КУРЫЛЕ́НКА (Таццяна Мацвееўна) (н. 25.5.1919, в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Канд.пед.н. (1955), праф. (1973). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыла Вільнюскі пед.ін-т (1950). З 1960 у Бел.пед. ун-це (да 1973 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах педагогікі, арг-цыі навуч.-выхаваўчага працэсу, тэорыі, методыкі і метадалогіі выхавання ў сярэдняй і вышэйшай школе.
Тв.:
Задачи и упражнения по педагогике. 2 изд. Мн., 1978;
Основы учебно-воспитательной работы со студентами младших курсов. Мн., 1978;
Воспитание нравственности: Задания и упражнения. 3 изд. Мн., 1983;
Управление школой: Задачи и деловые игры. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІ́ЙСКАЯ ВАЙНА́,
вайна саюза стараж.-грэч. дзяржаў на чале з Афінамі супраць панавання Македоніі ў 323—322 да н. э. Ініцыіравана афінянамі на чале з Дэмасфенам і Гіперыдам пасля атрымання звестак пра смерць Аляксандра Македонскага. Да Афін далучыліся некат. полісы Сярэдняй Грэцыі і Пелапанеса, асобныя ілірыйскія і фракійскія плямёны. У 323 да н.э. войска саюзнікаў на чале з Леасфенам у бітве пры Гераклеі разбіла сілы правіцеля Македоніі Антыпатра і прымусіла яго схавацца ў фесалійскай крэпасці Ламія (адсюль назва вайны). Скарыстаўшы раздробленасць антымакедонскага лагера, Антыпатр дачакаўся падмацаванняў і ў Кранонскай бітве (322 да н.э.) разбіў саюзную армію. Панаванне Македоніі ў Грэцыі было адноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́ШКІ (Cercopithecus),
род ніжэйшых вузканосых малпаў падсям. мартышкавых. 23 віды. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жывуць у трапічных лясах, трымаюцца пераважна на дрэвах, групамі.
Даўж. цела да 87 см, хваста да 100 см; маса да 9 кг. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое і мяккае. Афарбоўка ад аліўкавай да зялёнай, можа быць шараватая або амаль чорная. Галава акруглая, тваравы аддзел укарочаны, нос не выдаецца. Заднія канечнасці даўжэйшыя за пярэднія. Першы палец задняй канечнасці проціпастаўлены астатнім. Кормяцца лісцем, кветкамі, пладамі, дробнымі жывёламі. Нараджаюць 1, зрэжу 2 дзіцяняці. Утрымліваюцца ў няволі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НАС-ЖЭРА́ЙС (Minas Gerais),
1) буйнейшы жалезарудны раён у паўд,ўсх.ч. Бразіліі (штат Мінас-Жэрайс). Руды — жалезістыя кварцыты (ітабірыты) і гематытавыя. Адкрыты ў 1910, распрацоўваецца з 1934. Пл. каля 7 тыс.км². Уключае 125 радовішчаў. Агульныя запасы гематытавых руд (з сярэдняй колькасцю жалеза больш за 64%) — 4,5 млрд.т, ітабірытаў (45%) — каля 23,5 млрд.т. Гал. радовішчы ў раёнах Ітабіра, Пірасікаба, у даліне р. Параапеба.
