ДАВІ́Д (11 ст. да н.э., г. Віфлеем, Іарданія — 965 ці 964 да н.э.),

2-і цар Ізраільска-Іудзейскай дзяржавы. Паводле Старога запавету, юнак-пастух Давід перамог у адзінаборстве волата Галіяфа. Пасля гібелі цара Саула ў 1004 ці 1003 да н.э. быў абвешчаны царом Іудзеі, далучыў да яе тэр. ізраільскіх плямён і стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, правёў перапіс насельніцтва, зрабіў сталіцай г. Іерусалім. Біблейскі вобраз Давіда (юнак, пастух, палкаводзец, цар, складальнік псалмоў, музыкант, месія) атрымаў адлюстраванне ў л-ры, выяўл., тэатр., муз. мастацтве.

Давід. Скульптар Мікеланджэла. 1501—04.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́КЛІЙ II (18.11.1720, г. Тэлаві, Грузія — 22.1.1798),

грузінскі цар, дзярж. дзеяч, палкаводзец. З дынастыі кахецкіх Багратыёнаў.З 1744 цар Кахеты, з 1762 — Картлі-Кахецінскага царства (Усх. Грузія). Імкнуўся да аб’яднання разрозненых груз. уладанняў у адзіную дзяржаву, пашырэння ўплыву Грузіі ў Закаўказзі. У час рус.-тур. вайны 1768—74 ваяваў на баку Расіі. Заключыў Георгіеўскі трактат 1783 аб пратэктараце Расіі над Усх. Грузіяй. Садзейнічаў груз.-арм. збліжэнню. Пры ім абмежавана ўлада буйных землеўладальнікаў, забаронены гандаль прыгоннымі без зямлі. У 1773 увёў пастаяннае войска. Заснаваў дзярж. школы і семінарыі ў Тбілісі, Тэлаві.

т. 7, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕ́Й,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі герой, сын Зеўса і Данаі. Паводле міфа, дзед П. цар Аргаса (на п-ве Пелапанес) Акрысій, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука, загадаў зачыніць яго разам з маткай у скрыні і кінуць у мора. Выратаваныя рыбакамі, яны жылі на в-ве Серыфас, адкуль мясц. цар Палідэкт паслаў П. ў паход па галаву гаргоны Медузы. Здабыўшы яе пасля шматлікіх прыгод, П. на зваротным шляху выратаваў ад марской пачвары Андрамеду, якая стала яго жонкай. Паводле позніх міфаў, П. і Андрамеда былі ўзнесены на неба і ператварыліся ў сузор’і. П. прыпісвалі заснаванне г. Мікены.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАМІРЗЯ́Н (Рубен Сяргеевіч) (20.12.1911, Тбілісі — 26.10.1991),

рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1974), нар. арт. СССР (1983). Засл. дз. маст. Расіі (1969) і Грузіі (1972). Праф. (1975). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т імя А.​М.​Астроўскага (1953). З 1966 гал. рэжысёр Ленінградскага драм. т-ра імя В.​Ф.​Камісаржэўскай. Сярод пастановак драм. трылогія «Смерць Іаана Грознага», «Цар Фёдар Іванавіч», «Цар Барыс» А.​К.​Талстога (Дзярж. прэмія СССР 1984). У Бел. т-ры імя Я.​Купалы паставіў спектаклі «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Г.​Лордкіпанідзе (1965) і «...Забыць Герастрата!» Р.​Горына (1974), якія вылучаліся цікавай рэжысёрскай задумай, яркай формай і выдатнымі акцёрскімі работамі.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСІЛЕ́Й, басілеўс (грэч. basileus),

у Старажытнай Грэцыі правіцель невял. паселішча, правадыр племя ці саюзу плямёнаў; пазней 2-і архонт. У Спарце і пасля ў эліністычных дзяржавах — цар. У сярэднія вякі афіц. тытул візант. імператараў.

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРА́Т III,

грузінскі цар [975—1014]. Аб’яднаў пад сваёй уладай Зах. і значную ч. Усх. Грузіі (Картлі, Кахеты, Эрэты). Абапіраючыся на дваран, упарта змагаўся з араб. заваёўнікамі, а таксама з буйнымі феадаламі, якія выступалі супраць аб’яднання краіны.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГІ́ШЦІ I (1-я пал. 8 ст. да н.э.),

цар Урарту. У час яго праўлення Урарту ператварылася ў магутную дзяржаву Б. Усходу. Пакінуў некалькі дзесяткаў клінапісных надпісаў пра перамогі над Асірыяй і будаўніцтва гарадоў Аргішціхінілі і інш.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШУРНАСІРПА́Л II,

цар Асірыі ў 883—859 да нашай эры. Пакарыўшы з асаблівай жорсткасцю Паўн. Месапатамію, Паўн. Сірыю і Фінікію, умацаваў магутнасць Новаасірыйскай імперыі. Вядомы барэльефы з палаца Ашурнасірпала ў Калаху (цяпер гарадзішча Німруд каля аднайм. горада ў Іраку).

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НДРА,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі і ведычнай рэлігіі найб. шанаванае бажаство, пераможца багоў і іх цар, грамавержац і ўсталявальнік сусвету; пазней ахоўнік (лакапала) Усходу. Найперш увасабляў воінскую функцыю, але быў звязаны і з урадлівасцю, лічыўся добрым апекуном людзей, асабліва арыйцаў.

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛЬКА́́РТ (фінікійскае, літар. цар горада),

у заходнесеміцкай міфалогіі вярх. бог г. Тыр. Шанаваўся ў Фінікіі і па-за яе межамі, у т. л. ў Карфагене, як апякун мараплаўства і «правадыр» фінікійскай каланізацыі. Атаясамліваўся з Гераклам. Культ М. суправаджаўся чалавечымі ахвярапрынашэннямі.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)