галіна харчовай прамысловасці, якая перапрацоўвае агародніну, садавіну, ягады. Вырабляе плодаагароднінныя кансервы (у т. л. для дзіцячага і дыетычнага харчавання), сушаную гародніну і садавіну, замарожаныя прадукты, сокі, пладова-ягадныя экстракты, мочаную і засоленую гародніну, пладова-ягаднае віно; перапрацоўвае дзікарослую сыравіну (чарніцы, журавіны, грыбы). На Беларусі П.п. сфарміравалася ў сав.час. У 1940 дзейнічалі асобныя цэхі, выраблена 3 млн. ўмоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў і 700 т сушанай гародніны і бульбы. У 2000 працуюць 262 прадпрыемствы і вытворчасці, большасць з якіх аб’ядноўваюцца ў канцэрны «Белгасхарчпрам» і «Белкаапсаюз». Найб. з прадпрыемстваў: Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Клецкі кансервавы завод, Кобрынскі кансервавы завод, Мінскі харчовы камбінат, Пінскі кансервавы завод, Слуцкі кансервавы завод, а таксама кансервавыя з-ды ў Глыбокім, Хойніках, Ляхавічах, Гродне, Гарыні (Столінскі р-н), Красным (Маладзечанскі р-н), гароднінасушыльны з-д у Солах (Смаргонскі р-н) і інш., вырабляюць прадукцыю больш за 300 найменняў. У многіх саўгасах і калгасах працуюць з-ды ці цэхі (больш за 40) невял. магутнасці. Выкарыстоўваецца сыравіна мясц. і прывазная (памідоры, вострыя прыправы), вытворчасць мае сезонны характар. На долю П.п. прыпадае 3,8% агульнай прадукцыі харч. прам-сці, ч. прадукцыі экспартуецца (асабліва з дзікарослай сыравіны). Перспектыўная для Беларусі галіна, але развіта недастаткова з-за нізкай тэхн. аснашчанасці прадпрыемстваў, адсутнасці сфарміраваных сыравінных зон, недахопу сховішчаў (страты сыравіны дасягаюць 30—40%).
Найб. развіта П.п. у ЗША, Канадзе, краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (асабліва ў Італіі), сярод краін Усх. Еўропы — у Польшчы (буйнейшы ў свеце пастаўшчык канцэнтраванага яблычнага соку, замарожанай клубніцы).
Т.Л.Казакова.
Вытворчасць плодаагародніннай прадукцыі на Беларусі
Віды прадукцыі
1985
1990
1995
1999
I. Кансервы плодаагароднінныя, млн. умоўных слоікаў, з іх
432,6
482,5
163,0
272,7
1. Агароднінныя
164,8
143,9
67,6
86,1
2. Памідорныя
36,6
37,4
23,0
36,5
3. Пладовыя, у т.л.
231,2
301,2
72,4
101,9
а. Павідла, варэнне, джэмы
34,7
44,4
7,4
22,2
б. Сокі
98,7
180,2
43,0
63,5
II. Сушаная садавіна, т
117
7
19
112
III. Пладова-ягаднае віно, млн. дэкалітраў
9,9
0,1
5,1
22,2
Да арт.Плодаагароднінная прамысловасць. Харчовы камбінат Белкаапсаюза: 1 — цэх канцэнтраваных сокаў; 2 — прадукцыя камбіната.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНА-ТЛУ́ШЧАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, вытв-сць раслінных алеяў, маргарыну, маянэзу, кулінарнага тлушчу, пакосту, гліцэрыну, гасп. мыла, мыйных сродкаў на тлушчавай аснове, а таксама гідрагенізацыя і расшчапленне тлушчу.
У старажытнасці выраблялі аліўкавы і пальмавы алей, які лёгка выдзяляецца пры невял. ціску. У пач. 19 ст. пашырыўся прэсавы метад, у 1856 вынайдзены больш эфектыўны экстракцыйны метад з выкарыстаннем арган. растваральнікаў алею (бензіну, дыхлорэтану). Вырабляецца соевы, пальмавы (з пладоў алейнай і какосавай пальмаў), сланечнікавы, рапсавы, бавоўнікавы, ільняны, гарчычны, кукурузны, арахісавы, аліўкавы, тунгавы, рыцынавы, абляпіхавы і інш. алей (гл.Алейныя культуры). Сусветны выраб за год больш за 90 млн.т (1986), больш як палова яго — харчовы. Найбуйнейшыя вытворцы: ЗША, Бразілія, Мексіка (соевы алей); Кітай, Індыя, Германія, Канада (рапсавы); Аргенціна, Расія, Германія, Украіна (сланечнікавы); Іспанія, Італія, Партугалія (аліўкавы); Малайзія, Інданезія, Нігерыя, Калумбія (пальмавы).
