род кветкавых раслін сям. тутавых. 6 відаў. Растуць у тропіках Азіі, Афрыкі і на трапічных а-вах. Найб. вядомы анчар ядавіты (A. toxicaria), або упас-дрэва з в-ва Ява.
Аднадомныя шматгадовазялёныя дрэвы або кусты. Лісце чаргаванае простае. Кветкі непрыкметныя, аднаполыя, мужчынскія ў невялікіх плоскіх галоўчатых суквеццях, жаночыя — адзіночныя беспялёсткавыя, з маленькай чашачкай. Плод складаны або зборны (суплоддзе) з мноствам дробных плодзікаў, якія шчыльна сядзяць і абгорнуты сакавітым калякветнікам. Усе віды анчара ядавітыя. У млечным соку анчара ядавітага, які абарыгены выкарыстоўваюць для атручвання наканечнікаў стрэл, знаходзяцца ядавітыя гліказіды — антыярын і антыязідзін. Анчар Бенета (A. bennettii) з в-ва Віты-Леву мае ў пладах кармінавую фарбу, у кары — лубяныя валокны; з валокнаў анчара мяшочнага (A. saccodora) і анчара цэйлонскага (A. ceylonica) вырабляюць мешкавіну. Сок і насенне розных відаў анчара ўжываюць як ірвотны і слабіцельны сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАГІ́МНІЯ (Hypogimnia),
род лішайнікаў сям. гіпагімніевых. Каля 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, за выключэннем стэпавых і пустынных зон пераважна ва Усх. Азіі. На Беларусі трапляюцца 4 віды: найчасцей гіпагімнія ўздутая (H. physodes), радзей мучністая (H. farinacea), стужачная (H. vittata) і трубчастая (H. tubulosa). Пераважна аблігатныя эпіфіты. Растуць на ствалах і галінках дрэў і кустоў, зрэдку на апрацаванай драўніне, камяністым субстраце, грунтавых агаленнях і глебе. Гіпагімнія ўздутая часта ўкрывае ствалы дрэў (асабліва хвоі).
Слаявіна (талом) ліставатая, шаравата-зеленаватая, белавата-шараватая, знізу цёмная да чорнай, распасцёртая па субстраце, у цэнтры шчыльна прымацаваная да яго. Лопасці на канцах з масай сарэдый (спец. утварэнняў для вегетатыўнага размнажэння) у выглядзе белых мучністых скопішчаў. Пладовыя целы (апатэцыі) сядзячыя або на ножках. Сумкі (яскі) 8-споравыя. Споры аднаклетачныя. Сыравіна для антыбіятычнага прэпарата «Эвазін-2». Індыкатары загазаванасці паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКАВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюцца пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім, Жлобінскім р-нах Гомельскай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст.Даўж. 310—400 см, шыр. 26—30 см.
Ткуць у 2—4 ніты. Кампазіцыі 2 відаў: папярочныя вузкія палосы аднолькавай шырыні запаўняюць усё поле ручніка або шырокія папярочныя шчыльна запоўненыя ўзорыстыя палосы па канцах ручніка паступова пераходзяць у вузейшыя да сярэдзіны і раствараюцца ў яго асн. фоне. Пераважае старадаўні геам. арнамент у выглядзе ромбаў, квадратаў, трохвугольнікаў, крыжыкаў і інш. Характэрна выразнае рытмічнае чаргаванне ўзорыстых каляровых і белых палос. Каляровая гама стрыманая чырвона-белая, радзей чырвона-бела-чорная. Ткуць з ільняных і баваўняных нітак. Акрамя ўзорыстага ткацтва аздабляюць вязанымі кручком карункамі, вышыўкай, паскамі, махрамі. У дэкоры шмат агульнага з калінкавіцкім строем.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Калінкавіцкія ручнікі. Ручнік з в. Убалаць Калінкавіцкага р-на. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАФТА́Н,
1) мужчынскае верхняе адзенне магнатаў і гар. знаці ў 16—17 ст. Прыйшоў з Персіі і Турцыі ў Рэч Паспалітую, адтуль трапіў у Расію. Расхінная, шырокая ў падоле вопратка з доўгімі рукавамі, якую зашпільвалі ўстык на 6—8 пятліц з гузікамі; у падоле і па баках былі разрэзы з пятліцамі. Шылі з аксаміту, парчы або дарагога сукна. У 17 ст. рабілі з багата аздобленым стаячым каўняром. Станавы К. шылі шчыльным да стану з кароткімі рукавамі. Польскі К. быў адразным па таліі; ліф шчыльна ахопліваў фігуру, ніжняе шырокае крыссе збіралі ў зборкі рукавы былі вельмі шырокімі і пышнымі каля плячэй і вузкімі ад локця да кісці.
