ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),

камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.

Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.

На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.​Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.​Сапега.

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КА-РЫ́МСКАЯ БАРАЦЬБА́,

від спартыўнай барацьбы, у якім выкарыстоўваюцца кідкі, пераводы, перавароты і інш. прыёмы, але забараняюцца захваты праціўніка ніжэй пояса, прыёмы з дапамогай ног, падножкі і інш. Спаборніцтвы праводзяцца на спец. дыване памерам 8×8 м. Спартсмены падзяляюцца на вагавыя катэгорыі. Схватка складаецца з 3 перыядаў па 3 мін кожны, з мінутнымі перапынкамі для адпачынку. Паядынак праходзіць у «стойцы» або «партэры» (калі адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях, на баку, у «мосце»).

Сучасная грэка-рымская барацьба зарадзілася ў Францыі, дзе ў 1880 сфармуляваны першыя афіц. правілы. З канца 19 ст. пашырылася ў многіх краінах свету. З 1896 (за выключэннем 1900 і 1904) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1950 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).

На Беларусі барацьба, падобная да грэка-рымскай барацьбы, вядома з даўніх часоў як барацьба «на крыжы». У 1914 у Мінску праведзены 1-ы чэмпіянат гораду сярод барцоў-аматараў. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.​Караваеў (чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1960, свету 1958, 1961), У.​Зубкоў (чэмпіён свету 1971, 1973—75), І.​Каныгін (чэмпіён свету 1981, 1983, Еўропы 1980, 1982—83, 1985), С.​Дземяшкевіч (уладальнік Кубка свету 1988, чэмпіён свету 1991, 1993).

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЧКІ́ НА БАТУ́ЦЕ,

высокія падскокі на спарт. батуце з пераваротамі і вярчэннем; від спорту з элементамі акрабатыкі. Батут — плеценая сетка даўж. 3,6—4,3 м; шыр. 1,8—2,15 м, замацаваная на раме, выш. 0,95—1,05 м. Віды спаборніцтваў: індывід., па сінхронных скачках (2 спартсмены) і камандныя Кожны від складаецца з абавязковай і адвольнай праграм, якія ўключаюць па 10 элементаў.

Да 1940-х г. выкарыстоўваліся як сродак трэніроўкі спартсменаў, пілотаў і парашутыстаў, уваходзілі ў цыркавыя праграмы. Спарт. спаборніцтвы праводзяцца з 1947 (ЗША). Міжнар. федэрацыя батута створана і праведзены 1-ы чэмпіянат свету ў 1964. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1970. Найб. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Швейцарыі.

Зборная каманда Беларусі — чэмпіён свету (1994). Мужчынская каманда — чэмпіён (1995) і сярэбраны прызёр (1996, 1998) чэмпіянатаў свету, чэмпіён Еўропы (1993). Жаночая каманда — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1996), бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1993). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся: у мужчын — чэмпіёны і прызёры чэмпіянатаў свету Я.​Бяляеў, М.​Казак, Дз.​Паляруш, У.​Какорка (у сінхронных выступленнях з Казаком); у жанчын — сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету Т.​Граеўская, Н.​Карпянкова, Г.​Лебедзева, Т.​Чуміна (бронз. прызёр чэмпіянату свету, 1978) і Т.​Мамай — чэмпіёнкі Еўропы ў індывід. (адпаведна 1974 і 1976) і сінхронных (1977) скачках, і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАКЕ́Й З МЯЧО́М на лёдзе, бендзі,

спартыўная камандная гульня на каньках; адзін з зімовых відаў спорту. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. Час гульні — 2 таймы па 45 мін з перапынкам. Задача каманд — забіць спец. клюшкамі (даўж. да 120 см) у вароты сапернікаў найб. колькасць мячоў (дыям. 6 см, маса да 62 г). Памеры поля 90—105×50—70 м, варот — 3,5×2,1 м.

Блізкі да сучаснага Х. з м. хакей-бендзі ўзнік у Вялікабрытаніі ў сярэдзіне 19 ст., з канца 19 ст. пашырыўся ў Швецыі. Фінляндыі, Нарвегіі, Расіі (у 1914 засн. Усерас. хакейны саюз), Нідэрландах, Швейцарыі. Да сярэдзіны 1950-х г. існавалі 2 разнавіднасці Х. з м.: рускі і еўрап. (бендзі), якія мелі шмат агульнага, але розныя памеры варот, мяча, клюшкі. У 1955 створана Міжнар. федэрацыя Х. з м., зацверджаны адзіныя міжнар. правілы. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1957.

