1) вадазбор паверхневых водаў — тэрыторыя, з якой паверхневыя воды і грунтавыя воды сцякаюць у пэўны вадаём. Абмежаваны водападзеламі. Гідралагічнае значэнне вадазбору — у ператварэнні атм. ападкаў у сцёк. Характарызуецца паказчыкамі гідраграфічнымі (плошча, даўжыня, сярэдняя і найб. шырыня, сярэдні нахіл і вышыня над узр. м., форма, каэфіцыент асіметрыі) і геагр. (геагр.становішча, лясістасць, азёрнасць, забалочанасць, разаранасць, урбанізацыя і інш.). Кожны паказчык уплывае на фарміраванне і велічыню сцёку, які вызначаецца метэаралагічнымі фактарамі, асаблівасцямі геал. будовы тэрыторыі вадазбору, рэльефу, ландшафтаў у яго межах. Найважнейшая характарыстыка вадазбору — плошча. Каля 90% рэк Беларусі маюць малыя плошчы вадазбору (да 200 км²), 8 рэк (Дняпро, Прыпяць, Нараў з Бугам, Нёман, Зах. Дзвіна, Бярэзіна Дняпроўская, Сож і Вілія ў межах Беларусі) — больш за 10 тыс.км²; вадазборы рэк і вадаёмаў Беларусі належаць да бас. Чорнага (65% тэр.) і Балтыйскага мораў. Па форме вылучаюць 5 тыпаў вадазбораў.
2) Вадазбор падземных водаў абмежаваны плошчай тэктанічнай структуры, з паверхні якой адбываецца жыўленне ваданосных гарызонтаў і ваданосных комплексаў. Не заўсёды супадае па плошчы з вадазборам паверхневых водаў. У вузкім сэнсе вадазбор — плошча, з якой адбываецца прыток падземных водаў да водазаборнага збудавання — свідравіны, калодзежа, галерэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ (Міхал Казімір) (1730 — 31.5.1800),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат. З роду Агінскіх. Атрымаў муз. адукацыю (ігры на скрыпцы вучыўся ў Дж.Б.Віёці). З 1748 пісар польны літ., з 1764 ваявода віленскі, з 1768 гетман вял. літоўскі. Адзін з кандыдатаў Кацярыны II на польскі трон. У 1771 перайшоў на бок барскіх канфедэратаў (гл.Барская канфедэрацыя 1768), але яго войска было разбіта і Агінскі эмігрыраваў. У 1775 вярнуўся на Беларусь. Жыў у Слоніме, дзе пабудаваў некалькі прамысл. прадпрыемстваў, друкарню, стварыў тэатр і капэлу, балетную і муз. школы (гл.Слонімская капэла Агінскага, Слонімскі тэатр Агінскага, Слонімская балетная школа, Слонімская музычная школа). Аўтар опер «Зменены філосаф» (1771), «Елісейскія палі» (1788; верагодна, з Ф.Марыні), як мяркуюць, таксама «Сілы свету» і «Становішча саслоўяў» (1784), скрыпічных п’ес, рамансаў, у т. л. аднаго з першых вядомых вак. цыклаў «Да Касі». Займаўся і літ. дзейнасцю (оперныя лібрэта, вершы). Выдаў «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782), «Байкі і нябайкі» (1788). Па яго ініцыятыве і на яго сродкі пабудаваны Агінскі канал.
Літ.:
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЧУВА́ННЕ,
псіхічны працэс адлюстравання асобных уласцівасцяў і з’яў аб’ектыўнага свету пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў. Узнікаюць ад таго, што раздражняльнікі дзейнічаюць на ўспрымальныя часткі аналізатараў—рэцэптары; нервовыя імпульсы дасягаюць галаўнога мозга і выклікаюць адчуванне. Спецыфіка адчування чалавека, іх дасканаласць абумоўлены сац.-гіст. прычынамі, працоўнай дзейнасцю. Адчуванні з’яўляюцца крыніцай непасрэднай інфармацыі аб навакольным свеце. Як адлюстраванне аб’ектыўных уласцівасцяў рэчаў адчуванне з’яўляецца сродкам пазнання рэчаіснасці. У чалавека найб. развіты зрокавыя адчуванні. Потым ідуць адчуванні слыху, смаку, нюху, дотыку. Працэсы, што адбываюцца ў арганізме, выклікаюць арганічныя адчуванні (голад, смагу, боль). Існуюць таксама адчуванні вібрацыйныя, руху і становішча органаў цела, раўнавагі і інш.