Вытворчасць алею на Беларусі вядома з ранняга сярэднявечча. Выціскалі з насення лёну і канопляў. Галіна алейна-тлушчавай прамысловасці ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. спачатку на мясц. сыравіне, потым — на прывазной. У 1913 дзейнічала 6 цэнзавых алейных, 5 мылаварных і 2 стэарынавыя з-ды. У 1931 пабудаваны маслабойны завод у Віцебску, у 1932 — маргарынавы ў Гомелі (з 1935 — тлушчавы камбінат), у 1939 дзейнічалі Баранавіцкі і Глыбоцкі маслабойныя з-ды; у 1940 наладжаны выраб пакосту (Віцебск). Пасля Вял.Айч. вайны аднавілі работу Бабруйскі і Баранавіцкі маслабойныя з-ды, Гомельскі тлушчавы камбінат. У 1951 пабудаваны Мінскі маргарынавы завод. Рэканструяваны Бабруйскі маслабойны з-д. На Віцебскім маслабойным з-дзе пушчаны экстракцыйны цэх. У 1991 уведзены ў строй маслабойны цэх у калгасе «Новы быт» (Мінскі р-н). Працуюць (1995): Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод, Гомельскі тлушчавы камбінат, Мінскі маргарынавы завод, Бабруйскі алейны з-д, алейны цэх у калгасе «Новы быт». Выраб алею ў 1994 склаў 5,2 тыс.т (найб. аб’ём вытв-сці ў 1990 — 26,4 тыс.т), маргарынавай прадукцыі 19,2 тыс.т (найб. аб’ём у 1987—127,7 тыс.т). Адходы алейна-тлушчавай в. ідуць на корм жывёле (гл.Макуха, Шрот). Алей для спажывання і далейшай перапрацоўкі завозіцца на Беларусь з Украіны, Малдовы, Расіі, Германіі, Польшчы (129,2 тыс.т, 1990; 44,3 тыс.т, 1994); сыравіна для алейна-тлушчавай прамысловасці — з Польшчы і Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬ,
горад, цэнтр Лепельскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Лепельскага воз. За 115 км на ПдЗ ад Віцебска. Канцавая станцыя чыг. Орша—Лепель, аўтадарогамі звязаны з Полацкам, Мінскам, Віцебскам, Оршай, Улай. 19,4 тыс.ж. (1998).
Паводле пісьмовых крыніц, вядомы з 1439 як вёска і маёнтак Стары Л. на востраве Лепельскага воз. У 1558—83 тут пабудаваны Лепельскі замак, побач з ім на востраве ў 1563 засн. «места Лепель». У 1580 «места» мела 300 дамоў, якія размяшчаліся на востраве і на зах. беразе возера (цяпер в. Стары Лепель). У 1586 Л.Сапега засн. за 3 км ад «места» ў в. Белае мястэчка Белы Л., або Новы Л. (пазней Л.), куды быў перанесены гандл. цэнтр, пабудаваны замак, царква і касцёл. Належаў Сапегам. У 1772—76 Л. адм. цэнтр Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Л. у Рас. імперыі: у 1793—96 цэнтр Лепельскага павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. 5.4.1805 мястэчку Л. нададзены статус пав. горада, ён быў ўзяты ў казну, а жыхары пераведзены ў саслоўе мяшчан. 3.7.1812 горад захапілі франц. войскі, спалілі. У 1833 горад моцна пацярпеў ад пажару. 9.9.1852 Л. атрымаў герб «Пагоня» — у чырв. полі сярэбраны коннік. У 1864 у Л. больш за 2 тыс.ж.; 3 царквы, касцёл, капліца, 4 сінагогі, 38 мураваных і 562 драўляныя дамы, гарбарны і піваварны з-ды, 2 цагельні. У 1893 засн. метэастанцыя, у 1902 — настаўніцкая б-ка. У 1897 у Л. 6284 ж. З 1924 цэнтр Лепельскага раёна, у 1935—38 — Лепельскай акругі. З 3.7.1941 да 26.8.1944 акупіраваны ням фашыстамі, якія загубілі ў Л. больш за 1 тыс.чал. Дзейнічалі Лепельскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У кастр. 1943 партызаны злучэння Віцебскай вобл. правялі Лепельскую аперацыю 1943. Горад вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1959 у Л. 9,7, у 1970—13,1 тыс. ж.
Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, харчовай (Лепельскі малочна-кансервавы камбінат) прамысловасці. У горадзе Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Лепельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, чырвонаармейцаў. Помнікі: Вызвалення, сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — касцёл св. Казіміра (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна харчовай прамысловасці, якая ажыццяўляе забой і комплексную перапрацоўку жывёлы і птушкі. Вырабляе мяса і субпрадукты, каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, мясныя і мяса-расл. кансервы, жывёльныя тлушчы, сухія жывёльныя кармы, тэхн. і фармацэўтычную сыравіну (рогакапытную, эндакрынную, косці, шкуры і інш.).
У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі невял. паўсаматужныя бойні (у 1913 іх было 50, забіта 51 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 41,7 тыс. свіней) і каўбасныя майстэрні (у Ашмянах, Барысаве, Гомелі, Гродне і інш.), пераважна пры каўбасных крамах. У 1905 самая буйная бойня (8—10 галоў жывёлы за сут) працавала ў Магілёве. З 1920-х г. М.п. развіваецца як індустр. галіна. У 1922 пабудаваны Мінскі мясакамбінат і каўбасны цэх на Магілёўскім мясакамбінаце, у 1930 — Бабруйскі мяса- і Аршанскі мясакансервавы камбінаты, у 1937 — Магілёўскі жэлацінавы завод. У Вял.Айч. вайну амаль усе прадпрыемствы М.п. разбураны. Адноўлены да 1950. Пабудаваны мясакамбінаты ў Брэсце (1944), Лідзе (1945), Барысаве (1967), Бярозе, Слуцку, Гродне, Віцебску, Крычаве, Жлобіне (1971—75), халадзільнікі на Бабруйскім, Кобрынскім, Ашмянскім, Аршанскім птушкакамбінатах (1960—65), мясаперапрацоўчы з-д у Мінску (1972—74, адзіны ў рэспубліцы, вырабляе паўфабрыкаты і каўбасныя вырабы з сыравіны інш. прадпрыемстваў па забоі жывёлы) і інш. Адбываліся канцэнтраванне вытв-сці, далучэнне птушкакамбінатаў да мясакамбінатаў. У 1990 М.п. Беларусі выпускала мяса 6,9%, каўбасных вырабаў 4,1% ад агульнасаюзнага аб’ёму. Для канца 1980—90-х г. характэрна стварэнне невял. прадпрыемстваў і вытв-сцей у малых населеных пунктах, блізкіх да сыравіннай базы. У 1980 М.п. налічвала 229 прадпрыемстваў і вытв-сцей, у 1988—334, у 1993—451, у 1998—695.
