ДРЫ́БІНСКІ РАЁН,

на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасоўваўся ў 1931, 1959, зноў утвораны ў сучасных межах 29.12.1989 для перасялення жыхароў Краснапольскага р-на, якія найб. пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986. Пл. 0,8 тыс. км². Нас. 16,9 тыс. чал. (1997). Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Дрыбін, 104 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 6 сельсаветаў: Кароўчынскі, Міхееўскі, Першамайскі, Расненскі, Цемналескі, Чэрнеўскі.

Тэрыторыя раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, месцамі хвалістая, з агульным нахілам на Пд. Найвыш. пункт 226 м (на ПдЗ ад в. Еськаўка). Пераважаюць выш. 170—190 м. Карысныя выкапні: пясок, гравій, торф, гліна для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм. Вегетац. перыяд 184 сут. З Пн на Пд працякае р. Проня з прытокамі Рэста, Бася, Быстрая, Вербаўка і інш. На некат. малых рэках вадасховішчы і сажалкі. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя глебы. Пад лесам 27,4% тэр. раёна; пераважаюць шыракаліста-яловыя лясы. Балоты і забалочаныя землі займаюць каля 1,5 тыс. га у асноўным на Пн. На тэр. раёна гідралагічныя заказнікі: Брацтва (73,1 га), Галамукскае (153), Жэваньскае (144), Жэваньскі Мох (123); паляўнічыя заказнікі: Расненскае (2650), Даманоўскі (1364 га).

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 49,1 тыс. га, з іх асушана 5 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 7 калгасаў, 4 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, кормапрадпрыемства «Высакаборскае». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля; вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Орша—Крычаў, аўтадарога Магілёў—Мсціслаў, нафтаправод Унеча—Полацк. У раёне 8 сярэдніх, 2 базавыя, 4 пачатковыя школы; Расненская дапаможная школа-інтэрнат, муз. школа, 9 дашкольных устаноў, 14 б-к, 14 клубаў, 3 клубы-бібліятэкі, раённы цэнтр культуры, 4 бальніцы, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1845), помнік у памяць аб выступленні ў 1905 сялян супраць памешчыка ў в. Кішчыцы; рэшткі касцёла Казіміра эпохі класіцызму (1818) і сядзіба (канец 19 ст.) у в. Расна. Гісторыка-этнаграфічны музей. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях» (сумесна з Горацкім р-нам).

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІКІ,

прадстаўнікі адной з плыней рас. грамадскай думкі 1840—50-х г., якія выступалі за развіццё Расіі па зах.-еўрап. шляху. Сярод З. пераважалі дваране, былі таксама разначынцы і выхадцы з багатага купецтва. Да З. належалі: літаратары П.Я.Чаадаеў, І.С.Тургенеў, М.​А.​Мельгуноў, В.​П.​Боткін, П.​В.​Аненкаў, вучоныя Ц.М.Граноўскі, С.М.Салаўёў, К.​Дз.Кавелін, І.В.Вярнадскі і інш., прымыкалі пісьменнікі Дз.В.Грыгаровіч і І.А.Ганчароў, В.​М.​Майкаў, М.А.Някрасаў, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын і інш. У грамадскай барацьбе супраць «тэорыі афіцыйнай народнасці» і ў ідэйных спрэчках са славянафіламі 1840-х г. на баку З. выступалі і атаясамлівалі сябе з імі А.І.Герцэн, М.П.Агароў, В.Р.Бялінскі. З. супрацоўнічалі ў часопісах «Отечественные записки», «Современник», «Русский вестник», «Атеней», газ. «Московские ведомости» і інш. На філас. погляды З. значны ўплыў зрабілі творы зах.-еўрап. філосафаў Ц.Штрауса, Г.Гегеля, В.Баўэра, Г.Бокля і інш. Аснова іх светапогляду — запазычанае ў асветнікаў прызнанне вядучай ролі чалавечага розуму ў пазнанні, філас. асэнсаванні і практ. засваенні рэчаіснасці. Гіст. працэс З. ўспрымалі як прагрэс грамадства ад горшага да лепшага. Яны сцвярджалі самакаштоўнасць чалавечай асобы як носьбіта розуму, не прымалі патрыярхальную ідэю «сямейнага адзінства» памешчыкаў і іх прыгонных, былі прыхільнікамі хутчэйшага вызвалення сялян. З. лічылі «справядлівым» тое грамадства, дзе створаны ўсе ўмовы для існавання і самарэалізацыі асобы, крытычна ставіліся да парадкаў і сац. адносін у Зах. Еўропе, тлумачылі «заходні» шлях Расіі як перайманне лепшых рысаў зах.-еўрап. цывілізацыі. З. падзяляліся на т. зв. лібералаў (большасць), якія выступалі за мірныя, рэфарматарскія шляхі змен, і радыкалаў (лідэры А.​І.​Герцэн, і М.​П.​Агароў), якія дапускалі магчымасць рэв. змен у грамадстве. У 1860-я г. паміж радыкальнымі і ліберальнымі З. адбыўся рашучы разрыў. Многія тэарэт. палажэнні, выпрацаваныя З., сталі ідэалаг. асновай шэрагу радыкальных і ліберальных плыней рас. грамадскай думкі.