У працэсе пазнання адчування выконваюць функцыі: як субстрат успрымання даюць апошняму магчымасць адлюстраваць структуру вонкавых прадметаў; выступаюць у ролі прыкмет аб’ектыўных уласцівасцяў вонкавых прадметаў пры ўмове, што ўзаемасувязь паміж якасцю адчування і ўласцівасцю прадмета раней вядомая; з’яўляюцца асновай для фарміравання элементарных уяўленняў. Праблематыка адчування распрацоўваецца ў псіхафізіцы сенсорных працэсаў і розных раздзелах фізіялогіі. Разнастайнасць адчування адлюстроўвае якасную разнастайнасць навакольнага свету. Адчуванні дапамагаюць чалавеку прыстасоўвацца да асяроддзя і ўздзейнічаюць на яго.
Літ.:
Ковалгин В.М. Рефлекторная теория ощущений. Мн., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕМЕНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаперсідская дзяржава ў 550—330 да нашай эры. Назва ад царскай дынастыі Ахеменідаў. Створана ў выніку ваен. паходаў Кіра II, пашырана пры Камбісе II і Дарыю I. Адна з найбуйнейшых стараж. імперый, у склад якой уваходзілі Мідыя (з 550), Элам, Лідыя, амаль уся М. Азія (заваяваны да 546), значная ч. Сярэдняй Азіі (з 545—539), Вавілонія (з 539), Егіпет (з 525), а-вы Эгейскага м., Фракія, Македонія і паўн.-зах.ч. Індыі (з 519—512). Сталіцамі яе былі Персепаль, Вавілон, Сузы і Экбатана. Прывілеяванае становішча ў дзяржаве займалі персы (камандавалі ў арміі і на флоце, кіравалі адм. апаратам). Ваен.-паліт. і сац.-эканам. рэформы Дарыя I садзейнічалі росквіту краіны (уздым рамяства, гандлю, будаўніцтва). Асн.ч. зямельнага фонду належала абшчыннікам, якія плацілі падаткі непасрэдна ў казну і выконвалі ўсе павіннасці. Рабоў у імперыі было няшмат (гал. Чынам працавалі ў рудніках, каменяломнях, хатнімі слугамі). Грэка-перс. войны 500—449 да нашай эры і антыперс. паўстанні (у Егіпце, Сірыі, Лідыі) аслабілі магутнасць Ахеменідаў дзяржавы. Заваявана Аляксандрам Македонскім.
Літ.:
Дандамаев М.А., Луконин В.Г. Культура и экономика Древнего Ирана. М., 1980;
Дандамаев М.А. Политическая история Ахеменидской державы. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў БРЭ́СЦКАЙ ВО́БЛАСЦІЗасн. ў 1940 у Брэсце. Зберагае дакументы па гісторыі вобласці з 1919. На 1.1.1997 у архіве 2957 фондаў, 1 011 177 спраў. Буйнейшы комплекс дакументаў — фонды польскіх устаноў, арг-цый і прадпрыемстваў, партый і грамадска-паліт. аб’яднанняў, культ.асв. згуртаванняў, рэліг. устаноў на тэр. Палескага ваяв. і Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. ў 1919—39. Захоўвае матэрыялы аб палітыцы ўрада бурж. Польшчы ў Зах. Беларусі, пра сац.-эканам.становішча, пра дзейнасць БСРГ, ТБШ. КПЗБ і інш. арг-цый, дакументы ням.акупац. устаноў і арг-цый Брэсцкай. Пінскай і часткова Баранавіцкай акруг за 1941—44. Зберагае дакументы абласных, раённых, гар. і сельскіх устаноў і арг-цый Брэсцкай і б. Баранавіцкай і Пінскай абл. за 1939—41 і з 1944. Гэта матэрыялы пра мерапрыемствы сав. улады пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР, пра пасляваен. сац.-эканам. і культ. развіццё вобласці: дакументы органаў дзярж. улады і кіравання, органаў і арг-цый КПБ, фонды прамысл. прадпрыемстваў, арг-цый сельскай гаспадаркі, культуры, адукацыі, аховы здароўя. Дакументы на польск., бел., рус. і ням. мовах.
Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; дзярж. ўліку і інфарм.-пошукавых сістэм; выкарыстання дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т САЦЫЯЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў Мінску ў 1990. У складзе ін-та 7 навук. аддзелаў: сац. палітыкі, сацыялогіі працы і эканам. сацыялогіі, сацыялогіі асобы і сац. стратыфікацыі, сацыялогіі культуры, сацыялогіі навукі, сац. дэмаграфіі і занятасці насельніцтва, сац. псіхалогіі асобы і калектыву.