У 1990 вытв-сць мяса і субпрадуктаў 1-й катэгорыі склала 889,1 тыс.т, каўбасных вырабаў 216,6 тыс.т, мясных паўфабрыкатаў 109,7 тыс.т, мясных і мяса-расл. кансерваў 97,1 млн. умоўных слоікаў, у 1997 — адпаведна 342; 153,9; 52,5 і 50,3, у 1998—371,7; 162,8; 60,1 і 64, на долю М.п. прыпадала 25,6% агульнай прадукцыі (у дзеючых цэнах) харч. прам-сці і 53,3% — мяса-малочнай галіны. Асн.ч. прадукцыі вырабляюць (1999) 3 мясакансервавыя (Аршанскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі мясакансервавы камбінат і Баранавіцкі) і 23 мясакамбінаты, з якіх найбуйнейшыя: Слуцкі мясакамбінат, Мінскі, Магілёўскі, Гомельскі, Жлобінскі і Гродзенскі. Прадпрыемствы галіны працуюць пераважна на мясц. сыравіне, асн. яе пастаўшчыкі — калгасы і саўгасы. Ч. прадукцыі экспартуецца.
У 1994 найб. колькасць мяса (млн.т) выпушчана ў Кітаі (41,4), ЗША (32,1), Бразіліі (8,1), Расіі (7,4), Францыі (6,2) і Германіі (5,8), найб. колькасць мяса на душу насельніцтва (кг) — у Даніі (363,2), Аўстраліі (185,7), Нідэрландах (179,8), Бельгіі з Люксембургам (151,4), ЗША (123,1), Аргенціне (109,1), Францыі (106,8) і Канадзе (106,3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІ РАЁН.
На У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 як Валеўскі (з цэнтрам у в. Валеўка), з 25.11.1940 — Карэліцкі; 25.12.1962 скасаваны, 6.1.1965 адноўлены. Пл. 1,1 тыс.км². Нас. 31,7 тыс.чал. (1998), гарадскога 32,8%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Карэлічы; г.п.Мір, 159 сельскіх нас. пунктаў, Мірскі пасялковы Савет і 9 сельсаветаў: Варанчанскі, Жухавіцкі, Красненскі, Луцкі, Малюшыцкі, Райцаўскі, Турэцкі, Цырынскі, Ярэміцкі.
Пераважная частка раёна занята Нёманскай нізінай і Стаўбцоўскай раўнінай, на З ад р. Сэрвач — схілы Навагрудскага ўзвышша. Паверхня раўнінная і дробнаўзгорыстая. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 261,7 м (каля в. Малюшычы). Карысныя выкапні: жал. ільменіт-магнетытавыя руды, мел, вапнякі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,6 °C, ліп. 17,5 °C Ападкаў 695 мм за год. Вегет. перыяд 189 сут. Гал. рака Нёман, яго левыя прытокі Уша (з Міранкай) і Сэрвач (з Нёўдай і Рутай). Найб. пашыраны дзярнова-падзолістыя (61,6%) і тарфяна-балотныя (14,1%) глебы. Пад лесам 21% тэр. раёна (буйны масіў Графская пушча на крайнім ПнУ), пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 1,8% тэрыторыі, асушана 16 078 га. Найб. балотныя масівы Карэлічы (Галае балота), Зарэчча, Воўчае балота. Рэсп. гідралагічны заказнік Міранка. Помнікі прыроды: парк «Мір», каштан васьмітычынкавы ў в. Райца, геал. агаленне Цімошкавічы.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,8 тыс.га, з іх асушаных 15,4 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 12 калгасаў, племзавод «Карэлічы», птушкафабрыка «Чырвонаармейская», 11 фермерскіх гаспадарак. Мяса-малочная жывёлагадоўля (буйная раг. жывёла, свінагадоўля), ільнаводства, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харчовай прам-сці (вытв-сць масла, сыру, мясных вырабаў, спірту), буд. матэрыялаў, ільнозавод. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Навагрудак—Карэлічы—Мір—Стоўбцы, Навагрудак—Нясвіж, Карэлічы—Малюшычы—Наваельня. У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач., 4 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 2 прафес.-тэхн. вуч., 17 дашкольных устаноў, 14 дамоў культуры, 25 клубаў, 42 б-кі, 5 бальніц, 24 фельч.-ак. пункты, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый. Помнікі архітэктуры: палацава-замкавы комплекс (16—18 ст.) у г.п. Мір; Казанская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Беражна; будынак бровара (канец 18 ст.) і касцёл Ганны (1773) у в. Варонча; царква Ушэсця (пач. 19 ст.) у в.Вял. Мядзведка; Петрапаўлаўская царква (1745) у в.Вял. Жухавічы; Усясвяцкая царква (1935) у в. Дольная Рута; царква (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Заполле; сядзібны дом (2-я пал. 19 ст.) у в. Кальчычы; Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Любанічы; царква Іаана Прадцечы (19 ст.) у в. Мал. Жухавічы; Міхайлаўская царква (пач. 19 ст.) у в. Міратычы; сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.) у пас. Першамайскі; жылы і сядзібны дамы (19 ст.) у в. Райца; капліца (канец 19 ст.) у в. Сэрвач; Пакроўская царква (1888) у в. Турэц; капліца і царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в. Ярэмічы. Выдаецца газ. «Полымя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДА,
горад у Гродзенскай вобл., на р. Лідзея (бас.р. Нёман). Цэнтр Лідскага р-на. За 112 км на ПнУ ад Гродна. Вузел чыгунак на Гродна, Вільнюс, Маладзечна, Баранавічы. 99,9, тыс.ж. (1998).