Літ.:

Сладкевич Н.Г. Очерки истории общественной мысли России в конце 50-х — начале 60-х гг. XIX в. Л., 1962;

Щукин В.Г. Русское западничество сороковых годов XIX в. как общественно-литературное явление. Краков, 1987;

Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ ДЗВІНА́ (у Латвіі Даўгава),

рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі. Даўж. 1020 км, пл. вадазбору 87,9 тыс. км² (у межах Беларусі адпаведна 328 км і каля 33,1 тыс. км²). Пачынаецца з воз. Каракіна (Цвярская вобл., Расія) на Валдайскім узв., за 14 км ад вытоку Волгі. Упадае ў Рыжскі зал. Балтыйскага м. (Латвія). Цячэ на Беларусі пераважна з У на З па Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узв. і на большым сваім працягу па Полацкай нізіне. Асн. прытокі; Таропа (Расія), Обаль, Палата, Дрыса (Беларусь), Айвіекстэ (Латвія) — справа, Мёжа (Расія), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (Беларусь) — злева. Са стараж. часоў З. Дз. — важны гандл. шлях, у 9—11 ст. тут праходзіў адзін з напрамкаў шляху з «варагаў у грэкі». Даліна выразная, месцамі глыбокаўрэзаная або невыразная, шыр. ў верхнім цячэнні 300—900 м, у сярэднім (у межах Беларусі) — 1—1,5 км, у ніжнім — 5—6 км. Пойма пераважна двухбаковая, у вярхоўі перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах. Рэчышча ўмерана звілістае, на Беларусі звілістае, месцамі з парогамі: вышэй Віцебска (Вярхоўскі парог), каля г. Дзісна (Дзісенскія парогі) і г. Верхнядзвінск. Шыр. ракі 15—20 м у вярхоўі, 100—150 м на Беларусі (каля г.п. Друя 700 м), у Латвіі 200—300 м каля г. Даўгаўпілс, 700 м каля Рыгі. Вусцевая вобласць — эразійная дэльта. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое, вял. доля грунтавога. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 1-й дэкады красавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 60—70 дзён. Летне-асенняя межань (4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (70—80 дзён) устойлівая. Сярэднегадавы расход вады каля Віцебска 223 м³/с, пры выхадзе за мяжу Беларусі 441 м³/с, у вусці 666 м³/с. Выкарыстоўваецца як крыніца водазабеспячэння. Суднаходства ў сярэднім цячэнні ад г. Веліж да г. Верхнядзвінск, у ніжнім — на асобных участках. Створаны Даўгаўпілская, Кегумская, Плявінская, Рыжская ГЭС. З. Дз. злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з бас. Дняпра. На рацэ гарады Веліж (Расія), порт Віцебск, Полацк, Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск (Беларусь), Даўгаўпілс, Екабпілс, Яўнелгава, марскі порт Рыга (Латвія).

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Заходняя Дзвіна каля гарадскога пасёлка Руба Віцебскага раёна.