Асн. кірункі даследаванняў: дынамікі сац. структуры, інтарэсаў і патрэбнасцей розных груп і слаёў насельніцтва, асаблівасцей іх становішча і дзейнасці ў грамадстве; структуры рынку і мабільнасці рабочай сілы ва ўмовах развіцця рыначных адносін; паводзін асобы, сац. асаблівасцей іх узаемадзеяння ў экстрэмальных умовах канфліктаў і катастроф (уключаючы Чарнобыльскую); сацыялагічнае назіранне і прагназаванне эканам., сац. і паліт. працэсаў грамадскага развіцця ва ўмовах станаўлення незалежнасці Рэспублікі Беларусь і інш. Выдадзены працы: «Дэмаграфічныя асновы народнагаспадарчага планавання» А.А.Ракава (1990), «Вытокі хрысціянства: культурна-гістарычны генезіс» В.П.Оргіша (1991), «Сацыядынаміка навуковага калектыву» В.І.Русецкай (1992), «Сацыяльны суб’ект: матывы і дзейнасць» А.У.Рубанава (1994), «Эканамічная сацыялогія» Г.М.Сакаловай, «Катастрофы: сацыялагічны аналіз» Я.М.Бабосава (абедзве 1995), «Адукацыя ў трансфарміруемым грамадстве» В.А.Кліменкі (1996), «Асновы канфлікталогіі» Бабосава (1997) і інш. У Ін-це працуе акад.Нац.АН Беларусі Я.М.Бабосаў (дырэктар з 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІЕТУВО́С ІСТОРЫЁС МЯ́ТРАШЦІС»
(«Lietuvos istorijos metraštis», «Штогоднік гісторыі Літвы»),
штогадовае серыйнае ілюстраванае выданне Ін-та гісторыі Літвы. Выдаецца з 1971 у Вільнюсе на літ. мове. Змяшчае працы вучоных Літвы і замежжа, хроніку навук. жыцця. Многія апублікаваныя працы маюць дачыненне да гісторыі, этнаграфіі і мастацтва ВКЛ і Беларусі: Ю.Юргініс «Прычыны падзення Вялікага княства Літоўскага» (1971), «Кулікоўская бітва і Вялікае княства Літоўскае» (1982), Э.Гарадзецкас «Цяжбы зямельныя паміж велікакняжацкімі сялянамі і шляхтай у час правядзення валочнай рэформы» (1976), Э.Банёніс «Пасланцы Вялікага княства Літоўскага ў Крымскім ханстве ў першай палове ХУІ ст.» (1979), А.Жураўскі «Пра канцылярскую мову Вялікага княства Літоўскага» (1984), А.Нікжэнтайціс «Дыпламатычная барацьба з Тэўтонскім ордэнам у 1337—1342 гг.» (1987), Л.Трускі «Літоўская шляхта ў канцы XVIII ст. (колькасць і становішча)» (1994) і інш. Публікуюцца рэцэнзіі на фундаментальныя навук. працы, у т. л. на «Поўны збор рускіх летапісаў. Т. 32» (1977), «Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1» (1995), на артыкулы М.Грынблата, А.Грыцкевіча, Я.Звяругі, У.Ісаенкі, Л.Малчанавай, С.Падокшына, У.Панюціча, Л.Побаля, М Улашчыка і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ., ням. і рус. мовах. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшла 27 тамоў (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГВАЛТАВА́ННЕ,
злачынны ўчынак, звязаны з палавымі зносінамі, пры ўжыванні фіз. насілля, пагроз ці з выкарыстаннем бездапаможнага стану. Найчасцей З. ўчыняюць гетэрасексуалы, зрэдку бісексуалы. Доказам З. ў нявінніцы з’яўляецца анат. парушэнне цэласнасці дзявоцкай плявы, у дзяцей магчымы надрывы палавых губ, прамежнасці і разрывы похвы. Пры З. з фіз. насіллем жанчыне наносяць цялесныя пашкоджанні, пазбаўляюць яе магчымасці супраціўляцца (звязваюць, закрываюць рот і інш.); можа быць з пабоямі, спробамі душыць, параніць і інш. Псіхічнае насілле пры З. выражаецца ў пагрозе ці запалохванні пацярпелай або блізкіх ёй людзей. Можа мець вынікі: цяжарнасць пацярпелай, асабліва непаўналетняй, заражэнне венерычнай хваробай, СНІДам, нерв. і псіхічныя расстройствы.
