ЗЕЛЕНЧУКІ́,

насякомыя сям. саранчовых сапраўдных (Acrididae) атр. прамакрылых. 2 роды: Euthystira і Chrysochraon, у кожным па 1 віду з 2 падвідамі — З. кароткакрылы (Е. brachyptera) і З. няпарны (Ch. dispar). Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Каўказе, паўн.-ўсх. Сярэдняй Азіі, Сібіры. На Беларусі 2 віды, падвід З. няпарнага (Ch. dispar dispar) занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 13,5—38 мм, самкі большыя. Самцы светла-ізумруднага колеру з залацістым адценнем, самкі светла-шэрыя або бура-зялёныя з вохрыстым адценнем. Пярэдняспінка падоўжаная, ззаду закругленая. Вусікі і ногі доўгія. Пярэднія ногі хадзільныя, заднія скакальныя. Яйцы адкладаюць на расліны. Расліннаедныя.

С.Л.Максімава.

Зелянчук няпарны: 1 — самка; 2 — самец.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЬВЯРО́ВІЧ (Zelwerowicz) Аляксандр

(14.8.1877, г. Люблін, Польшча —18.6.1955),

польскі акцёр, рэжысёр, педагог. Дэбютаваў на сцэне ў 1896, працаваў пераважна ў Варшаве (Тэатр польскі, 1912—54, з перапынкамі), Лодзі і Кракаве. Быў дырэктарам т-раў у Лодзі, Варшаве, Вільні (1929—31, Тэатр на Пагулянцы). Выканаўца характарных роляў у камедыйным і драм. рэпертуары: Шамбелян («Пан Явяльскі» А.Фрэдры), Дамазы («Пан Дамазы» Ю.Блізінскага), Арган («Прытворна хворы» Мальера), Маёр («Фантазіі» Ю.Славацкага), Парфірый («Злачынства і пакаранне» паводле Ф.Дастаеўскага) і інш. Сярод пастановак: «Пан дэ Пурсаньяк» Мальера (1918), «Дзяды» А.Міцкевіча (1915, 1927). Здымаўся ў кіно. Выкладаў у Драм. школе пры кансерваторыі, тэатр. ін-це, Вышэйшай тэатр. школе ў Варшаве. Дзярж. прэміі Польшчы 1950, 1951. Аўтар успамінаў «Гутаркі старога камедыянта» (1958).

Н.К.Мазоўка.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЛЬКВА,

кветкавая расліна, тое, што дзельква.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЯЗЕ́Й Віктар Адамавіч

(8.6.1881, Мінск — пасля 1951),

удзельнік бел. нац. руху пач. 20 ст. З 1903 адзін з кіраўнікоў арг-цыі Бел. сацыяліст. грамады (БСГ) у Мінску (парт. псеўд. Кузьма), на яго кватэры адбыўся 2-і з’езд БСГ (студз. 1906). Працаваў бібліятэкарам б-кі імя Пушкіна. У пач. 1908 арыштаваны, пры вобысках знойдзены нелегальная л-ра, фальшывы пашпарт, пячатка БСГ. У кастр. 1909 засуджаны Віленскай суд. палатай і ў студз. 1910 сасланы ў Кірэенскі пав. Іркуцкай губ. З Сібіры дасылаў лісты ў «Нашу ніву». У 1920-я г. працаваў у Інбелкульце. У 1926 на пасяджэнні секцыі рэв. руху выступіў з дакладам «Утварэнне і праца БСГ». У 1951 жыў у Ратамцы пад Мінскам.

В.У.Скалабан.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЯНКО́ВА Ганна Паўлаўна

(н. 14.1.1923, С.-Пецярбург),

бел. харавы дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1948, клас А.Ягорава). З 1949 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У 1950—63 адначасова маст. кіраўнік і гал. дырыжор Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё, які пад яе кіраўніцтвам дасягнуў высокага маст. ўзроўню. Сярод яе вучняў М.Дрынеўскі, А.Кагадзееў, А.Лукомскі, Т.Дзядзюля, Л.Іконнікава і інш.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЯНКО́Ў Анатоль Ізотавіч

(н. 24.1.1947, в. Крупец Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1986), праф. (1987). Засл. дз. нав. Беларусі (1996). Скончыў БДУ (1971). Працаваў у АН Беларусі. З 1975 у БДУ (у 1962—66 прарэктар, з 1987 — заг. кафедры філасофіі і метадалогіі навукі). Даследуе праблемы філасофіі, сац. экалогіі, метадалогіі навукі. У 1993 рашэннем міжнар. біягр. цэнтра пры Кембрыджскім ун-це удастоены Ганаровай узнагароды XX стагоддзя ў галіне філасофіі і метадалогіі навукі.

