звіваючыся, утвараюць барханныя ланцугі. Пад уздзеяннем ветру перамяшчаюцца да сотняў метраў за год.

Барханы наступаюць на аазіс у Сахары.
Да арт. Барханы. Пясчаны бархан у пустыні Каракумы.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎ (Міхаіл Уладзіміравіч) (н. 16.4.1923, в. Нараўшчызна Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў школу пры Гомельскім аэраклубе (1941), ваенна-марское авіяц. вучылішча (1943), Вышэйшыя афіцэрскія курсы авіяцыі ВМС (1947). У Вял. Айч. вайну лётчык, дастаўляў самалёты на фронт. Са жн. 1944 у дзеючай часці Балт. флоту: камандзір авіязвяна, нам. камандзіра эскадрыллі. За 10 месяцаў зрабіў 47 баявых вылетаў, патапіў 9 і пашкодзіў 2 транспарты праціўніка. Да 1960 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫ́ЎЛЯ,

рака ў Беларусі, у Лельчыцкім і Ельскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Славечны (бас. Прыпяці). Даўж. 36,5 км. Пл. вадазбору 734 км². Пачынаецца за 2,5 км на ПнУ ад в. Заброддзе Лельчыцкага р-на, цячэ па раўніне Мазырскае Палессе. Асн. прыток — канал Валаўскі (справа).

Даліна слабавыразная, месцамі адсутнічае, шыр. 0,8—1,6 км. Пойма вузкая, забалочаная. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. У пойме ракі наліўная сажалка пл. 20 га, меліярац. сістэмы.

т. 2, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХЧЫСАРА́ЙСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1681,

заключана паміж Расіяй, Турцыяй і Крымскім ханствам 23 студз. ў г. Бахчысарай тэрмінам на 20 гадоў. Спыніла малавыніковую для варагуючых бакоў рус.-тур. вайну 1676—81. Паводле перамір’я дзярж. граніца паміж Расіяй і Турцыяй вызначана па р. Дняпро; за Расіяй пакідаліся гарады Кіеў, Васількоў, Трыполле (цяпер Абухаў), мястэчкі Дзедаўшчына і Радамышль; частка Кіеўшчыны, Брацлаўшчыны і Падолле пераходзілі пад пратэктарат Турцыі. Парушана і зноў адноўлена ў 1683. Анулявана Расіяй у 1686.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЙТС ((Bates) Генры Уолтэр) (8.2.1825, г. Лестэр, Вялікабрытанія — 16.2.1892),

англійскі прыродазнавец і падарожнік. У 1848—58 разам з А.Р.Уолесам у Бразіліі сабраў калекцыю насякомых — больш за 14,7 тыс. відаў, у т. л. 800 раней невядомых навуцы. Адкрыў і растлумачыў з’яву мімікрыі ў матылёў даліны р. Амазонка (1862). Выпадак падабенства ядомага насякомага да неядомага наз. бейцаўскай мімікрыяй. Чл. Каралеўскага геагр. т-ва (з 1881).

Тв.:

Рус. пер. — Натуралист на реке Амазонке. М., 1958.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́ША,

вёска ў Беларусі, у Столінскім раёне Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад Століна, 253 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Гарынь. 3135 ж., 1023 двары (1995). Малое прадпрыемства па вырабе скур. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Арх. помнік — Троіцкая царква (1905). Каля вёскі — гарадзішча-сховішча 10—11 ст.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)