МО́САР,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. За 20 км на ПнЗ ад г. і чыг. станцыі Глыбокае, 220 км ад Віцебска. 489 ж., 224 двары (1999).
Ільнозавод, базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мосарскі касцёл Ганны (1792). За 1,5 км на ПнЗ ад вёскі курганны могільнік.
Вядома з 16 ст. як мястэчка. У 16—19 ст. М. валодалі Зяновічы, Валовічы, Далмат-Ісайкоўскія, Млечкі, Бжастоўскія. Апошнія пабудавалі ў 1775—90 у М. палац (не захаваўся), у 1792 — парафіяльны касцёл св. Ганны. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі. З 1872 дзейнічала нар. вучылішча. З канца 19 ст. М. — уладанне Пілсудскіх. У 1885 у маёнтку М. 558 ж., у вёсцы М. 117 ж. З 1921 М. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Дунілавіцкага раёна, з 20.1.1960 — Глыбоцкага раёна, з 1960 ва Удзелаўскім с/с.
І.У.Бунто.
т. 10, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1659 Адбылася ў г. Мсціслаў у студз. — крас. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мэтай рус. войск было падаўленне гараджан і ўзбр. атрадаў палк. І.Рытара, ротмістра А.Сутоцкага, казацкага сотніка Гермы, «стражніка шляхты» В.Крываноса, паручніка Зімніцкага, якія здрадзілі прысязе на вернасць цару. Абаронцаў Мсціслава было больш за 3 тыс. чал. (шляхта, конныя і пешыя казакі), 300 укр. казакоў, якіх прыслаў на дапамогу гетман І.Выгоўскі. З 5.2.1659 рас. войскі на чале з кн. І.Лабанавым-Растоўскім пачалі аблогу Мсціслава. Нягледзячы на настойлівыя прыступы, горад выстаяў. У сак. на дапамогу асаджаным прыйшлі казакі І.Нячая, атрад брата Выгоўскага Самойлы і палк. Аскірка «са многими людьми». 21 сак. яны атакавалі рус. войска, але беспаспяхова. Больш чым двухмесячная блакада падарвала сілы абаронцаў. У пач. крас. 1659, паводле заявы Лабанава-Растоўскага, «полковник Рытар и шляхта и казаки и всяких чинов жилецкие люди ему великому государю добили челом и город Мстиславль сдали».
В.І.Мялешка.
т. 10, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ ГО́РАДА О́РШЫ.
Засн. ў 1989 у г. Орша Віцебскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 170 м², 5,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Мае раздзелы: горад старажытны, у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Орша ў 20 ст. Сярод экспанатаў кераміка, вырабы з косці, шкла, жалеза, ювелірныя вырабы з археал. раскопак аршанскіх стаянак і гарадзішча, Куцеінскага манастыра, макет Аршанскага замка, зброя з месца Аршанскай бітвы 1514, старадрукі 17—19 ст., матэрыялы пра дзейнасць арг-цый РСДРП, эсэраў, сацыяліст. будаўніцтва, паліт. рэпрэсіі 1930-х г., аднаўленне гаспадаркі ў вызваленым ад ням.-фаш. захопнікаў горадзе, пра ўраджэнцаў Аршаншчыны Герояў Сав. Саюза А.Д.Салянікава, М.Д.Сіяніна, пісьменніка У.Караткевіча і інш. Матэрыялы пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху ў раёне ў часы Вял. Айч. вайны экспануюцца ў гар. музеі К.С.Заслонава. У выставачнай зале праводзяцца выстаўкі твораў мастакоў, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Пад адкрытым небам размешчана экспазіцыя «Культавыя камяні Аршаншчыны».
В.П.Лютынскі.
т. 11, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ БЫ́ХАЎ,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад г. Быхаў, 73 км ад Магілёва, 24 км ад чыг. ст. Тошчыца. 622 ж., 245 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Новы Быхаў.
У канцы 16 ст. мястэчка Магілёўскага пав. ВКЛ, пабудаваны кальвінскі збор. У розны час належала Хадкевічам, Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 занята войскамі гетмана І.Залатарэнкі. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1886 — цэнтр воласці Быхаўскага пав. Магілёўскай губ.: 1298 ж., 166 двароў, школа, валасное праўленне, 2 царквы, 2 яўр. малітоўныя дамы, 3 млыны, корчмы. З 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў лют. 1944 часткова спалілі вёску.
