МУШКЕ́ТАЎ (Іван Васілевіч) (19.1.1850, ст. Аляксееўская Валгаградскай вобл., Расія — 10.1.1902),
расійскі геолаг і географ. Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1872), дзе выкладаў з 1877. З 1882 у Ін-це інжынераў шляхоў зносін (з 1897 праф.). Навук. працы па тэктоніцы, геамарфалогіі, сейсмалогіі і інш. Вывучаў геалогію Сярэдняй Азіі, Урала, Паволжа і Каўказа. Вызначыў навук. канцэпцыю аб геал. будове Сярэдняй Азіі і склаў геал. карту Туркестана. Імем М. названы хрыбет ў горнай сістэме Наньшань, вяршыня ў вярхоўях р. Віцім, 2 ледавікі на Цянь-Шані і інш.
т. 11, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫ́Н,
рака ў Кіргізіі і Узбекістане, правая састаўляючая р. Сырдар’я. Даўж. 807 км, пл. басейна 59,1 тыс. км². Пачынаецца з ледавікоў Цэнтр. Цянь-Шаня (да ўпадзення р. Малы Н. наз. Вял. Н.), цячэ ў міжгорнай даліне, месцамі ў вузкіх цяснінах. Сярэдні расход вады каля г. Учкурган (Узбекістан) 429 м³/с. Разводдзе ў маі. Выкарыстоўваецца для арашэння, пераважна зямель Ферганскай даліны. Ад Н. (каля г. Учкурган) пачынаецца Вялікі Ферганскі канал. На Н. — Курпсайская, Тактагульская, Таш-Кумырская, Учкурганская ГЭС і вадасховішчы; гарады Нарын, Таш-Кумыр (Кіргізія). У вярхоўях — Нарынскі запаведнік.
т. 11, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУНГА́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Джунгарыя,
раўнінная вобласць паміж гарамі Алтая і Усх. Цянь-Шаня, на ПнЗ Кітая. Пл. каля 700 тыс. км², пераважныя выш. 600—800 м. Складзена з магутнага покрыва рыхлых адкладаў. Пустыні з масівамі градавых і барханавых пяскоў, саланчакі. Асобныя невысокія горныя кражы і драбнасопачнік. Клімат умераны кантынентальны, з гарачым сухім летам і халоднай сухой зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -20 да -25 °C, ліп. ад 20 да 25 °C з рэзкімі ваганнямі на працягу сутак. Рачная сетка рэдкая. Разрэджаная ксерафітная расліннасць (саксаул, тамарыск, палыны, салянкі). Пашавая жывёлагадоўля, месцамі аазісы. Радовішчы нафты.
т. 6, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́СНІК (Станіслаў Вікенцьевіч) (23.1.1901, С.-Пецярбург — 1977),
расійскі географ і гляцыёлаг. Акад. АН СССР (1968, чл.-кар. 1953). Скончыў Ленінградскі ун-т (1929). З 1950 у Ленінградскім ун-це, з 1971 дырэктар Ін-та азёразнаўства АН СССР. Навук. працы па гляцыялогіі і геамарфалогіі Цэнтр. Цянь-Шаня і Джунгарскага Алатау, па тэарэт. пытаннях гляцыялогіі, землязнаўства, фіз. геаграфіі. Прэзідэнт Геагр. т-ва СССР (1964), віцэ-прэзідэнт Міжнар. геагр. саюза (1968). Яго імем пазваны ледавікі ў Заілійскім Алатау, Джунгарскім Алатау, па Палярным Урале.
Тв.:
Основы общего землеведения. 2 изд. М., 1955;
Очерки гляциологии. М., 1963;
Общие географические закономерности Земли. М., 1970.
т. 7, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСУ́-ДЖАБАГЛЫ́,
запаведнік у Казахстане, у зах. Цянь-Шані паўн.-зах. ч. Таласкага Алатау. Засн. ў 1926. Пл. больш за 74 тыс. га (у т. л. 10 377 га пад лясамі, 3830 га займаюць лугі, 116 га — вадаёмы). У запаведнік уваходзяць даліны рэк Джабаглы, Ірсу, Аксу з каньёнам (глыб. да 500 м), 9 невял. азёраў і каля 20 ледавікоў. Ахоўваюцца і аднаўляюцца прыродныя комплексы дрэвава-хмызняковай і лугавой расліннасці. Растуць 23 віды пладовых дрэў і кустоў, шмат дэкар. раслін. У фауне трапляюцца млекакормячыя — сібірскі горны казёл, архар, марал (акліматызаваны), даўгахвосты сурок, птушкі — звычайныя кеклік, сіняя птушка, улар, перапёлка, вяхір і інш.
