МАСА́ЛЬСКІ (Ігнацій Якуб) (30.7.1729, в. Алекшыцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 28.6.1794),
рэлігійны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай; прадстаўнік Асветніцтва. З роду Масальскіх. Д-р кананічнага і рымскага права (1752). Вучыўся ў Рыме. З 1752 рэферэндарый літоўскі, з 1762 біскуп віленскі. У 1773—88 падтрымліваў, а часам ініцыіраваў рэформы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, крытыкаваў прыгоннае права. Першы старшыня Адукацыйнай камісіі (1773—80). У той жа час выкарыстоўваў службовае становішча для асабістага ўзбагачэння (прысвойваў канфіскаваную ў езуітаў маёмасць). На Чатырохгадовым сейме 1788—92 выступіў супраць прагрэс. рэформ, падтрымаў Таргавіцкую канфедэрацыю. Асудзіў паўстанне 1794, за што пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЧУ́Н (Юрый Аляксандравіч) (27.12.1931, Мінск — 11.6.1997),
бел. графік, мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маск. паліграф.ін-т (1965). Працаваў гал. мастаком выд-ва «Ураджай» (1964—69), нач. аддзела ў Мін-ве культуры Беларусі (1972—75). З 1977 дырэктар Нац.маст. музея Беларусі. Работы ў станковай («Хвоі», 1965; «Ружовая сядзіба», 1969; «Жнівень», 1980; «Сакавік», 1982, і інш.) і кніжнай графіцы, паліграф. дызайне. Аўтар-складальнік альбомаў «Янка Купала ў творчасці мастакоў» і «Якуб Колас у творчасці мастакоў» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ СТУ́ДЫЯ НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНЫХ І ХРАНІКА́ЛЬНА-ДАКУМЕНТА́ЛЬНЫХ ФІ́ЛЬМАЎ.
Існавала ў 1961—68 у Мінску. Створана на базе сектара кінаперыёдыкі і дакумент. фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм», з якой аб’ядналася і існавала як яе вытворча-творчае аб’яднанне «Летапіс». Выпускала кінаперыёдыку, дакумент., навук.-папулярныя і навуч. фільмы. Рэгулярна выходзілі кіначасопісы «Савецкая Беларусь», «Піянер Беларусі», «Спартыўны агляд», «Мастацтва Беларусі», асобныя выпускі кіначасопісаў «Навука і тэхніка БССР» і «Сельская гаспадарка Беларусі». Сярод лепшых фільмаў: «Янка Купала» і «Якуб Колас» (1962), «Горад становіцца святлейшым» (1963), «Есць такая зямля» (1964), «Веснавыя галасы» (1965), «Шчырая размова» (1966), «Пакараны смерцю ў 41-м» (1967), «Першыя ноты» (1968) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАСЯкуб [сапр.Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 3.11.1882, в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) Мінскай вобл. — 13.8.1956], бел. паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Я.Купалам) сучаснай бел. л-ры і ліг. мовы. Нар. паэт Беларусі (1926). Акад.АН Беларусі (1928). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—06 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі р-н) і в. Пінкавічы (Пінскі р-н; абодва Брэсцкая вобл.), у Верхменскім нар. вучылішчы (Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.7.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газ. «Hama ніва» (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.; 1908). 15.9.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—14 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У вер. 1915 мабілізаваны ў армію. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваен. вучылішча (1916, Масква) у званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Перм. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. З вер. 1917 у г. Абаянь (Курская вобл.), настаўнічаў. У 1918 дэмабілізаваны, У 1921 па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літ. камісіі па збіранні вуснай нар. творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У Вял.Айч. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жн. 1941 — ліст. 1943), Маскве. З 1944 у Мінску.
