ІНВЕ́РСІЯ ў фізіцы — нераўнаважны стан рэчыва, у якім заселенасць верхніх узроўняў энергіі большая за заселенасць ніжніх. Стварэнне І. ў актыўных асяроддзях — неабходная ўмова работы квантавых генератараў.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЛІПУ́Т, карлік,

чалавек вельмі маленькага росту. Тэрмін запазычаны з рамана Дж.​Свіфта «Падарожжа Гулівера» (1726), у якім апісана фантастычная краіна, населеная маленькімі людзьмі. Гл. Карлікавы рост.

т. 9, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАГРА́ФІЯ (ад мана... + ...графія),

грунтоўнае навуковае выданне, у якім даследуецца асобная праблема. ці тэма. Можа належаць аднаму аўтару ці быць калектыўнай. Забяспечваецца навук.-даведачным апаратам, паказальнікамі.

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

сістэма вершаскладання, заснаваная на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках. Уласціва тым мовам, у якіх галосныя адрозніваюцца па працягласці гучання. Найб. развіццё атрымала ў антычным вершаскладанні. У аснове М.в. — вымярэнне верша ўмоўнымі часавымі адзінкамі — морамі, якія аб’ядноўваюцца ў такты (стопы і групы стоп); звычайна кароткі склад лічыцца роўным адной моры, доўгі — дзвюм (радзей — некалькім) морам. Адрозніваюць чыста-метрычнае вершаскладанне, у якім зададзены толькі часавы аб’ём такта, што запаўняецца любымі спалучэннямі складоў, і сілаба-метрычнае вершаскладанне, у якім унутры тактаў адрозніваюцца складовыя пазіцыі, што дапускаюць адны варыянты запаўнення і не дапускаюць іншых.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСАВА́ННЕ,

1) тэхналагічны працэс апрацоўкі розных матэрыялаў ціскам з мэтай ушчыльнення, змены формы, аддзялення вадкай фазы ад цвёрдай, змены мех. і інш. уласцівасцей. П. атрымліваюць загатоўкі і вырабы з металаў, пластмас, драўняных матэрыялаў і інш. 2) Спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім метал выціскаецца з замкнёнай поласці кантэйнера праз канал матрыцы, форма і памеры якога вызначаюць сячэнне прасаванага профілю.

3) Спосаб атрымання вырабаў з пластмас і гумы ў прэс-формах, пры якім размякчаюць матэрыял награваннем і фіксуюць форму вырабу вытрымкай пад ціскам.

4) Разгладжванне бялізны, адзення, тканін і інш. прасам. Для П. карысталіся духавымі, наплітнымі, пазней эл. прасамі.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛАКСА́ЦЫЯ (ад лац. relaxatio аслабленне, змяншэнне) у фізіцы, працэс устанаўлення раўнавагі тэрмадынамічнай у макраскапічных фіз. сістэмах (газах, вадкасцях, цвёрдых целах). Залежыць ад характару ўзаемадзеяння часціц сістэмы і з’яўляецца нераўнаважным працэсам, пры якім адбываецца дысіпацыя энергіі і нарастае энтрапія (у замкнутых сістэмах).

З’яўляецца шматступенным працэсам, паколькі не ўсе фіз. параметры сістэмы (размеркаванне часціц па каардынатах і імпульсах, т-ра, ціск і інш.) імкнуцца да раўнавагі з аднолькавай скорасцю. Спачатку ўстанаўліваецца раўнавага па якім-н. адным параметры (частковая раўнавага), што таксама наз. Р. Час устанаўлення раўнавагі (частковай ці поўнай) у сістэме наз. часам Р.

т. 13, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́УКА ў раслін,

від простага суквецця, у якім на паверхні пакарочанай і часам патоўшчанай галоўнай восі сядзяць кветкі на кароткіх кветаножках (напр., суквецці канюшыны, варсянкі і інш.).

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЛІНГ (англ. dealing),

памяшканне, у якім супрацоўнікі банка або кампаніі (дылеры) ажыццяўляюць здзелкі з валютай, дэпазітамі, кашт. паперамі, золатам з дапамогай тэлефонаў, тэлексаў, факсаў і інш. тэхнікі.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТО́ЛА,

бытавы радыётэхнічны апарат, у якім функцыянальна і канструкцыйна аб’яднаны магнітафон і радыёпрыёмнік. Мае агульныя блок сілкавання, узмацняльнік магутнасці нізкай частаты і акустычную сістэму. Гл. таксама Магнітарадыёла.

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЖЫ́М НАЙБО́ЛЬШАГА СПРЫЯ́ННЯ ў міжнародным праве, прынцып эканам. адносін, у адпаведнасці з якім дагаворныя дзяржавы даюць адна адной на ўзаемавыгаднай аснове пэўныя льготы; гл. Найбольшага спрыяння рэжым.

т. 13, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)