ВАЛАТО́Н ((Vallotton) Фелікс) (28.12.1865, г. Лазана, Швейцарыя — 29.12.1925),
швейцарскі графік і жывапісец. Вучыўся ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (з 1882). Працаваў у Францыі. Зазнаў уплыў М.Дэні, П.Банара. Аўтар графічных партрэтаў («Дастаеўскі», 1895) і серыі з жыцця Парыжа («Гісторыя аднаго злачынства», «Інтымнасць»), выкананых пераважна ў тэхніцы ксілаграфіі, выразнасць якіх будуецца на спалучэнні лаканічных белых і чорных плям. Яго жывапісу ўласцівы дэкаратыўнасць кампазіцыі, лінейнасць малюнка, мяккасць колеравага тону («Купанне летнім вечарам», 1892; «Пейзаж з дрэвамі», 1911).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁЛЬФЛІН ((Wölfflin) Генрых) (21.6.1864, г. Вінтэртур, Швейцарыя — 19.7.1945),
швейцарскі мастацтвазнавец. Праф. ун-таў у Базелі (1893), Берліне (1901), Мюнхене (1912), Цюрыху (1924). Распрацаваў методыку аналізу маст. стылю, якая ў ранніх працах Вёльфліна служыла для даследавання «псіхалогіі эпохі» («Рэнесанс і барока», 1888; «Класічнае мастацтва», 1899). Пазней усё больш звужаў задачы аналізу твораў маст. азначэннем «метадаў бачання», набліжаючы да іх характарыстыку мастацтва розных эпох і народаў («Асноўныя паняцці гісторыі мастацтва», 1915; «Італія і нямецкае адчуванне формы», 1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ ААН (ЕЭК),
орган ААН, створаны ў 1947 у мэтах садзейнічання эканам. адраджэнню разбураных вайной краін Еўропы. Статус пастаяннага органа ААН набыла ў 1951. Членамі ЕЭК з’яўляецца большасць еўрап. дзяржаў, у т. л. Беларусь і Расія. ЕЭК садзейнічае развіццю гандлю і навук.-тэхн. супрацоўніцтва, ажыццяўляе доўгатэрміновае эканам. планаванне, накіроўвае і каардынуе работу сваіх дапаможных органаў. ЕЭК узначальваецца выканаўчым сакратаром. Кіруючым органам ЕЭК з’яўляецца чарговая сесія, якая праводзіцца штогод. Месцазнаходжанне сакратарыята ЕЭК — г. Жэнева (Швейцарыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НДЭРБУНД (ням. Sonderbung асобы саюз),
саюз 7 кансерватыўна-каталіцкіх кантонаў Швейцарскага саюза (Люцэрн, Фрыбур, Цуг, Уры, Швіц, Унтэрвальдэн, Вале) у 1845—48. Супрацьстаяў імкненню пратэстанцкіх кантонаў да цэнтралізацыі і правядзення ліберальных рэформ, дамагаўся вяртання ў Швейцарыю езуітаў і адкрыцця іх кляштараў, шукаў падтрымкі ў Аўстрыі. Рашэнне федэральнага парламента аб роспуску З. прывяло да грамадз. вайны (пачалася 4.11.1847), у выніку якой З. пацярпеў паражэнне. 12.9.1848 уведзена новая ліберальная канстытуцыя, паводле якой Швейцарыя ператварылася ў адзіную саюзную дзяржаву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РНА ((Maderna) Карла) (1556, Капалаго, каля г. Лугана, Швейцарыя — 30.1.1629),
італьянскі архітэктар; прадстаўнік стылю барока. Працаваў у Рыме (з 1588). Творы М. адметныя пышнасцю дэкору і прасторавай пабудовы інтэр’ераў: царква Санта-Сусана (1596—1603), палацца Матэа ды Джове (1606—16) і Барберыні (з 1625, завяршылі Л.Берніні і Ф.Бараміні). Кіраваў буд-вам сабора св. Пятра (з 1603), змяніў план Мікеланджэла — падоўжыў гал. неф і збудаваў гал. фасад.