На Беларусі культывуецца з 1922, пашырыўся з сярэдзіны 1950-х г., калі рэгулярна пачалі праводзіць пяршынствы і розыгрышы кубкаў гарадоў, абласцей і рэспублікі. Федэрацыя хакея створана ў 2002. У міжнар. спаборніцтвах бел. хакеісты ўдзельнічаюць з 2001 (чэмпіянат свету, г. Оўлу, Фінляндыя). Зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца ў 1-м розыгрышы Кубка Аляксандра Неўскага (2003, С.-Пецярбург). На Беларусі 3 клубныя каманды (2003).

В.​М.​Пляц, А.​М.​Петрыкаў.

т. 16, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РУСНЫ СПОРТ, ветразевы спорт,

спаборніцтвы на спарт. парусных суднах (швертботы, яхты).

Узнік у Англіі ў 18 ст., першы яхт-клуб засн. ў г. Корк (1720). У праграме Алімп. гульняў з 1900. Міжнар. саюз П.с. засн. ў 1907. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1922, Еўропы — з 1932. Алімп. кл. суднаў з’яўляюцца «Еўропа», «Зорны», «Лазер», «Лятучы галандзец», «Містраль», «Солінг», «Тарнада», «Фін», «470»; у чэмпіянатах свету ўдзельнічаюць і інш. кл. суднаў — «Дракон», «Фаербол», «5,5» і інш. Гонкі праходзяць па кругавых дыстанцыях на 12 марскіх міль або 20—30 км і інш. Пераможца вызначаецца па суме некалькіх гонак (звычайна 7). У кл. крэйсерскіх яхт спаборніцтвы праводзяцца на вял. адлегласці. Найб. пашыраны П.с. у Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Польшчы, Расіі, Францыі, скандынаўскіх краінах.

На Беларусі развіваецца з 1950-х г. З 1969 дзейнічае Мінскі яхт-клуб. Федэрацыя П.с. існуе з 1992. Першы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1967 (Заслаўскае вадасх.). З бел. спартсменаў найб. вызначыліся С.​Краўцоў (чэмпіён свету 1988, Еўропы 1989, 1991 у кл. «Тарнада», разам з Ю.​Канавалавым, Расія), В.​Буданцаў (сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 1987, чэмпіён Еўропы 1990 у кл. «Лятучы галандзец»), Г.​Страх і А.​Мірон (сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету 1984, Еўропы 1989 у кл. «Солінг»).

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Парусны спорт. Алімпійскія класы яхт: 1 — «470»; 2 — «Фін»; 3 — «Лятучы галандзец»; 4 — «Зорны»; 5 — «Тарнада»; 6 — «Солінг».

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯ́ЖКАЯ АТЛЕ́ТЫКА,

від спорту; спаборніцтвы ў падыманні цяжару (штангі) у розных вагавых катэгорыях. Задача спартсмена — падняць і зафіксаваць над галавой штангу як мага большай масы. Штанга складаецца са стальнога стрыжня (грыфа) і набору стальных дыскаў масай ад 2,5 да 25 кг, якія надзяваюць на грыф з 2 бакоў і замацоўваюць на ім спец. замкамі. Сучасная праграма афіц. спаборніцтваў (з 1973) уключае 2 практыкаванні: рывок і штуршок дзвюма рукамі (пры рыўку штанга падымаецца з памоста ўверх на выпрастаныя рукі адным бесперапынным рухам, пры штуршку ў 2 прыёмы: пад’ём на грудзі і штуршок ад грудзей уверх). Вынікі рэгіструюцца ў кожным з практыкаванняў і па суме 2 практыкаванняў. На выкананне кожнага практыкавання даецца 3 падыходы (спробы).