т. 11, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЎГАРАД-СЕ́ВЕРСКІ,
горад на Украіне ў Чарнігаўскай вобл. Прыстань на р. Дзясна. 15,6 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя. Пенькаапр., буд. матэрыялаў, асфальтавы, сыраробны з-ды, ткацкая ф-ка. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці.
Узнік у 1044 як стараж. паселішча севяран. У 1068 і 1080 разбураны полаўцамі. З 1096 сталіца Северскага княства. Паход ноўгарад-северскага князя Ігара Святаславіча на полаўцаў (1185) апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». Пасля разбурэння мангола-татарамі (1239) страціў б. значэнне. У 13—1-й пал. 14 ст. ў складзе Бранскага княства. У 2-й пал. 14—15 ст. ўваходзіў у ВКЛ. З 1503 належаў Рас. дзяржаве. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Рэчы Паспалітай. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 замацаваны за Расіяй. З 1782 цэнтр Ноўгарад-Северскага намесніцтва, з 1797 пав. горад Маларасійскай, з 1802 — Чарнігаўскай губ. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (крас.—снеж. 1918). У Вял. Айч. вайну моцна пацярпеў у час ням.-фаш. акупацыі (1941—43).
т. 11, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬШТЫН (Olsztyn),
горад на Пн Польшчы, у Вармінска-Мазурскім ваяводстве. Каля 180 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: шынная, харч., мэблевая, машынабудаўнічая. Арх. помнікі 14—16 ст. Паблізу, на Пд ад О. — месца Грунвальдскай бітвы 1410.
Узнік вакол паселішча каля замка Вармінскай капітулы, згадваецца з 1348. У 1353 атрымаў гар. права (ням. назва Аленштайн). У 1440—54 уваходзіў у Прускі саюз (аб’ядноўваў апазіцыйныя Тэўтонскаму ордэну гарады). У 1454 разам з Вармінскім біскупствам далучаны да Польшчы. У 1516—19 адміністратарам уладанняў капітулы быў М.Капернік, які ў 1521 у час польска-крыжацкай вайны кіраваў абаронай замка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. у складзе Прусіі. У канцы 19 ст. пачалася германізацыя насельніцтва. Па выніках плебісцыту 1920 горад застаўся ў межах Германіі. Пасля ўсталявання фаш. дыктатуры А.Гітлера ў О. пачалася новая хваля германізацыі і дэпартацыі польскага насельніцтва. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны. Вызвалены 22.1.1945, увайшоў у склад Польшчы. У 1946—99 цэнтр Альштынскага ваяводства.
т. 11, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСКА́РБІ,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст. 1) П. земскі (у 17—18 ст. П. вялікі літоўскі) першапачаткова захоўваў скарб ВКЛ, выконваў фін., гасп., а таксама судовыя і дыпламат. даручэнні вял. князя і Рады ВКЛ. З 1520 адначасова і пісар. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. набыў самаст. распарадча-выканаўчыя функцыі, вёў улік крыніц дзярж. даходаў, збіраў і распараджаўся дзярж. даходамі, адказваў за чаканку манеты, прызначаў мытнікаў і зборшчыкаў розных плацяжоў і падаткаў, праводзіў рэвізіі. З 1569 з’яўляўся членам Сената Рэчы Паспалітай.
2) П. дворны (у 17—18 ст. П. надворны літоўскі) быў спачатку намеснікам П. земскага. З вылучэннем сталовых маёнткаў у 1588 іх фінансавы і эканам. кіраўнік.
3) П. трокскі (скарбовы) у 16 ст. быў памочнікам П. земскага, хавальнікам аддзялення скарбу, якое знаходзілася ў г. Трокі. Свае П. меліся таксама ў прыватных асоб ВКЛ, напр., у віленскага кашталяна, гетмана ВКЛ К.І.Астрожскага, віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ М.М.Радзівіла і інш.
А.І.Груша.
