пухлінападобнае разрастанне злучальнай тканкі скуры. Прычыны ўзнікнення хваробы невядомыя. Мяркуюць, што ў аснове развіцця К. прыроджаная генет. абумоўленая ўласцівасць злучальнай тканкі рэагаваць на траўмы. У некат. хворых выяўляюць абменныя і эндакрынныя парушэнні, хранічныя інфекц. хваробы (напр., туберкулёз лёгкіх), ачагі хранічнай інфекцыі (карыес, танзіліт і інш.). Найчасцей бывае ў юнакоў на грудзях, шыі, у вушных ракавінах, радзей — на твары і канечнасцях. К. сапраўдны — цвёрдае, белаватае ці ружовае, гладкае разрастанне на 5—8 мм над паверхняй скуры, з’яўляецца раптоўна, расце некалькі тыдняў, іншы раз месяцаў, ад бакавой паверхні адыходзяць адросткі ў выглядзе клюшняў рака, потым памеры яго не мяняюцца да канца жыцця. К. несапраўдны ўзнікае пры парэзах, апёках, на месцы рубцовых змен, гнайнічковых хвароб скуры і інш.; асобная форма такога К. — акне келоід. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎРАСТЭНІ́Я (ад неўра... + астэнія),
форма неўрозу, які характарызуецца павышанай узбуджальнасцю і хуткай знясіленасцю нерв. сістэмы, эмацыянальнай няўстойлівасцю, вегетатыўнымі зменамі. Звычайна ўзнікае пасля працяглых псіхатраўмуючых сітуацый у сям’і, на рабоце, таксама на фоне ператамлення і саматычных хвароб. Адрозніваюць 2 формы Н.: гіперстэнічную (раздражняльную), пераважна ў дзяцей і гіпастэнічную (дэпрэсіўную), часцей ва ўзросце 45—60 гадоў. Хворыя на Н. нецярплівыя, скардзяцца на зніжэнне памяці. у іх неадэкватныя рэакцыі на гучную размову, яркае святло, скрып дзвярэй і да т.п., могуць з’яўляцца ўспышкі гневу, грубасці. Пры Н. ўзнікае галаўны боль сціскаючага характару (сімптом неўрастэнічнай каскі Шарко), боль у вобласці сэрца, сэрцабіцце, сухасць у роце і інш. Лячэнне фіта-, фізія-, псіхатэрапія, іголкарэфлексатэрапія.
Літ.:
Дмитриева И.В., Дмитриева Т.Н. Лекарственные растения в лечении нервных расстройств. Н. Новгород, 1994;
Шанько Г.Г. Наши нервы и наши болезни: Для здоровых и больных. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КАНЧЫК (Пётр Іванавіч) (н. 20.4.1932, в. Слабада Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне аграноміі. Чл.-кар. Акадэміі агр.н. Беларусі (1992), д-рс.-г.н. (1987). Скончыў БСГА (1957). З 1963 у Бел.НДІ земляробства, з 1988 у Бел.НДІ земляробства і кармоў (заг. лабараторыі). Навук. працы па распрацоўцы комплексных, рэсурсазберагальных, эканамічна і экалагічна абгрунтаваных сістэм выкарыстання зямлі на прынцыпах адаптыўнай інтэнсіфікацыі земляробства, удасканаленні глебава-экалагічных севазваротаў і структуры пасяўных плошчаў для розных тыпаў глеб і спецыялізацыі гаспадарак, спалучэнні іх з сістэмамі ўгнаенняў, апрацоўкі глебы і аховы раслін ад пустазелля, хвароб і шкоднікаў.
П.І.Ніканчык.
Тв.:
Интенсивное использование пашни. Мн., 1995;
Проблемы севооборотов в условиях интенсификации земледелия // Весці Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь. 1997. № 2;
Основные направления развития современного земледелия // Науч. тр. по земледелию и растениеводству. Жодино. 1999. Вып. 36.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦУКІ́ (Rattus),
род млекакормячых сям. мышыных атр. грызуноў. Паводле розных класіфікацый, ад 65 да 280 відаў. Найб. колькасць відаў жыве ў трапічнай Азіі і Афрыцы ў разнастайных ландшафтах; пасяляюцца ў норах, у пабудовах. З чалавекам рассяліліся па ўсім свеце. Актыўныя пераважна на змярканні і ўначы. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў многіх хвароб жывёл і чалавека, у т. л. інфекцыйных. На Беларусі 2 сінантропныя віды: П. шэры, або свірнавы (R. norvegicus), і П. чорны (R. rattus).
