ГА́ШЫНЕЦ ((Gašinec) Эдуард) (н. 29.11.1923, г. Кісуцке-Нове-Места, Славакія),
славацкі вучоны-славіст і педагог. Праф. (1974). Скончыў Браціслаўскі ун-т (1950). Вядомы як аўтар шматлікіх прац па методыцы выкладання славацкай мовы ў школах, а таксама шэрагу эксперыментальных школьных падручнікаў і метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў. У 1940-я г. зацікавіўся духоўнай спадчынай беларусаў, самастойна вывучыў бел. мову. У 1970-я г. падтрымліваў творчыя сувязі з Ф.Янкоўскім, Я.Брылём, С.Панізнікам, асобныя творы якіх пераклаў на славацкую мову. У аглядных артыкулах, рэцэнзіях Гашынец знаёміць славацкіх чытачоў з бел. мемуарнай гіст. л-рай, пед. даследаваннямі; выступае з артыкуламі пра бел. мову: «Беларуская мова ў «Народнай асвеце» (1980—81), «Беларусы і іншыя славяне» (1991) і інш.
Літ.:
Мірачыцкі Л. Прафесар Эдуард Гашынец і Беларусь // Наша слова. 1995. 9 жн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЫНАМІ́ЧНЫ ПАЛІГО́Н,
участак зямной паверхні, ахоплены разамкнутай або замкнутай ломанай лініяй, дзе сістэматычна праводзяцца геал., гідрагеал., геахім., геад. і геафіз. даследаванні з мэтай вывучэння сучасных тэктанічных працэсаў Зямлі. Тэрмін уведзены сав. вучонымі Г.І.Каратаевым, Э.Э.Фатыядзі і А.Л.Яншыным (1960-я г.). Звесткі, атрыманыя на геадынамічным палігоне, выкарыстоўваюцца для вывучэння сучасных глыбінных працэсаў, іх ролі ў фарміраванні зямной кары, асабліва для прагнозу землетрасенняў і ацэнкі верт. і гарыз. перамяшчэнняў паверхні зямной кары ў раёнах з асабліва адказнымі аб’ектамі (АЭС, метро, нафта- і газаправоды, хім. з-ды і інш.). На Беларусі створаны рэгіянальны комплексны геадынамічны палігон, які ахоплівае таксама і тэр. Прыбалтыкі; геадэзічны палігон у цэнтр.ч. Беларусі, лакальныя комплексныя палігоны ў Прыпяцкай упадзіне і ў раёне г. Валожын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЬ ((Hebbel) Крысціян Фрыдрых) (18.3.1813, Весельбурэн, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 13.12.1863),
нямецкі драматург, паэт і празаік. Вывучаў права, філасофію, л-ру ў Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах (1836—39). У аснове яго драматургіі метафізічная канцэпцыя ўсеагульнай віны чалавека, які толькі пакутамі і ахвярнасцю, блізкімі да самазнішчэння, можа наблізіць выратаванне свету. Вядомасць Гебелю прынесла ўжо першая п’еса «Юдзіф» (1840). П’еса «Марыя Магдаліна» (1844) паклала пачатак сучаснай мяшчанскай трагедыі. Сярод лепшых яго твораў «Ірад і Марыямна» (1850), «Агнеса Бернаўэр» (1851), «Гіг і яго пярсцёнак» (1856), трылогія «Нібелунгі» (1862), дзе аўтар імкнуўся праз старажытнае і легендарнае спасцігнуць сучаснасць. Пісаў таксама вершы, навелы. Свае эстэт.-філас. погляды выклаў у працах «Маё слова пра драму» (1843), «Пра стыль драмы» (1847) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДЗІМІ́НАВІЧЫ,