Датай узнікнення Л. лічаць 1323 — пач.буд-ваЛідскага замка, вакол якога паступова вырас горад. У 15—16 ст. горад быў значным цэнтрам рамяства і гандлю, звязаны з Вільняй, Навагрудкам, Мінскам, Полацкам. У гэты час горад складаўся з рыначнай плошчы і 4 вуліц; да яго прымыкала прадмесце Зарэчча. З 1568 цэнтр Лідскага павета Віленскага ваяводства. У 1590 Л. атрымала магдэбургскае права і герб (у левай частцы шчыта выява льва на чырвоным і ў правай — 2 скрыжаваныя ключы на блакітным фоне). З 2-й пал. 17 ст. ў выніку войнаў і феад. анархіі Л. прыйшла ў заняпад, з сярэдзіны 18 ст. пачалося адраджэнне яе эканомікі. У 1756—1834 дзейнічаў Лідскі піярскі калегіум. У 1786 у Л. 514 ж. 3 1795 у Рас. імперыі, пав.цэнтр. Слонімскай (1795), Літоўскай (1797), Гродзенскай (1801) губерняў. З 1842 пав. горад Віленскай губ. У 1863 і 1873 у Л. пабудаваны піўзаводы, у 1870—80-я г. — гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая ф-ка, крухмальны з-д. У 1884 пракладзена чыг. лінія Вільня—Лунінец, у 1907 — Маладзечна—Масты. У 1897 у Л. было 8626 ж., дваранскае і пав. двухкласнае вучылішчы, прыходскае вучылішча з жаночым аддзяленнем, яўр. школа. У 1899 адкрыта бальніца, у канцы 19 — пач. 20 ст. пушчаны чыгуналіцейны, лесапільны іінш. з-ды, развіты промысел па вырабе Лідскіх куфраў. У 1901—18 існавалі Лідскія гімназіі. У 1904 у Л. 1 тыс. дамоў (275 мураваных), 14 дробных прадпрыемстваў, 170 рамесных майстэрань, 4 бальніцы, 6 пач.навуч. устаноў. У 1921—39 у складзе Польшчы, павятовы цэнтр Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Лідскага раёна Баранавіцкай вобл., горад абл. падпарадкавання. З 27.6.1941 да 9.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 25 149 чал. Дзейнічала Лідскае патрыятычнае падполле. У 1972—49,7 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы машынабудавання (Лідскі доследны завод «Нёман», Лідскі завод сельскагаспадарчых машын, Лідскі завод электравырабаў, з-ды прыладабудаўнічы, аўтарамонтны), харчовай (Лідскі завод харчовых канцэнтратаў, Лідскі малочнакансервавы камбінат, піваварны з-д), буд. матэрыялаў (камбінат буд. матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр. прам-сці, Лідскі лакафарбавы завод, Лідская абутковая фабрыка, Лідскі краязнаўчы музей, Лідскі індустрыяльны тэхнікум. Брацкія магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці і інш. Помнікі чырвонаармейцам, якія загінулі ў вер. 1920, сав. воінам і партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Лідскі замак, Лідскі Крыжаўзвіжанскі касцёл, Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў.
Літ.:
Лида: Ист.-экон. очерк. Мн.,1976.
І.І.Коўкель.
Герб Ліды. 1590.Ліда. Курган Бессмяротнасці.Ліда. Плошча імя 600-годдзя горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ ПЕРАВАРО́Т,
пераход ад мануфактуры да машыннай вытворчасці ў 2-й пал. 18 ст. — 19 ст. Вынаходства і ўкараненне ў вытв-сць машын, арганізацыя ф-к прывялі да ўзнікнення буйной машыннай індустрыі, усталявання і развіцця капіталіст. спосабу вытв-сці. Гэта спрыяла ўзнікненню новых галін прам-сці, буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў, пашырэнню ўнутр. і знешняга рынку, завяршэнню працэсу фарміравання асн. класаў грамадства — буржуазіі і рабочага класа.
