СЕБАСЦЬЯ́НА ДЭЛЬ П’ЁМБА [Sebastiano del Piombo; сапр.Лучані (Luciani); каля 1485, г. Венецыя, Італія — 21.6.1547],
італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Дж.Беліні. Раннім творам, створаным пад уплывам Джарджоне і Тыцыяна, уласцівы прасветлена-лірычны лад (створкі аргана з выявамі 4 святых для царквы Сан-Барталамеа аль Рыяльта, карціна для гал. алтара царквы Сан-Джавані Крызастома ў Венецыі). З 1511 працаваў у Рыме, дзе зблізіўся з Рафаэлем; работы адметныя больш строгім і ўраўнаважаным характарам пры захаванні гучнасці каларыту, уласцівага венецыянскай школе жывапісу. фрэскі на віле Фарнезіна (1511), партрэт рымлянкі (т.зв. «Даратэя», каля 1515) і інш. З 2-й пал. 1510-х г. пад уплывам Мікеланджэла яго творы набылі падкрэслена драм. афарбоўку («Уваскрашэнне Лазара», 1519). Работы, створаныя ў перыяд контррэфармацыі, вызначаюцца змрочнай жорсткасцю вобразнага ладу, які выявіў крызіс маст. прынцыпаў Высокага Адраджэння («Нясенне крыжа», 1537). У 1540-я г. для сабора Санта-Марыя дэла Пачэ ў Рыме выканаў буйную манум. кампазіцыю «Сустрэча Марыі і Елізаветы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́Л (М.) (сапр.Пятэльскі Сцяпан Язэпавіч; каля 1890, мяст. Гарадок Беластоцкага пав. — канец 1917 ці пач. 1918),
бел. паэт, перакладчык, публіцыст, фалькларыст. Скончыў царк. настаўніцкае вучылішча ў Ялоўцы (1909, Беласточчына). Настаўнічаў на Беласточчыне, Гродзеншчыне, Ковеншчыне. З 1914 на фронце. Узнаг. Георгіеўскім крыжам. З 1909 друкаваўся ў «Нашай ніве». У паэзіі Арла — матывы паняволення роднага краю і народа, роздум над рэнегацтвам часткі бел. інтэлігенцыі. Вершы адметныя лірызмам, паяднаннем рэальнага і абагульнена-сімвалічнага, філасафічнасцю. У іх прыкметны ўплыў вобразаў, матываў, паэтыкі Я.Купалы і Я.Коласа. Даследчык і прапагандыст бел.нар. песні. Лічыў яе крытэрыем высокага паэт. майстэрства. Перакладаў на бел. мову В.Бялінскага, дастасоўваючы думкі рус. крытыка да патрэб самасцвярджэння нацыі, гал. праблем маладой бел. л-ры. З укр. л-ры пераклаў байкі Л.Глібава.
Тв.:
Лірнік. Мн., 1991.
Літ.:
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2. С. 459—561;
Саламевіч Я.М. Арол — нашаніўскі паэт, перакладчык, публіцыст // Бел. мова і літаратура ў школе. 1988. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́НА ((Bruno) Джардана Філіпа) (1548, г. Нола, Італія — 17.2.1600),
італьянскі філосаф-матэрыяліст, паэт. Выступаў супраць каталіцызму, схаластыкі і цемрашальства. У 15 гадоў стаў манахам. Вучыўся ў манастырскай школе дамініканскага ордэна. Атрымаў сан святара і ступень д-ра філасофіі. У 1575, каб пазбегнуць праследавання царкоўнікамі за свае погляды, пакінуў манастыр, пазней і Італію. Жыў у Францыі, Англіі, Германіі. У 1592 вярнуўся на радзіму. Быў абвінавачаны інквізіцыяй у ерасі і вальнадумстве, пасля 8-гадовага зняволення ў турме спалены. Абапіраючыся на геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка і дапаўняючы яе новымі палажэннямі, Бруна выказваў думкі, што Сусвет не абмяжоўваецца сонечнай сістэмай, а Сонца не з’яўляецца абсалютным цэнтрам Сусвету, яно рухаецца і мяняе сваё становішча адносна зорак, што існуе бясконцае мноства светаў. Адзінай субстанцыяй свету лічыў матэрыю. Аднак матэрыяліст. і дыялект. ідэі ў Бруна спалучаліся з пантэізмам і гілазаізмам. Распрацоўваючы метад пазнання свету, спалучаў эмпірызм з рацыяналізмам. Асн. працы: «Пра прычыну, пачатак і адзінае» (1584), «Пра бясконцасць, сусвет і светы» (1584). Аўтар антыклерыкальнай сатыр. паэмы «Ноеў каўчэг», камедыі «Падсвечнік» (1582), філас. санетаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУЛІ́ЦКІ ((Gomulicki) Віктар) (17.10.1848, г. Астралэнка, Польшча — 14.2.1919),
