КАЛЕНХІ́МА (ад грэч. kolla клей + enchyma літар. налітае, тут тканка),
адна з першасных механічных (апорных) тканак раслін. Паводле будовы падобная на асн. тканку (парэнхіму). Трапляецца пераважна ў першаснай кары маладых сцёблаў двухдольных раслін, павялічвае іх эластычнасць. Жывыя клеткі К. з ядром і хларафілавымі зярнятамі здольныя да ўтваральнай актыўнасці. Абалонкі значна патоўшчаныя, складаюцца з цэлюлозы і пекціну, не драўнеюць. Па месцах патаўшчэння абалонак клетак адрозніваюць К. вугалковую, пласціністую і рыхлую.
т. 7, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖКЛЕ́ТНІКІ,
поласці або міжклетачныя прасторы, якія ўзнікаюць у органах раслін у працэсе гістагенезу пры раз’яднанні суседніх клетак, іх растварэнні або разрыве з наступным адміраннем. Магчыма таксама змешанае ўзнікненне. Зліваючыся, М. ўтвараюць адзіную сістэму каналаў і сазлучаюцца з вонкавым асяроддзем праз вусцейкі. Спрыяюць паляпшэнню газаабмену ў клетках, у іх назапашваюцца прадукты сакрэцыі (камедзі, млечны сок, смала, слізі, эфірны алей і інш.), паступаюць пары вады пры выпарванні. Парэнхімная тканка з буйнымі М., напоўненымі паветрам, наз. аэрэнхімай.
т. 10, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ФЫ (ад грэч. hyphē тканка, павуціна),
мікраскапічныя простыя або разгалінаваныя ніткі, якія ўтвараюць вегетатыўнае цела грыба — талом. Уся сукупнасць гіфаў грыбнога талома называецца міцэліем. Дыяметр гіфаў ад 2 да 30 мкм. Пабудаваны з адной (у ніжэйшых) або многіх (у вышэйшых грыбоў) клетак. Абалонка бясколерная, у некат. гіфах афарбаваная і яе хім. састаў (хіцін, цэлюлоза, глюкан) вар’іруецца ў розных сістэматычных групах. У выніку разбурэння гіфаў на асобныя клеткі — аідыі, а таксама шляхам утварэння хламідаспор адбываецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў.
т. 5, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФІЛЬТРА́Т,
зацвярдзенне ў тканках (падскурнай клятчатцы, мышцах) ці органе (лёгкіх, печані) з прычыны назапашвання клетачных элементаў, крыві, лімфы і хім. рэчываў. Найчасцей бываюць запаленчыя і пухлінныя І. Запаленчыя могуць разыходзіцца, расплаўляцца, склеразавацца, з утварэннем каверны, абсцэсу, рубца і інш. Пухлінныя складаюцца з пухлінных клетак рознай прыроды (рак, саркома) і праяўляюцца іх ростам. Пры І. тканка павялічваецца ў аб’ёме, мяняе колер, становіцца цвёрдай, іншы раз балючай. І. наз. таксама зацвярдзенне тканак пры насычэнні іх растворамі для мясц. абязбольвання.
т. 7, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСІЛЕ́МА (ад грэч. xylon ссечанае дрэва),
водаправодзячая тканка сасудзістых раслін. Разам з флаэмай (лубам) утварае праводзячую сістэму, што аб’ядноўвае ўсе органы расліны. Бывае першасная (вытворная пракамбію) і другасная (вытворная камбію). Другасная К. (драўніна) уключае праводзячыя (сасуды, трахеіды — мёртвыя полыя клеткі, што ажыццяўляюць восевы транспарт раствораў), парэнхімныя і мех. элементы. Назапашваецца на працягу жыцця расліны і складаецца з гадавых кольцаў прыросту. Суадносіны паміж К., што функцыянуе (абалонная) і не функцыянуе (ядравая), залежаць ад віду раслін і кліматычных умоў.
т. 8, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУБ, флаэма,
складаная тканка ў сцёблах і каранях дрэвавых і травяністых раслін. Служыць для правядзення па расліне арган. і мінер. рэчываў; выконвае таксама запасальную, механічную, выдзяляльную функцыі. Складаецца з праводных (сітападобных) трубак з клеткамі-спадарожніцамі, з лубяных парэнхімы і валокнаў. У дрэвавых раслін утварае ўнутр. ч. кары. Адрозніваюць Л. першасны (утвараецца з пракамбію, характэрны для папарацей, дзеразы, хвашчоў) і другасны (адкладваецца ў голанасенных і двухдольных ад дзейнасці камбію). У Л. назапашваюцца алей, крухмал, дубільныя і інш. рэчывы. Лубяныя валокны выкарыстоўваюць як тэкст. сыравіну.