т. 1, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКІ ПО́ЯС,
прыродны вышынны пояс у гарах пераважна ўмераных і субтрапічных шырот. Размешчаны вышэй за субальпійскі пояс, пры значнай вышыні гор змяняецца нівальным поясам. Вышыннае знаходжанне альпійскага пояса вызначаецца геагр. шыратой, экспазіцыяй схілаў, ступенню кантынентальнасці клімату (напр., у Альпах А.п. знаходзіцца на выш. 2200—3000 м, на Цянь-Шані — 1000—1800 м, у Гімалаях — 3600—5000 м). Клімат суровы высакагорны. Сярэдняя т-ра студз. 15 °C, ліп. 14 °C, ападкаў 1000 мм і больш за год. Снегапады, моцныя вятры, снегавыя лавіны. Снегавое покрыва 6—10 месяцаў. Вегетац. перыяд 2—3 месяцы. Характэрны бязлессе, альпійская расліннасць на горна-лугавых глебах.
А.М.Матузка.
т. 1, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУМ-ГРЖЫМА́ЙЛА (Рыгор Яфімавіч) (17.2.1860, С.-Пецярбург — 3.3.1936),
рускі географ, даследчык Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. У 1884—87 падарожнічаў па Алтаі, Цянь-Шані, Каракаруме і Кашгарыі. У 1889—90 узначальваў экспедыцыю ў Цэнтр. Азію, у час якой адкрыты горны хр. Бэйшань і вызначана адмоўная адзнака Турфанскай упадзіны. У 1903—14 ажыццявіў шэраг экспедыцый у Зах. Манголію, Туву, на Д.Усход і інш. У 1920—31 віцэ-прэзідэнт Геагр. т-ва СССР. Асн. працы: «Апісанне Амурскай вобласці» (1894), «Зах. Манголія і Уранхайскі край» (т. 1—3, 1914—30). Вял. залаты медаль Геагр. т-ва. Яго імем названы перавал у гарах Сіхатэ-Алінь, ледавікі на Паміры і масіве Багдо-Ула.
т. 5, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕДО́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эпоха тэктагенезу ў канцы ранняга — пач. сярэдняга палеазою, што папярэднічала герцынскай складкавасці. Тэрмін уведзены франц. геолагам М.Бертранам у 1887. Да класічных каледонскіх структур адносяцца Брытанскія а-вы, Скандынавія, Паўн. і Усх. Грэнландыя. Таксама К.с. развіта ў Цэнтр. Казахстане (зах. ч.), Паўн. Цянь-Шані, Паўд.-Усх. Кітаі, Усх. Аўстраліі; уваходзіць у фундамент Заходнесіб. і Заходнееўрап. маладых платформаў. Вял. значэнне К.с. мела ў развіцці Кардыльераў, асабліва Паўд. Амерыкі, Паўн. Апалачаў і інш. Найб. характэрнымі для К.с. з’яўляюцца структурная няўзгодненасць на ніжняй мяжы сілуру або дэвону і намнажэнне магутнай тоўшчы чырванаколерных кантынентальных адкладаў (маласы). З каледонскім тэктагенезам звязаны радовішчы жалеза, тытану, золата, малібдэну, азбесту, тальку, магнезіту і інш.
т. 7, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛЬСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ, познарыфейска-вендская складкавасць,
эра тэктагенезу ў познім пратэразоі (каля 900—550 млн. гадоў назад), што папярэднічала каледонскай складкавасці. Вылучана ў 1932 рус. вучоным М.С.Шацкім. Тыповыя раёны развіцця байкалідаў — у Азіі (Енісейскі краж і Байкальская горная вобл.). Шырока выявілася на прылеглых да стараж. платформаў (кратонаў) тэрыторыях. Аналагі Байкальскай складкавасці: кадомская (асінцкая) у Зах. Еўропе, катангская ў Афрыцы, гадрынская і бразільская ў Амерыцы, луінская ў Аўстраліі. На Усх.-Еўрапейскай і інш. платформах узнікла сістэма аўлакагенаў. Байкаліды ўтвараюць ядры многіх палеазойскіх складкавых сістэм: Урала, Ціманскага кража, Цэнтр. Казахстана, паўн. часткі Цянь-Шаня і інш., уваходзяць у склад фундамента Зах.-Сібірскай і Зах.-Еўрапейскай маладых платформаў. З зонамі Байкальскай складкавасці звязаны радовішчы медзі, золата, волава і вальфраму.
т. 2, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВЁРКІ (Sciurus),
род млекакормячых жывёл сям. вавёркавых атр. грызуноў. 55 відаў у Паўн. паўшар’і і на Пн Паўд. Амерыкі. Пашыраны ў горных і раўнінных лясах. На Беларусі 1 від — вавёрка звычайная (S. vulgaris).
Даўж. цела 20—35 см, хваста 19—31 см, маса 180—1000 г. Афарбоўка залежыць ад раёна пашырэння, сезона, узросту, індывідуальнасці. Вавёрка звычайная бывае рыжая, папялястая, амаль чорная і інш. Будуюць гнёзды (гайны) ці жывуць у дуплах. Штогод даюць 1—3 прыплоды па 1—12 дзіцянят. Корм раслінны і жывёльны, большасць вавёрак робяць запасы на зіму. Вавёрка звычайная акліматызавана ў Крыме, на Цянь-Шані і Каўказе. Некаторыя з вавёрак — каштоўныя паляўніча-прамысл. віды (здабываюцца дзеля пушніны, у тропіках — дзеля мяса). Дальмарская чорная вавёрка занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
т. 3, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)