ЖЫ́ЛКА Уладзімір Адамавіч (27.5.1900, в. Макашы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 1.3.1933),

бел. паэт. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1923—26). Як рэдактар час. «Новы прамень» (Прага) запрошаны ў 1926 у Мінск для ўдзелу ў навук., канферэнцыі па рэформе правапісу; застаўся тут. Працаваў у газ. «Звязда» і муз. тэхнікуме. У 1930 беспадстаўна арыштаваны, высланы ў г. Уржум (Кіраўская вобл.). Там і памёр. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1920 у мінскіх выданнях, з 1921 у зах.-бел. прэсе, з 1923 у часопісах бел. студэнцтва ў Чэхаславакіі, пражскім зб. «Славянская книга». Паэт рамант. складу. Аўтар лірычнай паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зб-каў вершаў «На ростані» (Вільня, 1924), «З палёў Заходняй Беларусі» (Мн., 1927). Творча пераносіў традыцыі еўрап. рамантызму на глебу зах.-бел. л-ры. У вершах «Віхор», «Меч», «Хто смелы» і інш. у сімвалічных вобразах паэтызаваў ахвярнае служэнне Радзіме, свабодзе. Выяўляў ідэю паяднання чалавека з сацыяліст. явай, сцвярджаў хараство новых узаемаадносін асобы і грамадства («Млынар паставіў застаўкі», «Раніцою», паэма «Тэстамент»). Творчасці Ж. ўласцівы інтэлектуальная, гуманіст. і эстэт. культура, высокае паэт. майстэрства. Пераклаў на бел. мову асобныя творы М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, Г.​Ібсена, Ш.​Бадлера, І.​Волькера, Б.​Ясенскага.

Тв.:

Вершы. Мн., 1970;

Пожні. Мн., 1986;

Творы. Мн., 1996;

Творы. Мн., 1998.

Літ.:

Калеснік У. Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў бел. паэзіі. Мн., 1977;

Яго ж. Усё чалавечае. Мн., 1993.

У.​А.​Калеснік.

У.А.Жылка.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКЕБА́НА (яп. — ажыўленыя кветкі, кветкі, што прачнуліся да жыцця),

мастацтва складання букетаў у Японіі; букет, састаўлены па законах І. Складаецца з трох асн. кампанентаў: прыроднага матэрыялу (кветкі, лісце і інш.), вазы і кендзана (прылады для ўмацавання сцябла і надання яму патрэбнага стану). Кампазіцыю вызначаюць 3 асн. галіны (або кветкі), якія маюць сімвалічны сэнс: высокая (сін) — неба, сярэдняя (сое) — чалавек, ніжняя (хікае) — зямля; пярэдні, сярэдні і задні планы адпавядаюць напрамкам свету і порам года. Гал. эстэт. прынцып І. — вытанчаная прастата, якая дасягаецца выяўленнем натуральнай прыгажосці матэрыялу.

Элементы І. вядомы ў Японіі здаўна як традыцыя ахвяравання кветак продкам і духам. Мастацтва састаўлення кампазіцый прыйшло ў 6 ст. з Індыі праз пасрэдніцтва кітайскіх будыйскіх місіянераў і першапачаткова выкарыстоўвалася як ахвярапрынашэнне да статуі Буды. У 7 ст. заснавана першая школа «ікеноба». З пашырэннем дзэнбудызму пры самурайскіх дынастыях І. пачалі выкарыстоўваць для аздаблення храмаў і палацаў, з 15 ст. — частка рытуалу «чайнай цырымоніі», важны элемент нац. яп. культуры. І., што размяшчаецца ў спец. нішы ў сцяне дома — таканома — стварае яркі дэкар. эфект і з’яўляецца эмацыянальнай дамінантай інтэр’ера. Існуе шэраг кірункаў І.: рыка («кветкі стаяць») — буйнамаштабныя кампазіцыі, што сімвалізуюць ландшафты; сэйка («стыль жывых кветак») вылучаецца асіметрыяй і дынамікай; марыбана («нагрувашчванне») — кампазіцыі ў плоскіх вазах; дзіюгата («свабодны стыль»), дзінэй («авангардны стыль») і інш. У 1956 створана арг-цыя «Сяброўства праз кветкі», якая прапагандуе мастацтва І. ў свеце.

