МАК-ДО́ЎЭЛ (Mac Dowell) Эдуард Александэр (18.12.1860, Нью-Йорк — 23.1.1908),
амерыканскі кампазітар, піяніст, педагог; адзін з заснавальнікаў амер. кампазітарскай школы. Паводле паходжання шатландзец. У 1876—78 вучыўся ў кансерваторыях па класах фп. і кампазіцыі ў Парыжы і Франкфурцена-Майне. З 1888 вёў пед. і канцэртную дзейнасць у г. Бостан. У 1896—1904 праф. і кіраўнік першай у ЗША кафедры музыкі ў Калумбійскім ун-це (Нью-Йорк). Сярод твораў: 3 сімф. паэмы (1885, 1888, 1889), 2 сюіты (1891, 1895) і інш. для аркестра; канцэрты для фп. з арк. (1885, 1890); 4 санаты (1893, 1895, 1900, 1901), 6 ідылій паводле І.В.Гётэ (1887), «Марскія сцэны» (1898), 12 віртуозных эцюдаў (1894) і інш. для фп.; хары, цыклы песень, у т. л. на ўласныя словы, а таксама на словы Р.Бёрнса, Гётэ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАГО́ННЫЯ СРО́ДКІ, дыурэтыкі (ад грэч. diureō выдзяляю мачу),
лекавыя сродкі, якія павялічваюць выдзяленне солей і вады з мачой і змяншаюць колькасць вадкасці ў арганізме. Уздзейнічаюць праз структурную і функцыян. адзінку нырак — нефрон. М.с. падзяляюць на салурэтыкі — выводзяць з арганізма іоны натрыю, калію і інш. (фурасемід, этакрынавая к-та, гіпатыязід, эўфілін і інш.); калійзберагальныя — затрымліваюць выдзяленне іонаў калію (спіраналактон, трыямтэрэн і інш.); асматычныя сродкі, якія выклікаюць моцны водны дыурэз (маніт, мачавіна). Адрозніваюць М.с. моцнадзейныя (фурасемід, маніт, мачавіна і інш.), сярэдняй сілы (клапамід, індапамід і інш.), слабога дзеяння (спіраналактон, эўфілін і інш.), камбінаваныя (мадурэтык, практазін і інш.), расліннага паходжання (плады ядлоўцу, лісце талакнянкі, брусніц і інш.). Выкарыстоўваюць пры застойных з’явах у кровазвароце, абумоўленых сардэчна-сасудзістай недастатковасцю, нефрытах, гіпертанічнай хваробе, вострых атручэннях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА-ПАСРЭ́ДНІЦА,
1) мова міжнацыянальных (міжэтнічных) і міждзяржаўных зносін (гл.Міжнародныя мовы).
2) У больш вузкім значэнні — мова, праз якую адбылося запазычанне (гл.Запазычанні ў мове) асобных слоў або канструкцый іншамоўнага паходжання. У сучаснай бел. мове вылучаецца значная колькасць лексічных адзінак, у розны час запазычаных з інш. моў. Запазычанне большасці слоў адбывалася праз пасрэдніцтва ў першую чаргу польск. і рус. моў. Напр., праз рус. мову з замежных моў (асабліва з грэч. і лац.) у лексіку бел. мовы прыйшлі словы «аўдыторыя», «варыянт», «ідэя», «кампанент», «мелодыя», «орган», «параграф», «піраміда», «сейф», «трамвай», «утопія» і інш., праз польск. — лац. «колер», ням. «дах», венг. «палаш», італьян. «палац», франц. «пісталет» і інш. У сваю чаргу бел. мова была пасрэдніцай пры запазычанні ў рус. мову слоў з польск. і ням. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СКУС (лац. muscus ад санскр. машонка, яйцо),
прадукт жывёльнага ці расліннага паходжання са своеасаблівым, т.зв. мускусным, пахам і здольнасцю паляпшаць і фіксаваць пах парфумерных кампазіцый.
