ГРЭСК,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пн ад Слуцка, 90 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Слуцк. 2309 ж., 822 двары (1997).

Вядомы з пач. 16 ст. З 1536 належаў польск. каралеве Боне, потым Алелькавічам, Валодкавічам, Радзівілам. У сярэдзіне 16 ст. цэнтр войтаўства. З 1590 у Слуцкім княстве, мястэчка, 68 двароў, млын, царква. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1885 у Грэску 1068 ж., 122 двары, школа, царква, 3 ветракі, рынак. З 1924 цэнтр сельсавета, з 1935 — Грэскага раёна. У 1929—38 мястэчка, у 1931—35 і з 1956 цэнтр сельсавета ў Слуцкім р-не. У Вял. Айч. вайну часткова спалены, дзейнічала Грэскае патрыятычнае падполле. У 1961 да Грэска далучаны пас. Някрасаўка. У 1971 — 2192 ж., 617 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму. У цэнтры вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДНА́Я,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на З ад г. Столін, 240 км ад Брэста, 25 км ад чыг. ст. Гарынь. 1483 ж., 530 двароў (1996).

Вядома з 1448. Цэнтр ганчарнай вытв-сці (гл. Гараднянская кераміка). У час антыфеад. вайны 1648—51 спалена татарамі. З 1670 (паводле інш. крыніц з 1579) мела магдэбургскае права і герб (пацверджаны ў 1792). З 1793 у складзе Рас. імперыі, у Пінскім пав. Мінскай губ. У 1803 сяляне Гарадной дамагліся вызвалення ад прыгоннай залежнасці і пераведзены ў разрад дзярж. сялян. У 1909 — 6728 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Столінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Столінскага р-на. У 1970 — 1965 жыхароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Троіцкая царква (18 ст.). Каля вёскі — гарадзішча і паселішча бронзавага веку (15—11 ст. да н.э.).

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НАВІЧЫ,

вёска ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, на аўтадарозе Шаркаўшчына — Дзісна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на У ад г.п. і чыг. ст. Шаркаўшчына, 238 км ад Віцебска. 742 ж., 293 двары (1996).

Упершыню ўпамінаецца ў 1563 пад назвай Ерманавічы як сяло ВКЛ на мяжы з Полацкім ваяв. З 1565 у Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. Належала Сапегам, Гілзенам, Шырыным. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. У канцы 19 ст. ў Германавічах 300 ж., вінакурны з, млын, крама, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Шаркаўшчынскага р-на. У 1970 — 649 ж., 209 двароў.

Лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Музей Я.Драздовіча Малітоўны дом хрысціян старога абраду. Помнікі архітэктуры — Германавіцкі Благавешчанскі касцёл, царква (пач. 20 ст.), сядзіба (канец 18 ст.).

т. 5, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕС ((Heß) Рудольф) (26.4.1894, г. Александрыя, Егіпет — 17.8.1987),

адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. У 1-ю сусв. вайну разам з А.​Гітлерам ваяваў на Зах. фронце. Вучыўся ў Мюнхенскім ун-це, дзе пад уплывам лекцый па геапалітыцы К.​Гаўсгофера сфарміраваўся як нацыст. З 1920 чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі. За ўдзел у путчы Гітлера і Э.Людэндорфа ў Мюнхене (ліст. 1923) асуджаны. У 1925—32 асабісты сакратар Гітлера, з крас. 1933 яго нам. па партыі. З чэрв. 1933 рэйхсміністр без партфеля. Гес адыграў гал. ролю ва ўстанаўленні культу Гітлера, адзін з арганізатараў задушэння герм. дэмакр. сіл і ўкаранення сістэмы «татальнага шпіянажу». У 2-ю сусв. вайну 10.5.1941 здзейсніў адзіночны пералёт у Шатландыю (т.зв. місія Геса), ад імя Гітлера прапанаваў брыт. ўраду заключыць мір і прыняць удзел у вайне супраць СССР; інтэрніраваны. У 1946 на Нюрнбергскім працэсе прыгавораны як адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў да пажыццёвага зняволення, якое адбываў у турме Шпандаў (Зах. Берлін). Скончыў самагубствам.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУПРА́НЫ,

вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ашмянка, на аўтадарозе Вільнюс — Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнУ ад Ашмян, 198 км ад Гродна, 7 км ад чыг. ст. Ашмяны. 795 ж., 288 двароў (1997).

Вядомыя з пач. 15 ст. як цэнтр воласці, што належаў вял. князю ВКЛ. З 1407 да пач. 16 ст. ўласнасць Манівідавічаў, потым да пач. 19 ст. — Радзівілаў. На карце Т.​Макоўскага 1613 пазначаны як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Віленскай губ. З 1811 уладанне Чапскіх. У 1880-я г. — 284 ж., 57 двароў. З 1921 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ашмянскага р-на. У 1971—423 ж., 121 двор.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла Ф.Багушэвіча і помнік яму (у вёсцы). Помнік архітэктуры — Жупранскі касцёл (19 ст.).

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́ССЕ,

вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Вілія, каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь; чыг. ст. на лініі Мінск—Гудагай, Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад г. Смаргонь, 233 км ад Гродна. 1148 ж., 432 двары (1997).

Вядома з 16 ст. як фальварак Дзербы. У 1690 згадваецца ў ліку паселішчаў Смаргонскай парафіі Ашмянскага пав. У 18 — пач. 20 ст. ўласнасць роду Агінскіх. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1802—22 у З. жыў М.К.Агінскі, тут ім створаны шэраг муз. твораў, у т. л. паланэз «Развітанне з Радзімай». У 1880-я г. фальварак і вёска, 50 жыхароў. З 1921 у Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1971—806 ж., 258 двароў.