Я.​Ф.​Шунейка.

Ікебана.

т. 7, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́СНІК Уладзімір Андрэевіч (17.9.1922, в. Сіняўская Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 15.12.1994),

бел. крытык, літ.-знавец, празаік. Канд. філал. н. (1958), праф. (1983). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1949). Працаваў у Бабруйскім настаўніцкім ін-це (1952—54), Брэсцкім пед. ін-це (з 1954, у 1988—94 праф.). Літ. дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993, Ліг. прэмія імя І.​Мележа 1994). Даследаваў зах.-бел. л-ру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у бел. л-ры 1920-х г. Працы К. вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літ. дзеячаў. Аўтар дакументальна-маст. твораў пра В.​Таўлая («Аповесць пра Таўлая», 1964—65), зах.-бел. рэвалюцыянера і публіцыста А.​Альшэўскага («Пасланец Праметэя», 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кн. «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.​Адамовічам і Я.​Брылем). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980.

М.​А.​Тычына.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́РАЎСКІЯ ПЕ́СНІ,

бел. песні веснавога цыкла гадавога круга, якія выконваліся на Юр’я (23 крас. с. ст.). Паводле функцыянальнасці падзяляліся на абрадавыя песні, звязаныя з першым выганам жывёлы на пашу, і творы, скіраваныя на магічнае забеспячэнне ўрадлівасці нівы. Мелі рэгіянальныя асаблівасці. Уключалі групу жартоўных песень.

Гал. іх вобразы — Юр’я і яго маці. У песнях Юр’я заклікаюць устаць рана, сядлаць каня і ехаць у поле выпускаць расу «на ўсю вясну і густую і частую... на ўвесь свет, на кожны цвет», «на цёплае лета, на буйнае жыта». У некат. песнях «земляныя ключы» носіць з сабою Юр’ева маці, якая таксама клапоціцца пра тое, каб «зямлю адамкнулі, траву выпусцілі, статак. накармілі». Ю.п. перадаюць карціну веснавога адраджэння зямлі, радасць з выпадку надыходу вясны. Некат. Ю.п. жанчыны пачыналі спяваць за тыдзень да Юр’я, седзячы на прызбе. Моладзь спявала Ю.п. пад вечар каля рунных палёў (магчыма, гэтым імкнуліся паспрыяць іх урадлівасці). На Гродзеншчыне на Юр’я дзяўчаты абыходзілі двары і спявалі песні з пажаданнем гаспадару багатага ўраджаю. Некат. песні перадавалі атмасферу святочнага гуляння моладзі. Для Ю.п. характэрны неразгорнутая кампазіцыя, імператыўныя формы. Замест прыпеву паўтараецца слова «Юр’я» («Ніваю, Юр’я, ніваю!» — стараж. форма абрадавага заклінання).

Публ.:

Веснавыя песні / Скл. Г.​А.​Барташэвіч, Л.​М.​Салавей, В.​І.​Ялатаў. Мн., 1979.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Калядна-абрадавая паэзія. Мн., 2001. С. 211—234.

А.​С.​Ліс.

т. 18, кн. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭНС ЖЫЦЦЯ́ чалавека,

філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае прыроду вышэйшых маральных якасцей, выяўляе сацыяльна значную каштоўнасць чалавечага існавання. У межах натурфіласофіі С.ж. атаясамліваюць з імкненнем атрымаць максімум задавальненняў і асалоды (геданізм), пошукам асабістай выгады і карысці (утылітарызм), жаданнем быць шчаслівым (эўдэманізм). Трансцэндэнтная традыцыя дапускае пошук С.ж. па-за яе межамі і звязана з выяўленнем вышэйшай асабістай існасці, далучэнне да якой надае сэнс існаванню чалавека. Крыніцай і пунктам адліку тут выступае Бог ці іншы ўсеагульны надпрыродны духоўны пачатак — дух, ідэя і інш. У рэчышчы хрысц. традыцыі (каталіцызм, праваслаўе) С.ж. вызначаецца асн. запаветамі і каштоўнасцямі, выкладзенымі ў Бібліі і іншых свяшчэнных кнігах. У пратэстантызме, акрамя аўтарытэту Бібліі, важнае значэнне надаецца паўсядзённай працы ў межах свайго прызвання, асвечанага Богам, і аскетычнаму ладу жыцця. У тэорыі кармы чалавек перажывае, адпрацоўвае кармічныя праграмы, самарэалізуецца і павышае асабісты эвалюцыйны ўзровень шляхам адухаўлення матэрыі — творчасці з мэтай дасягнуць найвышэйшага ўзроўню, перарваць ланцуг пераўтварэнняў і выйсці з кругавароту зямнога жыцця. У рус. філасофіі канца 19 — пач. 20 ст. праблема С.ж. разглядалася як сацыяльная, грамадская (П.​Л.​Лаўроў, М.​К.​Міхайлоўскі і інш.); духоўна-маральная, асабістая (В.​В.​Розанаў, У.​С.​Салаўёў і інш.); сінтэз боскага і чалавечага (Я.​М.​Трубяцкой і інш.). Разнастайнасць падыходаў да вызначэння С.ж. звязана з праблемай маральнага выбару і свабоды.

Літ.:

Смысл жизни: Антология. М., 1994;

Змысл жизни в русской философии: Конец XIX — нач. XX в. СПб., 1995;

Ничипозов Б.В. Введение в христианскую психологию: Размышления священника-психолога. М., 1994;

Франк С.Л. Духовные основы общества. М., 1992.

С.​Н.​Зень.

т. 15, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЛІ́НА,

руская нар. эпічная песня пра подзвігі герояў (волатаў-асілкаў), манум. вобразы якіх увасабляюць лепшыя рысы народа, яго сілу, працавітасць, вернасць роднай зямлі. Акрамя «багатырскіх» былін значную ч. быліннага эпасу складаюць творы сац.-бытавога зместу, казачныя, навелістычныя, быліны-скамарошыны. Частка іх на мяжы паміж уласна былінай і баладай.

Як жанр аформілася ў 10—13 ст., што супадае з часам росквіту Кіеўскай дзяржавы і пачаткам феад. раздробленасці Стараж. Русі. Назва «быліна» выкарыстоўвалася побач з нар. назвамі «старына», «старынка» і ў навук. ўжытак уведзена І.​П.​Сахаравым у 1840-я г. Па месцах дзеяння герояў падзяляюцца на кіеўскія і наўгародскія (быліна пра Ілью Мурамца звязаны з Кіевам, пра Садко — з Ноўгарадам). Кіеўскі цыкл найб. багаты. Ён звязаны з падзеямі пры двары кн. Уладзіміра Краснага Сонейка: быліна пра Дабрыню Мікітавіча, Ілью Мурамца, Алёшу Паповіча, Вальгу і Мікулу і інш. Гістарызм гэтых былін, як і фалькл. твораў наогул, пазбаўлены канкрэтызацыі, дакладнага датавання. Быліны ўзаемадзейнічалі з інш. фалькл. жанрамі — казкамі, баладамі, легендамі. Тэксты былін запісаны ад нар. выканаўцаў у 18—20 ст. Цяпер былінная традыцыя нават у асн. раёнах яе бытавання (на еўрап. Поўначы Расіі) амаль знікла.

Былінныя вобразы і матывы сустракаюцца таксама ў бел. чарадзейных казках (Ілья Мурамец, Салавей-разбойнік), у баладах (сястра Алёшы Паповіча) і інш. Таму некаторыя даследчыкі лічаць, што быліны былі пашыраны і на Беларусі. Аднак адсутнасць іх у нар. рэпертуары беларусаў і ўкраінцаў можа абазначаць, што быліны бытавалі ў вузкім коле княжацкіх дружыннікаў, а ў нар. асяроддзі з’явіліся пазней.