Даўж. цела да 30 см, хвост крыху карацейшы або даўжэйшы, укрыты лускавінкамі і рэдкімі валаскамі. Усёедныя. Нараджаюць да 23 пацучанят 2—4 разы за год. Наносяць шкоду гаспадарцы: знішчаюць значную ч. ўраджаю (асабліва збожжавых культур), псуюць і засмечваюць харч. прадукты, прамысл. тавары. вырабы, мэблю і інш. Лабараторныя жывёлы. П. наз. таксама прадстаўнікоў інш. родаў з сям. мышыных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЬМАНАЛО́ГІЯ [ад лац. pulmo (pulmonis) лёгкае + ...логія],
раздзел медыцыны, які вывучае прычыны і механізмы развіцця хвароб органаў дыхання, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. П. вывучае неспецыфічныя запаленчыя захворванні (трахеіты, бранхіты, пнеўманіі, плеўрыты і інш.), спецыфічныя (туберкулёз, сіфіліс, грыбковыя пашкоджанні і інш.), алергічныя захворванні (астма бранхіяльная і інш.), пухліны, заганы развіцця, парушэнні кровазвароту ў лёгкіх (застойныя з’явы, інфаркт лёгкага), прафес. хваробы (напр., пнеўмаканіёзы). На Беларусі праблемамі П. займаецца пульманалогіі і фтызіятрыіНДІ. Уклад у развіццё П. зрабілі В.С.Кароўкін, М.М.Ламака, С.М.Мялкіх, В.В.Баршчэўскі, А.М.Калечыц і інш.
Літ.:
Борщевский В.В., Калечиц О.М., Богомазова А.В. Эпидемиология неспецифических болезней органов дыхания, организация пульмонологической помощи населению;
общие вопросы // Современные проблемы пульмонологии: Сб. науч. работ. Мн., 1995;
Лаптева И.М., Борщевский В.В., Богомазова А.В. Состояние и пути совершенствования пульмонологической помощи населению Республики Беларусь // Мед. новости. 1998. №8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАХНАІДЫ́Т (ад грэч. arachnē павук, павуціна + eidēs падобны + ...im),
запаленне мяккіх мазгавых абалонак (пераважна павуціннай) галаўнога або спіннога мозга чалавека. Узнікае як ускладненне інфекц.хвароб (грып, вострыя рэспіраторныя, пнеўманія, адзёр і інш.), ачагоў факальнай інфекцыі, пры інтаксікацыі, чэрапнамазгавых траўмах. Прыкметы арахнаідыту галаўнога мозга (цэрабральны арахнаідыт): галаўны боль з млоснасцю, ірвотай, галавакружэнне, сутаргі, зніжэнне памяці, хуткая стамляльнасць, вегетатыўныя расстройствы, аднабаковае зніжэнне слыху з парэзам мімічнай мускулатуры на тым жа баку, хутка прагрэсіруючае зніжэнне зроку (да слепаты); выяўляюцца лёгкія або сярэдне выражаныя ачаговыя прыкметы пашкоджання галаўнога мозга. Пры арахнаідыце спіннога мозга (спінальным арахнаідыце) пашкоджваюцца нерв. карэньчыкі, інш. раз рэчывы спіннога мозга. Узнікаюць апяразвальныя болі ў вобласці тулава, якія аддаюць у адну ці абедзве нагі, слабасць у нагах. Лячэнне ўключае санацыю ачагоў факальнай інфекцыі, процізапаленчыя, дэсенсібілізоўныя, рассысальныя, агульнаўмацавальныя, седатыўныя сродкі; пры паказаннях зніжаюць унутрычарапны ціск; у некаторых выпадках робяць хірург. аперацыі. Пры своечасовым лячэнні арахнаідыт праходзіць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,