К.Мадэрна. Фасад царквы Санта-Сусана ў Рыме. 1596—1603.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЕР ((Meyer) Конрад Фердынанд) (11.10.1825, г. Цюрых, Швейцарыя — 28.11.1898),
швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Дэбютаваў зб. вершаў «Дваццаць балад» (1864). Прадуманай кампазіцыяй і лаканізмам вызначаюцца гіст. паэма «Апошнія дні Гутэна» (1871), навелы «Амулет» (1873), «Святы» (1880), «Паж Густава Адольфа» (1882), «Жаніцьба манаха» (1884) і інш. У праблемным рамане «Юрг Енач» (1876) стварыў глыбокія рэаліст. вобразы. У зб. «Вершы» (1892) прыкметы сімвалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЛЕР ((Müller) Паўль Герман) (12.1.1899, г. Ольтэн, Швейцарыя — 12.10.1965),
швейцарскі хімік. Скончыў Базельскі ун-т (1925). З 1925 у даследчай лабараторыі фірмы «Гейгі» у г. Базель (з 1946 віцэ-дырэктар). Навук. працы па хім. сродках аховы раслін. Устанавіў, што некат. арган. злучэнні знішчаюць насякомых, але не аказваюць выяўленага дзеяння на расліны і млекакормячых. Выявіў інсектыцыдныя ўласцівасці ДДТ (дусту), распрацаваў метады выкарыстання ДДТ для барацьбы з сыпным тыфам і насякомымі-шкоднікамі сельскай гаспадаркі. Нобелеўская прэмія 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ БЮРО́ МІ́РУ (МБМ; International Peace Bureau),
міжнароднае аб’яднанне міралюбівых сіл. Засн. ў снеж. 1891 у Берне (Швейцарыя) па ініцыятыве Ф.Баера. Напачатку мела на мэце «каардынаваць дзейнасць т-ваў міру і адстойваць ідэю мірнага вырашэння міжнар. спрэчак», арганізоўвала штогадовыя мірныя канферэнцыі. Пасля 1-й сусв. вайны каардынавала мірную і гуманітарную дзейнасць няўрадавых арг-цый, азнаямляла іх з ідэямі і прапановамі Лігі Нацый, праводзіла кангрэсы пацыфістаў (гл.Пацыфізм). З 1924 штаб-кватэра ў Жэневе (Швейцарыя). У 2-ю сусв. вайну не функцыянавала. Пасля вайны да 1962 наз.Міжнар.к-т узаемадзеяння арг-цый у барацьбе за мір. Імкнецца «садзейнічаць справе міру ўмацаваннем міжнар. супрацоўніцтва і негвалтоўных метадаў вырашэння канфліктаў», у т. л. праз супрацоўніцтва з ААН (мае кансультатыўны статус у Савеце па эканам. і сац. пытаннях ААН). Садзейнічала скліканню 1-й спец. сесіі Ген. Асамблеі ААН па раззбраенні (1978). Выступае за ўсеагульнае і поўнае раззбраенне, права чалавека на адмову ад ваен. службы (разглядае яго як «права адмовіцца забіваць») і інш., фарміруе адпаведную грамадскую думку. Выдае час. «Geneva Monitor» («Жэнеўскі назіральнік»), кнігі, памфлеты, справаздачы аб канферэнцыях. Нобелеўская прэмія міру 1910. Нобелеўскімі прэміямі міру ўзнаг. арганізатары і кіраўнікі МБМ Баер, Э.Дзюкамен, Ш.А.Габа, Б. фон Зутнер, А.М.Лафантэн, Ш.Макбрайд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РБЕР ((Arber) Вернер) (н. 3.6.1929, г. Грэнхен, Швейцарыя),
швейцарскі генетык. Скончыў політэхн. школу ў Цюрыху. З 1953 у Жэнеўскім ун-це. Праф. Базельскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні структуры і функцыянавання віруснага геному. Сфармуляваў прынцып штамаспецыфічнай рэстрыкцыі і мадыфікацыі ДНК. Адкрыў (1962) новы клас ферментаў, якія спецыфічна ўзаемадзейнічаюць з ДНК і дзеянне якіх накіравана супраць чужароднай ДНК. Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне 1978 (разам з Д.Натансам і Г.Смітам).
Літ.:
Лауреаты Нобелевской премии 1978 г. // Природа. 1979. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎГІНЫ, Боэн (Bauhin),
швейцарскія батанікі, браты. Нарадзіліся ў г. Базель (Швейцарыя).
Іаган (12.2.1541—27.10.1613), апісаў 5000 відаў раслін («Новая універсальная гісторыя раслін», т. 1—3, 1650—61). Каспар (17.1.1560—15.12.1624) упершыню выкарыстаў бінарную наменклатуру ў сістэматыцы раслін (1620). Спрабаваў аб’яднаць усе віды па прыкметах агульнага падабенства ў пэўныя групы. Падзяліў расліны на 12 «кніг», кожную з якіх — на секцыі (адпавядаюць сямейству па сучаснай сістэматыцы), роды і віды. Дыягнаставаў некат. расліны да разнавіднасці. Апісаў засланку (клапан) у кішэчніку, якая названа яго імем (баўгінава засланка).