Публ.:

Былины. Т. 1—2. М., 1958.

Літ.:

Астахова А.М. Былины: Итоги и проблемы изучения. М.; Л., 1966.

Л.​М.​Салавей.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,

музыка, прызначаная для аднаго муз. інструмента, ансамбля інструментаў або аркестра. Пачатковыя формы І.м. (сігналы, гукапераймальныя, магічна-абрадавыя найгрышы) вядомы з глыбокай старажытнасці. Розныя жанры І.м. прадстаўлены ў муз. культурах розных народаў свету. У еўрап. прафес. музыцы найб. пашыраны жанры мініяцюры, варыяцый, санаты, квартэта, квінтэта, трыо, сюіты, сімфоніі, сімфанічнай паэмы, канцэрта, фантазіі. Беларусы маюць разнастайны па жанрах і відах інстр. фальклор (гл. Народная музыка, Народныя інструментальныя ансамблі). У 11—12 ст. развіццё І.м. на Беларусі звязана з ваен., гар. і княжацкім замкавым побытам, дзейнасцю скамарохаў. З 15 ст. з будаўніцтвам касцёлаў культывуецца арганная музыка. Найб. ранні ўзор свецкай быт. ансамблевай І.м. т. зв. «Полацкі сшытак». Значны рост муз. культуры Беларусі ў канцы 18—19 ст., паяўленне таленавітых выканаўцаў-інструменталістаў, шматлікіх аркестраў і ансамбляў стымулявалі кампазітарскую інстр. творчасць. А.Абрамовіч, І.Глінскі, М.Ельскі, Ф.Міладоўскі, Н.Орда стварылі багатую л-ру для скрыпкі і фп. (апрацоўкі нар. песень і танцаў, вальсы, мазуркі. паланэзы, накцюрны, маршы, праграмныя характарыстычныя п’есы, варыяцыі, санаты, скрыпічныя канцэрты). У перыяд станаўлення бел. прафес. кампазітарскай школы (1920—30-я г.) паявіліся першыя нац. сімфоніі, сімфаньеты, сімфанічныя сюіты, камерна-ансамблевыя творы, п’есы для духавых інструментаў, зарадзілася традыцыя выкарыстання ў прафес. музыцы нар. інструментаў (найперш бел. цымбалаў). У пасляваен. гады інтэнсіўна развіваюцца жанры сімфоніі, канцэрта, санаты, расшыраецца кола муз. інструментаў і складаў, для якіх бел. кампазітары пішуць творы, асвойваюцца новыя жанры (напр., камерная сімфонія, канцэрт для аркестра, таката, бурлеска і інш.). Значныя дасягненні ў сферы І.м. маюць кампазітары Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, І.​Жыновіч, В.​Капыцько, С.​Картэс, А.​Мдывані, П.​Падкавыраў, Ф.​Пыталеў, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, Э.​Тырманд, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ,

1) у тэксталогіі — аднаўленне тэксту літаратурнага помніка на падставе аналізу асобных яго частак, што захаваліся, а таксама інш. блізкіх паводле складу, зместу, стылю твораў. Будуецца на комплексным даследаванні ўсіх крыніц і фактаў, што тычацца пэўнага помніка, яго ідэйна-маст. накіраванасці, месца і часу ўзнікнення, аўтарства і інш. У адрозненне ад кантамінацыі, у выніку якой ствараецца зводны, кампіляцыйны тэкст, Р. гіпатэтычна ўзнаўляе канкрэтны этап у гісторыі твора, па магчымасці дакладна рэальны тэкст. Найб. удалае аднаўленне помніка мінулага — Р. Троіцкага летапісу (пач. 15 ст.; рукапіс згарэў у час пажару Масквы ў 1812), зробленая рус. гісторыкам М.​Прысёлкавым. У бел. тэксталогіі Р. карыстаюцца пры аднаўленні, напр., згубленых частак «Хронікі Быхаўца», за аснову бяруць «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага і Галіцка-Валынскі летапіс.