П п. пачаўся ў 1760-я г. ў Вялікабрытаніі, дзе ў выніку гар. пераўтварэнняў з’явілася вял. колькасць свабоднай рабочай сілы, склаўся рынак збыту тавараў, а ў купцоў і прадпрымальнікаў назапашаны свабодныя грашовыя сродкі для буд-ва ф-к. Стымулявала П.п. і замежная канкурэнцыя. У 1769 Дж.Уат вынайшаў паравую машыну, а ў 1784 — паравую машыну «двайнога дзеяння». У 1779 вынайдзена мюльмашына, якая дазволіла выпрацоўваць баваўняную пражу фабр. спосабам. У 1785 Э.Картрайт вынайшаў мех. ткацкі станок. У хуткім часе ўзнікла першая прадзільная ф-ка, якая працавала на вадзяным рухавіку (у 1790 было 150 прадзільных ф-к). Рост фабр. вытв-сці патрабаваў удасканалення трансп. сістэмы. У канцы 18 ст. пракапаны першы канал даўж. больш за 17 км. У 1-й чвэрці 19 ст. пачалі дзейнічаць параходныя зносіны і паравая чыгунка. У 2-й пал. 19 ст. вынайдзены такарны станок з супартам, стругальны станок. Бурнае развіццё машынабудавання ў 1830—40-я г. стала сведчаннем ператварэння Вялікабрытаніі ў індустрыяльную «майстэрню свету», яна стала сусв. манапалістам у прамысл. вытв-сці і гандлі. У ЗША у 1860—70-я г. паравыя машыны выкарыстоўваліся на многіх ф-ках і з-дах. Развіццё фермерскай сельскай гаспадаркі стымулявала тэмпы і маштабы буд-ва чыгунак. У 1869 транскантынент. чыгунка перасекла кантынент з З на У. Чыг.буд-ва стымулявала рост металург. вытв-сці, вугальнай, нафтавай і інш. галін. У Францыі П.п. пачаўся ў канцы 18 ст., але развіваўся больш павольна. Асн. яго тормазам быў манархічны лад, захаванне дробнай вытв-сці, а ўведзеная Напалеонам I кантынент. блакада Вялікабрытаніі перапыніла пастаўкі машын для франц. вытворцаў. У Германіі П.п. адбыўся ў 3 этапы: пачатковы этап (да 1850) закрануў у асн.тэкст.прам-сць; у наст. 2 дзесяцігоддзі бурна развівалася цяжкая прам-сць; завяршэнне П.п. адбылося пасля стварэння Германскай імперыі ў 1871, калі ў ням. прам-сці склаліся манаполіі. У Расіі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст. У баваўнянай прам-сці больш хутка ажыццяўляўся пасля адмены прыгоннага права (1861), калі ахапіў большасць галін нар. гаспадаркі. У 1879 у тэкст. прам-сці з дапамогай машын выраблялася ад 54,8% да 96,3% прадукцыі. На металаапр. прадпрыемствах машынамі выпрацоўвалася 86,3% прадукцыі.
На Беларусі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст., у металаапр. і вінакурнай галінах, а не ў тэкстыльнай. Пра гэта сведчыць выкарыстанне паравых машын у металаапрацоўцы і змена яе тэхналогіі. П.п. адбываўся і ў інш. галінах (харчовай, дрэваапрацоўчай, хімічнай) і завяршыўся ў канцы 1890-х г. У 2-й пал. 19 ст. аб’ём фабр. прадукцыі вырас у 37 разоў. Да 1890 ф-кі і з-ды давалі 47,8% усёй прамысл. прадукцыі. У канцы 19 ст. пачалі з’яўляцца акц. т-вы: «Гродзенскае т-ва водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў», «Т-ва віцебскіх водаправодаў», белы. акц.т-ва «Віцебскі трамвай» і інш. Дзейнічалі філіялы найбуйнейшых рас. банкаў, ням. капітал актыўна ўкладваўся ў лясную і льняную галіны вытв-сці. За апошнія 10 гадоў 19 ст. тэмпы развіцця прам-сці былі значна вышэйшыя, чым за папярэднія 30 гадоў, у выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула 5% прамысл. прадукцыі Расіі, колькасць рабочых складала 10%. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ.харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, індустрыя,
найважнейшая галіна матэрыяльнай вытв-сці, якая аказвае вырашальнае ўздзеянне на ўзровень эканам. развіцця грамадства; сукупнасць прадпрыемстваў (фабрык, заводаў, электрастанцый, шахтаў, руднікоў і інш.), занятых вырабам прылад працы, вытв-сцю энергіі, здабычай сыравіны і паліва, нарыхтоўкай лесу, апрацоўкай і перапрацоўкай прадуктаў, атрыманых у П. або вырабленых у сельскай гаспадарцы. Паводле характару вытв-сці і прадметаў працы падзяляецца на здабыўную і апрацоўчую, паводле эканам. прызначэння і выкарыстання прадукцыі — на вытв-сць сродкаў вытв-сці і вытв-сць прадметаў спажывання. Адрозніваюць П. цяжкую, лёгкую, харчовую і інш., якія ў сваю чаргу падзяляюцца на галіны і асобныя віды вытв-сці (напр., лёгкая П. уключае тэкстыльную, швейную, гарбарную, футравую, абутковую і інш.).
П. зарадзілася ў рамках натуральнай гаспадаркі. Яна ўзнікла як самаст. галіна грамадскай вытв-сці пасля аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. У станаўленні П. як самастойнай сферы грамадскай працы вял. ролю адыгралі гарады, дзе склаліся першыя элементы капіталіст. адносін. У сваім развіцці П. прайшла 3 стадыі: дробнатаварную, мануфактурную і фабрычную. Пераход ад мануфактуры да буйной машыннай індустрыі абумоўлены прамысловым пераваротам, які адбыўся спачатку ў Вялікабрытаніі, а потым і ў інш. краінах. У канцы 19 і пач. 20 ст. больш хуткімі тэмпамі П. развівалася ў ЗША і Германіі, якія апярэдзілі Вялікабрытанію. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найхутчэй развівалася П. ЗША. Да пач. 1920-х г. ЗША давалі амаль палавіну сусв. здабычы вугалю, каля 3/5сусв. вытв-сці чыгуну і сталі, 2/3 здабытай ва ўсім свеце нафты, 85% сусв. выпуску аўтамабіляў. П еўрап. краін была разбурана 1-й сусв. вайной. П. Францыі дасягнула даваен. ўзроўню ў 1924. У Вялікабрытаніі выпуск прамысл. прадукцыі да 1929 дасягнуў толькі аб’ёму 1913. У Германіі стабілізацыя эканомікі пачалася з 1924, за кошт крэдытаў ЗША і Вялікабрытаніі, і да 1927 быў адноўлены даваенны ўзровень. За гады 1-й сусв. вайны ўзбагацілася і забяспечыла далейшы рост П Японія. Сусв.эканам. крызіс 1929—33 суправаджаўся рэзкім скарачэннем прамысл. вытв-сці, асабліва ў ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі. Пасля выхаду з крызісу ў найбуйнейшых еўрап. краінах і ў Японіі назіраўся значны рост ваен. вытв-сці.
