род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 370 відаў. Пашыраны ў горных краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі: частка відаў трапляецца на раўнінах умеранага і халоднага паясоў. Растуць у трэшчынах скал і камянёў (адсюль назва). На Беларусі 3 дзікарослыя віды: К. балотны (S. hirculus) — арктабарэальная галарктычная рэліктавая расліна; К. зярністы (S. granulata) — атл.-еўрап. рэліктавая расліна; К. трохпальцы (S. tridactylites) — атл.-еўрап. скальная расліна. К. балотны і зярністы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Каля 10 відаў інтрадукаваны як дэкар. расліны, з іх вырошчваюць К. Арэндса (S. × arendsii), мохападобны (S. hypnoides), дзярністы (S. caespitosa), трохвілаваты (S. trifurcata) і скурысталісты (S. repanda).
Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусцікі з аблісцелымі ці амаль бязлістымі кветаноснымі сцёбламі. Лісце чаргаванае або супраціўнае, рознай формы і памераў, часта сабранае ў разетку. Кветкі звычайна правільныя, 5-пялёсткавыя, у суквеццях (мяцёлках, шчытках і інш.), радзей адзіночныя, рознага колеру, двухполыя. Плод — двухрогая шматнасенная каробачка. Дэкар., лек., харч., кармавыя, меданосныя і пакаёвыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВАТО́РЫЯ (італьян. conservatorio ад лац. conservo захоўваю),
вышэйшая навучальная ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне муз. мастацтва — выканаўцаў (інструменталістаў, вакалістаў, дырыжораў), кампазітараў, музыказнаўцаў.
Першапачаткова К. наз.гар. прытулкі для сірот у Італіі, дзе дзяцей навучалі і музыцы (першая — у Неапалі, 1537). У 18 ст. ў краінах Зах. Еўропы ўзніклі спец.муз. вышэйшыя навуч. ўстановы, у т. л.Муз.ін-т у Парыжы (1793; у 1795 рэарганізаваны ў К. музыкі і дэкламацыі). У 19 ст. К. адкрыты ў многіх буйных гарадах Еўропы і Амерыкі. Многія навуч. ўстановы тыпу К. наз. акадэміямі, вышэйшымі муз. школамі, муз. ін-тамі, каледжамі, ліцэямі і інш. Першыя К. ў Расіі — Маскоўская кансерваторыя, Санкт-Пецярбургская кансерваторыя, пазней адкрыты Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (цяпер — Расійская акадэмія музыкі імя Гнесіных), К. ў Адэсе, Кіеве і інш. У 1932 адкрыта Бел.дзярж. кансерваторыя (з 1992 — Беларуская акадэмія музыкі). З 1956 дзейнічае Асацыяцыя еўрап. акадэмій, кансерваторый і вышэйшых муз. школ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЁН (Acer),
род кветкавых раслін сям. кляновых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляецца дзікарослы від К. вастралісты (A. platanoides). Расце ў дубова-грабавых і ялова-шыракалістых лясах, зрэдку ўтварае кляновыя лясы. З інтрадукаваных найб. вядомыя К.: ілжэплатанавы, або явар (A. pseudoplatanus), татарскі, або чарнаклён (A. tataricum), прырэчны, або Гінала (A. ginnala), чырвоны (A. rubrum), зеленакоры (A. tegmentosum), мона (A. mono), серабрысты, або цукрысты (A. saccharinum).
Лістападныя дрэвы і кусты выш. ад 6—7 да 40 м з раскідзістай густой кронай. Лісце простае, лопасцевае або перыстае, чаранковае, супраціўнае. На працягу вегетацыі змяняе колер ад чырв.-зялёнага праз цёмна-зялёны да чырв.-аранжавага. Кветкі раздзельнаполыя ў шчытках, мяцёлках або гронках. Плод — двухкрылатка. Драўніна з высокімі тэхнал. якасцямі, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі. З соку некат. відаў атрымліваюць кляновы цукар. Меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЎШ (Святаслаў Аляксандравіч) (1917, в. Ілья Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1997),
рэлігійны і грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, пісьменнік. Сын А.Каўша. Скончыў Віленскую бел. гімназію і Віленскі ун-т. Пасвячоны ў дыяканы, быў псаломшчыкам у в. Засулле Стаўбцоўскага р-на. З 1939 завуч сярэдняй школы ў Стаўбцоўскім р-не. У 1941—44 супрацоўнічаў з ням.-фаш.акупац. ўладамі, быў старшынёй павета ў Клецку. З 1944 у Германіі, з 1949 у ЗША. У 1969 пасвячоны ў святары, і да 1977 быў настаяцелем бел. прыхода св. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле (Нью-Йорк), у 1976—86 — прыхода св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). З 1970 чл. епархіяльнай рады Бел.правасл. царквы Паўн.Амерыкі і Канады. У 1976—88 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Пасля 1976 рэдактар час. «Царкоўны сьветач», выдаваў «Беларускі праваслаўны каляндар». Аўтар кнігі балад і прозы «Русалчына балада», аповесці «На дарогах вайны» і інш.