т. 7, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў (Макар) (сапр. Касцевіч Макар Мацвеевіч; 18.8.1891, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 1939),

дзеяч бел. нац.-вызв. руху, паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне. З 1915 у арміі. Ад салдацкага к-та 44-га армейскага корпуса Паўд.-Зах. фронту абраны дэлегатам на Усебеларускі з’езд 1917. У 1917—19 у Мінску. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1919 па заданні Мін-ва бел. спраў у Літоўскім урадзе стварыў бел. органы ўлады ў Сакольскім пав. Гродзенскай губ. Са снеж. 1919 уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі. Аўтар верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920, Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). З 1921 настаўнічаў у Вільні, займаўся літ. грамадскай дзейнасцю, удзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. У 1926 быў арыштаваны польск. ўладамі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з кастр. 1939 працаваў у рэдакцыі газ. «Віленская праўда». У канцы 1939 арыштаваны. Далейшы лёс невядомы. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. Выступаў пад псеўд. Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Светазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр.М., М.К. Друкаваўся ў газ. «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», час. «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і інш. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, У.​Жылкі, К.​Буйло, Цёткі і інш., успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нац.-вызв. руху І.​Луцкевіча, А.​Астрамовіча, П.​Крачэўскага, А.​Гаруна, а таксама пра Усебел. з’езд 1917. Пераклаў на бел. мову многія творы М.​Гогаля, М.​Горкага, М.​Зошчанкі, А.​Купрына, М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, Л.​Талстога, Г.​Сянкевіча, Т.​Шаўчэнкі і інш. Рукапісы К. часткова зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы, Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Гарэцкі М. Макар Краўцоў // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Вільня, 1920;

Гесь А. Макар Краўцоў пра Усебеларускі з’езд // Спадчына. 1996. № 1.

А.​М.​Гесь.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛАКО́ЎСКІ (Аляксей Мікалаевіч) (24.12.1913, в. Кулакі Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 9.4.1986),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў у прэсе. У 1953—58 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1965 нам. адказнага сакратара, адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1977 дырэктар Літ. музея Я.​Купалы. Друкаваўся з 1932. Людзям пасляваен. вёскі прысвяціў першы зб. апавяданняў «Сад» (1947), маладым рабочым — аповесць «Гартаванне» (1948). Складаныя гасп. і духоўныя праблемы вёскі, чалавек працы, яго клопаты і турботы, багаты ўнутр. свет у зб-ках «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956) і аповесці «Тры зоркі» (1963). Значнасцю грамадскай праблематыкі, высокім этычным пафасам, маст. дасканаласцю вылучаецца аповесць «Нявестка» (1956). Аповесці «Тут я жыву...» (1960), «Расце мята пад акном» (1966), зб-кі «Першае чаканне» (1965), «Родныя шыроты» (1978), раман «Васількі» (1979) адлюстроўваюць жыццё горада з першых пасляваен. гадоў. Вайна ў яе суровым і мужным абліччы ў рамане-дылогіі «Расстаёмся ненадоўга» (1953—54) і «Сустрэчы на ростанях» (1961—62), рамане «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), аповесцях «Да ўсходу сонца» (1957), «Твой шлях перад табою» (1965), «Дзе каму жыць» (1971), «Маршрут ад Клічава» і «Хлебарэз» (абедзве 1983). У аповесці «Дабрасельцы» (1958) моцна выявіўся сатыр. пачатак. Яго творам уласцівы асаблівая ўвага да бытавой дэталі, паказ сацыяльна і грамадска значнага праз штодзённыя людскія клопаты, турботы, у яркіх быт. карцінах і характарах і ўзаемаадносінах. Зрабіў літ. запіс кнігі В.​І.​Казлова «Людзі асобага складу» (1952). На бел. мову перакладаў творы рус., укр., узб. і інш. пісьменнікаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1970—71;

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1984;

Белы Сокал: Аповесці. Мн., 1985;

Тры зоркі: Аповесці. Мн., 1988.

Літ.:

Гусак С.А. Аляксей Кулакоўскі. Мн., 1967;

Пашкевіч Н. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965. С. 265—349;

Канэ Ю. Дзень сённяшні. Мн., 1962. С. 185—220;

Герцовіч Я. Творчае крэда. Мн., 1970. С. 118—150;

Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі Мн., 1997. С. 143—153.

С.​А.​Андраюк.

А.М.Кулакоўскі.