З. ў крымінальным праве — злачынства супраць палавой свабоды жанчыны, якое выяўляецца ў палавой сувязі з выкарыстаннем насілля, пагрозы або бездапаможнага становішча пацярпелай; адно з цяжкіх злачынстваў супраць жыцця, здароўя, свабоды і годнасці асобы, адказнасць за якое прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Закон прадугледжвае асаблівы парадак узбуджэння крымін. спраў аб З. (справа аб З. без абцяжваючых акалічнасцей узбуджаецца толькі па заяве пацярпелай), разглядаецца яна судом, як правіла, на закрытым пасяджэнні. Бел.крымін. права прадугледжвае суровае пакаранне за З. ў выглядзе доўгатэрміновага пазбаўлення волі, а пры З. пры абцяжваючых акалічнасцях — аж да пакарання смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВАЕ ЖЫЦЦЁ»,
штотыднёвая газета. Выдавалася Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй з 3.3 да 21.5.1923 у Вільні на бел. мове. Рэдактар Я.Лагіновіч. Адлюстроўвала паліт. настроі сялян і радыкальнай інтэлігенцыі Зах. Беларусі. Пад рубрыкамі «Палітычныя падзеі», «З газет», «Весткі з сейму» з рэв.-дэмакр. пазіцый асвятляла міжнар. жыццё, паліт.становішча ў Польшчы, барацьбу ў парламенце прадстаўнікоў левых сіл, змяшчала выступленні дэпутатаў, іх паліт. заявы. Друкавала матэрыялы аб праявах сац. і нац. ўціску працоўных Зах. Беларусі, асвятляла культ. жыццё ў Зах. і Сав. Беларусі. З артыкуламі пра задачы вызв. барацьбы выступалі Лагіновіч (псеўд. Лаўрыновіч), Л.Родзевіч (псеўд. Р.Юргілевіч). Серыю артыкулаў «Беларускі пасольскі клуб у польскім сейме», «Што такое «Wyzwolenie» з беларускага пункту гледжання» апубл. У.Самойла (псеўд. Суліма). Пра стан асветы ў Зах. Беларусі пісаў С.Рак-Міхайлоўскі (псеўд. Баўтручонак). Змяшчала літ. творы У.Жылкі (паэма «Уяўленне», вершы), Родзевіча (драм. абразкі, лірыка), І.Канчэўскага (псеўд. Ганна Галубянка), Ф.Чарнышэвіча і інш., артыкулы Р.Зямкевіча пра развіццё бел. л-ры. Выйшла 13 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Пасля забароны выходзіла газ. «Наша жыццё» (з 27.5 да 25.6.1923, выйшла 6 нумароў). 6.7.1923 выпушчана аднадзёнка «Наша новае жыццё».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕРМАНІ́ЗМ, усегерманізм,
нацыяналістычная ідэйна-паліт. плынь у нямецкамоўных краінах у 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. Узнік у асяроддзі па-прусафільску настроеных аўстр. немцаў пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866 і ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867), аформлены ў 1870—80-я г. прыхільнікамі паліт. дзеяча Г.Шонерэра. Сац. база: частка сялян, рамеснікаў, дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, студэнцтва Вены і інш. гарадоў. Аўстр. пангерманцы выступалі за выхад Аўстрыі з саюза з Венгрыяй і далучэнне аўстр. зямель да Герм. імперыі, за наданне «асобага становішча» Галіцыі і Букавіне ў рамках Цыслейтаніі і перадачу Далмацыі Венгрыі, супраць уступак чэхам і інш.слав. народам Аўстра-Венгрыі. У Германіі да канца 19 ст. аформіўся імперскі П. (гл.Пангерманскі саюз); яго прыхільнікі выступалі найперш за правядзенне краінай «сусв. палітыкі» (заваяванне Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы, калоній), але былі супраць хуткага аб’яднання з Аўстрыяй. У пач. 20 ст. П. паступова страціў уплыў. Яго тэзіс аб «перавазе» герм. расы і неабходнасці аб’яднання Германіі і Аўстрыі пазней пераняла і абсалютызавала Нацыянал-сацыялісцкая партыя (гл. таксама Аншлюс).
Літ.:
Ратнер Н.Д. Очерки по истории пангерманизма в Австрии в конце XIX в. М., 1970.