Тв.:

Принцип отрицания в философии и науке. Мн., 1981;

Динамика биосферы и социокультурные традиции. Мн., 1987 (разам з П.А.Вадап’янавым);

Мировоззренческие структуры в научном познании. Мн., 1993 (у сааўт.).

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЯНСКО́Е ВО́ЗЕРА, Бабінавіцкае возера,

у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса (выцякае з возера), за 25 км на ПдЗ ад г.п. Лёзна. Пл. 1,2 км2, даўж. 2,4 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 4 м, даўж. берагавой лініі каля 6,2 км. Пл. вадазбору 346 км2. Схілы катлавіны выш. 10—15 м, разараныя, участкамі пад лесам і хмызняком. Берагі высокія, часткова супадаюць са схіламі. Упадаюць р. Вярхіта і 2 ракі з аднолькавай назвай Узменка (на Пн і Пд).

т. 7, с. 53

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЯНУ́ШКА

[Symphodus (Crenilabrus) tinca],

рыба сям. губанавых атр. акунепадобных. Пашырана ў морах паўд. і зах. ўзбярэжжаў Еўропы. Жыве ў прыбярэжнай зоне, сярод скал і водарасцей.

Зелянушка: 1 — самец; 2 — самка.

Даўж. цела 10—15 см (зрэдку да 30 см), маса да 290 г. Афарбоўка яркая, асн. колер зялёны або зеленаваты (адсюль назва). На целе і плаўніках шматлікія чырв. і блакітныя з розным адценнем плямы і палосы. Зрэдку самцы будуюць гнёзды. Корміцца двухстворкавымі малюскамі і дробнымі ракападобнымі. Аб’ект аматарскага лову.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЯНУ́ШКА звычайная

(Chloris chloris),

птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, М. Азіі, на Пн Ірана і ў Сярэдняй Азіі. Жыве ў драбналессі, на ўзлесках мяшаных лясоў, у садах, парках і інш. На Беларусі звычайны пералётны і асела-вандроўны віды.

Даўж. цела 8—10 см, маса 25—30 г. Апярэнне самца зеленавата-шэрае, больш яркае на брушку, верх галавы шэры. На баках хваста і крылах жоўтыя плямы. Самка зверху шэра-зялёная, знізу брудна-белая. Маладыя афарбаваны, як самка, на грудзях маюць падоўжаныя бурыя стракаціны. Гнёзды будуе на дрэвах і кустах. Корміцца насякомымі, насеннем раслін, ягадамі. Зімуе ў паўд. ч. гнездавога арэала.

Зелянушка: 1 — самец, 2 — самка, 3 — птушаня.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МАН (Zeman) Карэл

(3.11.1910, г. Острамерж, Чэхія — 1989),

чэшскі рэжысёр; адзін з заснавальнікаў чэхаславацкага лялечнага фільма. Засл. арт. ЧССР (1960). Скончыў школу маст. рэкламы ў Парыжы (1928). Сярод фільмаў: «Калядны сон» (1945), «Падарожжа ў першабытную эпоху» (1956, Дзярж. прэмія ЧССР 1957), «Тайна вострава Бэк-Кап» паводле Ж.Верна (1958, Дзярж. прэмія ЧССР 1959), «Барон Мюнхгаўзен» (1962), «Хроніка блазна» (1964), «Казкі тысяча і адной ночы» (1975), «Казкі пра Гонзіка і Маржэнку» (1981) і інш. Характэрны пошукі новых стылістычных прыёмаў, спалучэнне пластычных сродкаў мультыплікацыйнага і ігравога кіно. Прэмія Міру за дасягненні ў галіне кінамастацтва (1959), прызы на міжнар. кінафестывалях у Кане, Венецыі, Карлавых Варах і інш.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)