род зялёных водарасцей сям. хламідаманадавых. Больш за 500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных вадаёмах (часцей забруджаных, са стаячай вадой), у глебе, на наземных субстратах. На Беларусі 18 відаў Х.: Акімавай (Ch. akimovii), глеягамны (Ch. gloeogama), слізісты (Ch. gelatinosa) і інш.
Мікраскапічныя аднаклетачныя рухомыя арганізмы з 2 жгуцікамі і гладкай абалонкай без вырастаў. Плаваюць свабодна або прымацоўваюцца да водных беспазваночных жывёл. Хларапласты чашападобныя, пласціністыя, зорчатыя, з 1—2 пірэноідамі і вочкам. Бясполае размнажэнне дзяленнем на 2—8 зааспор, палавы працэс — гала-, іза-, гетэрагамія, радзей аагамія. Выкарыстоўваюць у ачышчальных збудаваннях, культывуюць у лабараторыях для даследаванняў па генетыцы фотасінтэзу, біялогіі развіцця, вызначэння таксічнасці забруджаных вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РНЕЦІ (Aythya),
род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. Да Ч. часам адносяць і нырцоў. Пашыраны ва ўмераных шыротах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 4 віды Ч.: белавокая, ці белавокі нырэц, занесены ў Чырв. кнігу, чырвонагаловая, ці нырэц (A. ferina), марская (A. marila), чубатая (A. fuligula).
Даўж. да 50 см, маса да 1,4 кг. Самкі цёмна-шэрыя са стракацінамі. Апярэнне самцоў больш яркае, у розных відаў адрозніваецца. Дзюба доўгая, пляскатая. Нясуць 6—15 (часцей 8—12) яец. Кормяцца воднай расліннасцю, рыбай, малюскамі, ракападобнымі, лічынкамі насякомых і інш. Добра ныраюць. Аб’екты палявання. Іл.гл. таксама да арт.Белавокі нырэц, Нырцы.
Чэрнеці: 1 — марская; 2 — чырвонагаловая (а — самка, б — самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЙ КРЭ́ПАСЦІ АБАРО́НА 1941, абарона сав. войскамі Брэсцкай крэпасці ў пач.Вял.Айч. вайны (22 чэрв. — канец ліп.). Напярэдадні вайны ў крэпасці дыслацыраваліся часці 6-й і 42-й стралк. дывізій 4-й арміі, падраздзяленні 17-га Брэсцкага пагранатрада, 33-га асобнага інж. палка, частка 132-га батальёна войск НКУС, штабы часцей (усяго 7—8 тыс. воінаў). Крэпасць штурмавалі 2 пях. і 2 танк. дывізіі ворага пры падтрымцы авіяцыі і часцей узмацнення з ліку тых, што ўдзельнічалі ў захопе горада. Праціўнік меў амаль у 10 разоў большыя сілы. Ён ставіў за мэту авалодаць крэпасцю да 12 гадз першага дня вайны. Дзякуючы ўпартаму супраціўленню сав. воінаў і пагранічнікаў каля паловы асабовага складу і параненыя змаглі пакінуць крэпасць. У 1-ы дзень баёў да 9 гадз раніцы крэпасць была акружана, пачаліся яе артабстрэл і бамбардзіроўка, 23 чэрв. горад быў заняты. Праз Цярэспальскае ўмацаванне вораг прарваўся ў Цытадэль і пачаў наступаць у напрамку Холмскіх і Брэсцкіх варот. Баі ў крэпасці прынялі зацяжны характар. У поўным акружэнні, без вады і прадуктаў, пры нястачы боепрыпасаў і медыкаментаў гарнізон змагаўся, адбіваючы па 6—8 атак за дзень. Разам з байцамі змагаліся жанчыны і дзеці з сем’яў ваеннаслужачых. Да канца чэрв. вораг захапіў большую частку крэпасці. 29—30 чэрв. гітлераўцы правялі генеральны штурм крэпасці, выкарыстоўваючы агнямёты. Абставіны перашкодзілі ажыццявіць агульнае кіраўніцтва абаронай, таму яна распалася на шэраг ізаляваных ачагоў супраціўлення, якія адзначаны нават пасля 20 ліп. 8.5.1965 крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». Удзельнікі абароны ўзнаг. ордэнамі і медалямі, П.М.Гаўрылаву і А.М.Кіжаватаву прысвоена званне Героя Сав. Саюза. На тэр. крэпасці створаны Брэсцкай крэпасці-героя музей, адкрыты мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой.
Т.М.Ходцава.
Да арт.Брэсцкай крэпасці абарона 1941. Дыярама ў Музеі абароны крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКІ́, цвердакрылыя (Coleoptera),
атрад насякомых. 2 падатр., драпежныя (Adephaga) і разнаедныя (Polyphaga). Каля 140 сям., больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Цэнтр. Арктыкі, найб. высокіх горных вяршынь. Насяляюць сушу, прэсныя воды; асабліва многа ў тропіках. На Беларусі 100 сям., больш за 3 тыс. відаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі 4 сям.: жужалі, стафіліны, слонікі, шчаўкуны.