дынастыя вял. князёў і паліт. дзеячаў ВКЛ, вяльмож Рас. дзяржавы. Верагодны пачынальнік роду Скалмант (Скаламенд, сярэдзіна 13 ст.). Назву атрымалі ад імя яго ўнука Гедзіміна. Гербам Гедзімінавічаў і іх дзяржавы ВКЛ, пачынаючы з Віценя, стала «Пагоня», якая пераходзіла па спадчыне разам з годнасцю вял. князя. Іншыя Гедзімінавічы, удзельныя князі, мелі асобныя гербы. У 14 ст. большасць Гедзімінавічаў, якія дагэтуль былі язычнікамі, перайшлі ў праваслаўе, некаторыя — у каталіцтва, засвоілі бел. культуру. Унук Гедзіміна Ягайла, заключыўшы Крэўскую унію 1385, стаў каралём польскім і заснавальнікам каралеўскай дынастыі Ягелонаў, якая правіла ў Польшчы і ВКЛ (да 1572), у Чэхіі і Венгрыі. З Гедзімінавічаў вылучыліся таксамаАльгердавічы, галіна велікакняжацкай дынастыі ВКЛ, і буйныя княжацкія роды Беларусі, Украіны і Расіі: Алелькавічы, Бельскія, Вішнявецкія, Галіцыны, Куракіны, Мсціслаўскія, Сангушкі, Трубчэўскія і Трубяцкія, Хаванскія, Чартарыйскія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ МАРАПЛА́ВЕЦ (Dom Henrique o Navegador; 4.3.1394, г. Порту, Партугалія — 13.11.1460),
партугальскі прынц, арганізатар марскіх экспедыцый (адсюль мянушка, дадзеная ў 19 ст.). Сын караля Жуана I. У 1415 вызначыўся пры заваяванні партугальцамі г. Сеута (Марока), стаў яго правіцелем. З 1419 губернатар г. Сагрыш (Паўд. Партугалія), дзе заснаваў абсерваторыю і мараходную школу; адначасова магістр Ордэна Хрыста (1418—60). З 1418 на сродкі ордэна паслаў з Сагрыша даследчыя экспедыцыі, якія адкрылі Азорскія а-вы (1432—35), рэкі Сенегал і Гамбія, а-вы Біжагош (1437—57), Зялёнага Мыса (1456) і інш. Генрых Мараплавец садзейнічаў таксама развіццю партуг. караблебудавання (асабліва каравел) і картаграфіі, ператварэнню Партугаліі ў буйную марскую дзяржаву, што паклала пачатак каланізацыі партугальцамі Афрыкі.
Літ.:
Бизли Ч.Р. Генрих Мореплаватель: Пер. с англ.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ЗАКА́ЗНІК,
тэрыторыя, вылучаная з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных водных аб’ектаў і комплексаў прыроды. Уключаюць азёрныя, балотныя і рачныя заказнікі. На Беларусі (на 1.1.1997) 14 гідралагічных заказнікаў рэсп. значэння: Балота Мох, Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Ельня, Карыценскі Мох, Крывое, Рычы, Сосна ў Віцебскай, Заазер’е ў Магілёўскай, Чарэмшыца ў Мінскай, Выганашчанскае ў Брэсцкай, Дзікае ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (агульная пл. 93 825 га); 14 заказнікаў мясц. значэння: 2 у Брэсцкай, 8 у Віцебскай, 3 у Гомельскай і 1 у Мінскай абласцях.
На тэр. гідралагічнага заказніка забараняецца здабыча торфу, нарыхтоўка моху, правядзенне меліярацыйных работ. Пры ўмове захавання водаахоўнай ролі насаджэнняў дазваляецца высечка лесу, кустоў, нарыхтоўка прутоў, дубільнай кары, а таксама касьба, збор грыбоў і ягад. Паляванне і рыбная лоўля вядуцца па вызначаных правілах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФІ́ЛЬНАСЦЬ І ГІДРАФО́БНАСЦЬ,
характарыстыкі розных тыпаў узаемадзеяння рэчываў з вадой; прыватны выпадак ліяфільнасці і ліяфобнасці. Гідрафільнымі ці гідрафобнымі могуць быць розныя рэчывы, а таксама паверхні цвёрдых цел і тонкія слаі на мяжы падзелу фаз.
