дзяржава ў Вест-Індыі, займае ўсх.ч. в-ва Гаіці і суседнія невял. астравы, на З мяжуе з Рэспублікай Гаіці. Падзяляецца на 26 правінцый і 1 акругу. Пл. 48,4 тыс.км². Нас. 7543 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Санта-Дамінга. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 лют.).
Дзяржаўны лад. Д.Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 4 гады. Заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс, які складаецца з сената (30 чал.) і палаты дэпутатаў (120 чал.). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Каля палавіны тэр. занята гарамі. У цэнтр.ч. краіны з ПнЗ на ПдУ цягнецца Кардыльера-Сентраль з найвышэйшым пунктам 3175 м (г. Дуартэ). Уздоўж паўн. ўзбярэжжа вапняковыя горы Кардыльера-Септэптрыяналь, выш. да 1249 м. Паміж хрыбтамі і на ўзбярэжжы ўрадлівыя даліны. З карысных выкапняў ёсць баксіты, жал., медныя і нікелевыя руды, серабро і золата, буд. матэрыялы і інш. Клімат трапічны, пасатны. Т-ра паветра 23—25 °C у студз., 28—29 °C у ліпені. Ападкаў 1000—2000 мм за год, пераважна з мая да лістапада. Бываюць ураганы. Рэкі невял. горныя, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. На ПдЗ у бяссцёкавай катлавіне на 46 м ніжэй узр. м. ляжыць салёнае воз. Энрыкільё. У гарах трапічныя лясы (22% тэр.), пераважна лістападныя з каштоўнымі пародамі дрэў. У больш сухіх раёнах (асабліва на ПдЗ) саванны і кустовыя зараснікі. Да выш. 600 м схілы гор пад плантацыямі трапічных культур. Нац. паркі — Арманда-Бермудэс, Дэль-Эстэ, Лос-Айтысес.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва дамініканцы. Мулатаў 60%, белых 28%, неграў 12%. Ёсць невял. групы выхадцаў з суседніх краін, еўрапейцаў, японцаў і кітайцаў. 95% вернікаў католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 155,9 чал. на 1 км². Асабліва шчыльна заселены міжгорныя даліны і наваколле сталіцы. У гарадах жыве больш за 60% насельніцтва. Найб. з іх (тыс.ж., 1991): Санта-Дамінга — 2400, Сант’яга — 490, Ла-Рамана — 101.
Гісторыя. Да канца 15 ст. востраў насялялі індзейскія плямёны. Пасля адкрыцця вострава Х.Калумбам (1492) яго ўсх.ч. (цяперашняя тэр. краіны, назву атрымала ад г. Санта-Дамінга) да 1795 была калоніяй Іспаніі. потым Францыі, з 1809 зноў Іспаніі. У вайну за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Санта-Дамінга 20.11.1821 абвясціла незалежнасць і далучылася да рэспублікі Вял. Калумбія. У 1822 акупіравана суседняй Гаіці. У 1844 у выніку антыгаіцянскага паўстання стала незалежнай і атрымала сучасную назву, У 1861 ёю зноў завалодала Іспанія У выніку барацьбы за незалежнасць у 1865 іспанцы пакінулі Д.Р. З сярэдзіны 19 ст. ў краіну пачаў пранікаць замежны капітал. У 1905—40 ЗША усталявалі свой кантроль над мытнямі Д.Р., што палегчыла ім умяшанне ў паліт. жыццё краіны. Калі ў 1916 у Д.Р. адбылося паўстанне, амер. войскі акупіравалі краіну і ўстанавілі ваенна-акупац. рэжым (да 1924) У 1930 да ўлады прыйшоў Р.Л.Трухільё. прадстаўнік буйных памешчыкаў і буржуазіі, звязанай з ЗША, і ўстанавіў жорсткі паліт. тэрор.
