МІ́ЛЕР ((Miller) Мёртан Хоўард) (н. 1923),

амерыканскі эканаміст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Праф. Лонданскай школы эканомікі, Ін-та тэхналогіі імя Карнегі, Вышэйшай школы бізнесу Чыкагскага ун-та. Працаваў у амер. дзярж. эканам. установах. У 1976 прэзідэнт Амер. фін. асацыяцыі. Даследаваў праблемы функцыянавання фін. рынкаў (тэорыя партфельнага выбару, фінансы карпарацый і інш.). Асн. праца «Кошт капіталу, фінансы прыватных карпарацый і тэорыя інвестыцый» (1958, разам з Ф.​Мадыльяні). Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Г.Маркавіцам і У.Ф.Шарпам).

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАШТА́ТНЫ РАБО́ТНІК,

асоба, якая выконвае для прадпрыемства, установы ці арг-цыі разавыя работы вызначанага віду (напр., кансультацыі ўрача ў мед. установах, работы па экспертызе, рамонце інвентару ці памяшканняў і да т.п.). Прац. адносіны з П.р. афармляюцца пісьмовым пагадненнем, дагаворам, нарадам-заказам і інш. дакументамі. Аплата працы П.р. робіцца па нормах і расцэнках, якія існуюць для аналагічных работнікаў штатнага (спісачнага) складу. На большасць П.р. пашыраюцца і інш. нормы прац. заканадаўства і сац. страхавання.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎНШТЭ́ЙН (Аляксандр Яўсеевіч) (26.5.1902, г. Харкаў, Украіна — 1986),

савецкі біяхімік Акад. АН СССР (1964), АМН СССР (1945). Герой Сац. Працы (1972). Скончыў Харкаўскі мед. ін-т (1925). З 1928 у мед. навук. установах Расіі, з 1960 у Ін-це малекулярнай біялогіі АН СССР. Навук. працы па абмене амінакіслот і хіміі ферментаў. Адкрыў рэакцыі пераамінавання і абгрунтаваў іх ролю пры азоцістым абмене. Распрацаваў (разам з М.М.Шамякіным, 1952) агульную тэорыю дзеяння ферментаў, якія маюць вітамін B6. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 3, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРДЭО́Н (франц. accordēon),

музычны інструмент класа ідыяфонаў віду язычкова-духавых; разнавіднасць ручнога храматычнага гармоніка. Мае правую клавішную і левую кнопкавую клавіятуры, над якімі размешчаны рэгістры-пераключальнікі для змены афарбоўкі і сілы гуку. Створаны ў 1829 венскім майстрам К.​Даміянам, хутка пашырыўся ў многіх краінах. На Беларусі з’явіўся ў пач. 20 ст. Выкарыстоўваецца ў нар. побыце пераважна для суправаджэння танцаў, у выканальніцкай самадзейнай і прафес. практыцы. Ігры на акардэоне навучаюць у муз. установах рознага ўзроўню.

І.​Дз.​Назіна.

Акардэон.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАІ́МАЎ (Іван Васілевіч) (8.3.1894, г. Анесі, Францыя — 2.12.1981),

рус. фізік, стваральнік навук. школы па фізіцы цвёрдага цела і нізкіх тэмператур. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. 1933). Скончыў Петраградскі ун-т (1915). З 1919 у навук. установах Петраграда, Харкава, Масквы. Навук. працы па фізіцы крышталёў, оптыцы і оптатэхніцы. Распрацаваў метад вырошчвання монакрышталёў з расплаваў, заклаў асновы нізкатэмпературнай спектраскапіі, сканструяваў шэраг спектральных прылад. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

О приложении френелевой дифракции для физических и технических измерений. М.; Л., 1945.

т. 1, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́НЧЫН (Мікалай Іванавіч) (нарадзіўся 28.2.1914, горад Зямлянск Варонежскай вобласці, Расія),

беларускі фізіёлаг. Член-карэспандэнт АН Беларусі (1966). Доктар біялагічных навук (1955), прафесар (1960). Скончыў Белацаркоўскі сельска-гаспадарчы інстытут (1937). З 1948 у медыцынскіх установах Расіі. З 1959 у Гродзенскім медыцынскім інстытуце (з 1969 прарэктар). У 1966—69 і з 1975 у Інстытуце фізіялогіі АН Беларусі. Навуковыя працы ў галіне фізіялогіі і паталогіі кровазвароту, параўнальнай і эвалюцыйнай геранталогіі. Акадэмік Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі (1994).

Тв.:

Периферические «сердца» человека. Мн., 1980.

М.І.Арынчын.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАГО́РСКІ (Майсей Якаўлевіч) (1854, Гродзенская губ. — 1921),

вучоны-юрыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1875), Палітычную школу ў Парыжы са ступенню д-ра права (1885). З 1875 служыў у мін-ве юстыцыі Расіі. Выкладаў у пецярбургскіх навуч. установах. Дэпутат 1-й Дзярж. думы (1906) ад Гродзенскай губ. Аўтар кніг «Дэмакратыя і палітычныя партыі» (Парыж, 1898; Лондан, 1903), «Канстытуцыйная эвалюцыя Англіі» (1913), падручніка для нар. школ «Гісторыя Расіі» (32-е выд., 1913).

Э.​А.​Карніловіч.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РМАН (Іван Андрэевіч) (1830-я г., Вільня — 16.1.1893),

бел. этнограф і краязнавец. Член Рус. геагр. т-ва. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю (1857). Служыў святаром у Ашмянскім і Кобрынскім пав. З 1868 адначасова выкладаў у Марыінскім вышэйшым жаночым вучылішчы і інш. навуч. установах Вільні. Вывучаў бел. нар. абрады, прыкметы, вераванні, забабоны. Найб. каштоўныя яго працы пра нар. каляндар і метэаралогію беларусаў («Каляндар паводле народных паданняў у Валожынскім прыходзе Віленскай губерні Ашмянскага павета», 1874).

Літ.:

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬМІ́Н (Пётр Міхайлавіч) (17.10.1892, с. Траццякі Барысаглебскага р-на Варонежскай вобл., Расія — 30.6.1964),

расійскі фалькларыст, харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1961). Скончыў Нежынскі гіст.-філал. ін-т (1915). З 1921 выкладаў у муз. навуч. установах Сімферопаля і Масквы. Даследаваў рус. песенны фальклор. З 1927 маст. кіраўнік (з 1932 разам з У.Захаравым) Дзярж. рус. нар. хору імя М.​Пятніцкага. Аўтар тэкстаў песень («Белым снегам», «Руская красуня»), літ.-муз. кампазіцый, пастаноўшчык быт. сцэн, карагодаў Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСІ́ЛІУМ (ад лац. consilium нарада, абмеркаванне),

нарада ўрачоў адной ці некалькіх спецыяльнасцей для ўдакладнення ці ўстанаўлення дыягназу хваробы і спосабаў лячэння. Неабходны ў выпадках няўпэўненасці ў дыягностыцы або спосабах лячэння, пры цяжкім стане хворага, пры накіраванні яго ў спецыялізаваныя ўстановы аховы здароўя. Найчасцей склікаецца па ініцыятыве ўрача, які лечыць, просьбе хворага і яго блізкіх, а таксама на аснове пастановы суд.-мед. органаў. Праводзіцца ў бальніцы, амбулаторна-паліклінічных і санаторных установах. Заключэнне К. заносіцца ў адпаведны мед. дакумент.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)