2) У лінгвістыцы — гіпатэтычнае аднаўленне моўных форм і сістэм, якія зніклі, на аснове іх больш позніх адлюстраванняў і з улікам магчымых шляхоў моўнага развіцця. Упершыню гэты метад ужыты ў сярэдзіне 19 ст. А.​Шлайхерам для Р. індаеўрап. прамовы. Р. аб’ядноўвае некалькі метадычных працэдур: знешнюю (ці «параўнальную») Р., унутраную Р. і філал. метад. Знешняя Р. аперыруе данымі шэрагу роднасных моў (напр., рэгулярнасць адпаведнасці паміж слав. b, герм. β, лац. f, грэч. φ, санскрыцкім bh, хецкім p у гістарычна тоесных каранях дазваляе рэканструяваць індаеўрап. bh, які па-рознаму развіваўся ў мовах). Унутраная Р. выкарыстоўвае даныя адной мовы; яна — адзін з асн. прыёмаў узнаўлення гісторыі мовы. Філалагічны метад Р. заключаецца ў сістэмным даследаванні стараж. пісьмовых помнікаў на мовах той ці інш. генет. агульнасці з устаноўкай на выяўленне больш архаічных моўных форм, чым тыя, якія прадстаўлены ў сучасных мовах; падыходзіць толькі для тых моўных сем’яў, дзе існуе стараж. пісьмовая традыцыя (для індаеўрап. моў гэта хецкая, стараж.-грэч., лац., стараслав. мовы, санскрыт і інш.).

Літ.:

Лихачев Д.С. Текстология. 2 изд. Л., 1983;

Сравнительно-историческое изучение языков разных семей: Теория лингвист. реконструкции. М., 1988.

В.​А.​Чамярыцкі (у тэксталогіі).

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНЯЯ АГУЛЬНААДУКАЦЫ́ЙНАЯ ШКОЛА,

асноўны тып установы адукацыі, які забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі.

На фарміраванне еўрап. С.а.ш. паўплывала ант. традыцыя (гл. Класічная адукацыя), што абумовіла перавагу гуманітарных ведаў у змесце адукацыі і вызначыла назву школы — гімназія (у Еўропе пашырана з 16 ст.). Развіццё індустр. грамадства садзейнічала ўзнікненню ў 18 ст. новага тыпу С.а.ш. — рэальных навучальных устаноў, дае пераважала вывучэнне прыродазнаўчых. дакладных і прыкладных навук, новых моў. Гэтыя тыпы С.а.ш. з рознымі варыянтамі інтэграцыі захаваліся ў большасці еўрап. краін і ў наш час.

На Беларусі пасля 1918 устаноўлены адзіны тып 9-гадовай дзярж., прац. політэхн. школы. У 1932 адбыўся пераход да 10-гадовай політэхн. С.а.ш. У 2-й пал. 1950-х г. у С.а.ш. ўведзены элементы вытв. навучання, у 1959 яна пераўтворана ў прац. політэхн. с.а.ш. з вытв. навучаннем (тэрмін навучання 11 гадоў). У 1966 С.а.ш. зноў стала 10-гадовай. У 1984 здзейснены пераход да 11-гадовай агульнаадук. школы. У канцы 1980—пач. 1990-х г. з’явіліся гімназіі ліцэі. З 1998 пачалася рэформа С.а.ш. У межах яе рэалізацыі ўведзены абавязковая 10-гадовая і 12-гадовая агульная сярэдняя адукацыя. Структура С.а.ш. ўключае: 4-гадовую пач. адукацыю (падрыхтоўчы, 1—3-і класы; дзеці ад 6 да 10 гадоў), 6-гадовую базавую (4—9-ы класы; з 10 да 16 гадоў) і агульную сярэднюю адукацыю на базе ліцэйскіх класаў (10—11-ы класы; 17—18 гадоў). Удасканаленне зместу адукацыі ў С.а.ш. накіравана на забеспячэнне гарманічнага развіцця асобы, авалоданне ёю асновамі нац. і сусв. культуры, падрыхтоўку да самаст. жыцця. Для гэтага ўкараняюцца новыя адукац. тэхналогіі. У 2001/02 навуч. г. ў Рэспубліцы Беларусь было 2770 дзённых С.а.ш. (больш за 1,26 млн. вучняў) і 86 вячэрніх зменных (каля 23,4 тыс. навучэнцаў). Гл. таксама Сярэдняя адукацыя.

