АПАМІ́КСІС (ад апа... + грэч. mixis змяшэнне),

спосаб бясполага размнажэння раслін і жывёл; утварэнне зародка без апладнення. Бывае пастаянны, спадчынны, або выпадковы, няспадчынны. Яго можна выклікаць эксперыментальна — фіз.-хім. ўздзеяннямі (індуцыраваны апаміксіс). Пры апаміксісе зародак можа ўтварацца з неаплодненай яйцаклеткі (партэнагенез), з клетак зарастка або зародкавага мяшка (апагамія), з клетак спарафіта (апаспарыя), з саматычных клетак семязавязі — нуцэлуса, інтэгументаў (адвентыўная эмбрыянія). Апаміксіс ў форме партэнагенезу вядомы ў чарвей, насякомых, рыб, паўзуноў. Розныя формы апаміксісу выяўлены амаль ва ўсіх групах расліннага свету. Выкарыстоўваюць у селекцыі, напр. для спадчыннага замацавання гетэрозісу.

т. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАНЖЫРО́ЎКА (франц. arranger літар. прыводзіць у парадак),

1) пералажэнне муз. твора для інш. складу выканаўцаў або для выканання на іншым, чым прадугледжана арыгіналам, інструменце (інструментах). Існуюць пералажэнні опер, сімфоній, камерных ансамбляў для фартэпіяна, радзей вакальных і інстр. твораў для аркестра.

2) Палегчанае пералажэнне муз. твора для выканання на тым самым інструменце.

3) У джазавай музыцы аранжыроўка, як правіла, элемент імправізацыі. Пад аранжыроўку для аркестра разумеюць апрацоўку муз. тэматызму, зафіксаваную ў нотным тэксце. Для невял. ансамбляў характэрна «вусная» аранжыроўка, без нотнага запісу, заснаваная на імгненнай каардынацыі намаганняў асобных выканаўцаў.

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБАКА́Н (франц.),

падковападобная ў плане прысадзістая вежа без даху перад уваходнай брамай і звязаная з ёю функцыянальна і канструкцыйна; элемент абарончай сістэмы сярэдневяковага замка ці гар. фартыфікацыі. Прызначаўся для дадатковага мацавання і абароны гал. ўезду. Прылягаў да брамы або размяшчаўся асобна і злучаўся з ёю сценамі праходу («шыяй»). Пры значных памерах меў уласную сістэму абароны, якая складалася з брамы, пад’ёмнага моста, размешчанага перад барбаканам або ўнутры яго, некалькіх ярусаў баёў (спец. памяшканняў з байніцамі). Некаторыя барбаканы завяршаліся зубцамі. На Беларусі вядомы ў Мірскім замку.

Барбакан.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ДАВАЧНІК (Phacochoerus aethiopicus),

млекакормячая парнакапытная жывёла сям. свіных. Адзіны від у родзе. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, рэдкалессі, кустовых, прыбярэжных зарасніках на раўнінах і ў гарах.

Даўж. цела без хваста 1,5—1,9 м, выш. ў плячах 65—85 см, маса 50—150 кг. Цела ўкрытае рэдкім шчаціннем. У самцоў па баках галавы бародаўчатыя скурныя нарасты (адсюль назва). У верхняй сківіцы вял. іклы, якія загінаюцца ўверх. Дзённая ўсёедная жывёла, начуе ў норах; нараджае 3—4 парасят. Аб’ект промыслу (мяса, шкура).

Бародавачнік.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОКАНЕРВО́ВЫЯ (Amphineura),

падтып найб. прымітыўных марскіх малюскаў. 2 класы: панцырныя малюскі і баразнаватабрухія (бяспанцырныя), па інш. сістэме і 3-і клас. — каўдафавеаты. Вядомыя з ранняга кембрыю. Каля 100 вымерлых і 1300 сучасных відаў. Жывуць ва ўсіх краявых морах і акіянах.

Цела (даўж. ад некалькіх міліметраў да 35 см) двухбаковасіметрычнае. Кутыкула мантыі ўкрыта вапняковымі лускавінкамі (спікуламі). У большасці на спінным баку цела рухома сучлененая ракавіна. Галава без вачэй і шчупальцаў. Нерв. сістэма з дзвюх пар падоўжаных ствалоў. Крывяносная сістэма незамкнёная. Апладненне вонкавае, развіццё праз стадыю плаваючай лічынкі.