т. 9, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНЦІ́Н [ад лац. dens (dentis) зуб],
цвёрдая тканка зуба, што складае яго асн. масу. У Д. зубоў дарослага чалавека 72% мінер. солей, 28% арган. рэчываў. Каронкавая ч. Д. пакрыта эмаллю, каранёвая — цэментам. Д. пранізаны тонкімі канальцамі, праз якія праходзяць цытаплазматычныя адросткі адантабластаў, дыяметр канальцаў 1—3 мкм, колькасць іх 30—75 тыс. y 1 мм³. Утварэнне Д. працягваецца і пасля поўнага фарміравання зуба. Пасля прарэзвання зуба ўтвараецца Д. другасны, або замяшчальны, адклады якога павялічваюцца пры павышаным сціранні эмалі, развіцці карыесу зубоў.
А.С.Арцюшкевіч.
т. 6, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛО́ТКА,
пярэдні аддзел стрававальнага тракту і дыхальных шляхоў чалавека і пазваночных жывёл, злучае поласць рота і носа з гартанню і страваводам. У чалавека размешчана на ўзроўні 6 верхніх шыйных пазванкоў. У глотцы адрозніваюць 3 аддзелы: насаглотку (злучаецца праз яўстахіеву трубу з барабаннай поласцю сярэдняга вуха), ротаглотку і гартанаглотку. Сценкі глоткі маюць 4 абалонкі: слізістую, фіброзную, мышачную, вонкавую, злучальнатканкавую. Лімфоідная тканка слізістай абалонкі ўтварае глотачнае лімфаэпітэліяльнае кольца з 6 міндалін. Асн. функцыя глоткі — правядзенне стравы ў стрававод. У беспазваночных жывёл глотка — пярэдні аддзел кішкі, якім яны захопліваюць ежу.
т. 5, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГА́ЛЬНЫ ЭПІТЭ́ЛІЙ, раснічасты эпітэлій,
эпітэліяльная тканка ў жывёл і чалавека, клеткі якой маюць рухомыя раснічкі (дыферэнцыраваныя вырасты пратаплазмы). Высцілае паветраносныя шляхі, канал спіннога і жалудачкі галаўнога мозга, матачныя трубы, ч. мочапалавога тракту і інш. ў большасці шматклетачных жывёл і чалавека. Адна мігальная клетка мае да 500 раснічак, на іх знаходзяцца рэцэптары для гістаміну, глюкакартыкоідаў, цытакінаў і інш., частата калыханняў рэгулюецца адрэнарэцэптарамі і халінарэцэптарамі. Сінхронны рух раснічак утварае на паверхні эпітэліяльнага пласта хвалі і спрыяе перамяшчэнню вадкага асяроддзя са шчыльнымі часцінкамі ў ім (напр., вывядзенне пылавых часцінак з паветраносных шляхоў, перамяшчэнне яйцаклеткі ў некат. аддзелах палавой сістэмы).
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДЗЯЛЯ́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА, экскрэторная сістэма,
сукупнасць органаў, якія выводзяць з арганізма жывёл і чалавека ў навакольнае асяроддзе лішкі вады, солей, канчатковых прадуктаў абмену рэчываў, ядавітых рэчываў, што паступілі ў арганізм або ўтварыліся ў ім. Экскрэторную функцыю выконваюць органы стрававання, дыхання, скура. Органамі выдзялення з’яўляюцца: у ніжэйшых чарвей, прыапулідаў, некаторых анелідаў, лічынак паліхетаў і малюскаў — протанефрыдыі; у кольчатых чарвей — метанефрыдыі; у ракападобных — антэнальныя і максілярныя залозы; у наземных беспазваночных — часцей мальпігіевы сасуды, у нематод — «ныркі назапашвання»; у дажджавых чарвей — хлорагагенныя клеткі; у павукоў — прамежкавая тканка і інш.; у пазваночных — ныркі. У філагенезе і антагенезе пазваночных адбываецца паслядоўная змена трох тыпаў нырак: пранефрасу, мезанефрасу і метанефрасу.
А.С.Леанцюк.
т. 4, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)