БАДО́ ((Baudot) Жан Марыс Эміль) (11.9.1845, Маньё, Францыя — 23.3.1903),

французскі вынаходнік у галіне тэлеграфіі. Стварыў першую практычна прыдатную да эксплуатацыі сістэму шматразовага тэлеграфавання перадачай раўнамерных кодавых пасылак эл. току (1874—76). Першыя Бадо апараты пачалі дзейнічаць у 1877 на тэлеграфнай лініі Парыж—Бардо. Імем Бадо названа (1927) адзінка скорасці тэлеграфавання — бод.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРТЭ́ ((Lartet) Эдуард) (1801—71),

французскі археолаг. З 1830-х г. вёў раскопкі ў пячорах Мусцье, Мадлен, Арыньяк (дэпартамент Дардонь, Францыя). Распрацаваў храналогію чацвярцічнага перыяду і перыядызацыю палеаліту, вылучыў арыньякскую, салютрэйскую, мадленскую культуру (гл. Арыньяк, Мадлен, Салютрэ). Сцвярджаў, што чалавек існаваў у пач. чацвярцічнага перыяду. У 1868 знайшоў рэшткі краманьёнцаў.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕРЫО́ ((Blériot) Луі) (1.7.1872, г. Камбрэ, Францыя — 1.8.1936),

французскі авіяканструктар і пілот, адзін з заснавальнікаў авіяцыі. З 1900 будаваў арнітаптэры (апараты з рухомымі крыламі) і планёры, з 1906 — самалёты. Здзейсніў палёт на самалёце (1908), упершыню пераляцеў праліў Ла-Манш (1909). Самалёты сістэмы Блерыо выкарыстоўваліся пераважна ў 1910—20-я г. ў франц. авіяцыі.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЙЛЬ, Брай (Braille) Луі (4.1.1809, Куўрэ, каля Парыжа — 6.1.1852), французскі тыфлапедагог. Аслеп у 3-гадовым узросце. Выхоўваўся ў Парыжскім ін-це для сляпых, дзе і быў з 1828 настаўнікам. У 1829 распрацаваў рэльефнакропкавы шрыфт для пісьма і чытання сляпых (Брайля пісьмо). У 1838 выдаў падручнік арыфметыкі для сляпых. Быў таксама таленавітым музыкантам, выкладаў музыку сляпым.

т. 3, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУГО́ КАПЕ́Т (Hugues Capet; каля 940 — 24.10.996),

французскі кароль з 987, заснавальнік дынастыі Капетынгаў. Выбраны каралём пасля смерці Людовіка V Каралінга (гл. Каралінгі) пры падтрымцы буйных свецкіх і духоўных феадалаў. Улада Гуго Капета над усёй Францыяй была намінальнай і фактычна распаўсюджвалася толькі на землі яго дамена (Іль-дэ-Франс з Парыжам і Арлеанам).

т. 5, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНІКЕ́Р ((Deniker) Жазеф) (Іосіф Ягоравіч; 18.3.1852, г. Астрахань, Расія — 18.3.1918),

французскі антраполаг. З 1888 бібліятэкар Нац. музея прыродазнаўчай гісторыі ў Парыжы. Стварыў класіфікацыю чалавечых рас (1900), у якой упершыню паслядоўна праведзены прынцып вылучэння антрапал. тыпаў выключна па фіз. прыкметах; сур’ёзны недахоп гэтай класіфікацыі — адсутнасць гіст. падыходу, што не дае магчымасці прасачыць працэс узнікнення рас.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫЛЬЕ́ ((Mortillet) Габрыэль дэ) (29.8.1821, Мелан, каля г. Грэнобль, Францыя — 25.9.1898),

французскі археолаг. У 1868—85 супрацоўнік і кіраўнік аддз. дагіст. старажытнасцей у Сен-Жэрменскім музеі. Распрацаваў археал. класіфікацыю каменнага веку Еўропы (тэнейская, шэльская, мусцьерская, салютрэйская, арыньякская, мадленская і неалітычная робенгаўзенская эпохі), якая захавала значэнне ў сучаснай еўрап. тэрміналогіі.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКА́Ж ((Bocage) П’ер [11.11.1799) (1797?),

г. Руан, Францыя — 30.8.1862 (1863?)], французскі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1821. Выступаў у парыжскіх т-рах. У 1845—50 дырэктар т-ра «Адэон». Адзін з выдатных акцёраў Францыі эпохі рамантызму. Яго мастацтва вызначалася эмацыянальнасцю, глыбокімі і моцнымі пачуццямі: Дзідзье («Марыён Дэлом» В.​Гюго), Антоні, Бурыдан («Антоні», «Нельская вежа» А.​Дзюма-бацькі) і інш.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́Р, Барэр дэ В’ёзак (Barère de Vieuzac) Бертран (10.9.1755, г. Тарб, Францыя — 13.1.1841), французскі рэвалюцыянер. Адвакат. Дэп. Устаноўчага сходу і Канвента. Спрабаваў прымірыць жырандыстаў з якабінцамі, падтрымліваючы то адных, то другіх. У час якабінскай дыктатуры член К-та грамадскага выратавання. У дні тэрмідарыянскага перавароту садзейнічаў падзенню ўлады М.​Рабесп’ера. У гады Рэстаўрацыі ў выгнанні. Аўтар мемуараў.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́Р ((Albert) Марсель) (н. 25.11.1917, Парыж),

французскі лётчык, удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Засл. лётчык Францыі. У 2-ю сусв. вайну змагаўся ў радах дэголеўскіх сіл «Змагарная Францыя». З 1943 у СССР у складзе авіяпалка «Нармандыя—Нёман» 1-й паветр. арміі. Зрабіў 193 баявыя вылеты, збіў 23 самалёты ворага.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)