падтып хордавых жывёл. Аб’ядноўвае 5 кл.: апендыкулярыі, бочачнікі (Cyclomyaria), асцыдыі, сальпы, агняцелкі, або пірасомы (Pirosomata). Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і акіянах.
Даўж. ад 0,3—50 см да 30 м (калоніі пірасом). Цела мяшэчка- або бочачкападобнае, укрытае тунікай (абалонкай), утворанай выдзяленнем вонкавага эпітэлію. Хорда ёсць толькі ў лічынкавых формаў (акрамя апендыкулярый). Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬТДОРФЕР ((Altdorfer) Альбрэхт) (каля 1480, г. Рэгенсбург, Германія — 12.2.1538),
нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Стаяў на чале дунайскай школы. Адзін з пачынальнікаў пейзажа ў зах.-еўрап. жывапісе. Высокая чалавечнасць вобразаў і напружаны каларыт, уласцівыя яго жывапісу, увасоблены ў алтары св. Фларыяна манастыра ў Санкт-Фларыяне (Аўстрыя, 1518), партрэтах («Партрэт невядомай жанчыны», 1525). У праграмным творы «Бітва Аляксандра Македонскага з Дарыем» (1529) выявілася касм. светаадчуванне мастака. Удасканаліў тэхніку афорта: вынайшаў спосаб траўлення медзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФО́НС I, Афонсу (Affonso) Заваёўнік (1107 ці 1111, Гімарайнш, акруга Брага — 6.11 ці 9.12.1185),
першы кароль Партугаліі [1139—85]. З Бургундскай дынастыі. У 1112 атрымаў у спадчыну леннае ўладанне бацькі Генрыха Бургундскага — графства Партугалія, якім да 1128 кіраваў пад апекай маці. Пасля перамогі (1139) над маўрамі каля Арыкі прыняў тытул караля. У 1143, абвясціўшы сябе папскім васалам, пазбавіўся вярх. улады сюзерэна — караля Кастыліі і Леона. Адваяваў у маўраў Лісабон (1147), заснаваў рыцарскія ордэны Ала і Авіс (гл.Авіскі ордэн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМРА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў эпохі энеаліту (2-я пал. 5 — пач. 4-га тыс. да н.э.) у Верхнім і Сярэднім Егіпце. Назва ад паселішча калямяст. Эль-Амра (Егіпет). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Для амрацкай культуры характэрны чырвоны глянцаваны посуд, на якім белай фарбаю нанесены «крыжалінейны» арнамент. Прылады працы вырабляліся з крэменю, косці, сустракаюцца медныя рэчы (шпількі, гарпуны, пацеркі). Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, у магілы клалі посуд, упрыгожанні, грабяні, статуэткі са слановай косці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКО́НДА (Eunectes murinus),
змяя роду ўдаваў атр. лускаватых. Трапляецца ў тропіках Паўд. Амерыкі па берагах рэк, азёраў, каля балот.
Самая вял. змяя — даўж. да 10 м. Скура аліўкава-шэрая, уздоўж спіны 2 рады вял. бурых плямаў. Добра плавае. Ноздры з клапанамі, можа доўга знаходзіцца пад вадой. Корміцца грызунамі, дробнымі капытнымі, чарапахамі, птушкамі, рыбай, маладымі алігатарамі. На чалавека нападае рэдка. У засуху зарываецца ў глей і ўпадае ў спячку. Яйцажывародная (28—42 дзіцяняты). Выкарыстоўваюць скуру, мяса і тлушч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКСАГО́Р (Anaxagoras) з Клазамен
(каля 500—428 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф. Заснаваў у Афінах першую прафес. школу філасофіі. З яго твораў захаваліся асобныя фрагменты. У цэнтры натурфілас. вучэння Анаксагора арыгінальная мадэль фізічнай рэальнасці: усё ў прыродзе складаецца з бясконцай колькасці бясконца падзельных часцінак (гамеамерый). Інертная матэрыя прыводзіцца ў рух розумам (нусам). Пазнанне свету адбываецца з дапамогай чалавечага розуму, які абапіраецца на адчуванні. Шэраг здагадак Анаксагора ў астраноміі і матэматыцы развіты навукай пазнейшага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАРТЫ́Т (ад грэч. anorthos косы),
мінерал групы палявых шпатаў, Са[Al2Si2O8], крайні член ізаморфнага рада плагіяклазаў. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі сустракаюцца рэдка; звычайна зерні і зярністыя агрэгаты. Колер белы, шэры, зеленаваты. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 6—6,5; крохкі. Шчыльн.каля 2,8 г/см³. Пераважна магматычнага паходжання. Анартыт — пародаўтваральны мінерал горных парод асн. саставу (габра, базальты і інш.), якія трапляюцца на Беларусі ў адкладах дакембрыю. Знойдзены ў некаторых метэарытах. Выкарыстоўваецца ў керамічнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́Я (Andreaea),
род лістасцябловых імхоў сям. андрэевых. Каля 120 відаў. Растуць у высокіх шыротах і высакагор’ях па ўсім зямным шары. На Беларусі ў зах. раёнах трапляецца андрэя скальная (A. rupestris).
Утварае невял. цвёрдыя дзернавінкі ад бура-зялёнага да чырвона-бурага колеру. Сцяблы 1—2 смвыш., прамыя або прыўзнятыя, густа ўкрытыя лісцем. Лісце прадаўгавата-яйцападобнае або яйцападобна-ланцэтнае, тупое, без жылак, вельмі гіграскапічнае. Каробачка на псеўданожцы, прадаўгавата-авальная, раскрываецца 4 прадаўгаватымі шчылінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКІЛАЗА́ЎРЫ,
(Ankylosauria), панцырныя дыназаўры, падатрад выкапнёвых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў. Рэшткі вядомы з адкладаў сярэдняй і верхняй юры Зах. Еўропы і мелу Паўн. Амерыкі, Зах. Еўропы і Аўстраліі. 2 сям., каля 25 родаў, 40 відаў.
Даўж. да 9 м. Мелі шырокае, сплюшчанае цела, зверху ўкрытае касцянымі шыпамі і панцырнымі пласцінкамі, злітымі ў суцэльны панцыр (адсюль другая назва). На канцы хваста, які служыў актыўным сродкам абароны ад драпежных дыназаўраў, былі вострыя шыпы. Карміліся расліннасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІ́НАЎ ВАЛ (англ. Antonine Wall),
старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр.каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.