КАРЫ́ЦКІ (Міхал) (7.9.1714, в. Дзітрыкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл. — 10.3.1781),

паэт, педагог, прыхільнік класіцызму. Магістр філасофіі і вольных навук (1745), д-р філасофіі (каля 1750). Вучыўся ў школе Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі. Скончыў Слуцкую семінарыю (1733), Віленскую акадэмію (1736). З 1730 чл. ордэна езуітаў. Выкладаў у калегіумах Варшавы, Мінска, Драгічына, у Віленскай акадэміі. З 1773 рэктар Мінскай ваяводскай школы. Імкнуўся надаць сістэме адукацыі больш свецкі характар. Пісаў на лац. мове. Найб. вядомая паэма «Птушыны сейм» — сатыра на мясц. шляхту і магнатаў Рэчы Паспалітай. Аўтар сатыр. твораў («Казка», «Ападосіс» і інш.), элегій («Да Касакоўскага», «Да брата Караля»), прыродаапісальнай оды «Да Зімы», вершаў (пры жыцці апубл. 25), панегірыкаў Кацярыне II, пасланняў пісьменнікам і грамадскім дзеячам (І.​Красіцкаму, М.​Пачобут-Адляніцкаму, Р.​Пацёмкіну і інш.), пародый. Паэт. спадчына К. выдадзена Полацкай езуіцкай акадэміяй пад назвай «Песні» (1817). Яго творам уласціва жывасць і лёгкасць мовы, багатая фантазія. Паэзія К. паўплывала на лацінамоўную паэзію Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны эпохі Асветніцтва.

Літ.:

Жлутко А. Міхал Карыцкі: Песні камэны // Шляхам гадоў. Мн., 1990;

Парэцкі Я.І. Міхаіл Карыцкі. Мн., 1991.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЦКІНА Б.А. ВЫДАВЕ́ЦТВА,

прыватнае выдавецтва ў Вільні ў 1913—37. Засн. Б.​А.​Клецкіным. Выдавала л-ру на бел., польск. і яўр. мовах. У 1921—31 існаваў бел. аддзел, які меў сваю эмблему з выявай сейбіта; выдадзена 30 арыгінальных і перакладных кніг. Упершыню выдадзена аповесць Я.​Коласа «У палескай глушы» (1923), перавыдадзены яго кнігі «У глыбі Палесся», «Казкі жыцця» і інш., паэт. зб-кі «Шляхам жыцця» Я.​Купалы, «Вянок» М.​Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кнігі «Тарас Бульба» М.​Гогаля, «Для дзяцей» (выбранае) Л.​Талстога, «Алеся» А.​Купрына, «Сляпы музыка» У.​Караленкі, «Прынц і жабрак» М.​Твена, «Ірландскія народныя казкі» С.​Макмануса. Сярод выданняў — кнігі зах.-бел. літаратараў Я.​Нарцызава (Я.​Драздовіча), Б.​Друцкага-Падбярэскага, Я.​Пачопкі, бел. падручнікі па гісторыі л-ры М.​Гарэцкага, геаграфіі А.​Смоліча, матэматыцы С.​Рака-Міхайлоўскага, Р.​Астроўскага, А.​Гурскага, чытанкі Л.​Гарэцкай, А.​Смоліч, «Падручны беларуска-польскі слоўнік» Друцкага-Падбярэскага, «Расказы аб вялікіх падзеях розных часоў і народаў» М.​Рубакіна і інш.

А.​С.​Ліс.