т. 11, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХАВА́ЛЬНЯ,
мемарыяльнае арх. збудаванне для пахавання цела нябожчыка. Звычайна П. ставяць асобна, маюць уваход у сярэдзіну — склеп, радзей убудоўваюць у нефы ці крыпты культавых збудаванняў. Вызначаюцца разнастайнасцю кампазіцый (мастабы, грабніцы, піраміды, маўзалеі, калумбарыі, пантэоны, саркафагі), манументальнасцю, трываласцю буд. матэрыялаў. Розныя віды П. вядомы з глыбокай старажытнасці. На Беларусі пашыраны ў 18 — пач. 20 ст., часта ўключаліся ў ансамблі палацаў і сядзіб. У архітэктуры П. адлюстраваліся асн. маст. стылі: барока — у Троіцкім касцёле в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. (у 1938—87 тут знаходзілася пахавальня апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага), псеўдарус. стыль — фамільная П. Паскевічаў у комплексе Гомельскай капліцы, мадэрн — Мірская капліца, (П. кн. Святаполк-Мірскіх), несапраўдная готыка — капліца-П. ў в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. і інш. У сучаснай архітэктуры П. ствараюць як мемар. помнікі дзярж. і грамадскім дзеячам, героям ваен. часу (напр., некропаль-калумбарый у мемар. комплексе Брэсцкая крэпасць-герой).
А.М.Кулагін.
т. 12, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1611,
атрады рас. дваран, земскіх людзей і казакоў, створаныя для барацьбы з рэшткамі войск Ілжэдзмітрыя II і польска-літоўскімі інтэрвентамі, якія занялі Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Збор апалчэння ўзначаліў П.Ляпуноў. У сак. 1611 апалчэнцы (20—30 тыс. чал.) падышлі да Масквы і аблажылі горад. Аднак польска-літ. гарнізон (6 тыс. чал., паводле інш. звестак да 10—12 тыс.) вытрымаў 4-месячную аблогу. Пасля таго як П.Ляпуноў быў забіты, рэшткі створанага ім апалчэння ў жн. 1611 увайшлі ў 2-е апалчэнне К.Мініна і Дз.Пажарскага, якое ў 1612 вызваліла Маскву ад польска-літоўскіх інтэрвентаў.
Літ.:
Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве XVI—XVII вв. М., 1937;
Костомаров Н.И. Повесть об освобождении Москвы от поляков в 1612 г. и избрание царя Михаила // Костомаров Н.И. Земские соборы. М., 1995;
Радзинский Э.С. Лжедмитрий // Соч.: В 7 т. М., 1999. Т. 5, ч. 2.
т. 12, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. і адкрыты ў 1926 у г. Полацк у будынку Полацкага Сафійскага сабора, з 1937 у памяшканні б. лютэранскай кірхі 19 ст. Музей зберагаў стараж. рукапісы, калекцыю зброі, выданні 16—18 ст., слуцкія паясы і інш. У Вял. Айч. вайну калекцыя разрабавана. У 1948 музей аднавіў работу як абл. краязнаўчы, з 1954 раённы, з 1985 філіял Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Пл. экспазіцыі каля 550 м², 869 экспанатаў асн. фонду (2000). У экспазіцыі знаходкі з археал. помнікаў Полаччыны (крамянёвыя і каменныя прылады працы, керамічны посуд, шыйная грыўні, жаночыя ўпрыгожанні, манеты ВКЛ і Рэчы Паспалітай, бурштынавыя вырабы з Прыбалтыкі, візантыйскія рэчы са смальты і інш.), зброя і адзенне часоў вайны 1812, матэрыялы пра падзеі часоў грамадз. вайны. Этнагр. матэрыялы прадстаўлены экспазіцыяй «Куток бел. хаты канца 19 — пач. 20 ст.», нар. вырабамі ткацтва, ганчарства, пляцення і дрэваапрацоўкі. З 1997 працуе стацыянарная выстаўка, прысвечаная гораду-пабраціму Фрыдрыхсгафену (Германія). Самастойны раздзел экспазіцыі — Полацкі музей баявой славы.
В.Д.Краско.
т. 12, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)