Першыя літ. спробы К. адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рус. мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906). Першы зб. вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Гал. герой зборніка — бел. мужык, які з пачуццём уласнай годнасці апавядае пра свой бяспраўны лёс, выказвае патрабаванні лепшай долі, раскрывае высокія маральныя якасці («Не бядуй!», «Мужык» і інш.). Эстэт. прынцыпы ўвасоблены ў вершах «Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру» і інш. К. значна пашырыў жанравыя магчымасці бел. паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філас. лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). У яго паэзіі арганічна знітаваны лірыка і эпас. Асобныя вершы нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні («Асенні вечар», «Маці» і інш.). К. — адзін з пачынальнікаў маст. прозы ў бел. л-ры (апавяданне «Слабода»). Яго проза разнастайная і ёмістая паводле тэматыкі, ахопу жыццёвых з’яў, з мноствам характараў-тыпаў бел. сялян, вызначаецца непаўторным нац. каларытам (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Майстэрства псіхал. аналізу К. ярка выявілася ў апавяданнях «Васіль Чурыла», «Малады дубок» і інш. Глыбокім філас. зместам і маст. дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды («Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш.). У зб. вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гіст. умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (першыя раздзелы нап. ў турме ў 1911, апубл. ў 1923) філас. асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці бел. народа. У ёй праўдзіва адлюстравана становішча прац. сялянства на рубяжы 19—20 ст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Характары і багацце ўнутр. свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным побыце, у працы, у абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з інш. людзьмі. Важную кампазіцыйную ролю ў ёй адыгрываюць малюнкі прыроды, у з’явах якой аўтар шукае і знаходзіць аналогіі да лёсу чалавека і грамадства. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сял. побыту, паэтызацыі працы, услаўленні духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека працы (Міхал, Антось, Ганна). Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» (1911—25) — твор аб нар. вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драм. матывы ў ёй пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Паэма вызначаецца гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканаласцю паэт. радка, змястоўным выкарыстаннем фальклору. У публіцыстычным адступленні паэмы К. ставіць пытанне пра адметнасць нац. шляху Беларусі, якая апынулася на скрыжаванні розных культур, рэліг. канфесій, геапаліт. памкненняў. Выключнае значэнне для станаўлення жанру бел. рамана мелі «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» як 1-я і 2-я яе часткі; завершана трылогія ў 1954). У трылогіі, напісанай на аўтабіягр. матэрыяле, шырокі ахоп падзей сац.-грамадскага жыцця Беларусі, створана галерэя партрэтаў нац. інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і інш. груп насельніцтва. У ёй яскрава раскрылася майстэрства К.пейзажыста: створаны пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х г., яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—31). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—31, апошняя рэд. 1938), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—56) К. звяртаўся да паказу 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У вершах (зб-кі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), публіцыстычных артыкулах перыяду Вял.Айч. вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм беларусаў, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. За вершы ваен. гадоў Дзярж. прэмія СССР 1946. У 1947 К. завяршыў паэму «Рыбакова хата» (пачата ў 1939, Дзярж. прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе в. Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Зах. Беларусі. К. — адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў па найб. актуальных праблемах грамадска-паліт., культ. і літ. жыцця. Плённа працаваў ён і ў галіне перакладу («Палтава» А.Пушкіна, некат. творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, Р.Тагора і інш.). З імем К. звязана станаўленне норм бел.літ. мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творчасць К. вывучае коласазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі ў шматлікіх тэатрах ставіліся п’есы, трылогія «На ростанях» і інш. творы экранізаваны. Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю.Семянякам, па аповесці «Дрыгва» — опера «У пушчах Палесся» Ю.Багатыровым. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя Я.Коласа, з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа (за творы прозы і літ.-знаўства). Імем К. названы Ін-т мовазнаўства і Цэнтр.навук.б-каНац.АН Беларусі, драм.т-р у Віцебску, вытв.паліграф. прадпрыемства ў Мінску, б-кі, школы, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску (з філіялам, гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), літ.-этнагр. музеі ў Люсіне і Пінкавічах, створаны Коласаўскі заказнік. Помнікі К. пастаўлены ў Мінску на плошчы яго імя і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на. У Нац.АН Беларусі існуе мемарыяльны пакой К. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд К.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—7. Мн., 1952;
Зб. твораў. Т. 1—12. Мн., 1961—64;
Зб. твораў. Т. 1—14. Мн., 1972—78;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1-4. М., 1982—83.