Пасля 2-й сусв. вайны, ва ўмовах уздыму нац.-вызв. барацьбы ў Лац. Амерыцы, узмацнілася барацьба супраць рэжыму Трухільё (забіты ў 1961). У снеж. 1962 на ўсеагульных выбарах перамог Х.Бош. Яго ўрад у крас. 1963 прыняў канстытуцыю, якая абвясціла агр. рэформу, шэраг паліт. і дэмакр. свабод, ажыццявіў мерапрыемствы па ўмацаванні нац. эканомікі і аслабленні залежнасці ад ЗША. У вер. 1963 рэакц. ваеншчына скінула ўрад Боша. Уладу захапіла хунта і абвясціла надзвычайнае становішча, забараніла ўсе дэмакр. партыі, прагрэс. друк, разграміла прафсаюзы. Нар. паўстанне ў крас. 1965 скінула хунту. Канстытуцыйны ўрад узначаліў Ф.Кааманьё. ЗША высадзілі ў Д.Р. дэсант (42 тыс.чал.). Урад Кааманьё быў скінуты, часовым прэзідэнтам назначаны Э.Г.Гадой. На выбарах у чэрв. 1966, якія адбываліся ва ўмовах ваен. акупацыі краіны, перамог заснавальнік і лідэр Рэфармісцкай партыі Х.Балагер (прэзідэнт у 1966—78 і з 1986). У 1966 ЗША вывелі свае войскі з тэр. краіны. Д.Р. — чл.ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. эканам. сістэмы і інш.міжнар. арг-цый. Акрамя правячай Рэфармісцкай сац.-хрысц. партыі (створана ў 1986 у выніку зліцця Рэфармісцкай і Рэв.сац.-хрысц. партый) у краіне дзейнічаюць Дамініканская партыя вызвалення, Дамініканская рэв. партыя, Дамініканская кампартыя і інш.Прафс. аб’яднанні — Аўт. канферэнцыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Нац. канфедэрацыя дамініканскіх працоўных, Прафс. рух рабочага адзінства і інш.
Гаспадарка. Д.Р. — агр. краіна. У сельскай гаспадарцы занята 50% рабочай сілы. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі (разам з лясной прам-сцю і рыбалоўствам) — каля 17%, горназдабыўной прам-сці — каля 5, апрацоўчай прам-сці — каля 17, буд-ва — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — каля 40%. Апрацоўваецца 30% тэрыторыі. Характэрна наяўнасць буйнога памешчыцкага землеўладання і дробных сял. гаспадарак (50% гаспадарак маюць надзелы менш за 1 га). Асн.таварныя культуры: цукр. трыснёг, какава, кава, тытунь, бананы, манга, апельсіны. На свае патрэбы вырошчваюць кукурузу, памідоры, фасолю, рыс, маніёк, батат. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 2400, свіней 1000, коз 300. Рыбалоўства і промысел крэветак, гал. цэнтры на паўн. узбярэжжы. Аснова прам-сці — перапрацоўка цукру, кавы, какавы, тытуню, мяса, агародніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 4 млрд.кВт∙гадз штогод. Здабыча баксітаў, жал., нікелевай руд, золата (штогод каля 10 т), серабра (каля 35 т), кухоннай солі. У апрацоўчай прам-сці больш за 80% аб’ёму вытв-сці прыпадае на спажывецкія тавары. Найб. развіта харчасмакавая прам-сць (каля 2/3 кошту прамысл. прадукцыі), пераважна цукр. (штогадовая вытв-сць цукру-сырцу каля 1,5 млн.т) і тытунёвая. Цэм., хім., фармацэўтычная, тэкст., дрэваапр. прадпрыемствы. Каля 20 свабодных эканам. зон, дзе развіта швейная прам-сць. Нікелевы камбінат у г. Банао, нафтаперапр.з-д каля г. Санта-Дамінга. Значны даход прыносіць замежны турызм. Штогод краіну наведвае 1,7—2 млн. турыстаў, пераважна з ЗША. Турысцкі сезон у ліст.—маі. Унутр. транспарт у асноўным аўтамабільны, даўж. аўтадарог 17,1 тыс.км.