М.​І.​Ліс.

т. 15, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́ТА (італьян. cantata ад лац. canto спяваю),

буйны вакальна-інструментальны шматчасткавы твор урачыстага ці лірыка-эпічнага характару, асобныя часткі якога аб’яднаны агульнай тэмай, сюжэтам. Звычайны склад выканаўцаў К. — спевакі-салісты, хор, аркестр. Выканальніцкім складам, структурай, адсутнасцю сцэн. дзеяння К. набліжаецца да араторыі, але адрозніваецца ад яе менш развітым сюжэтам, больш сціплымі памерамі.

Узнікла ў пач. 17 ст. ў Італіі, да 2-й пал. 18 ст. развівалася ў свецкай і духоўнай формах (І.​С.​Бах). Пазней зацвердзілася як канцэртны жанр (у творчасці П.​Чайкоўскага, С.​Танеева, С.​Рахманінава, С.​Пракоф’ева, Ю.​Шапорына, Г.​Свірыдава, К.​Орфа і інш.).

У бел. музыцы жанр К. інтэнсіўна развіваўся ў разнастайных паводле формы і зместу рэчышчах. З 1920-х г. ва ўсёй гісторыі жанру прасочваецца традыцыя ўвасаблення грамадска значных тэм («Дзесяць год» М.​Аладава, «Песня волі» і «Босыя на вогнішчы» Т.​Шнітмана). Героіка-патрыят. вобразы знайшлі глыбокае ўвасабленне ў К. «Беларускім партызанам» і «Ленінградцы» А.​Багатырова, «Памяці Канстанціна Заслонава» Ю.​Семянякі, «Памяці герояў» Р.​Суруса. Гісторыя роднага краю, жыццё народа вызначылі вобразны змест К. «Па шляху барацьбы і перамог» Аладава, «За праўду ўстанем» Я.​Глебава, «Палі стэпавыя» І.​Кузняцова, «Курган» І.​Лучанка, «А хто там ідзе?» Р.​Пукста, «Забыты Богам край» С.​Бельцюкова. К. для дзяцей стварылі У.​Алоўнікаў, П.​Падкавыраў, С.​Картэс, Сурус, Л.​Шлег, В.​Войцік, Н.​Усцінава і інш. Нац. рысы найб. яскрава выяўлены ў К., непасрэдна звязаных з нар. песеннасцю («Беларускія песні» Багатырова, «Казацкія песні» Войціка, «Вянок» Л.​Захлеўнага, «Беларускі край» А.​Мдывані, «Наш край» Ф.​Пыталева, «Трава-мурава» Шлег, «Сваток» Суруса, «Лірычная кантата» Г.​Гарэлавай, «Вясковыя святы» В.​Кузняцова, «Песні Белай Русі» А.​Хадоскі). Паглыбленым псіхалагізмам вобразнага ладу вылучаюцца К. «У год сусветнага пажару» і «Тысяча гадоў надзеі» Гарэлавай, «Начны матылёк» Бельцюкова, «Гукавыя прасторы» і «Euphonia» В.​Кузняцова. Па жанравых прыкметах да К. набліжаюцца некат. творы, вызначаныя аўтарамі як паэма, балада і інш.

Літ.:

Хохловкина А.А. Советская оратория и кантата. М., 1955;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Белорусская музыка 1960—1980 г. Мн., 1997;

Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.

Т.​А.​Дубкова.

т. 7, с. 604

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)