Фіз. практыкаванні з цяжарамі вядомы са стараж. часоў. Афіц. спаборніцтвы ў падняцці цяжараў упершыню праведзены ў ЗША у 1860-я г. У Еўропе ў пач. 1870-х г. у Парыжы і Бруселі засн. школы Ц.а. Да пач. 20 ст. да Ц.а. адносілі бокс, барацьбу, падняцце цяжару (гіры і інш.), культурызм. Сучаснае тлумачэнне тэрміна «Ц.а.» з 1946. Да 1934 спартсмены спаборнічалі ў пяцібор’і (жым. дзвюма рукамі, рывок і штуршок — адной і дзвюма), у 1934—72 — у класічным трохбор’і (жым, рывок і штуршок дзвюма рукамі), з 1973 жым выключаны з праграмы афіц. спаборніцтваў. З 1920 у Ц.а. ўведзены 5 вагавых катэгорый (вага спартсмена) для ўдзельнікаў спаборніцтваў; з 1977—10 катэгорый, з 1998—8 катэгорый: да 56 кг, да 62, 69, 77, 85, 94, 105 і больш за 105 кг Першы чэмпіянат свету адбыўся ў 1891 (Лондан), першы чэмпіянат Еўропы — у 1896 (Ротэрдам). У 1912 засн. Сусв. цяжкаатлетычны саюз і зацверджаны правілы міжнар. спаборніцтваў; з 1920 дзейнічае міжнар. федэрацыя Ц.а. (ІВФ, IWF), аб’ядноўвае 167 краін (2000). З 1896 Ц.а. ў праграме Алімп. гульняў. Ha XXVII Алімп. гульнях (2000, г. Сідней. Аўстралія) упершыню спаборнічалі жанчыны (у 7 вагавых катэгорыях). У 1964—80 алімп. чэмпіён лічыўся адначасова і чэмпіёнам свету. Найб. развіта Ц.а. ў Расіі, Кітаі, Балгарыі, Турцыі, Грэцыі, Беларусі, Украіне, Венгрыі, Польшчы, ЗША і інш.

Развіццё Ц.а. на Беларусі пачалося ў 1913 (спарт. т-ва «Санітас»), У 1914 у Мінску адбыліся першыя афіц. спаборніцтвы. Пяршынствы Беларусі праводзяцца з 1924. З 1946 бел. цяжкаатлеты ў складзе зборнай каманды СССР удзельнічалі ў чэмпіянатах Еўропы, свету, Алімп. гульнях і інш. (Я.Новікаў — 1-ы сярод бел. цяжкаатлетаў чэмпіён Еўропы, 1957). Федэрацыя Ц.а. Беларусі створана ў 1988, прызнана ІВФ у 1992, еўрап. федэрацыяй Ц.а. (ЕВФ, EWF) у 1993, НАК у 1994; з 1997 існуе грамадскае аб’яднанне «Бел. цяжкаатлетычны саюз». Сярод найб. вядомых настаўнікаў бел. цяжкаатлетаў: засл. трэнеры СССР і Беларусі У.​П.​Галіца, А.​В.​Ганчароў, П.Я.Зубрылін, А.​Л.​Лабачоў, І.​П.​Лагвіновіч, Н.​А.​Лапідус, Б.​Д.​Левін, М.​М.​Рабікоўскі, Г.​Ф.​Рабаконь, П.​І.​Савіцкі, В.​Я.​Шаршукоў. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся Г.​Аляшчук, А.​Анішчанка, Г.​Бацюшка — удзельніца Алімп. гульняў (2000, 8-е месца), Р.Белянкоў, В.​Бяляцкі, А.​Галубовіч, В.​Дзербянёў, У.​Емяльянаў, А.​Кечко, Х.Курловіч, С.​Лаўрэнаў, Р.​Новікаў, В.​Сіняк, Л.Тараненка, В.​Харытончык, А.​Чырыца, В.Шарый, В.​Шэўчык.

Літ.:

Иванов Д.И. Сила самых сильных: Тяжелая атлетика на Олимпиадах. М., 1979;

Зейналов А.А., Цивес И.Л. Белорусские богатыри. Мн., 1979;

Тяжелая атлетика. 3 изд. М., 1981;

Ясный Э.М. Власть над судьбой и металлом. Мн., 1994.

М.​Я.​Вінічонак.

т. 17, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЛАВА́ННЕ НА БАЙДА́РКАХ І КАНО́Э,