Мэблевы цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры і гісторыі Залескі палацава-паркавы ансамбль (1802—22).

т. 6, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ Створаны ў 1932 як секстэт домраў з артыстаў аркестра рус. нар. інструментаў Бел. радыёкамітэта. У рэпертуары творы рус. і зах.-еўрап. класікі, апрацоўкі фальклору народаў б. СССР. У 1935 удзельнічаў у першых запісах бел. музыкі на грампласцінкі (інстр. і вак. творы бел. кампазітараў, апрацоўкі бел. нар. песень у выкананні Л.​Александроўскай, І.​Балоціна, М.​Дзянісава, Р.​Млодак, В.​Несцярэнкі, М.​Пігулеўскага). Выступаў таксама з хорам Бел. радыё. У 1941—44 не працаваў. З 1971, пасля ўключэння ў ансамбль арфы, баяна, цымбалаў і ўдарных інструментаў, сучасная назва. Рэпертуар узбагачаецца за кошт пералажэнняў сусв. папулярнай музыкі розных кірункаў. Кіраўнікі: Г.​Лабанок (з 1938), Г.​Жыхараў (з 1946), Л.​Смялкоўскі (з 1960), А.​Халшчанкоў (1976—79), Я.​Валасюк (1983—91), А.​Арабей (з 1995). Сярод салістаў (1998): Г.​Радзько, Т.​Пячынская. В.​Кучынскі, А.​Золатава.

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё. Мн., 1982.

Н.​Я.​Бунцэвіч.

Камерна-інструментальны ансамбль Беларускага тэлебачання і радыё.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНША́СА (Kinshasa),

горад, сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга. 4241 тыс. ж. (1997, з прыгарадамі). Рачны порт на левым беразе р. Конга. Чыгункай злучаны з марскім портам Матады. Паромныя сувязі з г. Бразавіль. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (больш за 50% вытв-сці баваўняных тканін у краіне), харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, тытунёвая), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтазборка, эл.-тэхн., з-ды па вытв-сці матацыклаў і веласіпедаў, суднабуд. і суднарамонтныя верфі і інш.), дрэваапрацоўка, хім. вытв-сць (шыны, пластмасавыя вырабы, мыла, кіслародна-ацэтыленавы з). Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковыя ф-кі, рамонтныя майстэрні. Металургічны комплекс. Нац. ун-т. Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў, музей мясц. побыту.

Засн. Г.М.Стэнлі ў 1881 як гандл. цэнтр пад назвай Леапальдвіль (да 1966; у гонар бельг. караля Леапольда II) на месцы вёсак К. і Кінтама. Значэнне горада вырасла пасля буд-ва ў 1898 чыгункі. З 1926 адм. ц. калоніі Бельг. Конга, з 1960 сталіца Дэмакр. Рэспублікі Конга (у 1971—97 Заір).

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

т. 8, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЖЫ́НСКІ (Рыгор Іванавіч) (1838—1910?),

бел. этнограф і фалькларыст. Скончыў Нежынскі ліцэй. З 1861 настаўнік гімназій у Свянцянах, Мазыры, Гродне, інспектар нар. вучылішчаў Гродзенскай, з 1869 Мінскай губ. З 1875 дырэктар нар. вучылішчаў Варонежскай губ. Друкаваўся ў газ. «Минские губернские ведомости» («Пра духоўныя простанародныя песні Паўночна-Заходняга краю», 1868; «Мінск губернскі», 1877), «Гродненские губернские ведомости» («Пра зборнік заходнярускіх прыказак і прымавак», 1866; «Нататка пра гісторыю народнай паэзіі» і «Пра этнаграфічныя звесткі, што датычацца Заходняй Расіі», абодва 1867) і інш., аўтар артыкулаў «Сцэны з беларускага быту», «Батлейка» (абодва 1873). Пісаў для «Вестника Западной России» («Гродзенскія пісьмы: [Беларускія паданні і песні пра святога Юр’я]», «Сяло Казанскае, былое Куродзічы, Рэчыцкага павета Мінскай губерні», абодва 1865—66). З 1883 выдаваў у Харкаве час. «Благовест», дзе ў 1885—86 апублікаваў «Успаміны пра Паўночна-Заходні край (1861—1874 г.)». Склаў рукапісныя зб-кі «Песні, казкі і прыказкі Паўночна-Заходняга краю» (больш за 500 твораў) з Гродзенскай, Мінскай і Віленскай губ.; (не збярогся), «Простанародныя беларускія песні, запісаныя ў Мінскай губерні» (16 тэкстаў з нотамі).

В.​І.​Скідан.

т. 8, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́Е МАЖЭ́ЙКАВА,

вёска ў Гасцілаўскім с/с Лідскага р-на Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Лебяда. Цэнтр аграфірмы «Мажэйкава». За 28 км на ПдЗ ад Ліды, 85 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 794 ж., 301 двор (1999).

Упершыню згадваецца ў 1511 як маёнтак у Жалудоцкай вол. Трокскага ваяв.. падараваны вял. кн. ВКЛ Жыгімонтам I Старым віленскаму падканюшаму Шымку Мацкавічу. Належаў Палубенскім, Нарушэвічам-Брахоцкім і інш. З 1795 у Рас. імперыі, у 2-й пал. 19 ст. сяло Лідскага пав. Віленскай губ. У 1897 нар. вучылішча, царква, капліца. З 1921 у складзе Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Мажэйкаўскага с/с Жалудоцкага раёна, з 1954 вёска ў Гасцілаўскім с/с. З 1962 у Лідскім р-не, з 1987 цэнтр Гасцілаўскага с/с. У 1972—502 ж., 161 двор.

Спіртзавод, лікёра-гарэлачны цэх, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).

Г.​І.​Дулеба.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)