2) Мужчынская і жаночая вопратка менш заможных слаёў насельніцтва. У 19 ст. на Беларусі найб. пашыраны К. прамога крою з адкладным каўняром, які шылі з сукна або палатна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТЫЦЭ́РЫУМ, аленевы рог (Platycerium),
род папарацей сям. мнаганожкавых. 17 відаў. Пашыраны ў трапічных лясах. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях культывуюць П. двойчывілаваты, або аленярогі (P.bifurcatum).
Шматгадовыя буйныя эпіфітныя расліны. Замацоўваюцца на вял. галінах, часцей на кары ствалоў буйных вечназялёных і лістападных дрэў, што стаяць паасобку. У папярочніку дасягаюць 1,8 м, пад іх цяжарам дрэвы часам выварочваюцца з каранямі. Маюць стэрыльнае і спараноснае лісце. З дапамогай стэрыльнага лісця П. ўкараняюцца на дрэвах (ніжняя і бакавыя ч. ліста шчыльна прыціскаюцца да ствала ці галіны, а верхняя адыходзіць ад апоры так, што ўтвараецца ніша, у якой з цягам часу збіраецца перагной (масай да 100 кг) пранізаны каранямі эпіфіту. Спараноснае (і асімілюючае) лісце глыбока рассечана і нагадвае рогі аленя (адсюль назва). У сталых папарацей ніжняя паверхня разгалінаваных канцоў ліста пакрываецца цагельна-чырв. налётам шматлікіх спарангіяў. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІ́РУС (лац. papyrus ад грэч. papuros),
пісчы матэрыял, які ў старажытнасці і раннім сярэдневякоўі вырабляўся з травяністай расліны папірусу, а таксама рукапісы на гэтым матэрыяле. Упершыню вынайдзены ў Стараж. Егіпце ў пач. 3-га тыс. да н.э. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. шырока распаўсюдзіўся ў іншых краінах Міжземнамор’я. Для прыгатавання пісчага матэрыялу стрыжань сцябла расліны разразалі на падоўжныя палосы, шчыльна ўкладвалі на гладкую дошку, склейвалі, клалі пад прэс і высушвалі на сонцы — атрымлівалі доўгую трывалую старонку. Старонкі склейвалі і скручвалі ў скруткі. У Егіпце П. карысталіся да 9 ст.н.э. Дакументы папскай канцылярыі пісаліся на П. яшчэ ў 11 ст., з 8 ст. яго пачала замяняць папера (слова паходзіць ад «П.»), якая пранікла ў Еўропу з Кітая праз Багдад. Захаваліся егіп., грэч., лац., копцкія, арабскія і інш. П. — каштоўная крыніца для вывучэння гасп., культ. і паліт. жыцця Стараж. Егіпта і антычнага свету. Тэксты П. вывучае папіралогія.
Літ.:
Коростовцев М.А. Введение в египетскую филологию. М., 1963. С. 19—27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛА́ТА, латук пасяўны,
салата-латук (Lactuca sativa),
кветкавая расліна сям. складанакветных. Пашырана па ўсіх кантынентах у культуры. Радзіма — Міжземнамор’е, родапачынальнік — латук дзікі. Стараж. агароднінная культура.
Аднагадовая разеткавая расліна. Сцябло прамастойнае, уверсе разгалінаванае, выш. 60—200 см. Лісце разеткі буйное, жаўтавата-зялёнае, суцэльнае, сядзячае, рознай формы, гладкае, маршчыністае, гафрыраванае або кучаравае, часта шчыльна змыкаецца ў качан. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя або бледна-жоўтыя, у кошыку. Плод — сямянка. Разнавіднасці С.: ліставая пасяўная (скараспелая, напр., сорт Маскоўская парніковая); ліставая кучаравая (напр., Грэнд Рапідс); вузкалістая (напр., Латук позні); качанная (сартатыпы масляналістая, напр., Майская, і храсткаваталістая, або ледзяная, напр., Ледзяная гара) з качанамі плоска-акруглай формы; даўгалістая, С. Рамэн, (напр., сорт Парыжская зялёная) з качаном падоўжана-авальнай формы. Ужываюць свежымі лісце, качан, патоўшчанае сцябло. Лісце мае ў сабе вітаміны (C, B, PP і інш.), карацін, солі жалеза, калію, фосфару, сцябло — млечны сок, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, насенне — алей. Харч., лек. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́РДАНС ((Jordaens) Якаб) (19.5.1593, г. Антверпен, Бельгія — 18.10.1678),
