ІСТЫСУ́,

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Азербайджане. Размешчаны на паўн.-зах. схілах Карабахскага нагор’я, у глыбокай цясніне каля прытока Куры, на выш. амаль 2000 м.

Тэрмальныя мінер. воды (крыніцы вядомыя з 12 ст.), горнае паветра, устойлівы мяккі клімат, інтэнсіўная сонечная радыяцыя ствараюць умовы для лячэння хвароб страўніка, кішэчніка, жоўцевых шляхоў, печані, нырак, парушэнняў абмену рэчываў і інш. Крыніцы халодных радонавых вод выкарыстоўваюць пры хваробах перыферычнай нерв. сістэмы, сасудаў і сэрца, органаў руху і апоры.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАГЕ́Н (ад грэч. kolla клей + ...ген),

фібрылярны бялок, што ўтварае аснову калагенавых валокнаў злучальнай тканкі і забяспечвае яе трываласць. Складае каля ​1/3 усіх бялкоў арганізма. Малекула К. ўтворана з 3 поліпептыдных ланцугоў; у саставе К. гліцын, аксіпралін і аксілізін. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Раствараецца ў шчолачы. Ад доўгага награвання ператвараецца ў жэлацін. Устойлівы да пратэалітычных ферментаў, расшчапляецца калагеназай. Парушэнне структуры і абмену К. — адна з прычын калагенавых хвароб.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФЕРЭ́НЦЫЯ,

сорт грушы, выведзены ў Вялікабрытаніі. На Беларусі рэкамендаваны ў прысядзібным садаводстве ў паўд.-зах. абласцях.

Дрэва моцнарослае, з высокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне на 4—5-ы год. Сорт ураджайны, пладаносіць штогод, слабазімаўстойлівы, устойлівы да паршы. Плады сярэдняй велічыні (120—150 г), бутэлькападобнай формы, зеленавата- ці саламяна-жоўтыя, з румянцам на сонечным баку. Мякаць ружовая ці цёмна-жоўтая, вельмі мяккая і сакавітая, салодкая з лёгкай кіслінкай. Спажывецкая спеласць у канцы верасня — пач. кастрычніка. Захоўваецца да снежня.

М.​Р.​Мялік.

Канферэнцыя.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАРО́Н, 2,3-бензафуран,

гетэрацыклічнае кіслародазмяшчальнае вытворнае бензолу. Бясколерная вадкасць з духмяным пахам, tкіп 173—175 °C, шчыльн. 1077,6 кг/м³ (15 °C). Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў этаноле, эфіры. Устойлівы да ўздзеяння шчолачаў, полімерызуецца ў прысутнасці мінер. к-т, к-т Льюіса і пераксідаў. Уваходзіць у састаў кам.-вуг. смалы, з якой яго вылучаюць; атрымліваюць таксама К. сінтэтычны. Выкарыстоўваюць вытворныя К. для адбельвання паперы, у якасці фатагр. праявіцеляў, антыаксідантаў каўчукоў, як сцынтыляцыйныя матэрыялы і лек. прэпараты.

Куманіка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ,

зімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Раянаваны па рэспубліцы з 1967.

Дрэва сярэднярослае з разгалістай і рэдкай кронай. Пладаносіць пасля пасадкі на насенных прышчэпах на 4—6-ы, на клонавых — на 2—3-і год. Зімаўстойлівы, устойлівы да шкоднікаў і грыбных захворванняў. Плады буйныя (каля 200 г), правільнай круглавата-канічнай формы. Афарбоўка зеленавата-жоўтая з чырв. румянцам у выглядзе палос і штрыхоў. Мякаць светла-жоўтая, дробназярністая, сакаўная, кісла-салодкая. Захоўваюцца да 3 месяцаў.

З.​А.​Казлоўская.

Мінскі.