Тв.:
Шляхам аўтакефаліі // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКАРПАРА́ЦЫЯ (ад позналац. incorporatio далучэнне),
1) уключэнне ў свой склад, далучэнне.
2) Прадастаўленне ў адпаведнасці з законам групе асоб статуса юрыд. асобы, карпарацыі.
3) Сістэматызаванне законаў дзяржавы, размяшчэнне іх у вызначаным парадку (храналагічным, алфавітным, па галінах права) без змены зместу законаў.
4) У мовазнаўстве — спосаб сувязі значымых і службовых кампанентаў у адзінае моўнае цэлае, якое знешняй формай нагадвае складанае слова, а зместам — словазлучэнне ці сказ; характэрная рыса інкарпараваных моў. У такіх словах-сказах колькасць кампанентаў абумоўлена зместам выказвання, а парадак размяшчэння кампанентаў выражае ўстойлівыя сінтакс. адносіны паміж імі. Напр., у славесным комплексе мовы хупа (абарыгены Паўн.Амерыкі) te-se-e-ya-te — «Я пайду» цэнтр. лексічны кампанент ya абазначае «ісці», пач. кампанент te мае грамат. значэнне (паказвае. што дзеянне разгортваецца ў пэўнай прасторы), e — займеннік «я», элемент se паказвае, што дзеянне развіваецца, канчатак te выражае будучы час. Значымыя члены такіх славесных комплексаў выконваюць адначасова функцыі слоў і членаў сказа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАНДЭРТА́ЛЬЦЫ (Homo neandertalensis),
палеаантрапы, стараж. людзі, якія жылі ў эпоху палеаліту. Назва ад даліны Неандэрталь у Германіі, дзе ў 1856 упершыню знойдзены рэшткі шкілета гэтага выкапнёвага чалавека. Пазней рэшткі Н. знойдзены ў розных мясцінах Еўропы, Азіі, Афрыкі (акрамя Амерыкі і Аўстраліі). Па аб’ёме мозга Н. займаюць прамежкавае становішча паміж сучасным чалавекам і пітэкантрапам, сінантрапам, атлантрапам і гейдэльбергскім чалавекам. Чэрап Н. вызначаецца нізкім скляпеннем, пакатым ілбом, вял. надвочнымі валікамі і вышынёй твару. Падзяляюцца на больш старажытных, звязаных з ашэльскай культурай, і больш позніх, звязаных з мусцьерскай культурай. Паводле шматлікіх прыкмет раннія Н. маюць большае падабенства да сучасных людзей, чым познія. У Н. фарміравалася абстрактнае мысленне, зараджаліся грамадская свядомасць і мастацтва. Лічаць, што Н. былі першымі людзьмі, якія праніклі на тэр.паўд. і паўд.-ўсх. Беларусі ў сярэднім палеаліце.
Літ.:
Алексеев В.П. Человек: Эволюция и таксономия: некоторые теорет. вопросы. М., 1985;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
Л.І.Цягака.
Неандэрталец (фас і профіль). Рэканструкцыя М.М.Герасімава. 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́ЎНІЦА (Larix),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халоднай і ўмеранай зонах Еўразіі і Паўн.Амерыкі. На Беларусі інтрадукавана 13 відаў. Найб. вядомыя Л.: еўрапейская (L. decidua), сібірская (L. sibirica), японская (L. leptolepis).
Лістападныя аднадомныя дрэвы выш. 30—50 м, дыям. да 1 м. Крона конусападобная. Жывуць да 500 гадоў. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, моцна разгалінаваная, глыбокая. Ігліца мяккая, вузкалінейная, даўж. 2—5 см, на падоўжаных парастках размешчана спіральна, на кароткіх — пучкамі па 20—50 штук, на зіму ападае. Мужчынскія і жаночыя каласкі знаходзяцца на кароткіх парастках. Цвітуць адначасова з распусканнем пупышак. Шышкі даўж. 1—5 см, яйцападобныя. Насенне крылатае. Драўніна трывалая да гніення, выкарыстоўваецца ў падводных збудаваннях (масты, плаціны, прычалы), судна- і машынабудаўніцтве, з яе атрымліваюць жывіцу, дубільныя рэчывы, воцатную к-ту, цэлюлозу і інш.Тэхн. і дэкар. расліны.