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РТНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць нормаў права, якія рэгулявалі функцыянаванне бортніцтва на Беларусі з глыбокай старажытнасці да канца 18 ст. Спачатку бортнае права было вуснае, усе віды яго парушэння разглядаліся копным судом. Асн. яго нормы без істотнай юрыд. трансфармацыі ўвайшлі поруч з афіц. прававымі актамі, што рэгулявалі бортніцтва, у Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Пры вызначэнні меры пакарання прадугледжваўся дыферэнцыраваны падыход: ненаўмыснае пашкоджанне бортнае дрэва каралася штрафам у 2 капы (120) грошай, наўмыснае — у 5-разовым памеры; злоўленых на месцы злачынства за крадзяжом мёду маглі прысудзіць і да смяротнай кары.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНТАВА́Я ЛІ́НІЯ,

прасторавая крывая, якая апісваецца пунктам, што абарочваецца з пастаяннай вуглавой скорасцю вакол нерухомай восі і адначасова рухаецца паступальна ўздоўж гэтай жа восі з пастаяннай скорасцю. Бывае цыліндрычная (размяшчаецца на паверхні круглага цыліндра) і канічная (размяшчаецца на паверхні круглага конуса). Вінтавая лінія перасякае ўсе ўтваральныя цыліндра (конуса) пад аднолькавым вуглом. Уласцівасць вінтавой лініі перамяшчацца па самой сабе без змены формы выкарыстоўваецца ў тэхніцы для стварэння рознага роду вінтоў.

Вінтавая лінія: 1 — цыліндрычная, 2 — канічная (OO′ — нерухомая вось; M — пункт, пры дапамозе якога ўтвараецца вінтавая лінія).

т. 4, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГЕБРАІ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

ураўненне выгляду P(x, y, ..., z)=0, дзе P(x, y, ..., z) — мнагасклад n-ай ступені (n≥0) ад адной або некалькіх пераменных. Калі пераменная адна, то лік а, які ператварае алгебраічнае ўраўненне ў тоеснасць, наз. коранем ураўнення і мнагасклад дзеліцца на (x-a) без рэшты (тэарэма Безу). У алгебраічна замкнёным полі (гл. Алгебраічны лік) кожны мнагасклад P(x) ступені n мае роўна n каранёў (у т. л. кратных). Н.Абель паказаў (1824), што пры n≥5 карані некаторых ураўненняў P(x)=0 нельга запісаць праз радыкалы.

В.​І.​Бернік.

т. 1, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІТО́З (ад а... + мітоз),

прамое дзяленне ядра, адзін са спосабаў дзялення клеткі. Упершыню апісаў ням. біёлаг Р.​Рэмак (1841); тэрмін прапанаваў ням. гістолаг В.​Флемінг (1882). Адбываецца праз падзел ядзерца з наступнай перацяжкай усяго цела ядра без утварэння храмасом і ахрамацінавага верацяна. Пры амітозе, у адрозненне ад мітозу, не забяспечваецца раўнамернае размеркаванне генет. матэрыялу кожнай храмасомы паміж дзвюма даччынымі клеткамі. Часам пры дзяленні ядра ў ходзе амітозу ўтвараюцца мнагаядзерныя клеткі. Амітоз уласцівы некаторым прасцейшым, а таксама клеткам спец. тканак (напр., храстковай, злучальнай) і паталагічных разрастанняў, у прыватнасці пухлінных.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫ ГРУНТ,

зямельныя ўчасткі без укрыццяў для вырошчвання агародніны або дэкар. раслін. У адкрытым грунце насенне холадаўстойлівых раслін (з сям. парасонавых, крыжакветных, а таксама буракоў, салаты, шпінату, гароху) высяваюць ранняй вясной, як толькі паспее глеба, пры сярэднясутачнай т-ры 1—5 °C, насенне цеплалюбівых раслін (з сям. гарбузовых, паслёнавых, а таксама фасолі, кукурузы) — пры т-ры 10—15 °C; расаду высаджваюць пры сярэднясутачнай т-ры адпаведна 5—10 і 15 °C, пасля заканчэння веснавых замаразкаў. На Беларусі ў адкрытым грунце вырошчваюць каля 98% агародніны і кветак. Гл. таксама Ахаваны грунт.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)