т. 10, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІЙ (лац. Fermium),

Fm, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. м. 100, адносіцца да актыноідаў. Вядома 17 ізатопаў з масавымі лікамі 243—259; найб. устойлівы ​257Fm (перыяд паўраспаду 100,5 сут, α-выпраменьвальнік). Адкрыты ў 1953 А.​Гіёрса з супрацоўнікамі; названы ў гонар Э.Фермі.

У вагавой колькасці не атрыманы. Хім. ўласцівасцямі падобны да інш. трохвалентных актыноідаў (найб. устойлівая ступень акіслення +3). Уваходзіць у склад мішэняў, якія выкарыстоўваюць для штучнага сінтэзу больш цяжкіх хім. элементаў.

А.​П.​Чарнякова.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Вінёўка і Сапяжанка. Раянаваны ў Віцебскай вобл.

Дрэва моцнарослае, з шырокапірамідальнай негустой кронай. Плоданашэнне на 5—6-ы год пасля пасадкі. Сорт зімаўстойлівы, ураджайны, сярэднеўстойлівы да паршы, устойлівы да бактэрыяльнага рака. Плады сярэдняй велічыні (80—100 г), прадаўгавата-грушападобнай формы, з падоўжнай баразёнкай. Скурка светла-жоўтая са слабым румянцам з сонечнага боку. Мякаць снежна-белая, духмяная, паўмасляністая, сакаўная, салодкая з прыемнай кіслінкай, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў канцы жніўня.

М.​Р.​Мялік.

т. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРА́ТЭ,

асенне-зімовы сорт груш. Выведзены ў 1947 літ. памолагамі. Сорт перспектыўны для вырошчвання ў цэнтр. і паўн. ч. Беларусі.

Дрэва моцнарослае, крона шырокапірамідальная. Пачынае пладаносіць на 6—7-ы год. Сорт самаплодны, сярэднезімаўстойлівы, устойлівы да бактэрыяльнага раку, у сярэдняй ступені пашкоджваецца паршой. Плады масай 120—135 г, шырокагрушападобныя, злёгку гузаватыя, духмяныя. Скурка сярэдняй таўшчыні, зеленавата-жоўтая, без покрыўнай афарбоўкі. Мякаць белая, дробназярністая, сакавітая, салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў 2-й пал. верасня.

Юратэ, сорт груш.

т. 18, кн. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́НІЙ (лац. Actinium),

Ac, радыеактыўны хімічны элемент з ліку актыноідаў, ат. н. 89. Вядомы 12 ізатопаў; найб. устойлівы ​227Ac (перыяд паўраспаду 21,7 года — α- і β-выпрамяняльнік). У прыродзе сустракаецца ў рудах урану і торыю. Адкрыты франц. вучоным А.​Дэб’ернам (1899). Серабрыста-белы метал, у выніку радыеактыўнага распаду свеціцца ў цемнаце, tпл 1050 °C. Хім. ўласцівасцямі блізкі да лантану.

Атрымліваюць пры апрамяненні ​226Ra нейтронамі ў ядз. рэактарах. Выкарыстоўваецца ў нейтронных крыніцах. Высокатаксічны, ГДК у вадаёмах 34,8 Бк/л, у паветры 1,3∙10​−6 Бк/л.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ СІНА́П,

позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка і Пепін літоўскі. Раянаваны ў Беларусі з 1967.

Дрэва моцнарослае, з незагушчанай шырокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне з 4—5-га года пасля пасадкі. Сорт ураджайны, высоказімаўстойлівы, устойлівы да грыбных і ракавых захворванняў. Плады аднатыпныя, сярэдняй велічыні (120 г), круглавата-авальнай формы, з характэрнымі плоскімі рэбрамі па паверхні. Скурка шчыльная, тоўстая, спачатку зялёная, у перыяд захоўвання зеленавата-жоўтая. Мякаць плода шчыльная, дробназярністая, кісла-салодкая. Збор пладоў — у 1-й пал. кастрычніка; захоўваецца да чэрвеня.

З.​А.​Казлоўская.

Беларускі сінап.

т. 2, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)