А.Д.Антанюк.
Лістоўніца сібірская: 1 — агульны выгляд (восеньская афарбоўка); 2 — галінка з жаночай і мужчынскай шышкамі; 3 — галінка з мужчынскімі шышкамі; 4 — спелая шышка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЦА,
1) від прасцейшай стараж. халоднай зброі ўдарнага або кідальнага дзеяння. Вядома з эпохі палеаліту. Выраблялася з цвёрдых парод дрэў у выглядзе дубіны даўжынёй да 1,2 м, масай да 12 кг. Мела з патоўшчанага канца каменныя, потым метал. (бронза, жалеза) навершы; больш тонкі канец служыў дзяржаннем. П. былі на ўзбраенні стараж. пешых і конных воінаў. Пазней разнавіднасцямі П. сталі булава, пярнач, шастапёр і да т.п., якія служылі таксама сімваламі ўлады начальніцкіх асоб у шэрагу краін (ВКЛ, Польшча, Расія, Турцыя, Украіна і інш.). Разнавіднасцю П. з’яўляюцца некат. ўзоры халоднай зброі ў абарыгенаў Паўд.Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Акіяніі (захавалася да сярэдзіны 20 ст.). З кідальных П. развіўся бумеранг — баявая і паляўнічая зброя ў Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі, Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы, у многіх аўстралійскіх плямён.
2) Ромбападобная парчовая хустка, што носяць на грудзях, частка адзення архімандрытаў і заслужаных святароў.
Драўляная кідальная паліца карэнных жыхароў раёна Дэгрэй-Рывер у Паўночна-Заходняй Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́МІЯ,
высахлы труп чалавека або жывёлы, які натуральным (пры спрыяльных умовах) ці штучным спосабам захаваўся ад гніення. Самы стараж. спосаб муміфікацыі зафіксаваны сярод рыбакоў племя чынчорас, што жылі на ўзбярэжжы Ціхага ак. паміж Іла (Перу) і Антафагастай (Чылі) больш за 6 тыс.г. назад. З 3-га тыс. да н.э. практыка стварэння М. бальзаміраваннем пашырылася ў Стараж. Егіпце, дзе целы нябожчыкаў апрацоўвалі пераважна прыроднай соллю (натронам), а шырокія льняныя палосы, якімі абгортвалі М., прамочвалі камеддзю і смоламі. Лічылася, што захаванне цела — адна з гал. умоў захавання душы. Пахаванні з М. звычайна маюць багаты пахавальны інвентар і даюць каштоўныя матэрыялы аб культуры, мастацтве, рэлігіі і побыце стараж. грамадстваў. Муміфікацыя была пашырана ў краінах Лац.Амерыкі і на Канарскіх а-вах. На Алтаі ў час раскопак Пазырыкскіх курганоў 5—4 ст. да н.э. знойдзены М. У шматлікіх хрысц. цэрквах захоўваюцца натуральныя М., т.зв. мошчы святых.
І.М.Язэпенка.
Галава муміі фараона Рамсеса II (1317—1251 да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛУ́ЦКІ, Паўлоцкі Зміцер Іванавіч (?, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — сак. 1747), расійскі падарожнік бел. паходжання, даследчык Чукоткі. Яго бацька з ліцвінаў, што перайшлі ў рас. падданства. Служыў у войску, капітан. У 1727 узначаліў экспедыцыю (400 казакаў, 10 матросаў) на Камчатку і інш. землі Д. Усходу. Паводле загаду П. судна «Св. Гаўрыіл» пад камандаваннем І.Фёдарава выйшла з Анадыра (на Чукотцы) і 31.8.1732 дасягнула «Вялікай Зямлі» (узбярэжжа сучаснага амер. штата Аляска ў раёне м. Прынца Уэльскага), якую геадэзіст М.С.Гвоздзеў упершыню нанёс на карту. Т.ч. была адкрыта паўн.-зах. ўскраіна Паўн.Амерыкі. П. на чале экспедыцыі (215 казакаў і 220 абарыгенаў) даследаваў Чукотку; прайшоў чукоцкім узбярэжжам Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў ад Чаўнскай губы да Анадыра (2000 вёрст), некалькі разоў перасек увесь край па розных маршрутах. Даў першыя звесткі па геаграфіі, араграфіі, гідраграфіі і этнаграфіі Чукоткі. Загінуў у сутычцы з чукчамі.
Літ.:
Ермоленко В.А. Д.И.Павлуцкий (? — 1747) // Вест. Бел. гос. ун-та. Сер. 2. 1997. № 3.