від вяслярнага спорту, гонкі і вяслярны слалам на байдарках і каноэ. Дыстанцыі гонак у мужчын (выступаюць на байдарках—адзіночках, двойках, чацвёрках, каноэ—адзіночках і двойках) 500, 1000 і 10 000 м, у жанчын (выступаюць толькі на байдарках) 500 м. Як від спорту развіваецца з 2-й пал. 19 ст. пераважна ў еўрап. краінах. З 1946 дзейнічае Міжнар. федэрацыя каноэ (ІКФ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1936 (для жанчын з 1948), чэмпіянаты свету з 1938, Еўропы з 1957. На Беларусі першы чэмпіянат па гонках на байдарках праведзены ў 1951, з 1955 у рэсп. спаборніцтвы ўключаны гонкі на каноэ. Дзейнічае Асацыяцыя каноэ Рэспублікі Беларусь. Бел. весляры з 1952 удзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. Алімпійскімі чэмпіёнамі станавіліся Л.​Гейштар і С.​Макаранка (1960, каноэ-двойка), М.​Гарбачоў (1972, байдарка-двойка), У.​Раманоўскі (1976, байдарка-двойка), У.​Парфяновіч (1980, байдарка, 3 залатыя медалі), В.​Рэнейскі (1988, каноэ-двойка, 2 залатыя медалі), Дз.​Даўгалёнак і А.​Масейкаў (1992, каноэ-двойка); чэмпіёны свету — Гейштар і Макаранка (1963), Н.​Вакула (1970), Т.​Папова (Шыманская, 1970, 1973), М.​Хахол (1970, 1971, 1973), У.​Сава (1973), Гарбачоў (1974), Л.​Дзеравянка (1974), М.​Астапковіч (1974, 1981, 1983), В.​Вараб’ёў (1975), У.​Тайнікаў (1978), Н.​Дорах (1979), Парфяновіч (1979, 1981—84), Раманоўскі (1981—82), В.​Пусеў (1984, 1989), А.​Мызгін (1989, 1990), Э.​Пліткін (1990), Рэнейскі (1989, 1990—91), Дз.​Банькоўскі (1990).

Г.​К.​Кісялёў.

т. 4, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІДА́ННІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,

спартыўныя практыкаванні ў кіданні на далёкасць спарт. снарадаў (кап’ё, дыск, молат, мяч, граната), у штурханні ядра. Спаборніцтвы па кіданні дыска і кап’я ўваходзілі ў праграму стараж.-грэч. Алімп. гульняў (з 708 да н.э.). К.л. ўключаны ў праграму сучасных Алімп. гульняў (кіданне дыска і штурханне ядра — з 1896, кіданне молата — з 1900, кап’я — з 1906), чэмпіянатаў свету, Еўропы па лёгкай атлетыцы і інш. буйнейшых спаборніцтваў. На Беларусі спаборніцтвы па К.л. праводзяцца з 1913 (г. Гомель, кіданні дыска і кап’я). Першы чэмпіянат рэспублікі па лёгкай атлетыцы, у т. л. па К.л., адбыўся ў 1924 (Мінск).

Бел. спартсмены неаднаразова дасягалі перамог: у кіданні дыска — Г.​Калнаотчанка (уладальнік Кубка свету, 1985, чэмпіён СССР, 1983, 1985), Э.​Зверава (чэмпіёнка свету, 1995); у кіданні кап’я — М.​Грэбнеў (уладальнік Кубка Еўропы, 1977, чэмпіён СССР, 1977), Н.​Каленчукова (дзявочае Ермаловіч; чэмпіёнка СССР, 1984—85, 1987), Н.​Шыкаленка (сярэбраны прызёр XXV Алімп. гульняў, 1992, г. Барселона, Іспанія, чэмпіёнка свету, 1995); у кіданні молата — І.​Астапковіч (сярэбраны прызёр XXV Алімп. гульняў, чэмпіён Еўропы, 1990), А.​Балтоўскі (чэмпіён СССР, 1962), Р.​Клім (чэмпіён XVIII Алімп. гульняў, 1964, Токіо, сярэбраны прызёр XIX Алімп. гульняў, 1968, Мехіка, чэмпіён Еўропы, 1963, 1965—66, шматразовы чэмпіён СССР); М.​Крываносаў (сярэбраны прызёр XVI Алімп. гульняў, 1956, г. Мельбурн, Аўстралія; чэмпіён Еўропы, 1954; чэмпіён СССР, 1952, 1954—55, 1957—58); В.​Рудзянкоў (чэмпіён XVII Алімп. гульняў, 1960, Рым, чэмпіён СССР, 1959—61); у штурханні ядра — С.​Каснаўскас (рэкардсмен СССР, 1984).

т. 8, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛАСІПЕ́ДНЫ СПОРТ,

від спорту, які ўключае гонкі на шашы, трэку, па перасечанай мясцовасці (велакрос), велабол і фігурную язду на веласіпедах; састаўная частка велатурызму і трыятлона. Шашэйныя гонкі бываюць адна- і шматдзённыя, індывід. (гоншчык стартуе адзін), камандныя (каманды стартуюць па чарзе) і групавыя (агульны старт для ўсіх спартсменаў). На трэку (веладроме) праводзяцца гонкі індывідуальныя, камандныя, парныя і групавыя, за лідэрам (матацыклістам), на тандэмах (двухмесны веласіпед); па форме адрозніваюць гонкі: праследавання, з ходу і з месца, з выбываннем, з прамежкавымі фінішамі і інш. Фігурная язда (выкананне розных фігур на спец. веласіпедах) найб. развіта ў цыркавым мастацтве.