Даўж. 0,2—200 мм. Афарбоўка розных колераў, часта з метал. бляскам. Цела мае галаву, грудзі і брушка. Покрыва цвёрдае, зрэдку мяккае (мяккацелкі). Галава часцей круглаватая, радзей выцягнута ў галаватрубку. Грудзі і брушка звычайна размежаваныя. Першая пара крылаў — цвёрдыя (адсюль другая назва) надкрылы (элітры), ахоўваюць другую (лятальную) пару крылаў і мяккі верхні бок брушка. Вусікі часцей 11-членікавыя. Ног 3 пары. Ротавы апарат грызучы. Раздзельнаполыя, пераважна яйцакладныя, радзей жывародныя. Пераўтварэнне поўнае (яйцо, лічынка, кукалка, імага). 1—3 пакаленні за год. Па характары кармлення — фітафагі, сапрафагі і заафагі. Глебаўтваральнікі, санітары, рэгулятары колькасці інш. насякомых, апыляльнікі раслін. Некат. — шкоднікі с.-г. і лясных культур, прадуктаў. Шэраг відаў выкарыстоўваецца ў біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.
Літ.:
Фауна и экология жесткокрылых Белоруссии. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЕ́ЧНА,
рака на тэр. Украіны і Беларусі, правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 158 км, пл. вадазбору 3600 км² (у межах Беларусі адпаведна 109 км і 3000 км²). Пачынаецца за 3 км на ПдЗ ад в. Антонавічы Оўруцкага р-на Жытомірскай вобл. (Украіна), вусце за 3 км на ПнУ ад в. Вяжышча Нараўлянскага р-на Гомельскай вобл. У вярхоўі цячэ ў межах Оўруцкага кража, далей па забалочанай раўніне Мазырскага Палесся. Асн. прытокі: Ясенец, Жалонь (справа), Батыўля, Чэрцень (злева). Даліна трапецападобная, ніжэй в. Цешкаў Нараўлянскага р-на зліваецца з поймай р. Прыпяць; пераважная шыр. 700—1000 м, на некат. участках у сярэднім цячэнні да 2,5 км. Схілы ў верхнім цячэнні часцей умерана стромкія, моцна перасечаныя ярамі, ніжэй спадзістыя, слабапарэзаныя, выш. 2—5 м. Пойма двухбаковая, часцей забалочаная, шыр. 400—700 м, у ніжнім цячэнні да 2 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні перасечаная старымі рэчышчамі і меліярац. каналамі. Рэчышча звілістае, на значным участку ў сярэднім цячэнні моцназвілістае, шыр. 2—8 м, у вярхоўі шмат камянёў і валуноў, на астатнім працягу пераважна разгалінаванае (з невялікімі пясчанымі астравамі, якія ў разводдзе затапляюцца), у некат. месцах у верхнім цячэнні на тэр. Украіны часткова каналізаванае. Берагі стромкія і абрывістыя, у нізоўі спадзістыя. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Веснавое разводдзе з сярэдзіны сак. да канца крас., найвыш. — у канцы сак.—пач.крас.; сярэдняя выш. над межанным узроўнем 2,3 м, у ніжнім цячэнні 1,8 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,7 м³/с. У С. па Свячанскім канале паступае частка сцёку з р. Жалонь. С. — водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ каля в. Славечна плаціна. У вадазборы С. наліўныя вадасх. Загацце і Свяча. Ніжняе цячэнне ракі ў зоне адсялення з-за радыяцыйнага забруджвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, адналетнікі,
травяністыя расліны, жыццёвы цыкл якіх (ад насення да насення) заканчваецца на працягу аднаго года (найб. кароткі ён у эфемераў, часцей ахоплівае ад 2 да 5 месяцаў). Вядома больш за 100 тыс. відаў, пашыраных на ўсім зямным шары, з іх на Беларусі каля 270 відаў.
