помнік драўлянага дойлідства канца 18 ст. Пабудавана ў гіст. раёне Гомеля на беразе р. Сож. Раней тут быў храм старавераў пад назвай Спасаў. Пасля на яго месцы пабудавана драўляная Ільінская царква, у 1794 перабудавана. Побач з ёй існаваў мужчынскі і жан. скіт старавераў. У 1850 скіт і царква закрыты; абразы і рэдкія кнігі перададзены ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. З 1852 царква зноў дзейнічае, у 1853 пры ёй засн. аднаверскі прыход. Будынак царквы складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефа і бабінца прамавугольныя ў плане, алтарнай апсіды — 5-гранны. Над бабінцам надбудавана шмат’ярусная вежа-званіца (васьмярык на чацверыку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р 1449,
пагадненне паміж вял. князем ВКЛ Казімірам і вял. князем маскоўскім Васілём II Цёмным. Паводле дагавора Казімір абяцаў не падтрымліваць прэтэндэнта на маск. прастол Дзмітрыя Шамяку, не ўмешвацца ў міжусобную вайну ў Маскоўскай дзяржаве, не прэтэндаваць на Ноўгарад і Пскоў, нават калі тыя будуць «се... давати» Казіміру, і не ўдзельнічаць у магчымых сутыкненнях Ноўгарада і Пскова з Лівонскім ордэнам. Васіль II адмовіўся ад некат. наўгародскіх валасцей і прызнаў за разанскім вял.кн. Іванам Фёдаравічам права пераходу на службу да Казіміра. Дагаворам удакладнены межы паміж Маск. княствам і ВКЛ і фактычна спынена тэр. экспансія ВКЛ на У. Вынікам дагавора быў працяглы (да канца 15 ст.) мір паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКЕМБРЫ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
працэсы ўтварэння найстаражытнейшых складкавых сістэм зямной кары на працягу дакембрыю. Шматразова адбывалася з рознай інтэнсіўнасцю ў выглядзе спалучэння складкавых, насоўных і разломавых дэфармацый горных парод і іх метамарфізму. Эпохі Д.с. вызначаюцца па зменах структурнага плана комплексаў парод, метамарфізаваных у рознай ступені. Пад уплывам Д.с. да канца ранняга пратэразою сфарміравалася асн. частка кантынентальнай кары сучасных мацерыкоў. Найб. познія эпохі Д.с. праяўляліся на стараж. платформах у выглядзе расколвання, частковага ператварэння кары і лакальнага магматызму. Узрост эпох Д.с. вызначаецца радыелагічнымі метадамі. Найб. значныя эпохі Д.с.: саамская (3,7—3,5 млрд. гадоў), кольская (каля 3 млрд.), беламорская (2,8—2,6 млрд.), карэльская (1,7—1,6 млрд.), грэнвільская (каля 1 млрд.) і байкальская (680—480 млн. гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́НАВІЧ ((Домановић) Радоэ) (4.2.1873, Оўсіштэ, каля г. Крагуевац, Сербія — 4.8.1908),
сербскі пісьменнік. Скончыў Белградскі ун-т (1894). За выступленне супраць абсалютызму дынастыі Абрэнавічаў зазнаў ганенні. Раннім аповесцям і апавяданням Д. ўласціва ўвага да побыту жыцця тагачасных горада і вёскі («Дзень нараджэння», «Сны і ява», «На раздарожжы» і інш.). З канца 1890-х г. — пачынальнік сербскай сатыры, стваральнік жанру алегарычна-сатыр. прозы: апавяданні «Не разумею!» (1898), «Кляймо» (1899), «Каралевіч Марка другі раз між сербаў» (1901), аповесць «Страдыя» (1902) і інш. Творы Д. на бел. мову перакладаў І.Чарота.
Тв.:
Бел.пер. — Сны і ява. Сербская ініцыятыва. Бессардэчныя людзі // Далягляды. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ТЫ (франц. dynamite ад грэч. dynamis сіла),
сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы, якія маюць больш за 15% нітрагліцэрыны. Іх шчыльнасць, пластычнасць, устойлівасць да ўздзеяння вады, таксама адчувальнасць да мех. уздзеянняў (трэнне, удары) узрастаюць з павелічэннем колькасці нітрагліцэрыны ў сумесі.
