ТО́НІКА (ад франц. note tonique літар. — танічная нота),
цэнтральны ўстойлівы элемент (устой) танальнасці. гал. ўстойлівы гук сістэмы (у мажоры і міноры I ступень ладу); асн. акорд лада (звычайна мажорнае ці мінорнае трохгучча), які будуецца на гал. устойлівым гуку. Усе інш. элементы лада маюць пэўную функцыю ў залежнасці ад гукавышынных суадносін з Т. — асновай гарманічнага працэсу. Т. дае назву ўсёй сістэме (до мажор, ля мінор). У музыцы 20 ст. Т. можа быць і дысанантны акорд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВА́ЙРЭНМЕНТ (ад англ. environment акружэнне, наваколле),
від сучаснага мастацтва, які спалучае твор і адначасова маст. дзеянне, скіраваныя на арганізацыю прасторы, што дае магчымасць гледачу адчуваць сябе арганічна ўключаным у дзею праз аўдыёвізуальныя, кінетычныя і інш. сродкі ўздзеяння і сувязі. Узнік у ЗША і Еўропе ў 1-й пал. 1960-х г. як вынік развіцця поп-арту і постканструктывізму (Р.Раўшэнберг, К.Олдэнберг, Дж.Сігал і інш.). У бел. мастацтве з’явіўся ў пач. 1990-х г. у творчасці А.Басалыгі, А.Вярэніча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРЭ́ДНЯЯ АДУКА́ЦЫЯ,
узровень адукацыі, які забяспечвае свядомы, актыўны ўдзел чалавека ў жыцці грамадства, садзейнічае яго самаст.прафес. дзейнасці і дае аснову для атрымання вышэйшай адукацыі. Адрозніваюць агульную С.а. і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Мэта агульнай С.а. — станаўленне асобы і яе светапогляду, усведамленне ёю цэласнай карціны свету і свайго месца ў ім, уключаючы выбар жыццёвага шляху. Папярэднічае С.а. дашкольная і пач. школьная адукацыя. Агульную С.а. даюць сярэднія агульнаадукацыйныя школы, гімназіі, ліцэі, некаторыя сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і прафес.-тэхн. вучылішчы. Гл. таксама Адукацыя агульная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕ́ТЫ (ад грэч. gametē жонка, gametēs муж), палавыя клеткі,
рэпрадукцыйныя клеткі жывёл і раслін. Забяспечваюць перадачу спадчыннай інфармацыі ад бацькоў патомкам. Ва ўсіх шматклетачных арганізмаў спелыя гаметы (сперматазоіды і яйцаклеткі) развіваюцца ў палавых залозах — ганадах (мужч. — семянніках і жан. — яечніках). Адрозніваюцца паміж сабой марфалагічнай будовай і паходжаннем. Гаметы аднолькавай велічыні наз. ізагаметамі, неаднолькавай — анізагаметамі, больш вял. — макрагаметамі, дробныя — мікрагаметамі. Гаметы маюць адзінарны (гаплоідны) набор храмасом, які фарміруецца ў працэсе гаметагенезу. Пры зліцці разнаполых гамет утвараецца зігота з дыплоідным наборам храмасом, якая дае пачатак новаму арганізму. Развіццё арганізма з неаплодненай гаметы — партэнагенез.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІМІЗА́ЦЫЯ,
кірунак навукова-тэхн. прагрэсу ў нар. гаспадарцы, які характарызуецца ўкараненнем хім. матэрыялаў і метадаў апрацоўкі ў вытв-сць і побыт. Дае магчымасць павышаць эфектыўнасць вытв-сці, удасканальваць тэхналогію, паляпшаць якасць прадукцыі, эканоміць прыродную сыравіну і інш. Матэрыяльная база Х. — хімічная прамысловасць. Найб. інтэнсіўна ідзе ў прам-сці і буд-ве (выкарыстанне пластмас і сінт. смол, хім. ваклонаў, лакаў, фарбаў і інш.) сельскай і лясной гаспадарцы (гл.Хімізацыя сельскай гаспадаркі). Парушэнні правіл транспарціроўкі. захоўвання і выкарыстання хім. сродкаў вядуць да хімічнага забруджвання навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКО́ВАЯ НЕМАТО́ДА (Heterodera schachtii),
паразітычны круглы чарвяк сям. Heteroderidae, які пашкоджвае карані буракоў і інш. раслін з сям. капуставых і лебядовых (капуста, турнэпс, радыска, рыжак, шпінат). Пашырана ва ўсіх раёнах буракасеяння; на Беларусі найб. шкодная ў Брэсцкай і Мінскай абласцях.