2-я сусв. вайна 1939—45 нанесла цяжкі ўдар па прамысл. вытв-сці еўрап. краін і Японіі. У аднаўленні П. гэтых краін важную ролю адыграў Маршала план, паводле якога магутныя фінансавыя ўліванні амер. крэдытаў дазволілі адрадзіцца Еўропе і Японіі. Сусв. канкурэнцыя прымусіла еўрап. краіны аб’яднацца і гэта прывяло да стварэння «Агульнага рынку» (ЕЭС). За гады вайны нац. даход ЗША падвоіўся, удвая вырасла прамысл.вытв-сць. Аб’ём П. ЗША у 1953 павялічыўся ў параўнанні з 1947 на 37%. Канкурэнцыя з боку еўрап. краін і Японіі з’явілася магутным стымулам для ўкаранення дасягненняў навукова-тэхн. рэвалюцыі (НТР).
Дзякуючы электрыфікацыі і хімізацыі вытв. працэсаў рэзка павысілася прадукцыйнасць працы, змяніўся падыход да праблемы выкарыстання сыравінных рэсурсаў, атрымалі развіццё новыя галіны эканомікі. Характэрнай рысай НТР стала аўтаматызацыя вытв-сці, у прыватнасці стварэнне і выкарыстанне ў вытв-сці электронна-выліч. тэхнікі. Калі ў 2-й пал. 19 ст. найважнейшымі галінамі П. былі тэкст., металургічная, чыг. машынабудаванне, а ў 1-й трэці 20 ст. — аўтамаб., электраэнергетычная і хім., то пасля 2-й сусв. вайны гал. вагу набылі атамная, электронная, аэракасмічная, нафтахім., распрацоўкі біятэхналогій.
У Рас. імперыі тэмпы прамысл. развіцця сталі рэзка расці пасля адмены прыгоннага права. Перабудова рас. П. адбывалася на базе ўласных матэрыялаў — металу, мінер. паліва, цэменту і інш., уласнага машынабудавання. Здабыча вугалю і нафты, выплаўка чыгуну да канца 19 ст. павялічыліся ў 3 разы. Прамысл. ўздым у 1909—13 вывеў Расію па тэмпах росту вытв-сці на 1-е месца ў свеце. Да 1909 тут узніклі магутныя карпарацыі і канцэрны, куды ўваходзілі машынабудаўнічыя і металаапрацоўчыя з-ды. Нягледзячы на высокія тэмпы развіцця П., Расія напярэдадні 1-й сусв. вайны па агульным аб’ёме валавой прадукцыі адставала ад ЗША, Германіі і Вялікабрытаніі, асабліва па прадукцыйнасці працы і вытв-сці на душу насельніцтва. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 буйнейшыя прадпрыемствы асн. галін П. Расіі былі нацыяналізаваны, у т. л. 11 100 акц. прадпрыемстваў. У перыяд нэпа (1921—27) было дазволена прыватнае прадпрымальніцтва. За перадваенны перыяд у СССР былі створаны новыя галіны вытв-сці, пабудаваны буйныя прамысл. прадпрыемствы, паявілася цяжкае машынабудаванне. У выніку 2-й сусв. вайны СССР страціў трэць свайго нац. багацця. Эканоміка была адноўлена за даволі кароткі тэрмін. На месцы ранейшых пабудавана каля 3200 тэхнічна больш дасканалых і магутных прадпрыемстваў. У 1950—60-я г. рабіліся спробы гасп. рэформ: у 1957 кіраванне П. было перададзена ў Саветы нар. гаспадаркі, спрабавалі перавесці прадпрыемствы на гасп. разлік, аднак існуючая ў краіне паліт. сістэма вельмі хутка задушыла рэформы. Рэальнае рэфармаванне эканомікі Расіі пачалося з 1992, калі стаў складвацца рыначны механізм.
