Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛАВЫЯ ПАЛІ́ПЫ (Anthozoa),
клас беспазваночных марскіх жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Пашыраны ва ўсіх морах з дастаткова высокай салёнасцю. Пераважна каланіяльныя арганізмы. Вядомы з кембрыю. На Беларусі выяўлены з ардовіку 4 групы выкапнёвых К.п.: абуляты, 4- і 8-прамянёвыя каралы, геліялітыды. Сучасных К.п. 2 падкл., 8 атр., каля 6 тыс. відаў.
Даўж. асобін ад некалькіх міліметраў да 1 м. Цела звычайна цыліндрычнае, пабудавана паводле радыяльнага тыпу сіметрыі. Многія К.п. маюць вапнавы або рагавы шкілет. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Са шкілетаў К.п. складаюцца каралавыя рыфы і арганагенныя пабудовы, вырабляюць упрыгожанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БЗА,
1) украінскі шчыпковы муз. інструмент тыпулютні. Мае грушападобны корпус, шыйку з 4—10 ладамі ці без ладоў, 4 адзінарныя ці парныя струны. Была найб. пашырана ў 16—18 ст. сярод запарожскіх казакоў. У 1960—70-я г. мадэрнізавана, створана сям’я К. — малая, сярэдняя (рытм-К.) і вял. басовая. Пашырана ў аркестрах нар. інструментаў.
2) Малдаўскі, рум., польскі струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Мае кароткую шыйку. Строй асн. жыльных струн — C, G, d, g, строй 4 парных металічных — на актаву вышэй. Гук здабываюць з дапамогай плектра.
Літ.:
Лисенко-Дністровський М. Українська кобза // Жовтень. 1980. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМАНЬЁНЕЦ, неаантрап,
чалавек сучаснага тыпу (Homo sapiens), які з’явіўся на Зямлі 50—40 тыс.г. назад. Назва ад грота Кро-Маньён (Францыя), дзе ў 1868 франц. археолаг Э.Лартэ знайшоў 5 чалавечых шкілетаў разам з крамянёвымі прыладамі працы арыньякскага тыпу. Асн. рысы К.: прамы высокі лоб, высокае скляпенне і вял. ёмістасць чэрапа, шырокі твар, малая адлегласць паміж вачамі і высокі рост. З самага ранняга перыяду свайго існавання К. па марфалагічным тыпе падзяляліся на некалькі расавых варыянтаў. Ад сучасных людзей К. адрозніваюцца толькі больш масіўным шкілетам.
Л.І.Цягака.
Выява краманьёнца Рэканструкцыя Мак-Грэгара па чэрапе з грота Кро-Маньён, Францыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНАРЭЦЭ́ПТАРЫ сенсарныя структуры жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць мех. раздражненні з навакольнага асяроддзя ці з унутр. органаў. Рэцэптары 1-га тыпу маюць спецыялізаваныя валаскова-раснічастыя структуры, што прымаюць удзел у першаснай рэцэпцыі (напр., валасковыя рэцэптары органаў слыху, бакавой лініі, вестыбулярнага апарата і інш.). Рэцэптары 2-га тыпу ўспрымаюць стымул непасрэдна механаадчувальнай мембранай нерв. канца (напр., тканкавыя М. пазваночных). Важную ролю ў развіцці, арганізацыі і дзейнасці М. адыгрываюць умовы існавання арганізмаў. У жывёл, што карыстаюцца эхалакацыяй (напр., кажаны, дэльфіны) М. органаў слыху ўспрымаюць ультрагукі. Развіццё апорна-рухальнага апарата выклікала паяўленне прапрыярэцэптараў, развіццё сардэчна-сасудзістай сістэмы — узнікненне М. сэрца, барарэцэптараў сасудаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КСКАЯ СО́ПКА,
дзеючы вулкан на Камчатцы, у Расіі. Выш. 3456 м. Складзены з андэзіта-базальтавых лаў, шлакаў, попелаў. Належыць да тыпу стратавулканаў. На схілах зараснікі з каменнай бярозы і сланікаў. Апошняе вывяржэнне ў 1956—57.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНО́ЗНАЕ ВАЛАКНО́,
штапельнае віскознае валакно бавоўнападобнага тыпу. Вызначаецца высокай трываласцю і стабільнасцю формы, якія нязначна змяняюцца ў вадзе і шчолачах, а таксама крохкасцю. Выкарыстоўваюць у сумесі з бавоўнай для вырабу бялізнавых і кашульных тканін, трыкатажу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (БСП),
палітычная партыя парламенцкага тыпу. Створана ў лют. 1991. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. Мэта дзейнасці — абарона паліт. і сац. правоў, эканам. інтарэсаў сялянства Беларусі. Суполкі БСП створаны ў большасці раёнаў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТАНАВО́З,
аўтамабіль для перавозкі бетоннай сумесі. Мае кузаў каўшовага або бункернага тыпу. Кузаў бетанавоза можа быць тэрмаізаляваны ці мець прыстасаванне для абагравання. Бетанавоз з бетонамяшалкамі, якія бесперапынна дзейнічаюць у час перавозкі, наз. аўтабетонамяшалкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЦАВЫ БЕ́РАГ, Малагета,
участак узбярэжжа Атлантычнага ак. ў Афрыцы, у Ліберыі, паміж мысамі Мезурада і Пальмас. Нізінны, плоскі, лагуннага тыпу. Пераважаюць вільготныя экватарыяльныя лясы і мангравыя зараснікі. Назва ад гвінейскага перцу (малагеты), які вывозіўся адсюль у мінулым.