т. 8, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХОДНЕЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З (ЗЕС),

ваенна-палітычная арганізацыя еўрап. краін. Створаны ў маі 1955 паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 шляхам рэарганізацыі Заходняга Саюза (Нідэрланды, Бельгія, Францыя, Вялікабрытанія, Люксембург), заснаванага ў 1948 у Бруселі і далучэння да яго Італіі і ФРГ. Акрамя пералічаных краін чл. ЗЕС з’яўляюцца Іспанія і Партугалія (з 1990), Грэцыя (з 1995); Ісландыя, Нарвегія і Турцыя — асацыіраваныя чл.; Балгарыя, Венгрыя, Латвія, Літва, Румынія, Польшча, Славакія, Чэхія, Эстонія і Украіна маюць статус асацыіраваных партнёраў; Аўстрыя, Данія, Фінляндыя, Ірландыя, Швецыя — назіральнікі. Мэта ЗЕС — развіццё еўрап. міжурадавага супрацоўніцтва ў галіне бяспекі. Штаб-кватэра з 1993 у Бруселі. Вышэйшы орган — Савет міністраў, які збіраецца адзін раз у 6 месяцаў. 2 разы ў год у Парыжы збіраецца Парламенцкая асамблея ЗЕС. Ген. сакратар узначальвае выканаўчыя органы — Пастаянны савет і сакратарыят. Саюз мае ў сваім непасрэдным падпарадкаванні шматнац. вайск. фарміраванні. Першая сумесная аперацыя сіл ЗЕС — размініраванне Персідскага зал. ў 1987. Пад эгідай ЗЕС у 1994 праводзіліся аперацыі ў б. Югаславіі (па паліт.-эканам. блакадзе Сербіі і інш.) у адпаведнасці з рэзалюцыямі Савета Бяспекі ААН.

В.​Г.​Калеснік.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕЛІ́ЗМ (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),

у біялогіі, паралельнае развіццё, парафілія, незалежнае развіццё падобных адзнак у эвалюцыі блізкароднасных груп арганізмаў. У выніку П. другасна набытае падабенства розных груп быццам бы накладваецца на іх падабенства, якое абумоўлена агульнасцю паходжання. Узнікае асобая катэгорыя падабенства органаў і розных відаў — гамаялогія. П. пашыраны ў філагенезе розных груп арганізмаў. Напр., шляхам П., відаць, развіваліся прыстасаванні да воднага спосабу жыцця ў 3 лініях эвалюцыі ластаногіх (маржы, вушастыя і сапраўдныя цюлені); у розных груп кісцяпёрых рыб развіваліся прыкметы земнаводных; у некалькіх груп зверападобных паўзуноў (тэрапсід) — прыкметы млекакормячых. Прыкметы пакрытанасенных раслін незалежна і паралельна развіваліся ў розных лініях эвалюцыі іх продкаў — праангіяспермаў. Узнікненне П. звязана з захаваннем роднаснымі групамі арганізмаў пэўнай генет. супольнасці і падабенства працэсаў антагенезу і яго рэгуляцыі. У генафондах роднасных відаў заканамерна з’яўляюцца падобныя (гамалагічныя) мутацыі (закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці, які ўстанавіў М.І.Вавілаў). П. тлумачыцца падобным напрамкам натуральнага адбору, які дзейнічае на групы продкаў, што разышліся першапачаткова (гл. Дывергенцыя). Часам П. вызначаюць як канвергенцыю блізкароднасных груп.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНО́ВІЧ (Аляксандр Андрэевіч) (н. 18.8.1946, в. Казловічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, крытык, публіцыст. Скончыў БДУ (1968). Працаваў у раённым друку. З 1972 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1964. Даследуе сучасную бел. л-ру, творчасць З.​Бядулі, П.​Галавача, І.​Пташнікава, Б.​Сачанкі, І.​Шамякіна, І.​Навуменкі, І.​Чыгрынава і інш. Выдаў зб-кі літ.-крытычных артыкулаў «Далучанасць», «Пад небам вечнасці» (абодва 1990), «Дарога ў запаветнае» (1992), «Шляхам праўды», «Сувязь» (абодва 1994), «Дзе ж ты, храм праўды?» (1996), «Святло чароўнага ліхтарыка» (кн. 1—2, 1997—98). Аўтар краязнаўчай кнігі «Ля Каменкі бруістай» (1992), зб-каў гістарычных нарысаў і эсэ «Зерне да зерня» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі імя К.​Каліноўскага 1998), «Хто мы, адкуль мы...» (ч. 1—2, 1996—98), кніг для дзяцей «Віця Неслух у краіне Мурашоў» (1995, з Т.​Мушынскай), «Святая Еўфрасіння» (1999). Складальнік кніг публіцыстыкі «Свабоднае» грамадства зблізку» (1986), паэзіі «Мы і яны» (1986) і «Слова міру і праўды» (1987) і інш.