На Беларусі мануфактуры паявіліся ў 1-й пал. 18 ст. Першымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, на якой у 1748 працавала больш за 100 чал., выпускала 100 відаў прадукцыі (аконнае шкло, графіны, бакалы і інш), і Урэцкая шкляная мануфактура. Потым паявіліся Нясвіжская мануфактура шаўковых паясоў, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Нясвіжская суконная мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У 19 ст. ўзніклі першыя ф-кі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая ў 1860 у 2 разы пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. Дробныя прадпрыемствы пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкст. галінах. З 1860 да 1900 колькасць прадпрыемстваў павялічылася да 17,1 тыс., а рабочых на іх з 2364 да 63,5 тыс. У канцы 19 ст. паявіліся першыя акц. т-вы. З 1900—13 аб’ём вытв-сці на акц. прадпрыемствах Беларусі павялічыўся ў 5,2 раза. Эканам. ўздым спрыяў прытоку замежных інвестыцый, гал. чынам у лесаапрацоўку. Напярэдадні 1-й сусв. вайны П. Беларусі пастаўляла 26,8% піламатэрыялаў, 23,5% фанеры, 11,7% запалак, 10,2% паперы, 9,9% спірту, шкляной прадукцыі агульнарас. вытв-сці. За 1-е дзесяцігоддзе сав. улады П. у БССР была адноўлена і пачала развівацца на планавай аснове. Ствараліся новыя галіны вытв-сці і будаваліся прамысл. прадпрыемствы. У 1930-я г.БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку: выпускала металаапр. станкі, сельгасмашыны, маторы, турбіны, радыёпрыёмнікі і інш. У перадваенны час на долю Беларусі прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, 27% запалак, 30% аліфы, 25% дражджэй, 11% маргарыну, больш за 10% станкоў. Па вытв-сці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. У перыяд Вял.Айч. вайны П. Беларусі была разбурана. Яе аднаўленне пачалося адразу пасля вызвалення ў 1944. Напр., за гады 5-й пяцігодкі ўведзены ў дзеянне 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных. Расло значэнне вядучых галін П. — энергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі, развівалася хім.прам-сць, асабліва вытв-сцьмінер. угнаенняў; пабудаваны Салігорскі калійны камбінат (гл.«Беларуськалій»), Гродзенскі азотнатукавы з-д (гл.Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот»), суперфасфатны ў Гомелі (гл.Гомельскі хімічны завод). У 1960-я г. здадзены ў эксплуатацыю Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан», Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Лідскі лакафарбавы завод і інш. Значная ўвага аддавалася рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытв-сці, аснашчэнню яе аўтаматычнымі і механічнымі лініямі, аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання.
З распадам СССР і разрывам традыцыйных эканам. сувязей сітуацыя ў П. Беларусі пагоршылася: пачаліся перабоі з пастаўкамі сыравіны, паліва і электраэнергіі, страчаны звычныя рынкі збыту прамысл. прадукцыі. Да 1995 спад вытв-сці склаў 31%. Складаная сітуацыя ў эканоміцы вымусіла ўрад распрацаваць праграму «Асноўныя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 1996—2000 г.», дзе прадугледжвалася павялічваць рост тэмпаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) штогод на 4—6%. Урад і Нац.АН Беларусі распрацавалі праграму развіцця прамысл. комплексу Рэспублікі Беларусь на 1998—2015. Для яе рэалізацыі неабходны дадатковыя капіталаўкладанні — не менш як 2 млрд. долараў штогод. А замежныя інвестары павінны атрымаць поўныя гарантыі абароны сваіх капіталаў і мець рэальныя выгады ад інвестыцый. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Беларусь (раздз. Прамысловасць).
Літ.:
Экономическая история зарубежных стран: Курс. лекций. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на У Беларусі, каля граніцы з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29 тыс.км². Нас. 1241,3 тыс.чал. (1998). Цэнтр — г.Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі (гл. адпаведныя артыкулы), 14 гарадоў, у т. л. 4 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Асіповічы, Бабруйск, Горкі, 11 гар. пасёлкаў, 196 сельсаветаў, 3247 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Усх.ч. займае Аршанска-Магілёўская раўніна, зах. — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На ПнЗ — частка Аршанскага ўзвышша, на ПнУ — Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 239 м. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. 126 м (урэз р. Сож, ніжэй в. Гайшын Слаўгарадскага р-на). Карысныя выкапні: цэментны мел і мергель (каля 75% агульнарэспубліканскіх запасаў цэм. сыравіны, Камунарскае, Сожскае, Каменкаўскае, Варонькаўскае радовішчы), фасфарыты, мел (найб. паклады ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім і Чэрыкаўскім р-нах), гліна і цагельныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. і сілікатныя пяскі, трэпел, торф, сапрапелі і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -8,2 °C на ПнУ да -6,5 °C на ПдЗ, у ліп. ад 17,8 °C на ПнУ да 18,7 °C на ПдЗ. Вегетац. перыяд 183—194 дні. Гадавая колькасць ападкаў 575—675 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Тэрыторыя М.в. адносіцца да бас. Дняпра, які перасякае вобласць з Пн на Пд. Найб. яго прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Бярэзіны — Свіслач, Ольса, Ала; Друці — Аслік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растой, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на ПдЗ працякае р. Пціч (прыток Прыпяці). Азёр мала, яны невялікія. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (53,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,7%), тарфяна-балотныя (8,3%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць сугліністыя (45,9%) і супясчаныя (38,7%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 15% сельгасугоддзяў, найб. у Быхаўскім, Бабруйскім, Глускім, Асіповіцкім і Горацкім р-нах. Пад лесам каля 34% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 54,9%, яловыя і бярозавыя па 15,1, альховыя 5,6, дубовыя 5,4%. Найб. лясістасць на ПдЗ вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,6%, каля палавіны іх нізінныя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 7,7% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказнікі мясц. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 33,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзіі-137 больш як 5 Кі/км² займае 11,7% тэр. вобласці. Найб. забруджана радыенуклідамі тэр. Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,3%), жывуць таксама рускія (11,1%), украінцы (1,9%) і інш. Гарадскога насельніцтва 70,4% (1998). Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Магілёў (369), Бабруйск (227), Асіповічы (33,8), Горкі (33,5). Колькасць насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння (з 1992 смяротнасць насельніцтва перавышае нараджальнасць), павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім р-нах (найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася на 40—50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. У ёй занята 29,4% працуючых. За 1991—97 аб’ём прамысл. прадукцыі знізіўся на 25%, вял. спад адбыўся ў чорнай металургіі (на 69%), прам-сці буд. матэрыялаў (на 48%). Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі хім. і нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харчовай прам-сці. Вядучае месца (1997) належыць хім. і нафтахім. прадукцыі (28,7%), машынабудаванню і металаапрацоўцы (14,0%), лёгкай (10,1%) і харч. прам-сці. У 1996 у М.в. атрымана (у % да рэсп. вытв-сці): шын аўтамаб. і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 55, сінт. смол і пластмас — 40,6, электрарухавікоў пераменнага току — 59,6, магнітафонаў — 77, ліфтаў — 100, драўняна-валакністых пліт — 33,8, фанеры — 22, кардону — 27,6, цэменту — 43, шаўковых тканін — 39, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 48,7, безалкагольных напіткаў — 28, масла жывёльнага — 15,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Магілёве і Бабруйску; значныя прамысл. цэнтры — Асіповічы, Крычаў, Шклоў, Быхаў, Касцюковічы. Прадпрыемствы хім. прам-сці размешчаны пераважна ў Магілёве (аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае поліэфірныя і віскозныя валокны і ніткі, прадукцыю аргсінтэзу, розныя тавары нар. ўжытку; рэгенератны з-д, хімкамбінат «Зара» і інш.), Бабруйску (шынны камбінат, вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, гідролізная вытв-сць) і Крычаве (вытв-сць гумавага абутку, гумава-тэхн. вырабаў). Машынабудаванне сканцэнтравана ў Магілёве (аўтамабільны з-д, выпускае самазвалы, падземныя аўтапаязды, скрэперы, бульдозеры, пагрузчыкі і інш.; «Магілёўтрансмаш» па вытв-сці аўтамаб. прычэпаў, гідраўлічных кранаў, рэфрыжэратараў і інш.; ліфтабудаўнічы з-д; аб’яднанне «Тэхнапрылада»; з-ды «Строммашына» і «Электрарухавік» і інш.), у Бабруйску (вытв-сць цэнтрабежных помпаў, вымяральных прылад, машын для ўнясення ўгнаенняў, трактарных дэталей і агрэгатаў і інш.), у Асіповічах (з-даўтамаб. агрэгатаў). У Магілёве працуе металургічны з-д, які выпускае стальныя і чыгунныя трубы. Самае буйное прадпрыемства дрэваапрацоўкі — фанера-дрэваапр. камбінат у Бабруйску; мэблю робяць у Бабруйску, Магілёве, Быхаве; у Шклове — папяровая ф-ка «Спартак». Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена 2 цэментнымі прадпрыемствамі (у Крычаве і Касцюковічах), камбінатамі буд. матэрыялаў, сілікатных вырабаў, з-дамі зборных жалезабетонных вырабаў (пераважна Магілёў і Бабруйск), кардонна-руберойдным (Асіповічы), цагельнымі. Развітая лёгкая прам-сць уключае швейныя, трыкат., абутковыя, маст. вырабаў прадпрыемствы. У Магілёве буйныя прадпрыемствы «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), ф-ка галаўных убораў, у Бабруйску — гарбарны з-д, футравая, валюшна-лямцавая, люстраная ф-кі. На тэр. вобласці 10 ільнозаводаў. Харч.прам-сць прадстаўлена кандытарскай ф-кай «Чырвоны харчавік», маслабойным з-дам (Бабруйск), мясакамбінатамі (Магілёў, Бабруйск), 20 заводамі па перапрацоўцы малака, кансервава-агароднінасушыльным камбінатам (Быхаў) і інш.
Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве ў спалучэнні з ільнаводствам. Усюды пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур, бульбы. У прыгарадных зонах гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,2% тэрыторыі, ворныя землі — 35,5% (1997). За 1986—91 з сельгасабароту выведзена 47 тыс. га сельгасугоддзяў, забруджаных радыенуклідамі. Акрамя таго, на 1.1.1997 доля забруджаных радыенуклідамі зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў у грамадскім сектары складае 29,7%. М.в. дае 16,7% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 12,8% бульбы, 7,7% ільновалакна, каля 16% мяса (у жывой вазе), 12,6% малака (1997). За 1991—97 вытв-сць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі знізілася на 27,4%, у т. л. прадукцыі жывёлагадоўлі — на 33,3%, раслінаводства — на 12,7%, у выніку чаго доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці панізілася і склала 52,3%, а раслінаводства павялічылася да 47,7%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад ільном-даўгунцом. На 1.1.1998 у М.в. 445 фермерскіх гаспадарак, яны мелі 14,7 тыс. га сельгасугоддзяў, у т. л. 12,1 тыс. га ворнай зямлі. У карыстанні грамадзян (разам з фермерскімі гаспадаркамі) 13,2% сельгасугоддзяў і 14,7% ворнай зямлі. У 1997 у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках атрымана 85% бульбы, 82% агародніны, 94% садавіны і ягад. Развіта таксама жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, свінагадоўля, птушкагадоўля. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і птушкі зніжаецца (гл.табл. 2). Характэрна павелічэнне долі асабістых гаспадарак насельніцтва (разам з фермерскімі) у вытв-сці мяса (з 12,8% у 1990 да 24,7% у 1997) і малака (з 21,5% да 35,7%).
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 818 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск, Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы, якія звязваюць вобласць з Расіяй, Украінай, інш. абласцямі рэспублікі. Найважн.чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На долю чыг. транспарту прыпадае 93% грузаабароту (1997). Працягласць аўтамабільных шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 8,02 тыс. км (1997). Асн. магістралі Санкт-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па Дняпры, Бярэзіне, Сажы (грузаабарот рачнога транспарту складае 0,1% ад агульнага грузаабароту, 1997). Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод Унеча—Полацк.