2) Рэдкаметальны рудны раён у Бразіліі, на Пн штата Мінас-Жэрайс. Гал. радовішчы Араша, Тапіра. Латэрытныя коры выветрывання. Запасы ніобіевых руд на радовішчы Араша (пл. 16 км²) — 462 млн.т, пры сярэднім змяшчэнні Nb2Os 2,5%. Распрацоўваецца з 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСКА́Л, міскаль, міткаль, мітсаль,
вагавая, грашова-лікавая і грашовая адзінка араб. краін Паўн. Афрыкі, Б. Усходу, Сярэдняй Азіі і мангола-татарскіх краін. У розных краінах М. меў розную масу. Як вагавая адзінка М. выкарыстоўваўся пры ўзважванні высакародных металаў (золата, серабро), каштоўных камянёў, ружовага масла і інш. Грашова-лікавы М. раўняўся залатому дынарыю. Як грашовая адзінка М. з’явіўся ў 7 ст. ў араб. краінах, у сваёй аснове меў рымска-візант. солід. У Паволжы манеты на аснове М.-дынарыя чаканіліся ў 2-й пал. 12 ст. У Марока ў 17—19 ст. выкарыстоўваўся як грашовая адзінка, у 1881—1918 — як манета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКА-ЛІТО́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1920,
падпісаны 7 кастр. ў Сувалках (Польшча). Прадугледжваў частковае перамір’е паміж Польшчай і Літвой. Вызначыў дэмаркацыйную лінію паміж польскімі і літ. войскамі, згодна з якой Віленскі край заставаўся пад кантролем Літвы. Сарваны польскім бокам пасля таго, як войскі польскага ген. Л.Жалігоўскага ўзнялі «бунт» і захапілі 9.10.1920 Вільню, дзе быў створаны ўрад Сярэдняй Літвы. У выніку ўзнік Віленскі канфлікт 1920—39.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партый і арганізацый (1920—1923 гг.) // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3;
Łossowski P. Konflikt polsko-litewski, 1918—1920. Warszawa, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНАЯ СТРАХА́»,
часопіс, які выдаваўся ў жн. 1921 — крас. 1922 у Вільні на бел. мове. Закранаў некат. актуальныя пытанні зах.-бел. рэчаіснасці (арт. «Аб формах дзяржаўнасці» Умястоўскага і інш.), пісаў пра паліт. лёс Віленшчыны, т.зв. Сярэдняй Літвы. Асвятляў стан бел. школьнай асветы (арт. «Беларуская школа і беларускія настаўнікі» пад крыптанімам «К.У.», «Наша справа» пад крыптанімам «С.» і інш). Інфармаваў пра публічныя выступленні Б.Тарашкевіча, зняволенне ў віленскую турму Лукішкі М.Гарэцкага, змясціў некралог на смерць А.Лявіцкага (Ядвігіна Ш). Друкаваў апавяданні Я.Піліпава, В.Пупко, вершы Старога Уласа, Хв.Тартака (Чарнышэвіча), нар. творы, запісаныя на Вілейшчыне. Выйшла 7 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ КРАЙ,
назва тэрыторыі паўн.-зах. Беларусі і паўд.-ўсх. Літвы, якая ў крас.—чэрв. 1919 і кастр. 1920 захоплена польск. войскамі і да вер. 1939 знаходзілася ў складзе Польшчы. 21.4.1919 Польшча захапіла Віленскі край. 14.7.1920 яго заняла Чырв. Армія. Паводле дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) Вільня і Віленскі край прызнаны часткай Літвы. Дзярж. мяжа паміж Расіяй і Літвой праводзілася па лініі Друя — Браслаў — усх. ўзбярэжжа воз. Нарач — Маладзечна — Валожын — вярхоўе Нёмана — Масты — Лунна — Індура; да Літвы меркавалася далучыць гарады Бельск і Беласток. Аднак наступленне польск. войск у 2-й пал. 1920 спыніла ўстанаўленне такой мяжы. У сувязі з уступленнем польск. войск у Віленскі край у Сувалках адбыліся польска-літ. перагаворы і 7.10.1920 падпісаны дагавор, паводле якога Вільня заставалася за Літвой. Аднак 9.10.1920 войскі ген. Л.Жалігоўскага захапілі Вільню і Віленскі край, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39 і ўтварэнне т.