Чыгунак 1,2 тыс.км. Гал. марскі порт — Санта-Дамінга. Экспарт: цукар (20—30% кошту), золата і серабро (каля 20%), феранікель, кава, какава, тытунь і інш. Імпарт: нафта і нафтапрадукты (34%), прамысл. тавары (28%), машыны і трансп. сродкі (20%), харч. прадукты (15%). Асн.гандл. партнёры: ЗША (48% экспарту і 43% імпарту), Венесуэла, Нідэрланды. Грашовая адзінка — дамініканскае песа.
Літ.:
Кремер Т.И. Доминиканская республика: Очерк полит. истории (60—70-е гг.). М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБЕ́РЫЯ (Liberia),
Рэспубліка Ліберыя (Republic of Liberia), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Мяжуе на З з Сьера-Леоне, на Пн з Гвінеяй, на У з Кот-д’Івуарам. Пл. 111,4 тыс.км²Нас. 3073,2 тыс.чал. (1995). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Манровія. Краіна падзяляецца на 13 графстваў. Нац. свята — Дзень Незалежнасці (26 ліпеня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1986. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны парламент (Сенат і Палата прадстаўнікоў), выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. — вузкая (да 60 км) нізінная раўніна. Углыб краіны тэрыторыя паступова павышаецца і пераходзіць у Леона-Ліберыйскае ўзв.выш. каля 500 м. Над ім уздымаюцца асобныя астраўныя горы (г. Німба, на стыку межаў з Гвінеяй і Кот-д’Івуарам, 1752 м). Карысныя выкапні: жал. руда (больш за 3,5 млрд.т), алмазы, золата, баксіты і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 23 °C у жн. да 27 °C у красавіку. Ападкаў за год да 1500—2000 мм ва ўнутр. раёнах, да 5000 км на ўзбярэжжы. Рэкі кароткія, паўнаводныя, з парогамі і вадаспадамі. У раслінным покрыве пераважаюць вечназялёныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, саваннавыя рэдкалессі, участкі саваннаў. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. Жывёльны свет разнастайны. У саванне трапляюцца буйвалы, антылопы, леапарды. У лясах шмат птушак, малпаў, змей, насякомых, у т. л. тэрмітаў, мух цэцэ. Нац. парк Сарпа (Сапа), лясныя заказнікі.
Насельніцтва. На тэр. Л. жыве больш за 20 этн. груп. Пераважаюць народы, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. Найб. народы: кпела, лома, мака, банды, кру, кісі, гола. Каля 5% складаюць амерыкана-ліберыйцы (нашчадкі неграў-рабоў з ЗША), жывуць пераважна ў гарадах. 70% насельніцтва вызнае нац.традыц. культы, ёсць мусульмане (20%) і хрысціяне (10%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,3%. Сярэдняя шчыльн. 27,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселена прыбярэжная паласа — 40—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва (1996). Найб. горад Манровія (962 тыс.ж., 1997). Каля 50 тыс.ж. у гарадах Б’юкенен, Робертспарт, Харбел. У сельскай гаспадарцы занята 70,5% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 4,5%, у абслуговых галінах — 10,8%. Каля 700 тыс. — 1 млн. грамадзян Л. ў выніку грамадз. вайны (1989—96) вымушаны былі эмігрыраваць. З 1996—97 бежанцы паступова вяртаюцца з суседніх краін.