Адрозніваюць гурдынаміты (вынайдзены А.Нобелем, 1867), у якіх нітрагліцэрына змяшана з інертным парашкападобным напаўняльнікам (напр., кізельгурам, талькам), і больш устойлівыя жэлаціндынаміты, дзе нітрагліцэрына жэлацінавана калаксілінам (гл.Нітраты цэлюлозы), напр., грымучы студзень (раствор 7—8% калаксіліну ў нітрагліцэрыне) — найб. магутны жэлаціндынаміт. З канца 19 ст. выкарыстоўвалі для многіх відаў узрыўных работ. Зараз карыстаюцца больш бяспечнымі выбуховымі рэчывамі (напр., аманіткі. дынамоны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Ад крыты ў 1966 у г. Ельск Гомельскай вобл. як музей нар. славы, з 1976 краязнаўчы. Пл. экспазіцыі 103 м², каля 3 тыс. адзінак асн. фонду (1997). Сярод экспанатаў дакументы і матэрыялы пра падзеі рэвалюцыі 1905—09, грамадз. вайны 1919—21, этнагр. калекцыі, прадметы побыту сялян канца 19 — пач. 20 ст., нар. касцюмы, посцілкі, карціны самадз. мастака М.Засінца. У экспазіцыі, прысвечанай Вял.Айч. вайне, матэрыялы пра абарончыя баі ў раёне, дзейнасць Ельскага патрыятычнага падполля, Ельскую аперацыю 1943, пра партызана славака Я.Налепку, пра злачынствы фашыстаў на тэр. раёна, карта-схема вызвалення Ельска ад ням.-фаш. захопнікаў. Адлюстравана аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі і культуры ў пасляваен. перыяд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства Полацкай зямлі. Цэнтр — г. Ізяслаў (цяпер г.Заслаўе). У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца як княства пад 1127 у час княжання Брачыслава. У канцы 1150-х г. княства — аб’ект барацьбы за валоданне ім мінскіх князёў і нашчадкаў Брачыслава, якіх падтрымліваў полацкі кн.Рагвалод Барысавіч. З 1160 у складзе Мінскай зямлі, з канца 13 ст. ў складзе ВКЛ: з 1345 належала Яўнуту, потым яго нашчадкам — князям Заслаўскім. У выніку падзелу паміж нашчадкамі і продажу часткі яго тэрыторыі княства значна паменшала. У гіст. л-ры ёсць меркаванне пра існаванне ў 12 ст. Ізяслаўска-Лагожскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
палітычная арг-цыя ў Ірландыі ў канцы 1846—48. Створана радыкальна настроенай групоўкай т-ва«Маладая Ірландыя» пасля яе разрыву з Асацыяцыяй рыпілераў. Да канца 1847 налічвала каля 11 тыс.чл., да лета 1848 павялічылася (толькі ў Дубліне 40 клубаў аб’ядноўвалі больш за 12 тыс.чал.). Выступала за вызваленне Ірландыі ад англ. панавання, устанаўленне дэмакр. рэспублікі, знішчэнне сістэмы лендлардызму, перадачу зямлі сялянам. У 1848 пад уплывам рэвалюцый у Еўропе і чартызму ў Англіі адкрыта рыхтавала ўзбр. нац.вызв. паўстанне. Спыніла дзейнасць пасля арышту брыт. ўладамі кіраўніцтва арг-цыі (Дж.Мітчэла, Дж.Ф.Лалара і інш.) і разгрому разрозненых паўстанцаў у гарадах Карык, Уэксфілд, Лімерык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́НДСКАЯ МО́ВА,
адна з зах сканд. моў (адносіцца да сканд. моў — паўн. падгрупы германскіх моў). Пашырана ў Ісландыі (афіц. мова), а таксама ў Канадзе і ЗША. Дыялектных адрозненняў амаль няма. У 12—13 ст. фаналагічная сістэма амаль не адрознівалася ад фаналагічнай сістэмы нарвежскай мовы. З таго часу ў І.м. адбыліся значныя фанет. змены (страта насавых галосных, дыфтангізацыя доўгіх галосных, прысутнасць толькі глухіх узрыўных і інш.). У лексіцы мала запазычанняў, новыя паняцці атрымліваюць уласна ісландскае абазначэнне. Пісьменнасць з канца 12 — пач. 13 ст. на лац. аснове. Найб.стараж. помнікі датуюцца 2-й пал. 12 ст., першыя друкаваныя кнігі з’явіліся ў 16 ст.
Літ.:
Стеблин-Каменский М.И. Древнеисландский язык. М., 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЯЧЫ́НСКІ (Мацей) (канец 1520-х г. — 1-я пал. 1572),
бел. кнігавыдавец, перакладчык, рэфармацыйны дзеяч. У 1540-я г. вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це, з канца 1550-х г. жыў на Беларусі. Нясвіжскі намеснік М.Радзівіла Чорнага. Засн. порт на р. Узда, паперню ў Нясвіжы. Удзельнічаў у кальвінісцкім, пазней у арыянскім руху на Беларусі, у Літве і Польшчы. У 1561—62 з С.Будным і Л.Крышкоўскім засн.Нясвіжскую друкарню, у якой у 1562 надрукаваны першыя на Беларусі выданні на бел. мове — «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад богам» Буднага. Аўтар прадмоў да некат. нясвіжскіх выданняў. Пасля смерці К. маёмасць перайшла яго братам, друкарню купіў Я.Кішка.