БУ́НКЕР-ЦЯГНІ́К,

транспартны сродак для бесперапыннай загрузкі, транспартавання і разгрузкі горнай масы. Складаецца з секцый-платформаў (без тарцовых сценак) на колава-рэйкавым ходзе. Секцыі ўтвараюць суцэльны жолаб-бункер, па дне якога пракладзены скрабалкавы або пласціністы канвеер для загрузкі і выгрузкі горнай масы. Бываюць са скрэпернай загрузкай-выгрузкай, з вібрацыйнымі секцыямі, адкіднымі днішчамі і інш. Умяшчальнасць бункера-цягніка звычайна 20—40 м³.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМНАЯ ЗБРО́Я,

боепрыпасы з выбуховым рэчывам аб’ёмна-дэтанацыйнага дзеяння. Прызначана для паражэння цэляў са складкамі мясцовасці, у збудаваннях адкрытага тыпу, мінных палёў. Утварае газападобнае або дробнадысперснае аэразольнае воблака значных памераў. Асн. паражальны фактар — ударная хваля, якая ўтвараецца пры падрыванні гэтага воблака (ціск у цэнтры воблака прыкладна ўтрая перавышае нармальны атмасферны). За зонай лішкавага ціску ўтвараецца працяглая зона разрэджання (адсюль назва).

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БЕЛЬ (Ісак Эмануілавіч) (13.7.1894, Адэса — 17.3.1941),

рускі пісьменнік. Майстар кароткіх апавяданняў, якія публікаваў з 1916. Яго творам уласцівы лаканізм, спалучэнне ў вобразах, сюжэтных калізіях і апісаннях тэмпераменту са знешняй бясстраснасцю. Вострапсіхалагічныя навелы пра грамадз. вайну (зб-кі «Конармія», 1926; «Адэскія апавяданні», 1931) падкрэсліваюць самабытнасць яго творчай манеры. Аўтар п’ес «Захад» (1928), «Марыя» (1935), кінасцэнарыяў (фільм «Блукаючыя зоркі», 1926), нарысаў. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́КА ў ліцейнай вытворчасці,

прыстасаванне ў выглядзе жорсткай рамы (адкрытай скрынкі), якое запаўняецца фармовачнай сумессю для атрымання ліцейнай формы. Апокі бываюць: прамавугольныя, круглыя і фасонныя; суцэльналітыя і зварныя; ручныя, кранавыя і камбінаваныя (з ручным і кранавым пад’ёмам). Вырабляюцца са сталі, чыгуну, алюмініевых і інш. сплаваў. З апокі фармовачную сумесь выбіваюць на вібрацыйных машынах.

Апока ў ліцейнай вытворчасці: а — круглая; б — прамавугольная.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯРЭХАЛАКА́ЦЫЯ (ад бія... + рэха + лакацыя),

выпрамяненне і ўспрыманне жывёламі высокачастотных гукавых сігналаў з мэтай выяўлення аб’ектаў (здабыча, перашкода і інш.) у прасторы, а таксама атрымання інфармацыі аб іх уласцівасцях і памерах; адзін са спосабаў арыентацыі жывёл. Развіта ў лятучых мышэй, дэльфінаў, некаторых птушак, землярыек і інш. Дзякуючы біярэхалакацыі кіты, напр., лёгка шукаюць згуртаванні планктону, дэльфіны лацыруюць чароды рыб на адлегласці да 3 км.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́МА (Boma),

горад на З Заіра, на паўн. беразе эстуарыя р. Конга (Заір), за 75 км ад Атлантычнага акіяна. Засн. ў 16 ст. Адно са старэйшых еўрап. пасяленняў у Цэнтр. Афрыцы. Каля 95 тыс. ж. (1990). Порт, даступны для марскіх суднаў. Аэрапорт. Вываз лесу, прадуктаў алейнай пальмы, бананаў, какавы, каўчуку. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Піваварны з-д. Хім., дрэваапр., металаапр. прадпрыемствы. Суднарамонт. Рыбалоўства.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РАВЕЦ,

горнакліматычны курорт у Балгарыі. На ПдЗ ад Сафіі на паўн. схілах гор Рыла. Адзін са старэйшых і папулярных у Балгарыі, развіваецца з 19 ст. (у мінулым месца адпачынку вяльможаў, летняя рэзідэнцыя царскай сям’і). Сярэднягорны клімат з мяккай зімой і ўмерана цёплым летам спрыяльны пры лячэнні неспецыфічных хвароб органаў дыхання, функцыян. расстройстваў нерв. сістэмы. Каля 200 відаў, атэлі, кемпінг, дамы адпачынку.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́КСІ-МЕСХІШВІ́ЛІ (Уладзімір Шалвавіч) (28.9.1915, Тбілісі — 1978),

грузінскі архітэктар. Засл. дз. маст. Грузіі (1961). Скончыў Грузінскі індустр. ін-т у Тбілісі (1939). Выкладаў у Грузінскім політэхн. ін-це. У творчасці імкнуўся да прастаты арх. формаў, выяўлення мастацка-пластычных уласцівасцяў матэрыялу. Работы: Палац спорту (у сааўт.) і Грузінскі с.-г. ін-т у Тбілісі, дом адпачынку ў Піцундзе; адна са станцый Тбіліскага метрапалітэна.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІГО́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ 1209—29,

крыжовыя паходы, арганізаваныя папствам на Пд Францыі (вобл. Лангедок) супраць альбігойцаў. Армія крыжаносцаў складалася з паўн.-франц., часткова ням. рыцарства, яе ўзначальваў граф Сімон дэ Манфор. Нягледзячы на ўпартае супраціўленне альбігойцаў, многія іх гарады захоплены, а насельніцтва знішчана. У канцы Альбігойскіх войнаў да крыжаносцаў далучыўся са сваім войскам франц. кароль Людовік VIII, што давяршыла разгром альбігойцаў.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МРЫ,

археал. культура плямёнаў эпохі неаліту і ранняй бронзы (4—3-е тыс. да н.э.), што жылі на тэр. Сінда і Паўд. Белуджыстана (Пакістан). Назва ад паселішча Амры (Сінд). Насельніцтва жыло ў дамах з сырцовай цэглы. Практыкаваліся расчлянёныя пахаванні. Кераміка амры крэмавага ці ружовага колеру, глянцаваная, размаляваная пераважна геам. арнаментам, шахматнымі панэлямі і інш. Прылады вырабляліся са сланцу, радзей — з медзі.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)