ЖывёльныМ., які атрымліваюць пераважна з мускусных залоз самцоў кабаргі — зярністая цёмна-рудая маса, мае бялкі, тлушчы, халестэрын, розныя солі. Пах абумоўлены прысутнасцю макрацыклічнага кетону мускону. Мускусны пах маюць некаторыя эфірныя алеі, а таксама сінт. пахучыя рэчывы, якія не знойдзены ў прыродзе. Пахучая аснова расліннага М. — макрацыклічныя лактоны (макраліды); найб. важныя амбрэталід, які ёсць у эфірным алеі з насення гібіскусу, і тыбеталід, што уваходзіць у састаў эфірнага алею з каранёў аптэчнага дзягілю. Сярод сінт. М. найб. шырока выкарыстоўваюць т.зв.нітрамускусы — вытворныя бензолу, што маюць адну ці некалькі нітрагруп (напр., М. амбравы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАГА САФІ́ЙСКАГА САБО́РА БІБЛІЯТЭ́КА,
самая стараж.б-ка Беларусі. Існавала з сярэдзіны 11 ст. да 1579. У 12 ст. папаўненню яе фондаў садзейнічала асветніца Ефрасіння Полацкая. У б-цы зберагаліся рукапісныя кнігі пераважна рэліг. зместу, арыгінальныя помнікі стараж.-рус. л-ры, у т. л. творы мясц.паходжання (летапісы, «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і інш.). У час Лівонскай вайны (1558—83) разрабавана. 10 рукапісаў на слав. мове з б-кі зберагаюцца ў Нац. б-цы ў Варшаве, у т. л. «Зборнік» 1500—01, спіс Пскоўскага 1-га летапісу 1548, «Евангелле вучыцельнае» сярэдзіны 16 ст. і інш.; адзін — у б-цы Львоўскага ун-та.
Літ.:
Слуховский М.И. Библиотечное дело в России до XVIII в. М., 1968;
Щапов Я.Н. О судьбе библиотеки Полоцкого Софийского собора // Вопр. истории. 1974. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКО́ЎСКІ Уладзімір Яўгенавіч (5.12.1900, Масква — 10.12.1987),
расійскі і бел. вучоны ў галіне хіміі цвёрдага паліва. Чл.-кар.АН Беларусі (1940), д-рхім.н. (1948), праф. (1951). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). З 1923 у розных н.-д. установах. У 1943—46 і 1960—63 дырэктар Ін-та торфу АН Беларусі, у 1964—69 у Калінінскім політэхн. ін-це (заг. кафедры), з 1970 у Маскоўскім філіяле Усесаюзнага НДІ тарфяной прам-сці (заг. лабараторыі). Навук. працы па хіміі і хім. тэхналогіі перапрацоўкі торфу, пытаннях паходжання цвёрдага паліва і нафты, тэорыі тэрмічнай дэструкцыі прыродных палімераў. Аўтар хім. тэорыі спякання вугалёў.
Тв.:
Химия пирогенных процессов. Мн., 1959 (разам з Ф.Л.Кагановіч, Я.А.Навічковай);
Химия и генезис торфа. М., 1978 (разам з Л.У.Пігулеўскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літ. летапісання; спіс пашыранай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», аналагічны тэксту Альшэўскага летапісу. Асн. змест Р.л. — гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1567. Найб. разгорнута і дэталёва апісаны перыяд княжання Вітаўта, пададзены паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Збярогся ў гіст. зборніку 2-й пал. 17 ст. рускага паходжання, які ў 18 ст. бытаваў у Падмаскоўі, пасля ў б-цы графа М.П.Румянцава (ад гэтага і назва), цяпер у Рас.дзярж. бібліятэцы. Апрача бел.-літ. хронікі ў зборніку змешчана шмат летапісных урыўкаў і гіст. твораў, прысвечаных важным падзеям сусв. і рас. гісторыі: пра падзенне Іерусаліма, узяцце Канстанцінопаля туркамі, Кулікоўскую бітву. Р.л. упершыню апубл. ў 1902 Б.А.Вахевічам, перавыдадзены М.М.Улашчыкам у т. 35 «Поўнага збору рускіх летапісаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАГЕНЕ́З (ад грэч. phylē племя, род, від + ...генез), філагенія,
працэс гіст. развіцця асобных відаў, сістэм. груп жывой прыроды, усяго арган. свету. Тэрмін увёў Э.Гекель (1866). Працэс Ф. і яго заканамернасці вывучае філагенетыка.
