ЛАВА́ЛЬ ((Laval) П’ер) (26.6.1883, Шатэльдон, Францыя — 15.10.1945),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Адвакат. Дэп. парламента (1914—26), сенатар (1927—40). Міністр грамадскіх работ (1925), юстыцыі (1926), працы (1930, 1932), калоній (1934), замежных спраў (1932, 1934—35, 1935—36) і прэм’ер-міністр Францыі (1931—32, 1935—36). Ад імя Францыі падпісаў Лаваля—Мусаліні пагадненні 1935, пакты аб узаемадапамозе з СССР (2.5.1935) і Чэхаславакіяй (16.5.1935). У 2-ю сусв. вайну дзярж. міністр ва ўрадзе А.Ф.Петэна (чэрв.—ліп. 1940), нам. прэм’ер-міністра (ліп.—снеж. 1940), міністр замежных спраў (кастр.—снеж. 1940) і прэм’ер-міністр урада «Вішы» (1942—44). З канца 1944 у Германіі. У 1945 перададзены амер. вайскоўцамі ўладам Францыі, засуджаны і пакараны смерцю як галоўны франц.калабарацыяніст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЛА́ГЕРЫ (ППЛ) у СССР, дзе адбывалі пакаранне грамадзяне, асуджаныя судамі ці пазасудовымі органамі па абвінавачанні ў контррэвалюц. і агульнакрымін. злачынствах. Ствараліся паводле пастановы СНКСССР ад 7.4.1930, існавалі да канца 1950-х г. Знаходзіліся ў падпарадкаванні рэсп.АДПУ, з 1934 — НКУССССР. З’яўляліся асн. адзінкай сістэмы ГУЛАГа, складалі каля 80% усіх яго лагераў. Зняволеныя ў ППЛ выкарыстоўваліся на буд-ве Беламорска-Балтыйскага канала, Дняпроўскай ГЭС, Магнітагорска, інш. буйных будоўлях. У 1939 у СССР налічвалася 180 ППЛ. Наяўнасць ППЛ на Беларусі дакументальна не пацверджана, але іх кантынгент выкарыстоўваўся ў Аўтадарлагу на буд-ве шашы Мінск—Масква ў 1930-я г. У кастр. 1956—крас. 1957 ППЛ выведзены з падпарадкавання МУС і падначалены Мін-ву юстыцыіСССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЭДЭ́Т [ад лац. praecedens (precedentis) папярэдні)] судовы, вынесенае судом па канкрэтнай справе рашэнне, абгрунтаванне якога становіцца правілам, абавязковым для ўсіх судоў той жа або ніжэйшай інстанцыі пры вырашэнні аналагічнай справы. П. адыгрываў важную ролю ўжо ў рымскай юстыцыі. У некат. краінах (напр., у Вялікабрытаніі, большасці штатаў ЗША, Канадзе, Аўстраліі) П. прызнаецца крыніцай права і ляжыць у аснове прававой сістэмы. У адпаведнасці з дактрынай, што пануе ў гэтых краінах, суддзя не стварае прававой нормы, а на падставе П. фармулюе толькі тое, што вынікае з агульных пачаткаў права. У інш. краінах П. мае значэнне для рашэння пытанняў прымянення права, для папаўнення прагалаў у законе, прызнання звычаю. На аснове П. ўносяцца асобныя дапаўненні ў дзеючае заканадаўства, даецца тлумачэнне закона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД,
асобы орган краін, адзінай або гал. функцыяй якога з’яўляецца ажыццяўленне канстытуцыйнага нагляду. Упершыню засн. ў Аўстрыі ў 1920. З таго часу атрымаў распаўсюджанне ў Еўропе, некат. краінах Азіі, Амерыкі і Афрыкі. У адрозненне ад звычайных вярх. судоў К.с. не ўваходзіць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі. У адных краінах (напр., Расія) К.с. лічыцца судом асобай катэгорыі і ўваходзіць адпаведна ў суд. сістэму; у іншых (ФРГ, Італія, Румынія, Балгарыя, Манголія) — асобым органам кантролю, які не адносіцца да суд. улады. Члены К.с. выбіраюцца парламентам або назначаюцца кіраўніком дзяржавы, часам назначаюцца парламентамі і інш. органамі ўлады і юстыцыі. Поруч з ажыццяўленнем канстытуцыйнага нагляду К.с. у розных краінах мае права тлумачэння канстытуцыі. вырашае пытанне пра адпаведнасць канстытуцыі дзейнасці паліт. партый, разглядае спрэчкі аб кампетэнтнасці і інш.Гл. таксама Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́СЦІН (Аляксандр Пятровіч) (12.2.1924, в. Старая Рудня Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 16.10.1996),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі настаўніцкі ін-т (1955), Вышэйшыя юрыд. курсы ў Маскве (1959). Працаваў у органах юстыцыі, у газ. «Гомельская праўда», у БелТА, з 1973 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1974—96 нам.гал. рэдактара). Друкаваўся з 1943. Першы зб. прозы «Суд ідзе» (1959). У творах узнімаў маральна-этычную і прававую праблематыку сучаснасці: зб-кі аповесцей, апавяданняў, нарысаў «Суд вырашыў...» (1975), «Покліч сэрца», «Белыя гусі лета прарочаць» (абодва 1976), «Размова ў дарозе» (1977), «Скажу праўду» (1979), «Быць чалавекам» (1981), «Дружба вывела да зорак» (1985) і інш. Пісаў гумарэскі, гумарыст. апавяданні, публіцыст. артыкулы. Перакладаў з рус. і польск. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛО́ГІІ, КРЫМІНАЛІ́СТЫКІ І СУДО́ВАЙ ЭКСПЕРТЫ́ЗЫ ПРАБЛЕ́М НДІМіністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь
(НДІПКК і СЭ),