т. 8, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЮ́К (Валерый Васілевіч) (н. 30.3. 1953, в. Ропна Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. рэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). З 1979 рэжысёр Бел. т-ра імя Я.​Коласа (у 1993—96 дырэктар і да 1997 маст. кіраўнік). У 1981—83 працаваў гал. рэжысёрам Магілёўскага абл., у 1983—91 Дзярж. рус. драм. т-раў. У рэжысуры спалучае псіхалагізацыю характараў з вобразнай умоўнасцю сучаснай тэатр. эстэтыкі. Лепшыя спектаклі М. вызначаюцца яркай відовішчнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, уменнем раскрыць акцёрскую індывідуальнасць. Сярод пастановак: у Бел. т-ры імя Я.​Коласа — «Клеменс» К.​Саі і «Стары дом» А.​Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н.​Думбадзе (1981), «Кароль Лір» У.​Шэкспіра (1994), «Размова ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма» П.​Хакса (1995), «Жаніцьба» М.​Гогаля і «Час быка» Саі (1996), «Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка (1998); у Магілёўскім абласным драм. т-ры (у спектаклях выступаў і як акцёр) — «Візіт дамы» Ф.​Дзюрэнмата (1981), «Тутэйшыя» паводле твораў Я.​Купалы (і роля Мікіты Зносака), «Каханне, джаз і чорт» Ю.​Грушаса (роля Андруса) і «А хтосьці выпаў з гнязда» паводле Д.​Васермана (роля Мак Мэрфі; 1982); у Дзярж. рус. драм. т-ры — «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Усё ў садзе» Э.​Олбі і «Бабскае царства» Ю.​Нагібіна (1984), «Знак бяды» паводле В.​Быкава (1985; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Апошні наведвальнік» У.​Дазорцава і «Царства зямное» Т.​Уільямса (1986), «Начныя карлікі і Антыгона» Л.​Разумоўскай і «Ноч анёла» А.​Розанава (1987), «Майстры» А.​Дударава паводле М.​Булгакава і «І быў дзень...» («Сметнік») Дударава (1988). Аўтар п’ес «Судны дзень» (разам з В.​Казько, паст. 1982), «Начное рандэву», «Чароўная кашуля» (абедзве паст. ў 1992), «Вялікая сумная рыбіна, якая чакае» (паст. 1995), «Пакахай мяне, салдацік» паводле аповесці Быкава (паст. 1997), «Кацігарошак» паводле бел. фальклору (паст. 1998), «Пад сонцам» (паст. 1999), вершаў у зб. «Сцяжына» (1983).

Літ.:

Гаробчанка Т. Свой шлях у мастацтве // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11.

Т.​Я.​Гаробчанка.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КПЗБ.

Адбыўся 25.6—25.7.1928 у пас. Арэхаўск Аршанскага р-на. Прысутнічалі 31 дэлегат з рашаючым і 21 з дарадчым голасам ад амаль 2 тыс. членаў партыі Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акр. арг-цый КПЗБ. Выканком Камінтэрна на з’ездзе прадстаўляў В.​С.​Міцкявічус-Капсукас, КПП — В.​Кастшэва, А.​Варскі, Ю.​Ленскі, Э.​Прухняк, КП(б)Б — В.​Г.​Кнорын, М.​М.​Галадзед, КСМЗБ — М.​А.​Давідовіч. Прысутнічаў таксама прадстаўнік ад КПЗУ. Парадак дня: справаздачы ЦК КПП (Кастшэва); ЦК КПЗБ (С.​Т.​Мілер); ЦК КСМЗБ (Давідовіч); паліт. сітуацыя і задачы партыі [І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык)]; аб рабоце ў вёсцы, у прафсаюзах, сярод моладзі; арганізац. пытанні. З’езд прызнаў паліт. лінію ЦК КПЗБ, як і ЦК КПП, у асн. правільнай. Адначасова канстатаваў, што фактычная падтрымка ЦК КПП і ЦК КПЗБ ваен. перавароту Ю.​Пілсудскага ў маі 1926 з’явілася гал. прычынай узнікнення фракцыйнай барацьбы ў кіраўніцтве партыі. Як дадатны момант падкрэслівалася, што ў справаздачны перыяд партыя зрабіла буйны крок на шлях бальшавізацыі, вырасла ідэйна, палітычна і арганізацыйна. У якасці тактычнай лініі КПЗБ упершыню прызнавалася неабходнасць узмацнення барацьбы ў абарону дэмакр. правоў і свабод, разгортвання масавага руху на аснове патрабаванняў дэмакр. характару. Перад партыяй была пастаўлена задача заваяваць большасць пралетарыяту, асабліва ў буйных прамысл. цэнтрах, ствараць на ф-ках і з-дах ячэйкі КПЗБ, узмацніць барацьбу за 8-гадзінны рабочы дзень, павышэнне зарплаты і інш. У сял. пытанні з’езд указаў на неабходнасць спалучэння барацьбы прац. сялянства за зямлю без выкупу з неадкладнымі патрэбамі і клопатамі сялян. У пытанні нац.-вызв. руху адзначалася, што КПЗБ арганізуе барацьбу прац. мас пад лозунгам самавызначэння Зах. Беларусі аж да аддзялення ад Польшчы і ўз’яднання з БССР у адзінай сав. дзяржаве. З’езд выбраў ЦК КПЗБ: чл. А.​А.​Альшэўскі, М.​А.​Блінчыкаў, С.​Я.​Будзінскі, С.​К.​Гарбуз, Г.​М.​Дуа, А.​У.​Канчэўскі, Лагіновіч, Мілер, М.​Л.​Перавалоцкі, А.​М.​Розенштайн, А.​С.​Славінскі; канд. ў чл. Л.​І.​Родзевіч, М.​М.​Словік і інш.