Вясной лічынкі пранікаюць у карані раслін, праходзяць стадыі развіцця, ператвараюцца ў самак і самцоў. За вегетац. перыяд бураковая нематода дае 1 пакаленне. У пашкоджаных раслін утвараецца густая сетка дробных каранёў (барадатасць), лісце жаўцее і робіцца кучаравае, караняплоды буракоў дробныя, з паніжанай цукрыстасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СФЕРЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраметрыі, які распрацоўвае матэм. метады вызначэння сапраўднага становішча і руху нябесных свяціл у касм. прасторы паводле іх бачных становішчаў і перамяшчэнняў на нябеснай сферы. Матэм. апарат С.а. — сферычная трыганаметрыя, асн. паняцце — нябесная сфера. Устанаўлівае сістэму нябесных каардынат, вызначае асн. элементы нябеснай сферы, распрацоўвае метады ўліку заканамерных змен нябесных каардынат у выніку прэцэсіі, нутацыі, рэфракцыі і аберацыі свята, паралактычных зрушэнняў, а таксама тэорыю вызначэння дакладнага часу. Дае магчымасць рашаць задачы практычнай астраноміі. вызначаць час і азімуты ўсходу і захаду Сонца, Месяца, зорак, геагр. каардынаты месца назірання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЯКСІЛА́ТНЫ ЦЫКЛ,
цыклічны ферментатыўны працэс, які прадстаўляе мадыфікацыю трыкарбонавых кіслот цыкла (ТКЦ). Дае магчымасць жывым клеткам пераўтвараць тлушчы ў вугляводы. Актыўна функцыянуе ў некат. бактэрый, водарасцей і ў асобных тканках насення вышэйшых раслін пры яго прарастанні. У жывёльных клетках гліяксілатны цыкл адсутнічае і яны не пераўтвараюць тлушчы ў вугляводы. У гліяксілатным цыкле не адбываецца акіслення ацэтыльных астаткаў (вынік β-акіслення тлушчакіслотных рэшткаў запасных тлушчаў) да CO2 (як у ТКЦ), а ўтвараецца сукцынат, які потым выкарыстоўваецца ў працэсах біясінтэзу глюкозы. У адрозненне ад ТКЦ у гліяксілатным цыкле адбываецца расшчапленне ізацытрату з утварэннем гліяксілату і сукцынату і гліяксілат рэагуе з 2-й малекулай ацэтыл-KoA з утварэннем L-малату. У бактэрый ферменты гліяксілатнага цыклу і ТКЦ знаходзяцца ў адным кампартменце і гліяксілатны цыкл нагадвае шунт рэакцый дэкарбаксіліравання ТКЦ. У тканках вышэйшых раслін ферменты гліяксілатнага цыклу лакалізаваны ў асобных арганелах — гліяксісомах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАЛА́ЎР (лац. baccalaureus літар. васальны землеўладальнік),
першая вучоная ступень у большасці краін. Прысвойваецца пасля заканчэння 4-гадовага навучання першага ўзроўню, паспяховай здачы дзярж. экзаменаў і абароны выпускной работы (бакалаўр навук, бакалаўр эканомікі). У сярэдневяковых ун-тах Зах. Еўропы надавалася студэнтам пасля завяршэння першага этапу адукацыі. У Расіі некаторы час бакалаўрамі называлі выкладчыкаў духоўных акадэмій; у канцы 18 ст. гэтае званне атрымлівалі выпускнікі Настаўніцкага ін-та пры Маскоўскім ун-це. У Францыі (з 1808) надаецца пасля заканчэння поўнай сярэдняй школы і дае права паступлення ва ун-т. Дыплом бакалаўра звычайна эквівалентны дыплому, які атрымліваюць выпускнікі бел.ВНУ з 4-гадовым тэрмінам навучання пасля здачы дзярж. экзаменаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНАХО́ДНІЦТВА,
творчы працэс, які прыводзіць да новага вырашэння задачы ў любой галіне тэхнікі, культуры, аховы здароўя, абароны і дае станоўчы эфект. Вынаходніцкае права Рэспублікі Беларусь забяспечвае спрыяльныя ўмовы для развіцця масавага В., непасрэднага ўдзелу ў тэхнал. прагрэсе і ўдасканаленні вытв-сці. Шляхам матэрыяльнай і маральнай падтрымкі, наданнем пэўных ільгот дзяржава заахвочвае вынаходнікаў і рацыяналізатараў вытв-сці. У 1932 на 1-м Усебел. з’ездзе вынаходнікаў арганізацыйна аформлена т-ва вынаходнікаў Беларусі. З 1956 дзейнічаў Камітэт па справах вынаходстваў і адкрыццяў СМСССР, з 1958 — Бел.рэсп. савет Усесаюзнага т-ва вынаходнікаў і рацыяналізатараў, з 1990 — Бел.т-ва вынаходнікаў і рацыяналізатараў.