БАЛЬНЕАТЭРАПІ́Я (ад лац. balneum лазня, купанне + тэрапія),
метады лячэння, прафілактыкі і аднаўлення парушаных функцый арганізма, заснаваныя на выкарыстанні прыродных і штучна прыгатаваных мінеральных водаў. Асн. пашыраныя працэдуры бальнеатэрапіі: агульныя і мясц. ванны, купанне ў лячэбных басейнах, пітное спажыванне водаў, прамыванне-арашэнне кішэчніка, інгаляцыі. Патрэбны эфект пры бальнеатэрапіі дасягаецца праз хім., тэмпературнае, радыяцыйнае і інш. ўздзеянні на абмен рэчываў у арганізме, вегетатыўную сістэму, кроў, рэфлекторныя, тэрмарэгуляцыйныя механізмы, функцыян. стан клетак, тканак і органаў. Забяспечваецца пэўным падборам дазіровак, паслядоўнасці ўжывання і відаў мінер. водаў. Бальнеатэрапія — асн. метад прафілактыкі і лячэння шэрагу хвароб на бальнеалагічных курортах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КРАФТ ((Cockcroft) Джон Дуглас) (27.5.1897, г. Тодмардэн, Вялікабрытанія — 18.9.1967),
англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1927), дзе і працаваў у 1929—46 (з 1939 праф.), адначасова з 1925 у Кавендышскай лабараторыі і інш.н.-д. установах. У 1946—58 дырэктар цэнтра па атамнай энергіі (г. Харуэл). Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы паскаральнікаў і атамнай энергетыцы. Разам з інш. стварыў паскаральнік пратонаў (гл.Каскадны генератар) і атрымаў на ім ядз. рэакцыю са штучна паскоранымі пратонамі (трансмутацыя літыю). Адзін з вынаходнікаў англ. радара. Нобелеўская прэмія 1951 (разам з Э.Уолтанам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НА,
надземная разгалінаваная частка дрэва. У ёй фарміруюцца лісце, кветкі і плады, адбываюцца асн. жыццёвыя працэсы расліны — дыханне, транспірацыя, фотасінтэз і інш. Памеры К. залежаць ад узросту, хуткасці росту і генетычна абумоўленай будовы. Дрэвы 1-й велічыні маюць дыяметр К. больш за 10 м (напр., дуб, клён вастралісты, ясень); 2-й — 5—10 м (напр., граб, груша звычайная); 3-й — 2—5 м (напр., рабіна, чаромха). Форма К. спадчынная, але мяняецца з узростам і ў залежнасці ад умоў існавання. Бываюць К. павойныя, падушка- і парасонападобныя, пірамідальныя, ніцыя, сцелістыя, сцягападобныя і інш. У дэкар. садаводстве і пладаводстве К. фарміруюць штучна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЫ ШТУ́ЧНЫЯ (сінтэтычныя),
мінералы, створаныя на аснове сучасных прамысл. тэхналогій (фіз. і хім. метадамі), паводле хім. саставу, фіз. уласцівасцей і крышт. структуры адпавядаюць прыродным прататыпам. У 1837 штучна быў зроблены першы сінт. рубін масай у 1 карат франц. хімікам М.Гадэнам. У 1892 франц. даследчык А.Вернейль распрацаваў першую прамысл. тэхналогію атрымання рубінаў у шырокім маштабе. Існуюць 2 віды М.ш.: сінт. мінералы, што маюць прыродныя аналагі (александрыт, алмаз, апал, біруза, ізумруд, кварц, рубін, рутыл, сапфір, шпінель і інш.); штучныя мінералы, якія не маюць прыродных аналагаў (фабуліт-тытаніт стронцыю, ніабат літыю і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛАКСА́ЦЫЯ, расслабленне ў біялогіі,
паніжэнне тонусу шкілетнай мускулатуры, якое праяўляецца паніжэннем рухальнай актыўнасці ці поўнай нерухомасцю (параліч). Бывае пры некат. паталаг. станах, выклікаецца штучна пры скарыстанні рэчываў, што блакіруюць перадачу імпульсу нервовага, і пры наркозе. Распаўсюджванне, ступень і працягласць Р. залежыць ад хім. рэчыва і месца яго ўвядзення. Наркатычныя сродкі ўздзейнічаюць на цэнтр. аддзелы нерв. сістэмы і выклікаюць распаўсюджаную, але няпоўную Р., рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для мясц. анестэзіі, уплываюць на перыферычныя нервы і выклікаюць Р. мясц. і няпоўную. Найб. распаўсюджаная і поўная Р. бывае пры ўвядзенні спец. прэпаратаў — міярэлаксантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ЎНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ І АКВАТО́РЫІ,