Літ.:

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 12, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б [X канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 15—20.10.1921 у Мінску. Прысутнічалі 133 дэлегаты з рашаючым і 69 з дарадчым голасам ад 3325 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: аб знешнім і ўнутр. становішчы рэспублікі

(А.​Р.​Чарвякоў); справаздачы Цэнтр. Бюро КП(б)Б (В.​Г.​Кнорын),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.​Х.​Гетнер), Кантрольнай камісіі КП(б)Б, павятовых к-таў партыі; эканам. становішча Беларусі і нэп (А.​І.​Вайнштэйн); агр. пытанне (А.​С.​Славінскі); роля і задачы прафсаюзаў (Ш.​Ш.​Ходаш); асвета і задачы партыі (С.​З.​Кацэнбоген); агітац.-прапагандысцкая работа партыі (І.​П.​Ашаровіч); пытанні парт. будаўніцтва; выбары. З’езд звярнуў гал. ўвагу на эканам. становішча і пераход да новай эканамічнай палітыкі, ухваліў рашэнні X з’езда РКП(б). Нэп вызначаўся як «адзіна правільны шлях, які ў дадзеных умовах верна вырашае само пытанне існавання савецкай улады». Ухвалены мерапрыемствы Саўнаргаса БССР па перабудове і спрашчэнні сістэмы кіравання прам-сцю, пераводу фабрык і заводаў на гасп. разлік, здачы іх у арэнду. З’езд падтрымаў прапановы Эканам. нарады пры СНК БССР па наладжванні сувязі з суседнімі губернямі і арганізацыі Зах. эканам. вобласці. Канстатавалася імкненне сялян да індывідуальнага землекарыстання, разам з тым адзначалася неабходнасць развіцця сав. гаспадарак і адначасова дапамогі аднаасобнікам. З’езд асабліва падкрэсліў арганізац. і выхаваўчую функцыю прафсаюзаў як «школы камунізму» праз удзел іх у кіраванні прадпрыемствамі і сац. абарону працоўных, павышэнне прадукцыйнасці працы, удзел у рабоце кааперацыі і інш. Былі разгледжаны прынцыпы рэформы агульнаадук. школы, узята арыентацыя на правядзенне асв. работы на нац. мовах, што паклала пачатак палітыцы беларусізацыі, акрэслены задачы друку. формы работы партшкол, сутнасць і формы антырэліг. прапаганды. Выбраў ЦБ КП(б)Б з 9 чл. і 3 канд. у чл., Кантрольную і Рэвіз. камісіі КП(б)Б.

Літ.:

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАС (Зоська) (сапр. Сівіцкая Людвіка Антонаўна, па мужу Войцік; 30.9.1892, мяст. Мяджыбаж Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1991),