Тв.:

Іван Чыгрынаў. Мн., 1999;

У часе прасветленыя твары: Гіст. эсэ, нарысы. Мн., 1999.

В.​А.​Войніч.

Аляксандр Марціновіч.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДА́ТЫ,

солі малібдэнавых кіслот. Найб. пашыраны солі монамалібдэнавай (малібдэнавай) к-ты H2MoO4 — монамалібдаты. У прыродзе трапляюцца ў выглядзе мінералаў (напр., павеліт — М. кальцыю CaMoO4, вульфеніт — М. свінцу PbMoO4). Вядомыя М. не вылучаных у свабодным стане мезамалібдэнавай H4MoO5 (мезамалібдаты), ортамалібдэнавай H6MoO6 (ортамалібдаты) і полімалібдэнавых кіслот (напр., парамалібдату амонію тэтрагідрат (NH4)6Mo7O24∙4H2O).

Монамалібдаты, ці нармальныя М., шчолачных металаў, амонію і магнію добра раствараюцца ў вадзе, інш. металаў — дрэнна. Нармальныя водарастваральныя М. атрымліваюць узаемадзеяннем трыаксіду MoO3 ці яго гідратаў з растворамі адпаведных гідраксідаў, інш. сінтэзуюць шляхам абменных рэакцый з М. шчолачных металаў ці спяканнем MoO3 з аксідамі металаў (гл. Малібдэн). Пры ўздзеянні аднаўляльнікаў (напр., дыаксіду серы, цынку, алюмінію) на растворы М. утвараюцца малібдэнавыя сіні — ярка-сінія рэчывы пераменнага саставу, напр. Mo8O23∙8H2O, Mo2O5∙H2O. У падкісленай вадзе (pH каля 4) яны ўтвараюць калоідныя растворы, якія выкарыстоўваюць для фарбавання шоўку, футра і валасоў. Выкарыстоўваюць CaMoO4 для выплаўкі ферамалібдэну; Na2MoO4 — у вытв-сці пігментаў, палівы, як інгібітар карозіі металаў; (NH4)2MoO4 — як малібдэнавае ўгнаенне; PbMoO4 — як пігмент; М. шчолачназямельных металаў і рэдказямельных элементаў — як лазерныя матэрыялы, сегнетаэл. матэрыялы ў мікраэлектроніцы.

т. 10, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ША, выпас,

зямельныя ўгоддзі, травастой якіх выкарыстоўваецца для выпасу жывёлы; адна з асн. крыніц высокапрадукц. і таннага корму для с.-г. жывёл.

Адрозніваюць П. прыродную (натуральную) і сеяную (палепшаную, ці штучную). У расл. покрыве натуральнай П. пераважаюць дзікарослыя злакавыя травы, асокі і разнатраўе. Палепшаную П. ствараюць шляхам спец. сяўбы бабова-злакавых ці злакавых пашавых травасумесей. Звычайна П. займае сухадольныя ці нізінныя месцы. участкі поймавых лугоў і неасвоеных нізінных балот з натуральным травастоем. Прадукцыйнасць прыроднай П. нізкая (у 3—5 разоў ніжэй за сеяную), павышаюць яе асушэннем, культуртэхнічнымі работамі і інш. аграмеліярац. мерапрыемствамі; вапнаваннем, выкарыстаннем угнаенняў, падкошваннем, падсевам траў, арашэннем, аховай ад перавыпасу.

На Беларусі пад П. занята 1,7 млн. га, з іх палепшанай 1,1 млн. га, асушанай 0,78 млн. га. Прыродныя ўмовы і біякліматычны патэнцыял краіны спрыяюць стварэнню высокапрадукцыйнай П. практычна ва ўсіх рэгіёнах.