участкі сушы і воднай прасторы, для якіх ва ўстаноўленым парадку адпаведным заканадаўствам або міжнар. пагадненнямі вызначаны спец. рэжым выкарыстання — забаронены або рэгламентаваны ўсе ці некат. віды гасп. дзейнасці. Вылучаюцца, каб захаваць экалагічную раўнавагу, зберагчы прыродныя рэсурсы (зямельныя, жывёльныя, раслінныя ці інш.), тыповыя, унікальныя і цікавыя прыродныя ці штучна створаныя аб’екты, што маюць асаблівую навук., культ.-эстэт., гіст., рэкрэацыйную і інш. каштоўнасць. На Беларусі да іх адносяцца асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, таксама ахоўныя палосы запаведнікаў і некат. заказнікаў, лясы (водаахоўныя, асабліваахоўныя, курортныя, сан.-гігіенічныя і інш.). Паводле прызначэння падзяляюцца на запаведна-эталонныя, аб’ектаахоўныя, рэсурсаахоўныя, асяроддзеўтваральныя (асяроддзеахоўныя), рэкрэацыйныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЦІ́Н, вітамін H,
C10H16O3N2S, гетэрацыклічнае арган. злучэнне, якое ўтвараецца вышэйшымі раслінамі і мікробамі; у чалавека і большасці жывёл — мікрафлорай кішэчніка; сінтэзаваны штучна. Малекула біяціну мае тыяфенавае кольца, злучанае з рэшткамі мачавіны і валяр’янавай к-ты. Бясколерныя ігольчастыя водарастваральныя крышталі з tпл 230—232 ºC. Устойлівы да святла, награвання, кіслароду паветра, разбаўленых к-т. Найб. колькасць біяціну ў мясе, печані, нырках, яечным жаўтку, малацэ, дражджах, памідорах, соі, бобе, шпінаце. Уваходзіць у састаў ферментаў, якія рэгулююць абмен тлушчаў і бялкоў. Пры недахопе біяціну ў арганізме з’яўляецца мышачная слабасць, параліч, хваробы скуры, выпадаюць валасы, затрымліваецца рост. Сутачная норма біяціну для дарослага чалавека 0,01—0,025 мг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́НТЭ-АЛЬБА́Н (Monte Albán),
горад на Пд Мексікі (штат Аахака), у раёне якога ў 4 ст. да н.э.—16 ст.н.э. знаходзіўся паліт. цырыманіяльны культ. цэнтр спачатку сапатэкаў, а потым міштэкаў. З пач. 1930-х г. у М.-А. праводзіліся археал. даследаванні мекс. вучоным А.Каса. На штучна створаных тэрасах у гарах адкрыты палацы, «піраміды», стэлы з надпісамі, каменная лесвіца (шыр. 40 м), амфітэатр і інш. пабудовы. Сцены будынкаў былі ўпрыгожаны фрэскамі, мазаікай, рэльефнымі чалавечымі фігурамі. Вывучаны каля 150 скляпоў з керамічнымі пахавальнымі урнамі ў выглядзе людзей і жывёл. У адной з грабніц, якая належала правадыру міштэкаў, знойдзена шмат высокамаст. залатых рэчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАКА́МЕРА (ад бара... + камера),
герметычная камера, дзе штучна ствараецца паніжаны (вакуумная баракамера) ці павышаны (кампрэсійная баракамера) бараметрычны ціск. Баракамеру, у якой можна мяняць тэмпературу, наз.тэрмабаракамерай. Аб’ём баракамеры — ад доляў да некалькіх соцень кубічных метраў.
Мае апаратуру для змены ціску і падтрымкі яго на зададзеным узроўні, назіральныя вокны, люкі, гукавую і светлавую сігналізацыю, перагаворныя прылады, асвятленне і інш. Выкарыстоўваецца для наземных выпрабаванняў самалётаў і касм. апаратаў ці іх адсекаў і элементаў, трэніровак лётчыкаў і касманаўтаў, вывучэння ўплыву на жывыя арганізмы гіпаксіі, паніжанага ці павышанага ціску і яго рэзкіх перападаў, змены газавага асяроддзя; лячэння шэрагу захворванняў (коклюшу, бранхіяльнай астмы, кесоннай хваробы і інш.) метадамі гіпербарычнай аксігенацыі і выканання некаторых хірург. аперацый (напр., аперацыі на адкрытым сэрцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАКУ́СТЫКА (ад бія... + акустыка),
біялагічная акустыка, галіна біялогіі, якая вывучае галасы і гукавыя зносіны паміж жывёламі. Афіцыйнае прызнанне атрымала ў 1956 на 1-м Міжнар. біяакустычным кангрэсе (ЗША). Цесна звязана з эталогіяй жывёл, фізіял. акустыкай, якая вывучае будову і функцыі гукаўтваральнай і гукаўспрымальнай сістэм чалавека і жывёл, а таксама з акустыкай. Абмен гукавымі сігналамі найб. развіты ў птушак, у меншай ступені ў млекакормячых і земнаводных. Некаторыя жывёлы (лятучыя мышы, дэльфіны) пры дапамозе гукавой сігналізацыі арыентуюцца ў прасторы, вызначаюць каардынаты, памеры перашкод або здабычы (эхалакацыярэхалакацыя). Даныя біяакустыкі выкарыстоўваюць для кіравання паводзінамі жывёл штучна ўтворанымі гукамі (адпужванне птушак ад аэрадромаў, лоўля рыбы, у марской справе і інш.).