возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл. у бас.р. Ула, за 14 км на ПнЗ ад г. Лепель. Пл. 2,4 км², даўж. 2,6 км, найб.шыр. 1,47 км, найб.Глыб. 16 м, даўж. берагавой лініі 9,8 км. Пл. вадазбору 57,1 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м, на ПнЗ да 8 м, месцамі разараныя. Дно з падводнымі падняццямі, лагчынамі і косамі, да глыб. 2 м пясчанае. Каля 25% плошчы займае расліннасць. На Пн упадае р. Вароніца, сцёк у р. Зеха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РМСКІ ЭДЫ́КТ 1521,
заканадаўчы акт, накіраваны супраць пратэстанцкага вучэння ідэолага ням. Рэфармацыі М.Лютэра. Прыняты па патрабаванні імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла V на рэйхстагу ў г. Вормс (Германія) у крас. 1521 пасля таго, як прысутны на рэйхстагу Лютэр адмовіўся адрачыся ад сваіх рэліг. поглядаў. Эдыкт абвяшчаў Лютэра ерэтыком і ставіў па-за законам, яго вучэнне забаранялася падтрымліваць, а творы — чытаць і распаўсюджваць. У час вяртання з Вормса Лютэра схаваў ад праследаванняў у замку Вартбург (каля г. Айзенах) саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ ЛЕ́КСІКА,
частка слоўнікавага складу сучаснай мовы, якая свабодна ўжываецца ў штодзённых зносінах ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Проціпастаўляецца пасіўнай лексіцы. Актыўная лексіка ўключае агульнаўжывальныя словы і тэрміны, прафесіяналізмы, эмацыянальна-экспрэсіўную лексіку і інш. Па-за межамі яе знаходзяцца архаізмы і неалагізмы. У працэсе развіцця грамадства і мовы словы могуць пераходзіць з актыўнай лексікі ў пасіўную і наадварот. Ад актыўнай лексікі мовы неабходна адрозніваць актыўную лексіку асобнага носьбіта мовы, якая залежыць ад яго прафесіі, адукацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУНЁВА,
возера ў Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Мнюта. Пл. 0,49 км², даўж. 0,97 км, найб.шыр. 0,6 км, найб.глыб. 11,8 м, даўж. берагавой лініі 2,7 км. Пл. вадазбору 1,4 км². Схілы выш. да 4 м, на ПдУ да 10—11 м. Берагі нізкія, пясчаныя і галечныя, на Пн і ПнУ тарфяністыя, дно пясчанае, глыбей за 2 м глеістае. Злучана меліярац. каналам звоз. Пліса. На зах. і паўн.-зах. схілах крыніцы грунтавых водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ДАВА (Алена Васілеўна) (22.5.1907, г. Пружаны — 29.5.1986),
бел. мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Жонка М.І.Аладава. Скончыла БДУ (1928). З 1937 працавала ў музеях Мінска. У 1944—77 дырэктар Дзярж.маст. музея Беларусі. Яе намаганнямі ў пасляваен. гады адноўлены фонд музея, сабраны творы бел., рус., зарубежнага мастацтва (у 1977 больш за 15 тыс. экспанатаў), арганізаваны шматлікія экспазіцыі і выстаўкі. Аўтар кніг пра творчасць І.Ахрэмчыка, П.Гаўрыленкі, В.Цвіркі, пра Дзярж.маст. музей Беларусі (1958), бел. жывапіс (1978) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАХАБА́Д,
горад у паўн.ч. Індыі, у штаце Утар-Прадэш, пры зліцці рэк Ганг і Джамна. 650 тыс.ж. (1981). Транспартны вузел. Харчасмакавая прам-сць, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Рэліг. цэнтр індуізму, дзе раз у 12 гадоў адбываюцца масавыя індуцкія рэлігійныя фестывалі «Кумбх-мела», святкаванні збана нектару бессмяротнасці (у рэках веруючыя змываюць з сябе грахі і хваробы). Каменная калона цара Ашокі (каля 242 да н.э., выш.за 10 м), інш.гіст. помнікі. Ун-т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́ТКІ (Antennaria),
род шматгадовых травяністых або паўкусцікавых раслін сям. складанакветных. Больш за 100 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары, асабліва ў арктычных і высакагорных раёнах (акрамя Афрыкі). На Беларусі трапляюцца агаткі двухдомныя (агаткі dioica), нар. назвы: сухотнік палявы, кацалапкі, сухапут, аўдулькі, коткі, пух. Растуць у хваёвых лясах, на сухіх лугах і схілах.
Расліны выш. 5—30 см, двухдомныя, густа апушаныя. Кветкі белыя (двухполыя) або ружовыя (песцікавыя). Суквецце — кошык шыр. 5—6 мм. Плод — сямянка з чубком. Выкарыстоўваецца ў лек. і дэкар. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЁНАЎ (Васіль Паўлавіч) (н. 20.8.1932, Казань),
рускі пісьменнік. Сын А.С.Гінзбург. Скончыў Ленінградскі мед.ін-т (1956). З 1980 жыве за мяжой. На пач.літ. творчасці перавагу аддаваў творам пра жыццё моладзі, напісаным у жанры т.зв. «спавядальнай» прозы — аповесць «Калегі» (1960, аднайм. фільм 1963), раман «Зорны білет» (1961), зб-кі «Катапульта» (1964), «На паўдарозе да Месяца» (1966). Аўтар сатыр.-фантаст. аповесці «Затавараная бачкатара» (1968), раманаў «Пошукі жанру» (1978), «Апёк» (1980), «Востраў Крым» (1981), кнігі пра Амерыку «У пошуках сумнага бэбі» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛІЦЫЯНІ́СЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
літаратура 1830—60-х г. у ЗША, звязаная з грамадска-паліт. рухам за адмену рабства (гл.Абаліцыянізм). Пачынальнік і буйнейшы дзеяч руху — журналіст і паэт У.Л.Гарысан, выдавец газ. «Liberator» («Вызваліцель», выходзіла ў Бостане ў 1831—65). Найб. вядомыя творы абаліцыянісцкай літаратуры — раманы Р.Хілдрэта «Раб, або Успаміны Арчы Мура» (1836); Г.Бічэр-Стоу «Хаціна дзядзькі Тома» (1852). Тэмы і ідэі абаліцыянізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці амер. пісьменнікаў Г.У.Лангфела, Р.У.Эмерсана, У.Уітмена і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БЕЛЬ ((Abel) Нільс Генрык) (5.8.1802, каля г. Ставангер, Нарвегія — 6.4.1829),
нарвежскі матэматык. Скончыў ун-т у Осла (1825), працаваў у ім і ў Інж. школе. Даказаў невырашальнасць у радыкалах агульных алг. ураўненняў вышэй за 4-ю ступень (1824). Адначасова з К.Якобі заклаў асновы тэорыі эліптычных функцый; даследаваў інтэгралы ад алг. функцый (абелевы інтэгралы). Аўтар даследавання па тэорыі лікаў і радоў. Працы пры жыцці не атрымалі прызнання.
Літ.:
Оре О. Замечательный математик Н.Х.Абель: Пер. с англ.М., 1961.