бел. пісьменніца, грамадска-культ. дзяячка. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Гродне (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). У 1909—13 удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел. нац. к-це, у Цэнтр. радзе бел. арг-цый, Бел. сацыяліст. грамадзе. З 1918 у дзедавым фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына). З 1923 жыла ў Вільні. Працавала адміністратаркай газет Бел. сялянска-работніцкай грамады. Друкавацца пачала ў час. «Подснежник» (Кіеў, 1907). На бел. мове выступіла ў 1911 з абразкамі ў «Нашай ніве» пад псеўд. Мірко. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (Вільня, 1924, перавыд. ў Мінску 1992). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.​Машары і выдала за свой кошт яго першы зб. «Малюнкі» (1928). З 1928 старшыня Бел. каап. пчалярскага т-ва «Пчала». Рэдагавала дзіцячыя час. «Заранка» (1927—31) і «Пралескі» (1934—35), с.-г. час. «Беларуская борць» (1934—38). У прэсе змяшчала вершы і апавяданні, у віленскіх бел. адрыўных календарах 1926—39 — парады па агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, жаночай гаспадарцы. Уклала зб. «Садок для нашых дзетак» (Вільня, 1927, з М.​Бучынскай). Для дзіцячага тэатра з укр. мовы пераклала п’есы Р.​Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.​Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рус. «Лясныя хаткі» В.​Біянкі (Вільня, 1931, выйшла без імя перакладчыка). Аўтар успамінаў пра М.​Багдановіча, У.​Галубка, Ядвігіна Ш., Г.​Леўчыка і інш.

Тв.:

Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985;

[«Заранка»] // Полымя. 1968. № 4;

Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975;

Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976;

Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980;

Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981;

Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.;

Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.​Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6;

Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.

Літ.:

Лойка А.А. Зоська Верас // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд. Мн., 1989. Ч. 2;

Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Мн., 1992.

І.​У.​Саламевіч.

З.Верас.

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІЯ АДНО́СІНЫ,

сістэма сувязей, што забяспечвае функцыянаванне розных сфер грамадскага жыцця (эканам., сац., паліт., прававой, культ. і інш.), а таксама ўсяго грамадства. Удзельнікамі (суб’ектамі) грамадскіх адносін выступаюць: само грамадства, яго ін-ты (дзяржава, сям’я, грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і інш.), сац. (класы, слаі) і дэмаграфічныя групы, нац. і этн. супольнасці (нацыя, народнасць, нац. меншасць, этнас), аб’яднанні людзей па рэліг. і інш. прыкметах, а таксама індывідуумы. Асновай узнікнення, існавання і спынення грамадскіх адносін у канкрэтных выпадках з’яўляюцца агульныя (грамадскія) і спецыфічныя (прыватныя) патрэбы, інтарэсы і воля ўдзельнікаў. Падзяляюцца на віды па розных крытэрыях: у залежнасці ад сферы грамадства (гасп., паліт., сямейныя і інш.), па суб’ектах (дзярж.-паліт., класавыя, нац. і інш.), па спосабе рэгулявання грамадскага жыцця (прававыя, маральныя), па метадзе ўздзеяння на паводзіны людзей (уладарныя і заснаваныя на перакананні), па характары (стыхійныя і мэтанакіраваныя). Могуць набываць розныя формы выяўлення, адрознівацца працягласцю, ахопам грамадскіх з’яў і інш. прыкметах. Характэрная рыса грамадскіх адносін — іх супярэчлівасць, якая можа праяўляцца і ўнутры кожнага канкрэтнага віду грамадскіх адносін, і паміж іх рознымі відамі. Характар супярэчнасцей (наяўнасць або адсутнасць антаганізму) абумоўлівае спосаб іх вырашэння, і, адпаведна, шлях далейшых змен і развіцця сістэмы грамадскіх адносін ці яе асобных элементаў (эвалюцыйны ці рэвалюцыйны). Прыхільнікі матэрыялізму падзяляюць усе грамадскія адносіны на матэрыяльныя (іх лічаць вызначальнымі, першаснымі) і ідэалагічныя (іх лічаць вытворнымі, другаснымі). Такі падзел узыходзіць да вучэння К.​Маркса і Ф.​Энгельса пра базіс і надбудову, у адпаведнасці з якімі матэрыяльныя і ідэалаг. грамадскія адносіны выступаюць таксама як базісныя (вытворчыя адносіны) і надбудовачныя (паліт., прававыя, маральныя і інш.); кожнаму гістарычнаму тыпу грамадства ўласціва спецыфічная сістэма базісных і надбудовачных грамадскіх адносін. Альтэрнатыўнае матэрыялістычнаму разуменне іерархіі грамадскіх адносін кладзе ў яе аснову іх сувязь з праяўленнем разумнага пачатку ў развіцці чалавечага грамадства і, па сутнасці, здымае пытанне пра прыярытэтнае значэнне якога-н. канкрэтнага віду грамадскіх адносін.

Літ.:

Барулин В.С. Социальная жизнь общества: Вопр. методологии. М., 1987;

Попов С.К. Общественные законы: Сущность и классификация. М., 1990;

Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)