зв.Сярэдняй Літвы. У лют. 1922 сейм Сярэдняй Літвы прыняў пастанову, у якой сцвярджалася, што «Віленскі край без усякіх умоў і агаворак становіцца неад’емнай часткай Польшчы». Савет Лігі Нацый ухваліў гэта рашэнне. 24.3.1922 яго зацвердзіў польскі сейм. У снеж. 1925 у выніку уніфікацыі адм.-тэр. падзелу Польшчы Віленскі край з часткай Заходняй Беларусі быў падзелены паміж Віленскім, Навагрудскім і Беластоцкім ваяв. У пач. 2-й сусв. вайны 19.9.1939 Віленскі край занялі сав. войскі. У адпаведнасці з сав.-літ. дагаворам аб узаемадапамозе ад 10.10.1939 большая частка краю і г. Вільня перададзены Літве (6909 км² з нас. 490 тыс.чал.). У жн. і ліст. 1940 Літ. ССР перададзена яшчэ больш за 2600 км²тэр.БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РНЯЕ НАВУЧА́ННЕ,
адна з формаў навучання моладзі і дарослых без адрыву ад вытв-сці; састаўная частка сістэмы непарыўнай адукацыі; дае магчымасць працоўным набываць агульную сярэднюю, спец. сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Прадугледжвае правядзенне выкладчыкам рэгулярных заняткаў з навуч. групамі пастаяннага складу ў зручны для навучэнцаў нерабочы час, часцей вечарам (адсюль назва тэрміна). Першыя вячэрнія агульнаадук.пач. школы ўзніклі ў 18 ст. ў Зах. Еўропе. У 20 ст. ў сувязі з пашырэннем усеагульнага школьнага навучання вячэрняе навучанне стала выкарыстоўвацца пераважна ў прафесійнай, у т. л.вышэйшай адукацыі, павышэнні кваліфікацыі, у розных відах дадатковай адукацыі (нар. ун-ты, розныя курсы і інш.). Развіццё вячэрняга навучання на Беларусі пачалося з арг-цыі нядзельных школ (19 — пач. 20 ст.), у якіх вучыліся непісьменныя і малапісьменныя дарослыя. У 1920—30-я г. вячэрняе навучанне дапамагло ліквідаваць непісьменнасць сярод насельніцтва. Ствараліся вячэрнія школы граматы для дарослых і падлеткаў, школы для дарослых, рабочыя ф-ты і інш. У 1958 устаноўлены адзіны тып вячэрняй школы — вячэрняя (зменная) агульнаадукацыйная школа. Для атрымання сярэдняйспец. адукацыі без адрыву ад вытв-сці на Беларусі існуюць вячэрнія аддзяленні і філіялы тэхнікумаў, каледжаў і інш. Для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй праз вячэрняе навучанне ў большасці ВНУ Беларусі працуюць вячэрнія аддзяленні. Змест навучання і асн. віды заняткаў у вышэйшай і сярэдняйспец. школе адзіныя для дзённай і вячэрняй формаў навучання. У 1995/96 навуч.г. на Беларусі ў вячэрніх агульнаадук. школах займалася 20,9 тыс.чал., на вячэрніх аддзяленнях сярэдніх спец.навуч. устаноў — 1,4 тыс. навучэнцаў, на вячэрніх аддзяленнях ВНУ — 2 тыс. студэнтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́МБЕРЫ (Vámbéry; сапр.Бамбергер; Bamberger) Армін Герман
(19.3.1832, Сердагелі, Венгрыя, цяпер г. Дунайска-Стрэда, Славакія — 14.9.1913),
венгерскі мовазнавец-цюрколаг, этнограф, даследчык Цэнтр. Азіі. Праф.усх. моў Будапешцкага ун-та (1865). У 1857—63 у Канстанцінопалі (Стамбул). У 1863—64 пад выглядам дэрвіша зрабіў падарожжа з Персіі (Ірана) у Хіву, Бухару, Самарканд і Герат (Афганістан). Апісанне падарожжа — важная крыніца звестак па геаграфіі, эканоміцы, гісторыі, грамадскіх адносінах, побыце і культуры народаў Сярэдняй Азіі 2-й пал. 19 ст. Вамберы пакінуў навук. працы па чагатайскай, уйгурскай, цюркска-татарскіх, угра-фінскіх і інш. мовах.
Тв.:
Рус.пер. — Моя жизнь. М., 1914.
Літ.:
Пименова Э.К. Жизнь и приключения Вамбери. Л., 1928;