Асн. задача Ф. — рэканструкцыя эвалюц. ператварэнняў жывёл, раслін, мікраарганізмаў, выяўленне іх паходжання і роднасных сувязей паміж таксонамі. Гекель прапанаваў метад «трайнога паралелізму», што дазваляе шляхам супастаўлення даных палеанталогіі, параўнальнай анатоміі і эмбрыялогіі аднавіць ход гіст. развіцця сістэм. групы, якая вывучаецца. У філагенетыцы выкарыстоўваюцца даныя біягеаграфіі, біяхіміі, генетыкі, малекулярнай біялогіі, паразіталогіі, фізіялогіі, эталогіі. Графічная выява Ф. — радаслоўнае дрэва жыцця. Гал. законы Ф.: адаптацыі, монафіліі, карэляцыі, біягенетычны закон, дыферэнцыяцыі і інтэграцыі, неабарачальнасці эвалюцыі. Гл. таксама Эвалюцыйнае вучэнне.
Літ.:
Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;
Рауп Д., Стэнли С. Основы палеонтологии: Пер. с англ.М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІТА́,
назва кірыліцкай літары Ѳ. Узнікла на аснове грэка-візант. «Θ» («тэта»). У стараж.-рус. мове абазначала гукі «ф», «ф’» і ўжывалася ў словах грэч.паходжання («антиθона», «θевраль»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначыць час і месца напісання помнікаў. Па гукавым значэнні супала з літарай «ф» («ферт») і часта змешвалася з ёю («анаθема» — «анафема», «θилосоθъ» — «философъ»), У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У дзелавой пісьменнасці выцесніла літару «ф». Выйшла з ужытку ў 18 ст. ў сувязі з заняпадам стараж.-бел. пісьменнасці. У рус. графіцы ўжывалася да 1918. У сучасных усх.-слав. і паўд.-слав. мовах зычныя гукі «ф», «ф’» абазначаюцца літарай «ф».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІ́ЧНА ЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы, якія характарызуюцца высокай устойлівасцю да дзеяння хімічна актыўных асяроддзяў (кіслот, шчолачаў, акісляльнікаў і інш.). Іх устойлівасць вызначаецца саставам, структурай, порыстасцю і інш. Падзяляюцца на метал. і неметал. (неарган., арган. і кампазіцыйныя).
Да метал. Х.ў.м. належаць сплавы на аснове жалеза (сталі і чыгуны), легіраваныя хромам, нікелем, марганцам і інш., некат. каляровыя металы (медзь, алюміній, тытан, цырконій) і іх сплавы. Найб. Х.ў.м. з’яўляюцца высакародныя металы. Сярод неарган. Х.ў.м. адрозніваюць прыродныя (базальт, граніты, даламіт, мармур, вапняк, кварцыты) і штучныя (сіталы тэхн., борасілікатнае і кварцавае шкло, эмалі, кераміка). Да Х.ў.м. арган.паходжання належаць прыродныя матэрыялы (драўніна, бітумы, асфальт) і сінтэтычныя (пластмасы. гума, графітапласты і інш.). Кампазіцыйныя Х.ў.м. маюць напаўняльнікі з неарган. рэчываў і сувязныя з арган. Х.ў.м.; вызначаюцца высокімі мех. трываласцю, цеплаўстойлівасцю, нізкай цеплаправоднасцю.