Гідрафільнасць уласцівая рэчывам, малекулы якіх утвараюць трывалыя каардынацыйныя і вадародныя сувязі з малекуламі вады. Асабліва выражана ў мінералаў з іоннай крышт. рашоткай (напр., карбанатаў, сілікатаў, глін). Гідрафобныя рэчывы (металы, парафіны, тлушчы, воскі і інш.) слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой. Гідрафобнасць — прычына моцнага прыцяжэння ў вадзе паміж непалярнымі часціцамі, якое наз.гідрафобным узаемадзеяннем. Гідрафобным узаемадзеяннем абумоўлены: адсорбцыя паверхнева-актыўных рэчываў з водных раствораў на мяжы з паветрам, непалярнымі вадкімі ці цвёрдымі фазамі; экстракцыя непалярных рэчываў з вады і водна-арган. сумесей; міцэлаўтварэнне ў водных растворах многіх арган. рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРКАМПЛЕ́КСНЫ ЛІК,
абагульненне паняцця комплекснага ліку і пашырэнне яго на мнагамерную прастору. Уведзены ў 19 ст. пры спробах пабудаваць лікі ў мнагамернай вектарнай прасторы, якія б адыгрывалі ў ёй такую ж ролю, што і камплексныя лікі на плоскасці. Арыфм. дзеянні над гіперкамплексным лікам выражаюць некаторыя геам. працэсы ў мнагамернай прасторы ці даюць колькаснае апісанне якога-н. фіз. закона.
Гіперкамплексны лік з’яўляецца лінейнай камбінацыяй (з сапраўднымі каэфіцыентамі) некат. сістэмы базісных адзінак (гл.Базіс). Складанне і адыманне гіперкамплекснага ліку вызначана адназначна. Множанне аднаго гіперкамплекснага ліку на другі патрабуе вызначэння здабыткаў базісных адзінак, якія б захоўвалі ўсе правілы звычайнай арыфметыкі; такое магчыма толькі для сапраўдных і камплексных лікаў; у астатніх выпадках неабходна адмовіцца ад выканання таго ці іншага правіла, напр. адназначнасці дзялення, камутатыўнасці множання. Гл.таксамаКватэрніёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад гіпер... + сексуальнасць),
значна павышаная палавая схільнасць. Асобы, у якіх адзначана гіперсексуальнасць, маюць высокую палавую ўзбуджальнасць і гатовыя да сексуальных рэакцый пад уздзеяннем нязначных (але адэкватных) знешніх раздражняльнікаў. Звычайна абумоўлена расстройствам нейрагумаральнай або псіхічнай функцыі пры палавым акце. Праяўленні гіперсексуальнасці характэрны для некаторых узроставых перыядаў (гіперсексуальнасць пубертатная, або юнацкая, гіперсексуальнасць клімактэрычнага перыяду). Выражаная гіперсексуальнасць назіраецца пры некаторых эндакрынных (пухліны наднырачнікаў, палавых залоз і інш.) і псіхічных (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія і інш.) захворваннях, дыэнцэфальных парушэннях. Характэрна таксама для німфаманіі (у жанчын) і сатырыязу (у мужчын), што часта развіваюцца на фоне розных псіхічных ненармальнасцей. Для юнацкай гіперсексуальнасці (з узростам праходзіць) характэрна празмерная фіксацыя псіхікі на сексуальна-эратычных уражаннях і фантазіях, якія суправаджаюцца спантаннымі эрэкцыямі і частымі палюцыямі. Мастурбацыя пры гэтым мае сурагатнаахоўную накіраванасць на пазбаўленне ад залішняй палавой узбуджальнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПО́ТЭЗА (ад грэч. hypothesis аснова, меркаванне),
сістэма тэарэт. пабудоў (суджэнняў), з дапамогай якіх на аснове шэрагу фактаў робіцца вывад пра існаванне аб’екта, яго ўласцівасці, сувязі ці прычыны з’явы, прычым вывад гэты нельга лічыць абсалютна дакладным; часовая логіка-метадалагічная характарыстыка выказвання, якая існуе ад пабудовы да праверкі. Гіпотэза павінна мець абгрунтаванасць, падлягаць праверцы і не супярэчыць прынятым у навуцы палажэнням. Пасля праверкі (эксперымент ці назіранне), калі гіпатэтычныя выказванні аказваюцца ісціннымі, яны ўключаюцца ў тэорыю, а калі памылковымі, то замяняюцца новымі. Лагічная структура гіпотэзы — лагічная структура тых выказванняў, якім прыпісваецца гіпатэтычнасць. Для эмпірычных навук характэрна, што кожнае выказванне ў іх бывае ў стадыі гіпотэзы. Паводле рус. логіка М.І.Карынскага, гіпотэза абазначае таксама вывад, які па сваёй структуры падобны да простага катэгарычнага сілагізму другой фігуры.