ступень насычанасці паветра вадзяной парай; паказчык надвор’я і клімату. Залежыць ад шыраты мясцовасці (у палярных шыротах вадзяной пары 0,2% аб’ёму паветра, у экватарыяльных 2,5—4%), сезона года, т-ры паветра і інш. Уплывае на транспірацыю і рост раслін, выпарэнне з глебы і вадаёмаў, цеплаабмен і самаадчуванне чалавека, лячэнне хвароб; улічваецца пры буд-ве, захоўванні твораў мастацтва, кніг і інш. Характарызуецца абсалютнай вільготнасцю паветра (на Беларусі вагаецца ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ і больш летам) і адноснай вільготнасцю (ад 10—20% у сухія дні летам да 88—90% у вільготныя дні ў ліст.—снеж. і 100% у тумане), пругкасцю вадзяной пары (ад 5 гПа у снеж.—лют. да 14—15 гПа у ліп.), дэфіцытам вільготнасці або недахопам насычэння (ад 0,4—0,7 гПа у снеж.—лют. да 6—7,8 гПа у чэрв.), а таксама пунктам расы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЫЧ (Таццяна Васілеўна) (10.1.1905, в. Лошніца Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 26.2.1993),
бел. афтальмолаг. Чл.-кар.АН Беларусі (1972), д-рмед.н., праф. (1948). Герой Сац. Працы (1974). Засл. ўрач Беларусі (1948), засл. дз. нав. Беларусі (1964). Скончыла БДУ (1928). З 1932 у Мінскім мед. ін-це, з 1945 заг. кафедры. У 1941—45 у Саратаўскім мед. ін-це. Адначасова ў 1945—85 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па выкарыстанні аксігенатэрапіі пры лячэнні хвароб вачэй, туберкулёзу і апёкаў вачэй, глаўкомы, трахомы. Прапанавала кератапластыку, меры па прафілактыцы блізарукасці, пасляродавых зменаў органа зроку ў немаўлят, новаўтварэнняў вачэй, траўматызму органаў зроку.
Тв.:
Оксигенотерапия в офтальмологии. Мн., 1972;
Изменение глазного дна у новорожденных при нормальных и патологических родах. Мн., 1975 (разам з В.М.Ператыцкай);
Ожоги глаз. Мн., 1979;
Применение низких температур в офтальмологии. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́, чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili),
падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.
Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.
Да арт.Галавыя кляшчы: 1 — сасочкападобныя галы альховага кляшча на лісце вольхі; 2 — бляшкападобныя і краявыя галы грушавага кляшча на лістах грушы; 3 — павялічаны грушавы клешч; 4 — разрастанне парасткаў ясеня, выкліканае ясянёвым кляшчом; 5 — асмоленыя галы хваёвага кляшча на парастках хвоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЫЯТРЫ́Я [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + iatreia лячэнне],
навука пра лячэнне людзей пажылога і старэчага ўзросту; клінічны раздзел геранталогіі. Распрацоўвае метады лячэння і прафілактыкі хвароб з мэтай захавання фізічнага і псіхічнага здароўя чалавека да глыбокай старасці. Вырашае праблемы ўзаемасувязі атэрасклерозу і ўзросту, механізма ўзнікнення т.зв. склератычнай артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукр. дыябету, механізмы ўзроставых змен апорна-рухальнага апарату, ролю ўзроставых змен у развіцці анкалагічных захворванняў. У розных галінах медыцыны ёсць свае навук. і практычныя праблемы, звязаныя з герыятрыяй. Герыятрычная фармакатэрапія вывучае асаблівасці ўздзеяння лек. сродкаў на стары арганізм. Даказана, што ў пажылым і старэчым узросце значна павышаецца небяспека неспрыяльнага ўздзеяння медыкаментаў. Таму важнае правіла ў герыятрыі — назначэнне строга індывід. паменшаных доз тых лякарстваў, адчувальнасць да якіх пры старэнні павышана (сардэчныя гліказіды, наркатычныя, гіпатэнзіўныя і нейраплегічныя рэчывы). Часцей рэкамендуюцца прэпараты агульнай стымуляцыі (вітаміны, мікраэлементы, біястымулятары), накіраваныя на падтрымку і нармалізацыю метабалічных працэсаў і функцый чалавека.