польскі пісьменнік, літ.-знавец, публіцыст, літ. крытык. Вучыўся ў Варшаўскай гал.школе (1866—69). Аўтар паэт.зб. «Паэзія» (1873, 1882, 1886), «Новыя песні» (1896), «Светачы» (1919), гіст. раманаў «Чароўная гараджанка» (1897), «Меч і локаць» (1903), а таксама апавяданняў пра даўнюю Варшаву (1900—09). Лепшыя творы пазначаны рамант. традыцыямі, вызначаюцца гуманіст. накіраванасцю, выкрыццём сац. несправядлівасці. Папулярызаваў творчасць А.Пушкіна, М.Някрасава, Л.Талстога. Збіраў рукапісы вядомых асоб, звязаных з Беларуссю: сямейны архіў Храптовічаў (за 1644—1721), лісты мінскага ваяводы А.Хмары (1754—90), аўтограф шляхецкага роду Касцюшкаў (1645—1792), Міцкевічаў (1706—1824). Зберагаюцца ў б-цы імя Асалінскіх (Польшча). Творы Гамуліцкага, напісаныя пад уражаннем яго падарожжа па Беларусі ў 1907, прасякнуты дэмакр. матывамі. На бел. мову яго верш «На Белай Русі» пераклалі Н.Душэўская, А.Стаповіч, М.Танк. Зычліва ўспрыняў выхад газ. «Наша ніва». Аднак ідэалізаваў ролю панскай арыстакратыі на Беларусі, з-за ўплыву перадавой польск. культуры не заўважаў палітыкі эканам. прыгнёту, дэнацыяналізацыі бел. мужыка з боку польскіх памешчыкаў, каталіцкага духавенства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЕЛЬС (Эміль Рыгоравіч) (19.10.1916, г. Адэса, Украіна — 14.10.1985),
расійскі піяніст, педагог. Нар.арт.СССР (1954). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1935). Удасканальваўся ў Школе вышэйшага майстэрства пры Маскоўскай кансерваторыі ў Г.Нейгаўза (1935—38). З 1938 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1952 праф.). Выступаў як саліст (з 1929) і ансамбліст. Адзін з найб. вядомых піяністаў сучаснасці. Дасканаласць і глыбіня прачытання вылучалі яго выкананне твораў Л.Бетховена, Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, Ф.Ліста, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1-я прэмія, 1933), Міжнар. конкурсу піяністаў імя Э.Ізаі (Брусель, 1-я прэмія, 1938), Міжнар. конкурсу піяністаў (Вена, 2-я прэмія, 1936). Ганаровы чл. Лонданскай каралеўскай акадэміі музыкі (1969), Муз. акадэміі імя Ф.Ліста (Будапешт, 1970), Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Рым, 1980). Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1962.
Літ.:
Дельсон В. Эмиль Гилельс. М., 1959;
Хентова С. Эмиль Гилельс. 2 изд. М., 1967;
Цыпин Г.М. Портреты советских пианистов. 2 изд. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАВА́ЦКІЯ,
беларускія мастакі 18—19 ст., бацька і сын.
Антоні (каля 1750—1811), тэатральны мастак і партрэтыст. Прадстаўнік класіцызму. У 1780-я г. быў дэкаратарам у Шклоўскім т-ры Зорыча, у 1794—1802 — у Магілёўскім т-ры С.Богуша-Сестранцэвіча, з 1789 у Мінску (да 1793 у трупе А.Ш.Жукоўскага, у 1802—05 у антрэпрызе М.Кажынскага), у 1805—10 у Вільні. Напісаў партрэт Богуш-Сестранцэвіча, размалёўваў цэрквы і касцёлы ў Магілёве. Пісаў алтарныя карціны, рыхтаваў ілюмінацыі для прыдворных свят.
Юзаф Гіляры (14.1.1789, Мінск — 21.12.1858), тэатральны мастак, жывапісец і літограф. Сын і вучань Антонія. У 1810-я г. вучыўся ў Віленскай маст.школе ў Я.Рустэма, у 1821—25 выкладаў там перспектыву і кіраваў літаграфскімі майстэрнямі. Афармляў спектаклі ў т-рах Мінска (1806—08), Вільні (1808—25), Варшавы (1826—58). Выканаў літаграфіі: «Касцёл св. Ганны ў Вільні», «Партрэт Л.Стуока-Гуцявючуса», «Аўтапартрэт» і інш. Аўтар жывапісных работ («Евангеліст Марка», «Партрэт жонкі»), пейзажаў, малюнка на цынку «Размова пасла Смірноўскага з гетманам Хмяльніцкім пад Замосцем у 1647 г.» (1840).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА ТЫЗЕНГА́ЎЗА,
прыдворны аркестр раннекласічнага складу падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза ў 1765—80. Належала да найбольшых і найлепшых па прафес. узроўні калектываў падобнага роду ў ВКЛ, славілася і за яго межамі, у т. л. ў Мангейме (Германія); у 1780 была ангажыравана ў Нац.т-р у Варшаве. Суправаджала паказы Гродзенскага т-ра Тызенгаўза, касцельныя службы, іграла на балях, розных урачыстасцях і інш. Рэпертуар капэлы ўключаў араторыі, месы, муз.-сцэн. творы, сімфоніі, быт. музыку (танцы, дывертысменты, серэнады). Удзельнічала ў выкананні оперы А.Грэтры «Магніфік» («Велікапышны»), камедыі П.Бамаршэ «Севільскі цырульнік», «Сялянскага балета» і «Балета пекараў». Выконвала сімфоніі І.Гайдна, а таксама музыку, створаную ў прыдворным асяроддзі Тызенгаўза. У капэле былі замежныя і мясц. музыканты, у т. л. прыгонныя, якія атрымлівалі адукацыю ў Гродзенскай музычна-тэатральнай школе Тызенгаўза або пры дварах у Нясвіжы, Слоніме. У час росквіту капэлы ў 1777—79 у ёй было 30 капэлістаў і 7 «хлопцаў з капэлы». З адстаўкай Тызенгаўза капэла распалася.