Літ.:
Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;
Адамовіч [Антон]. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен, 1955;
Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра. Мн., 1961;
Казбярук У.М. Якуб Колас у школе. 2 выд.Мн., 1975;
Яго ж. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле’ славянскіх традыцый. Мн., 1979;
Пшыркоў Ю.С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Мн., 1982;
Рагойша В.П. Пераклаў Якуб Колас. Мн., 1972;
Навуменка І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2 выд.Мн., 1981;
Кісялёў Г.В. З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы. Мн., 1982;
Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мн., 1982;
Мушынскі М.І. Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Мн., 1965;
Яго ж. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Каласавіны: Зб.навук. прац з нагоды дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Мн., 1986;
Ярош М.Р. Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці. Мн., 1988;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 107-й гадавіне з дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.Коласа і 30-годдзю адкрыцця музея песняра. Мн., 1989;
Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук.канф., прысвеч. 65-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.Коласа «Сымон-музыка». Мн., 1990;
Жураўлёў В.Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991;
Якуб Колас у творчасці мастакоў. Мн., 1982;
Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983;
Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 3. Мн., 1994.
У.М.Казбярук.
Я.Колас. 1908.Я.Колас з жонкай і сынам. Перм. 1917.Я.Колас. 1948.Я.Колас (у цэнтры) і іншыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у пісьменнікаў Ленінграда. 1947.Я.Колас з Я.Купалам, П.Броўкам, З.Бядулем. Масква. 1939.Да арт. Я.Колас. Думы пра Беларусь. Маст. С.Федарэнка. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТ-ЦІШЫ́НСКІ ((Bart-Ćišinski) Якуб) (сапр.Барт; 20.8.1856, в. Кукаў, Германія — 16.10.1909),
сербалужыцкі паэт, драматург. Прадстаўнік нац.культ. руху лужыцкіх сербаў. Садзейнічаў фарміраванню сучаснай верхнялужыцкай мовы, распрацоўваў новыя для лужыцкай л-ры жанры. Аўтар «Кнігі санетаў» (1884), зб-каў «Формы» (1888), «Сербскія гукі» (1897), «Кроў і край» (1900), «Святло з вышыні» (1911), драм «Стары Серб» (1878), «У крэпасці» (1880). Эпічная паэма «Жаніх» (1876, выд. 1926) пра ролю сялянства ў адраджэнні Лужыцы. Перакладаў з польскай, рус., чэшскай моў. На бел. мову яго творы перакладалі Р.Барадулін, А.Зарыцкі, М.Танк, А.Траяноўскі.
Тв.:
Бел.пер. — [Вершы] // Там, дзе Шпрэвя шуміць. Мн., 1969;
Кахаць — гэта значыць...: Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЙЦАЎ (Якуб) (Якаў Раманавіч; 19.2.1861, в. Забялышын Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 2.3.1931),
рускі пісьменнік. Скончыў Клімавіцкае пав. вучылішча. З 2-й пал. 1880-х г. у Маскве. З 1900 на радзіме. Літ. дзейнасць пачаў у 1880-я г. У аповесці «Няўдашачка Анюта» (нап. 1887) непрыняцце бездухоўнасці існуючага ладу. Пра побыт, працэсы сац. расслаення ў бел. вёсцы канца 19 ст. аповесць «Багацеі» (1889). Раман «Сярод балотаў і лясоў» (нап. 1913—16) пра 1905, дзейнасць атрада рэвалюцыянера-экспрапрыятара А.Савіцкага. Аўтар камедыі «Цыганова бяда» (нап. 1905). Рукапісы Брайцава ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРАЎЛЁЎ (Васіль Пракопавіч) (н. 27.5.1931, в. Раздзел Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1986). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1954). З 1957 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі. Друкуецца з 1957. Даследуе гісторыю бел. л-ры, тэарэт. праблемы бел.літ.-знаўства, паэтыку маст. твора. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969; на рус. мове 1977), кніг «Праблемы сучаснай беларускай прозы» (1967), «Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс» (1971), «Пытанні паэтыкі» (1974), «Магчымасць рэалізму» (1982).
