«МІНСКСЕЛЬБУДПРАЕ́КТ».

Засн. ў 1987 у Мінску як праектна-вышукальны ін-т па сельскім буд-ве «Мінсксельбудпраект». З 1996 праектна-вышукальнае прадпрыемства «Мінсксельбудпраект». Асн. кірункі дзейнасці: выкананне праектна-вышукальных работ. для буд-ва аб’ектаў жыллёва-грамадз. прызначэння ў сельскіх населеных пунктах; распрацоўка комплекснай праектна-каштарыснай дакументацыі на буд-ва, расшырэнне, рэканструкцыю і тэхн. пераўзбраенне вытв. аб’ектаў с.-г. прызначэння; распрацоўка дакументацыі на буд-ва прадпрыемстваў, будынкаў і збудаванняў; правядзенне інж. вышукаў і распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі для буд-ва аб’ектаў с.-г. і жыллёва-грамадз. прызначэння, буд-ва і рамонту ўнутрыгасп. аўтадарог.

І.​А.​Самусенка.

т. 10, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЕ АДКРЫ́ТАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ГІДРАСЕЛЬМА́Ш».

Засн. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1940 як міжраённыя майстэрні капітальнага рамонту. У Вял. Айч. вайну разбурана, адноўлена ў 1947. У 1958 ператворана ў аўтарамонтны з-д, у 1959 у экскаватарарамонтны; з 1995 арэнднае прадпрыемства «Гідрасельмаш», з 1999 — сучасная назва. Асн. прадукцыя (2000): с.-г. тэхніка (камбінаваныя глебаапр. агрэгаты, касілкі і інш.) і запасныя часткі да яе; кавальскія вентылятары, гідраўл. шасцяронныя помпы, тавары нар. ужытку (ледабуры, прыстасаванне для дэмантажу шын, бетонамяшалкі і інш.). Ажыццяўляе рамонт гідраўл. помпаў і размеркавальнікаў, павузлавы рамонт экскаватараў.

А.​В.​Нікіфараў, В.​А.​Чакулаеў.

т. 12, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗІДЭНТУ́РА,

заканспіраванае структурнае падраздзяленне знешняй разведкі, якое па даручэнні цэнтра ажыццяўляе разведвальную дзейнасць за мяжой. Складаецца з кадравых супрацоўнікаў разведкі або агентаў на чале з рэзідэнтам. Супрацоўнікі Р. ўтойваюць сваю прыналежнасць да знешняй разведкі і дзейнічаюць пад прыкрыццём якой-н. установы (арг-цыі, кампаніі і інш.). У залежнасці ад віду прыкрыцця Р. падзяляюцца на легальныя (ствараюцца пад прыкрыццём дзярж. установы або прыватнага прадпрыемства, што належыць краіне, у інтарэсах якой ажыццяўляецца развед. дзейнасць) і нелегальныя (арганізуецца з разведчыкаў-нелегалаў і ў якасці прыкрыцця можа выбірацца любая ўстанова або арг-цыя краіны знаходжання).

В.​А.​Окунеў, А.​А.​Мініч.

т. 13, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СРО́ДКАЎ АЎТАМАТЫЗА́ЦЫІ НДІ Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1969 у Мінску як філіял НДІ аўтам. апаратуры (Масква). З 1972 НДІ сродкаў аўтаматызацыі. З 2001 навукова-даследчае рэсп. унітарнае прадпрыемства «НДІ сродкаў аўтаматызацыі». Ін-т — адзін з лідэраў сусв. практыкі ў стварэнні аўтаматызаваных сістэм кіравання (АСК), сістэм сувязі і перадачы даных ваен. прызначэння. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка АСК паветраным і дарожным рухам, сартавальнымі станцыямі, лясной гаспадаркай, хім. вытв-сцю, энергетыкай; распрацоўка інфарм. і інфармацыйна-даведачных сістэм мін-ваў і ведамстваў, чыг. вакзалаў, а таксама стадыёнаў, палацаў спорту і інш. відовішчных збудаванняў.

М.​І.​Азаматаў.

т. 15, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ХНІКУМ адзін з тыпаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Створаны ў 1920, з 1937 пераважна тэхн. профілю (розных галін прам-сці, буд-ва, транспарту, сувязі, с.-г.), а таксама стат., фінансавыя, гандлёвыя. На Беларусі дзейнічаюць самастойна і ў складзе вучэбна-вытв. комплексаў (Т.-прадпрыемства), вучэбна-навук. аб’яднанняў (Т.-ПТВ, Т-ВНУ). На дзённыя аддзяленні прымаюцца асобы з базавай ці агульнай сярэдняй адукацыяй, на вячэрнія і завочныя з агульнай сярэдняй адукацыяй. Тэрмін навучання пасля 9 кл. — 3—4 гады, пасля 11 кл. — 2—3 гады. У 2002/03 навуч. г. на Беларусі 38 Т., у т. л. 7 недзяржаўных.