навуковы цэнтр, які праводзіць даследаванні ў галіне крыміналогіі, крыміналістыкі і суд. экспертызы, ажыццяўляе метадычнае забеспячэнне работы следчых і суд. органаў, а таксама экспертныя даследаванні пры суд. разглядзе крымін. і цывільных спраў, матэрыялаў аб адм. правапарушэннях. Створаны ў адпаведнасці з пастановай СМ Рэспублікі Беларусь ад 20.3.1990. Упершыню ўстанова для навук. даследаванняў і забеспячэння работы экспертаў была заснавана пры Нар. камісарыяце БССР у 1929; неаднаразова мянялася назва (лабараторыя, ін-т). У складзе НДІ лабараторыі: суд.-почырказнаўчых даследаванняў, суд.-тэхн. даследавання дакументаў, суд. фанетыкі, суд.-балістычных і трасалагічных даследаванняў, крыміналістычных даследаванняў матэрыялаў, рэчываў і вырабаў, суд. аўтатэхн. даследаванняў, суд.-эканам., таваразнаўчых экспертыз і інш.; аддзелы: крыміналогіі, крыміналістыкі, навук.-тэхн. інфармацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕВЕ́Н ((Pleven) Рэнэ Жан) (15.4.1901, г. Рэн, Францыя — 13.1.1993),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 2-ю сусв. вайну з 1940 чл. руху «Свабодная Францыя». У 1941—44 камісар фінансаў, калоній, замежных спраў Франц.нац.к-та і Франц.к-танац. вызвалення. У 1944—46 міністр калоній, фінансаў, нац. эканомікі Часовага ўрада. У 1946—69 дэп.Нац. сходу. У 1946—53 старшыня партыі Дэмакр. і сацыяліст. саюза Супраціўлення. Міністр нац. абароны (1949—50, 1952—54), прэм’ер-міністр (ліп. 1950 — лют. 1951 і жн. 1951 — студз. 1952) Францыі. Выступаў за стварэнне і ўмацаванне зах. саюза і НАТО. У 1950 прапанаваў праект стварэння ваен. блока зах.-еўрап. дзяржаў (Плевена план). Садзейнічаў уцягванню Францыі ў калан. вайну ў Індакітаі. Міністр замежных спраў (1958), юстыцыі (1969—73). У 1974—76 старшыня Брэтонскага рэгіянальнага савета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАКАТУ́РА добраахвотнае аб’яднанне адвакатаў; незалежны прававы інстытут, гал. задача якога — аказанне кваліфікаванай юрыд. дапамогі фіз. і юрыд. асобам пры абароне іх правоў, свабод і законных інтарэсаў.
У Расіі адвакатура заснавана ў час правядзення суд. рэформы 1864 і складалася з самакіроўных арг-цый прысяжных павераных пры суд. палатах. Ліквідавана ў ліст. 1917, адноўлена ў 1922. У БССР створана ў чэрв. 1922 як грамадская арг-цыя для юрыд. дапамогі насельніцтву, дзярж. і кааператыўным арг-цыям.
Дзейнасць адвакатуры на Беларусі рэгулюецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб адвакатуры» ад 15.6.1993 і інш. нарматыўнымі актамі. Адвакаты працуюць калегіяльна (калегіі, фірмы, бюро, канторы) і індывідуальна. Дзейнічаюць абласныя і Мінская гар. калегіі адвакатаў. Для аказання юрыд. дапамогі калегіямі адвакатаў па ўзгадненні з выканаўчымі органамі мясц. улады ствараюцца юрыд. Кансультацыі. Статус юрыд. кансультацый вызначаецца адпаведнымі калегіямі адвакатаў. Статуты калегій адвакатаў, інш. адвакацкіх аб’яднанняў рэгіструюцца ў Мін-ве юстыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯТРО́Ў (Іван Дзмітрыевіч) (9.10.1905, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1986),
партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху на тэр. Палескай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Засл. юрыст БССР (1972), засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦКВКП(б) (1940), Ваенна-юрыд. акадэмію Сав. Арміі (1952). З 1925 на сав. і парт. рабоце на Беларусі. У 1940—41 пракурор БССР. З ліп. 1942 прадстаўнік ЦККП(б)Б і БШПР на Зах. фронце, з жн. 1943 1-ы сакратар Палескага падп. абкома КП(б)Б, адначасова ў вер. 1943—сак. 1944 камандзір Палескага партыз. злучэння. У 1944—49 пракурор БССР, у 1953—60 міністр юстыцыіБССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1940—49. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1938—63, дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—50. Аўтар мемуараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСКО́ВІЧ (Васіль Пятровіч) (н. 18.2. 1914, в. Франопаль Брэсцкага р-на),
удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1949). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў узбр. выступлення сялян в. Навасёлкі Брэсцкага пав. (1933). У ліст. 1934 арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення. У вер. 1939 вызвалены Чырв. Арміяй, дэп.Нар. сходу Беларусі ў Беластоку (1939). З чэрв. 1941 на фронце. У вер. 1941 рэпрэсіраваны, сасланы ў г. Омск, у крас. 1942 вызвалены. У вер. 1942 — ліп. 1944 нам.нач. асобага аддзела атрада імя Калініна партыз. брыгады «Народныя мсціўцы», нач. спецгрупы. У 1945—70 на сав. і парт. рабоце і ў органах юстыцыі ў Брэсце. У 1970—89 навук. супрацоўнік мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Адзін з аўтараў зб-каў «У працы і баі» (1970), «Гады выпрабаванняў і мужнасці» (1973). Ганаровы грамадзянін г. Брэст (1978).