фламандскі жывапісец. Прадстаўнік барока. З 1607 вучыўся ў Антверпене ў А. ван Норта. У творчасці захоўваў сувязі з традыцыямі нідэрл. мастацтва 16 ст., выкарыстоўваў дасягненні М.Караваджа і П.П.Рубенса, з якім супрацоўнічаў у 1620—40. Раннім работам уласцівы выразна простанародны характар вобразаў, шчыльна згрупаваных на пярэднім плане, буйныя выпуклыя формы, асвятленне, якое падкрэслівае яркія колеры («Святая сям’я», каля 1615; «Пакланенне пастухоў», каля 1617; «Алегорыя Плоднасці» («Услаўленне Памоны»), каля 1622]. У 1620—30-х г. адлюстроўваў сялянскія і бюргерскія тыпажы, якія вылучаліся цяжкаважкасцю фігур, сакавітасцю дэталей, рысамі грубаватага жыццярадаснага гумару: «Сатыр у гасцях у селяніна», пач. 1620-х г.; «Псяр і яго зграя», 1635; «Выхаванне Юпітэра», 1635—40; «Бабовы кароль», 1638—40). Познія творы на рэліг. сюжэты — у рамках рэліг. эстэтыкі барока з рысамі бурлівай патэтыкі і маст. перагрувашчанасці («Шэсце на Галгофу» і інш.). Рабіў малюнкі і кардоны для шпалераў («Гісторыя Аляксандра», «Серыя фламандскіх прымавак»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУПЫ́ШКАў раслін,
зародак парастка. Мае кароткую вось (сцябло) з конусам нарастання на верхавінцы і шчыльна размешчанае на восі зародкавае лісце, якое ўкрывае вось і адно аднаго (вегетатыўная П.), або мае, акрамя таго, зародкі кветак і суквеццяў (генератыўная П.). Вонкавыя лісцевыя органы ахоўваюць унутр. мерыстэматычную ч. ад высыхання і пашкоджвання і ўтвараюць у П. цёмную вільготную камеру. Кветкавая П., што мае 1 кветку, наз.бутонам. Адрозніваюць верхавінкавыя (тэрмінальныя) П. — забяспечваюць рост парастка ў даўжыню, і бакавыя (пазушныя) — забяспечваюць галінаванне і развіццё сістэмы парасткаў. У шматгадовых раслін П. перажываюць перыяд спакою, які звычайна звязаны з неспрыяльнымі ўмовамі, і з надыходам цёплага або вільготнага сезона даюць парасткі (П. ўзнаўлення). Спячыя П. захоўваюць жыццяздольнасць на працягу гадоў і пры пашкоджанні ч. ствала і галін, якія знаходзяцца вышэй, з іх развіваюцца т.зв. вадзяныя парасткі, часта у выглядзе пнёвых парасткаў. Гэтая ўласцівасць выкарыстоўваецца пры фарміраванні кроны пладовых і дэкар. дрэў. З прыдаткавых П. на каранях утвараюцца каранёвыя атожылкі. Многія П. служаць для вегетатыўнага размнажэння, а т.зв. вывадкавая П. (напр., у брыяфілуму) — для жыванараджэння ў жывародных раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЕ́РМАН»
(«Herman»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў акупіраваных Валожынскім, Івянецкім, Любчанскім, Навагрудскім, Юрацішкаўскім р-нах у Вял.Айч. вайну. Праводзілася 1.7—11.8.1943 сіламі 1-й матарызаванай брыгады СС, 3 паліцэйскіх палкоў, асобага батальёна СС А.Дзірлевангера, 3 батальёнаў вермахта, паліцэйскіх батальёнаў, 5 жандарскіх, грэнадзёрскіх і артыл. узводаў, падраздзяленнямі нач. паліцыі бяспекі і СД Беларусі, спец. падраздзяленнямі з Мінска (усяго больш за 50 тыс.чал.). Для вывазу нарабаванага, адпраўкі насельніцтва ў Германію прыцягваліся спец. каманды баранавіцкага гебітскамісарыята, упаўнаважаныя гасп. інспекцыі «Усход». Гітлераўцы шчыльна блакіравалі Івацэвіцка-Налібоцкую партыз. зону, у якой дыслацыраваліся 5 партыз. брыгад і 6 атрадаў. У пач. баявых дзеянняў партызаны разграмілі варожую аўтакалону, захапілі штабную карту і план аперацыі, таму была зроблена перагрупоўка партыз. сіл. Баі працягваліся 35 дзён. У выніку аперацыі партызаны выйшлі з-пад удараў гітлераўцаў разам з часткай насельніцтва; фашысты загубілі 4280 сав. грамадзян, 654 аддалі на расправу паліцыі бяспекі і СД, для вывазу ў Германію захапілі 20 944 чал., у т. л. 4173 дзяцей, поўнасцю рэквізавалі жывёлу, спалілі больш за 150 вёсак, з іх некалькі разам з жыхарамі.