т. 16, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАМП (ням. Stampfe ад італьян. stampa пячатка),

1) штэмпель, пячатка, найчасцей прамавугольная, з выпуклым адваротным надпісам (малюнкам) назвы і адраса ўстановы, арг-цыі, прадпрыемства, якую звычайна ставяць у верхняй частцы дзелавых дакументаў; таксама сам адбітак, зроблены такой пячаткай.

2) Прылада або форма для серыйнага вырабу розных прадметаў спосабам ціску або чаканкі (гл. Штампоўка).

3) У пераносным сэнсе — трафарэт, шаблон, гатовы ўзор, які слепа пераймаюць. Адрозніваюць Ш.: ідэалаг., літ., моўныя, у мастацтве. Яны служаць для адлюстравання ў пэўных формах той ці інш. маст. задумы, настрою, ідэі (напр., моўны Ш. «чорнае золата» адпавядае паняццям «нафта», «вугаль»).

т. 17, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАЎТАМА́З»,

аб’яднанне ў Беларусі па вытворчасці велікагрузных аўтамабіляў. Створана ў 1975. Уключае Мінскі аўтамабільны завод (галаўное прадпрыемства), Магілёўскі аўтамабільны завод, Мінскі рысорны з-д, кавальскі з-д цяжкіх штамповак у Жодзіне, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Асіповіцкі з-д аўтамаб. агрэгатаў, мінскі трэст «БелаўтаМАЗрамбудмантаж», упраўленне «БелаўтаМАЗраммантаж». «Белаўтамаз» — адно з вядучых у Еўропе аўтамабілебуд. аб’яднанняў. Выпускае каля 30 мадыфікацый аўтамабіляў і аўтапаяздоў грузападымальнасцю да 50 т. Спецыялізуецца на выпуску аўтамабіляў і аўтапаяздоў агульнатранспартнага прызначэння, 5—6-восевых і самаходных аўтапаяздоў, аднавосевых цягачоў, самаходных скрэпераў, пазадарожных аўтасамазвалаў і самаходных аўтапаяздоў для земляных і падземных работ. Гл. таксама ў арт. Аўтамабільная прамысловасць.

Да арт. «БелаўтаМАЗ». Самазвал Магілёўскага аўтазавода.

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛБЫТТЭХПРАЕ́КТ», Дзяржаўнае праектна-канструктарскае вытворча-тэхналагічнае прадпрыемства «Белбыттэхпраект». Засн. ў 1967 у Мінску на базе часткі Бел. праектна-тэхнал. ін-та мясц. прам-сці як Бел. праектна-тэхнал. ін-т «Белбыттэхпраект»; у 1987 — маі 1995 галаўная арг-цыя навук.-вытв. аб’яднання «Белбытгэхніка». Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка дакументацыі на рэканструкцыю дзейных і буд-ва новых прадпрыемстваў службы быту; распрацоўка новых і ўдасканаленне дзейных тэхнал. працэсаў, мерапрыемстваў па спецыялізацыі, комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці на прадпрыемствах службы быту, дакументацыі на выраб доследных узораў новых відаў вырабаў, укараненне на прадпрыемствах службы быту дасягненняў навукі і тэхнікі; вытв-сць прыбораў па рамонце складанай бытавой тэхнікі (халадзільнікі, пральныя машыны) і інш.

т. 3, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАЗНА́ЎСТВА І АГРАХІ́МІІ ІНСТЫТУ́Т (Навукова-даследчае дзяржаўнае прадпрыемства «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі») Акадэміі аграрных навук.

Засн. ў 1958 у Мінску на базе аддзела глебазнаўства і лабараторыі фізікахіміі глеб і радыеактыўных ізатопаў Бел. НДІ земляробства (з 1927), лабараторыі тарфяна-балотных глеб Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі (з 1930) як Бел. НДІ глебазнаўства. У 1969—96 Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі. Асн. кірункі навук. даследаванняў: вывучэнне глебавага покрыва Беларусі і распрацоўка навук. асноў павышэння ўрадлівасці глеб, аховы іх ад воднай і ветравой эрозіі, забруджвання; распрацоўка сістэм выкарыстання мінер. макра- і мікраўгнаенняў пад с.-г. культуры; займаецца пытаннямі аграхім. абслугоўвання сельскай гаспадаркі і інш.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ ЛІЦЕ́ЙНА-МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ,

вучэбна-прамысл. прадпрыемства ў 1859—1916 пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це і рамесным вучылішчы. Меў 2 паравыя машыны (1872—73), лакамабіль (1879), вагранку для адліўкі чыгунных і жал. вырабаў (1863). Працавалі доменная печ на 50 пудоў чыгуну (1879), 9 розных станкоў (1884). Метал набывалі ў Маскве. Вырабляў веялкі, бароны «зігзаг», плугі, крупадзёркі, малатарні, прылады для млыноў, конныя веялкі, сарціроўкі, запчасткі с.-г. машын, пакоўкі для мастоў і інш. У 1895 працавала 66 чал., выраблена прадукцыі на 10,7 тыс. руб. У 1870—80-я г. з-д належаў да лепшых прадпрыемстваў Магілёўскай губ.

т. 5, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)