Аднагадовыя расліны падзяляюцца на яравыя і азімыя формы. Насенне яравых прарастае вясной або летам і да восені (ва ўмераных шыротах) пасля плоданашэння расліны адміраюць (яравая пшаніца, лён, авёс, ячмень, кукуруза, каноплі, гарох, проса, грэчка, рыс і інш.). Азімыя прарастаюць восенню, зімуюць, на наступны год цвітуць, пладаносяць і адміраюць (азімыя пшаніца і жыта, віка, рапс, васілёк, стрэлкі і інш.). Аднагадовыя расліны (асабліва эфемераў) значна больш у пустыннай зоне і найменш у тундравай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
утварэнне новага арганізма з часткі мацярынскага, адзін са спосабаў бясполага размнажэння. У жывёльных арганізмаў ажыццяўляецца пачкаваннем (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві, імшанкі, абалоннікі) або дзяленнем (прасцейшыя, плоскія і кольчатыя чэрві), у ніжэйшых раслін (напр., у водарасцей) — часцей дзяленнем, радзей пачкаваннем (некат. сумчатыя грыбы, напр., дрожджы, некат. базідыяльныя грыбы), у ніжэйшых шматклетачных раслін — распаданнем цела на часткі, здольныя да рэгенерацыі. Вышэйшыя расліны могуць размнажацца карэнішчамі (шматгадовыя травы), чаранкамі (сцябловымі — агрэст, вярба, ружа, таполя; лісцевымі — бягонія, седум; каранёвымі — ажына, вішня, маліна, сліва), адводкамі (яблыня, груша, ягадныя культуры), цыбулінамі (цыбуля, часнок), клубнямі (бульба, тапінамбур) і інш. Вегетатыўнае размнажэнне мае шэраг пераваг перад палавым: лёгкасць размнажэння, хуткае развіццё і ранні пачатак плоданашэння, захаванне ў патомстве прыкмет і ўласцівасцей мацярынскай расліны. Выкарыстоўваецца ў пладаводстве, агародніцтве, лесаводстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТУНЫ́ (Gyrinidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. У сусв. фауне больш за 1600 відаў, пашыраных пераважна ў тропіках. Жывуць у прэсных вадаёмах, круцяцца на паверхні вады ў пошуках здабычы (адсюль назва). На Беларусі 7 відаў з 2 родаў. Найб. пашыраны вяртун-паплавок (Gyrinidae natator) і вяртун змрочны (Gyrinidae villosus).
Даўж. да 8 мм. Цела цёмнае, бліскучае. Пярэднія ногі хапальныя, падоўжаныя, сярэднія і заднія плавальныя (плоскія, падобныя да вёслаў). Вочы падзелены на 2 палавіны, адна з якіх здольная бачыць над вадой, другая — пад вадой. Удзень плаваюць часцей чародамі, пры небяспецы ныраюць; у цёмны час лётаюць. Драпежныя: кормяцца дробнымі вадзянымі насякомымі (у т. л. лічынкамі малярыйных камароў) і інш. Лічынкі жывуць у глеі, акукліваюцца на беразе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧА́К (Phodeus sericeus),
рыба сям. карпавых, атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўропы (на У ад Францыі) і Усх. Азіі (бас.р. Амур, рэк Сахаліна, Паўн. Кітая, Карэі). На Беларусі падвід гарчака (P. s. amarus) у невял. колькасці водзіцца амаль ва ўсіх рэках (часцей на Палессі) і азёрах. Нар. назвы гарчыца, гаркушка, альшанка, маляўка, смярдзюха, сталетка, радзей пукас.
Даўж. да 10 см. Цела высокае, сціснутае з бакоў, з няпоўнай бакавой лініяй, буйной луской; бакі серабрыстыя з вузкай зялёна-сіняй паласой. У час нерасту ў самкі вырастае доўгі яйцаклад, ікру адкладвае ў мантыйную поласць малюскаў (перлавіц і бяззубак). Корміцца пераважна абрастаннямі і дробнымі водарасцямі. Мяса горкае (адсюль назва). Пажыва для драпежных рыб.
Гарчак: зверху — самка, якая адкладвае ікру ў мантыйную поласць малюска; знізу — самец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬМІ́НТЫ [ад грэч. helmins (helminthos) чарвяк, гліст], глісты,
паразітычныя чэрві, узбуджальнікі глісных хвароб (гельмінтозаў) чалавека, жывёл і раслін. Вядома каля 18 тыс. відаў. Паводле цыкла развіцця падзяляюцца на біягельмінты і геагельмінты. Да гельмінтаў адносяцца чэрві тыпаў плоскія чэрві: трэматоды, або смактуны, і стужачныя чэрві, або цэстоды; з трэматод у чалавека часцей трапляюцца апістархіды, з цэстод — шырокі стужачнік, бычыны*, свіны і карлікавы цэпні, лічынкі эхінакока і альвеакока; круглыя чэрві, або нематоды, — аскарыды, воласагаловы, вастрыцы, трыхінелы, анкіластаміды і інш.; скрэбні, або акантацэфалы; кольчатыя чэрві, або анеліды. Прадстаўнікі скрэбняў і кольчатых чарвей у чалавека паразітуюць рэдка. Гельмінты паразітуюць практычна ва ўсіх органах і тканках. Звычайна заражаюцца гельмінтамі праз ежу, ваду, скуру, плацэнту, пры паяданні прамежкавага гаспадара. Вывучае гельмінты і выкліканыя імі хваробы гельмінталогія.