Тв.:
Структура твора: Рух сюжэтна-кампаз. форм. Мн., 1978;
Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСКО́ (Якуб Герасімавіч) (1.6.1911, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.10.1981),
бел. пісьменнік, журналіст, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Засл. дз. культ. Беларусі (1967). Вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі (1925—28; выключаны за ўдзел у рэв. руху); скончыў Баранавіцкі настаўніцкі ін-т (1949). У 1932—34 працаваў у гал. сакратарыяце рэв.-дэмакр. арг-цыі «Змаганне», супрацоўнічаў у падп.зах.-бел. друку. Неаднаразова быў арыштаваны польск. ўладамі і зняволены ў турму. У ліст. 1939 разам з братамі арыштаваны органамі НКУС (вызвалены ў 1940). З 1947 на журналісцкай працы. Аўтар артыкулаў і ўспамінаў пра КПЗБ, яе дзеячаў, кіраўнікоў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у т. л. С.Прытыцкага, М.Дворнікава, М.Арэхву. Творчая спадчына М. сабрана ў кнізе «Маё маўклівае сэрца» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛАСАЗНА́ЎСТВА,
адна з галін бел.літ. навукі, якая займаецца вывучэннем жыцця і творчасці Я.Коласа. У сваім развіцці К. прайшло некалькі этапаў, кожны з якіх вызначаецца пэўнымі асаблівасцямі, што выяўляюць ступень разумення і асэнсавання ролі і месца пісьменніка ў нац. л-ры. Першы крытычны водгук на літ. дэбют Я.Коласа — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906) быў змешчаны ў мінскай газ. «Голос провинции» (5.9.1906), аўтар якога Д.Бохан адзначаў, што твор «вызначаецца выдатным гучаннем і прыгажосцю». Арыгінальнасць таленту маладога пісьменніка падкрэсліваў Н.Чарноцкі («Минский курьер», 1908). Глыбінёй і трапнасцю вызначаліся ацэнкі-выказванні пра яго творчасць рус., укр. і бел. вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў: А.Пагодзіна, С.Русава, І.Свянціцкага, М.Янчука. Крытычныя заўвагі адносна пэўнай тэматычнай аднастайнасці зб-ка паэзіі Я.Коласа «Песні-жальбы» выказаны ў арт. М.Багдановіча «Глыбы і слаі. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1910 г.» (1911). Гэта часткова тлумачылася тым, што зборнік быў падрыхтаваны без удзелу аўтара, які ў той час знаходзіўся ў турме, а многія вершы вострай паліт. накіраванасці не трапілі ў зборнік па цэнзурных меркаваннях. Пазней у арт. «За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасці, 1911—1913 гг.» (1913) Багдановіч даў больш разгорнутую характарыстыку паэзіі Я.Коласа, падкрэсліваў яе маст. вартасць, актуальнасць тэматыкі, сувязь з лёсам народа. Метадалагічнае значэнне для К. мелі выказванні М.Горкага пра Я.Купалу, Я.Коласа ў лістах да М.Кацюбінскага і А.Чарамнова ў 1910. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.Коласа пачалося ў 1920-я г. У сувязі са святкаваннем 20-годдзя яго літ. дзейнасці і прысваеннем яму звання нар. паэта Беларусі (1926) з’явілася багата крытычных і літ.-знаўчых артыкулаў. Артыкул І.Замоціна «Пуціны беларускай літаратуры: (Якуб Колас «Новая зямля»)» («Полымя», 1924) і сёння адзін з лепшых сярод даследаванняў творчасці паэта. У ім паэма «Новая зямля» ацэньвалася як твор рэалістычны, глыбока народны, які прадвызначыў магістральны кірунак усяго бел. мастацтва. Грунтоўнасцю вызначаюцца назіранні даследчыка і над жанравай формай паэмы як эпічнага твора. Вядучым прадстаўніком рэаліст. кірунку, класікам бел. л-ры, адным з заснавальнікаў нац.маст. прозы назваў Я.Коласа М.Гарэцкі («Гісторыя беларускае літаратуры», 1920). У гэты час мелі месца і беспадстаўныя выпады супраць Я.Коласа, творы якога проціпастаўляліся творчасці маладых паэтаў. Найб. нігілістычныя адносіны да яго выявіліся ў арт. Н.Чарнушэвіча «Алесь Гурло як паэт і грамадзянін» («Маладняк», 1925). У канцы 1920—30-х г. нігілістычныя ацэнкі паглыбіліся. Вульгарна-сацыялагічныя крытыкі (Л.