Літ.:
Żórawska-Witkowska A. Kapeła Antoniego Tyzenhauza w Grodnie // Muzyka. 1977. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБУЖЫ́НСКІ (Мсціслаў Валяр’янавіч) (2.8.1875, г. Ноўгарад, Расія — 20.11.1957),
рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучыўся ў маст. школах Пецярбурга (1885—87) і Мюнхена (1889—1901). З 1922 праф. Пецярбургскай АМ. З 1919 узначальваў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. З 1925 жыў у Літве (у 1929—39 выкладаў у Каўнаскай маст.школе), з 1939 — у Англіі і ЗША. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Працаваў у жанры станковай і кніжнай графікі, у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, манум.-дэкар. жывапісе. Аўтар серыі жывапісных і графічных партрэтаў, арх. пейзажаў (цыклы відаў Вільні, 1903—14; Віцебска, 1918, 1922—23), сюжэтных кампазіцый, кніжных ілюстрацый (творы Х.Андэрсена, Ф.Дастаеўскага і інш.). Творы Дабужынскага адметныя дакладна распрацаваным малюнкам, эмацыянальнай выразнасцю, лінейна-рытмічнай арганізацыяй плоскасці, дэкаратыўнасцю, стрыманым каларытам. Афармляў тэатр. спектаклі (у т. л. 12 спектакляў МХАТ, антрэпрызы С.П.Дзягілева і інш.).
Літ.:
Мстислав Добужинский: Живопись. Графика. Театр: [Альбом]. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЯ́ЗІН (Мікалай Аляксандравіч) (15.9.1898, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 9.3.1950),
бел. рэжысёр, педагог, мастак, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1949). У 1928—31 стажыраваўся ў Маскоўскім і Ленінградскім т-рах юнага гледача. З 1922 акцёр і мастак у 2-й вандроўнай трупе Галоўпалітасветы, у 1923—28 выкладаў маляванне ў чыг.школе Мінска. Арганізатар і маст. кіраўнік Т-ра юнага гледача Беларусі (1931—37), Полацкага калгасна-саўгаснага (1938—39), абласных драм. Палескага (з 1944), Бабруйскага (з 1945), Гродзенскага (з 1947) т-раў. Пастаноўкі К. вызначаліся тэатральнасцю, глыбокім раскрыццём сутнасці з’яў і характараў. Рэжысёр і мастак спектакляў: «На штурм» Я.Маўра (1931), «Наш» М.Зныка (1932), «Шлях далёкі» М.Шастакова (1934), «Заложнікі» А.Кучара (1944), «Без віны вінаватыя» (1945) і «Праўда добра, а шчасце лепш» (1946) А.Астроўскага, «Сын» С.Паташова (1948), «На дне» М.Горкага (1950). Рэжысёр спектакляў: «Дружына» А.Бруштэйн (1935), «Мікола Гоман» В.Сташэўскага і «Ная» М.Зарэцкага (абодва 1936), «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (1947), «Ракавая спадчына» Л.Шэйніна (1949) і інш.
Літ.:
Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1927. Прынята 11.4.1927 VIII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 13 глаў, 76 артыкулаў. БССР абвяшчалася дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, дзе ўся ўлада належыць Саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, замацоўваўся факт уваходжання БССР у склад СССР з правам свабоднага выхаду, вызначаліся правы рэспублікі самастойна прымаць сваю канстытуцыю і ўносіць у яе адпаведныя змены, ствараць вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, вызначаць адм. падзел. Паўтараліся нормы Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919 адносна правоў і абавязкаў грамадзян. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзян, ставілася задача яе аховы. Замацоўвалася права грамадзян свабодна карыстацца роднай мовай, нац. меншасцям забяспечвалася магчымасць навучання ў школе на роднай мове, абвяшчалася поўная роўнасць беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай моў, але аддавалася перавага беларускай у зносінах паміж дзярж., прафс., грамадскімі ўстановамі і арг-цыямі. Рэгламентавалася дзейнасць вышэйшых дзярж. органаў улады і кіравання. Упершыню зацвердзіла сістэму мясц. органаў дзярж. улады і кіравання ў адпаведнасці з адм.тэр. падзелам, замацавала нормы выбарчага права. У ёй упершыню, апрача дзярж. сімвалаў, названа сталіца БССР — г. Мінск.