Літ.:

Баранова М.Е., Пиотрашко Л.А., Мурашко В.Г. Луговодство и пастбищное хозяйство. 2 изд. Мн., 1980;

Руденко Е.В., Марчяускас С.П., Башлаков Н.Ф. Эксплуатация культурных пастбищ. Мн., 1982;

Создание и рациональное использование пастбищ. Мн., 1998.

т. 12, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СЦЕЛЬ (Павел Іванавіч) (5.7.1793, Масква — 25.7.1826),

дзекабрыст, палкоўнік (1821). Вучыўся ў Дрэздэне (1805—09), у Пажскім корпусе (1810—11). З 1811 прапаршчык лейб-гвардыі Літоўскага палка. Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў 1813—14. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», у 1818 арганізаваў у Тульчыне ўправу «Саюз дабрабыту», у сак. 1821 стварыў і ўзначаліў Паўд. т-ва. З ліст. 1821 камандзір Вяцкага палка. Аўтар 2 рэдакцый паліт. праграм т-ва«Рускай праўды». Прыхільнік устанаўлення у Рас. імперыі рэсп. ладу шляхам дзярж. перавароту, адмены прыгону і саслоўных прывілеяў, надзялення сялян зямлёй. Аддаваў вял. ўвагу нац. пытанню; беларусаў адносіў да «малых народаў», лічыў, што ўсе народы Расіі «павінны злітымі быць у адзін народ». У 1824—25 вёў перагаворы з прадстаўнікамі польскага Патрыятычнага т-ва аб сумеснай барацьбе. 13.12.1825 арыштаваны ў Тульчыне. Павешаны разам з 4 інш. дзекабрыстамі ў Петрапаўлаўскай крэпасці.

Літ.:

Лебедев Н.М. Пестель — идеолог и руководитель декабристов. М., 1972;

Грыцкевіч А. Нацыянальнае пытанне ў праграме дзекабрыстаў // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 2.

В.​В.​Швед.

П.І.Песцель.

т. 12, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЯМІЭЛІ́Т (ад грэч. polios шэры + myelos спінны мозг),

хвароба Гейнэ-Медзіна, эпідэмічны дзіцячы параліч, вострая інфекцыйная хвароба, якая пашкоджвае нерв. сістэму, пераважна шэрае рэчыва спіннога мозга. Бывае ад лёгкіх форм (катаральныя з’явы) да цяжкіх паралічаў. Пашыраны сярод дзяцей. Узбуджальнік — паліявірус (3 незалежных тыпаў). Крыніца інфекцыі — хворы на П. або вірусаносьбіт. Заражэнне адбываецца праз стрававальна-кішачны тракт і паветрана-кропельным шляхам. Вірус размнажаецца ў лімфатычным глотачным кольцы, рэгіянарных лімфатычных вузлах, пранікае ў кроў. Адрозніваюць непаралітычныя формы П., падобныя да менінгіту або да вострага кішачнага расстройства, і паралітычныя (спінальная, бульбарная, панцінная), калі развіваюцца вялыя парэзы і паралічы мышцаў, назіраюцца асіметрычныя паралічы ног, рук, плечавога пояса; аднаўленчы перыяд 2 гады, аднак у 50% хворых на П. развіваецца пажыццёвая інваліднасць (укарачаюцца канечнасці, адбываецца атрафія мышцаў). Для папярэджання П. праводзіцца вакцынацыя дзяцей. Лячэнне сімптаматычнае. На Беларусі значны ўклад у ліквідаванне П. зрабілі Э.Ф.Фельдман, Х.А.Протас. У канцы 1990 — пач. 2000-х г. П. ліквідуецца як інфекц. хвароба, што выклікаецца «дзікім» (завозным) штамам.

Літ.:

Полиомиелит. Начало конца. Женева, 1998.

А.​А.​Астапаў.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл. Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.

У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;

Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;

Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)