Бэндэ, А.Кучар і інш.) выказвалі ў адрас паэта нямала грубых паліт. абвінавачванняў. Вульгарызатарская крытыка беспадстаўнымі нападкамі дэзарыентавала пісьменніка, навязвала яму тэмы, далёкія ад яго творчых схільнасцей. Новую старонку ў К., асабліва ў ацэнцы паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», зганьбаваных вульгарызатарамі, адкрываў рэдакцыйны арт. «Народны паэт БССР» (газ. «Літаратура і мастацтва», 5.2.1939), у якім творчасць пісьменніка разглядалася аб’ектыўна, падкрэслівалася эпічная прырода твораў, паўната і ўсебаковасць адлюстравання рэчаіснасці. Перагляд вульгарызатарскіх схем і пазіцый пачаўся ў 2-й пал. 1940-х г. (артыкулы У.Агіевіча, Ю.Пшыркова, В.Барысенкі, П.Глебкі, К.Крапівы, М.Лынькова, Н.Перкіна, Я.Усікава, В.Таўлая і інш.). Бел. К., асновы якога былі закладзены ў працах Багдановіча, Гарэцкага, Замоціна, складалася менавіта ў пасляваенны час. У 1950-я г. з’явіліся новыя кнігі, скіраваныя на абвяржэнне вульгарна-дагматычных ацэнак і выкрыццё беспадстаўных паліт. абвінавачванняў пісьменніка: «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951) і «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956) Пшыркова, «Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа» М.Барсток (1951), «Якуб Колас. Крытыка-біяграфічны нарыс» Я.Мазалькова (1952), «Творчасць Якуба Коласа» Л.Фіглоўскай (1959). Высокім грамадзянскім і сац. пафасам вызначаліся лепшыя працы таго часу, хоць у многіх з іх адсутнічаў эстэт. аналіз, спрошчана разглядаліся мова і стыль твораў. У 1961—64 выдадзена першае навукова-каменціраванае выданне спадчыны пісьменніка — Збор твораў у 12 тамах, што прыкметна актывізавала К. У 1960-я г. выйшлі даследаванні А.Адамовіча «Беларускі раман: Станаўленне жанра» (1961), дзе шматгранна раскрыта ідэйна-маст. і эстэт. значнасць паэмы «Новая зямля» і трылогіі «На ростанях»; А.Лойкі «Новая зямля» Якуба Коласа» (1961); М.Лужаніна «Колас расказвае пра сябе» (1964); М.Мушынскага «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965); І.Навуменкі «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968) і інш. Даследаванню творчасці Я.Коласа адведзена значнае месца ў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у абагульняльных працах і манаграфіях Пшыркова, Перкіна, В.Івашына, С.Александровіча, В.Каваленкі, М.Грынчыка, Ф.Куляшова, Лойкі, М.Лазарука, Э.Гурэвіч, А.Семяновіча, В.Бечыка, К.Хромчанкі, М.Яроша, У.Казберука, Мазалькова, С.Пятровіча, В.Жураўлёва, В.Аграшкевіча, Я.Клімуця і інш., якія вызначалі месца Я.Коласа ў бел. прозе, паэзіі, драматургіі, у л-ры для дзяцей і юнацтва і інш. З’явіліся працы, прысвечаныя эстэт. поглядам Я.Коласа (А.Майхровіч), яго этнагр. спадчыне (Э.Сабаленка), мове (А.Каўрус), перакладчыцкай (В.Рагойша) і пед. (У.Радзіёнаў) дзейнасці. Асобныя праблемы творчасці Я.Коласа асветлены ў літ.-крытычных артыкулах і ўспамінах С.Андраюка, П.Ахрыменкі, В.Барысенкі. П.Броўкі, Я.Брыля, В.Бурносава, Б.Бур’яна, П.Глебкі, Я.Казекі, В.Казловай, У.Калесніка, У.Карпава, К.Крапівы, А.Куляшова, М.Ларчанкі, П.Панчанкі, М.Стральцова, І.Шамякіна, Р.Шкрабы і інш. У 1972—78 выдадзены Збор твораў Я.Коласа ў 14 тамах, дзе апрача маст. твораў, што адсутнічалі ў 12-томным выданні, змешчана значна больш лістоў, літ.-крытычных артыкулаў, удакладнены тэкст і датаванне многіх твораў, больш поўна пададзены варыянты і розначытанні, пашыраны каментарыі. Вопыт падрыхтоўкі і выдання маст. спадчыны Я.Коласа стаў прадметам тэарэт. абагульнення ў зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры» (1980). Далейшаму развіццю К. садзейнічалі даследаванні, што з’явіліся ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння паэта. У кн. Пшыркова «Летапісец свайго народа» (1982) гал. ўвага скіравана на этапныя творы, канкрэтны разгляд у ёй спалучаецца з пастаноўкай гісторыка-тэарэт. праблем. Эвалюцыя светапогляду Я.