Першыя афіц. спаборніцтвы па веласіпедным спорце адбыліся ў 1869 (гонка Руан—Парыж, 120 км) на драўляных веласіпедах. Праводзяцца чэмпіянаты свету па гонках на трэку (з 1893, у закрытых памяшканнях з 1929), на шашы (з 1921), па велакросу (з 1950). У праграме Алімпійскіх гульняў (гонкі на шашы і трэку) з 1896. Дзейнічае Міжнар. саюз веласіпедыстаў (з 1900). Спаборніцтвы праводзяцца сярод аматараў і прафесіяналаў. Найб. вядомая і прэстыжная гонка ў прафесіяналаў «Тур дэ Франс» (з 1903). На Беларусі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1894 (Віцебск). У 1890-х г. вядомым веласіпедыстам быў М.Дзявочка з Мінска. Першы чэмпіянат Беларусі па гонках на шашы і перасечанай мясцовасці (1937) выйграў Б.Бальшакоў. Сярод бел. велагоншчыкаў алімпійскія чэмпіёны У.​Камінскі (1976), А.​Логвін (1980), чэмпіёны свету Камінскі (1977), І.​Сумнікаў (1985) — у шашэйнай гонцы, чэмпіёны свету на трэку М.​Колюшаў (1965, 1967), В.​Быкаў (1967, 1969), В.​Моўчан (1982), пераможцы ў складзе каманды СССР на Велагонцы міру А.​Дахлякоў (1965, 1966 і 2-е месца ў асабістым заліку), Б.​Ісаеў (1976, 1980), Л.​Дзежыц (1980), Логвін (1981, 1984).

т. 4, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫЯТЛО́Н (ад грэч. tri- у складаных словах — тры + athlon спаборніцтва, барацьба),

комплексныя спартыўныя спаборніцтвы па бесперапынным пераадоленні 3-этапнай дыстанцыі рознымі спосабамі; від спорту. Дыстанцыя доўгага (класічнага) Т. дасягае 225 км (плаванне 4 км, веласіпедная гонка 180 км, марафонскі бег 41,195 42,195 км) і больш, сярэдняга — 153—154 км (3 ці 4 + 120 + 30), кароткага (алімпійскага) Т. — 51,5 км (плаванне 1,5 км у адкрытай вадзе, велагонка або велакрос 40 км і бег 10 км). Часам адна з дысцыплін-этапаў замяняецца на інш. (веславанне на каноэ, горны веласіпед і інш.). У складзе зімовага Т. — бег, веласіпед і лыжная гонка.

Узнік у пач. 1970-х г. у ЗША (г. Сан-Дыега), там жа адбыліся першыя спаборніцтвы (1978). Міжнар. саюз Т. створаны ў 1989 (г. Авіньён, Францыя), аб’ядноўвае 75 краін (2002). У 1989 адбыўся і 1-ы афіц. чэмпіянат свету на алімп. дыстанцыі. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1985. У праграме Алімп. гульняў з 2000. Найб. папулярны ў Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Мексіцы, Н.​Зеландыі, Францыі, Японіі.

На Беларусі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1987 (плаванне 200 м + велагонка 40 км + крос 7,5 км). Федэрацыя Т. створана ў 1994, у Еўрап. саюз Т. прынята ў 1995. Рэсп. чэмпіянаты на алімп. дыстанцыі праводзяцца з 1991. Першыя чэмпіёны Беларусі — А.​Зімніцкая (Мінск), А.​Саладзянкін (Брэст), 5-разовымі чэмпіёнамі рэспублікі станавіліся Н.​Баркун (Мінск) і Дз.​Талкачоў (Магілёў), 3-разовым — Я.​Зіятдзінаў (Гомель). На чэмпіянатах Еўропы зборныя юнацкія каманды Беларусі займалі 6-я месцы (2000, узрост да 17 гадоў; 2001, узрост да 14 гадоў). Найб. развіты Т. у Мінску, абл. і раённых (Драгічын, Жлобін, Пінск, Рагачоў, Салігорск) цэнтрах.

А.​М.​Бурлакоў.

т. 16, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)