Коласа даследавалася ў кн. Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» і зб. «З жыццяпісу Якуба Коласа» (абодва 1982), што значна ўзбагаціла ранейшыя ўяўленні пра пісьменніка. Пытанням творчых сувязяў Я.Коласа з рус. паэтамі прысвечана праца Я.Клімуця «Жыццёвасць традыцый» (1985). Разнастайныя формы плённага творчага ўзаемадзеяння Я.Коласа з рус. л-рай разглядаюцца ў «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязяў» (кн. 1—4, 1993—95). У 1990-я г. з’явіліся даследаванні пра станаўленне таленту Коласа-эпіка (кн. І.Чыгрына «Рэальнае і магчымае»), пра яго ролю ва ўзбагачэнні жанрава-стылявых магчымасцей бел. прозы (манаграфія Жураўлёва «Я.Колас і паэтыка беларускага рамана», абедзве 1991). Дзейнасць Я.Коласа ў гады эвакуацыі і яго літ.-творчае акружэнне асвятляюцца ў кн. М.Жыгоцкага «У цяжкі час вайны суровай» (1995) і «Побач з Коласам» (1996). Актывізуецца вывучэнне ролі Я.Коласа ў развіцці бел.літ. мовы («Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа», 1990; «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», 1993). Маленству, юнацтву, творчай дзейнасці Я.Коласа прысвечаны дакумент.-маст. аповесці С.Александровіча «Ад роднае зямлі» (1962), «На шырокі прастор» (1972), «Крыжавыя дарогі» (1982), «Сейбіт песні і мудрасці» (1985). Дзейнасць па ўшанаванні памяці пісьменніка, прапагандзе яго творчай спадчыны, падрыхтоўцы бібліягр. дапаможнікаў, зборнікаў успамінаў, фотадакументальных альбомаў вядзе Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей. Супрацоўнікі музея — ініцыятары і арганізатары правядзення (з 1985) шматгадовых навуковых чытанняў, прысвечаных пісьменніку, паводле матэрыялаў якіх выдаецца зб. «Каласавіны» (з 1986), які сведчыць пра спробу вучоных перагледзець многія ацэнкі асобных твораў Я.Коласа («Новая зямля», «Сымон-музыка», «Адшчапенец»), у больш шырокім плане асвятляе яго ролю ў нац.-культурным адраджэнні, развіцці нац. л-ры, мастацтва, навукі, адукацыі, літ. крытыкі, публіцыстыкі, узнімае новыя аспекты вывучэння спадчыны і грамадска-паліт. дзейнасці. Намаганнямі навукоўцаў, архівістаў у шырокі ўжытак уведзены новыя гіст.літ., біягр. матэрыялы. У Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі распачата падрыхтоўка першага поўнага збору твораў Я.Коласа ў 18-ці тамах. Найбольш поўная бібліяграфія ў біябібліягрф. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994).
Літ.:
Мушынскі М. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;
Яго ж. Якуб Колас у літаратурнай крытыцы // Полымя. 1972. № 11;
Яго ж. Беларускае коласазнаўства // Там жа. 1982. № 11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ (Зора Лявонаўна) (н. 1.7.1927, Мінск),
грамадскі і культ. дзеяч бел. эміграцыі, літаратуразнавец. Жонка В.Кіпеля. Вучылася ў Бел. настаўніцкай семінарыі ў Мінску. Скончыла Каталіцкі ун-т у г. Лёвен (Бельгія, 1955), бібліятэчны (1966) і параўнальнага літаратуразнаўства (1983) ф-ты Ратгерскага ун-та ў г. Нью-Брансуік (ЗША). З 1944 у Германіі. Скончыла Беларускую гімназію імя Янкі Купалы. З 1955 у ЗША, працавала ў навук. лабараторыі ун-та Дж.Хопкінса (1956—58). У 1966—91 у Нью-Йоркскай публічнай б-цы. Рэдактар газ.«Беларус» (ліп. 1991 — вер. 1992, з 1994). Чл.Амер. асацыяцыі слав. даследаванняў, управы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Разам з В.Кіпелем склала бібліяграфію «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (1985), хрэстаматыю і бібліяграфію «Беларуская дзяржаўнасць» (1988). Даследуе рукапісную бел. л-ру 16 ст. Пераклала на англ. мову «Аповесць пра Трышчана».