Гісторыя. Старажытная гісторыя Л. да з’яўлення ў сярэдзіне 15 ст. на яе тэрыторыі еўрапейцаў малавядома. У 1822 група б. неграў-рабоў з ЗША заснавала тут пасяленне Манровія. У 1820—30-я г. ўзніклі інш. пасяленні, якія 1.4.1839 аб’ядналіся ў Садружнасць пасяленняў Ліберыі. 26.7.1847 абвешчана Рэспубліка Л., улада ў якой належала выхадцам з ЗША — амерыкана-ліберыйцам, карэнныя жыхары былі пазбаўлены грамадз. правоў. З 1920-я г. Л. трапіла ў моцную эканам. залежнасць ад амер. кампаній. У студз. 1944 прэзідэнт У.Табмен абвясціў «палітыку аб’яднання», паводле якой карэнныя жыхары ў 1945 атрымалі права голасу. Панаванне амер.-ліберыйскай эліты ў эканоміцы і палітыцы захоўвалася да забойства ў 1980 групай ваенных прэзідэнта У.Толберта. Улада перайшла да Савета нац. выратавання на чале з С.Доу, які ў кастр. 1985 быў выбраны прэзідэнтам Л. У выніку пагаршэння эканам. становішча ў 2-й пал. 1980-х г. і міжнац. спрэчак у грамадстве Л. павялічылася незадаволенасць. У снеж. 1989 узбр. група створанага эмігрантамі Нац.-патрыят. фронту Л. (НПФЛ) на чале з Ч.Тэйларам уварвалася ў Л. з тэр. Кот-д’Івуар. Пасля гібелі Доу ў вер. 1990 пачалася барацьба за ўладу паміж НПФЛ, групамі, якія адкалоліся ад яго і б. прыхільнікамі Доу. У выніку грамадз. вайны 1989—96 загінула каля 150 тыс.чал., 1,2 млн. пазбавіліся прытулку, 700 тыс. уцяклі ў суседнія краіны. 2.8.1996 у г. Абуджа (Нігерыя) падпісана пагадненне пра спыненне агню і раззбраенне ўсіх бакоў канфлікту. На ўсеагульных выбарах у ліп. 1997 прэзідэнтам Л. выбраны Тэйлар.
Л. — чл.ААН (1945), Арг-цыі афр. адзінства. У краіне дзейнічаюць Нац.-патрыят. фронт Л., Незалежны Нац.-патрыят. фронт Л., Аб’яднанне незалежнага руху за дэмакратыю ў Л.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны і ваен. дзеянняў. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае 770 дол. (1994). На сельскую і лясную гаспадарку разам з рыбалоўствам прыпадае 40%, на прам-сць — каля 30%, у т. л. на горназдабыўную — каля 20%. У сельскай гаспадарцы пераважае абшчыннае землеўладанне і дробныя сялянскія надзелы. Ёсць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям або дзяржаве. Найб. развіта земляробства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1 млн.га, у т. л. каля 0,5 млн.га пад ворывам, каля 0,3 млн.га пад шматгадовымі насаджэннямі, каля 0,2 млн.га пад лугамі і пашай. Асн.таварныя культуры: гевея, алейная пальма, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 100 тыс.т пальмавага алею, 10 тыс.т кавы, 5 тыс.т какавы. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць рыс (каля палавіны пасяўной плошчы), маніёк, тара, ямс, бананы, ананасы, арахіс, сою, цытрусавыя. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 40, авечак і коз — каля 500, свіней — каля 100. Развіта лясная гаспадарка. Нарыхтоўка каштоўных парод драўніны складае штогод каля 1 млн.м³, працуе 19 лесапільных з-даў. Марское рыбалоўства (15—20 тыс.т рыбы штогод). У прам-сці гал. роля належыць здабычы карысных выкапняў, якую вядуць замежныя кампаніі. Штогод здабываюць каля 15—20 млн.тжал. руды (1-е месца ў Афрыцы), каля 0,3—0,4 млн. каратаў алмазаў, 3—4 т золата. Да пач. ваенных дзеянняў штогадовая вытв-сць электраэнергіі складала каля 1 млрд.кВт∙гадз, у 1993 атрымана 440 кВт∙гадз. Больш за палавіну электраэнергіі дае ГЭС Маўнт-Кофі на р. Сент-Пол. Апрацоўчая прам-сць развіваецца з 1960-х г.Найб. развіта харчасмакавая галіна (вытв-сць безалкагольных напіткаў, віна, піва, мукі, кансерваў, перапрацоўка рыбы, мяса, агародніны і інш.). Ёсць асобныя прадпрыемствы нафтаперапр., буд. матэрыялаў, хім., лёгкай, мэблевай прам-сці. Больш за 60% прамысл. прадпрыемстваў у г. Манровія. Развіты традыц. рамёствы: прадзенне і ткацтва, выраб цыновак, кошыкаў, скур, разьба па дрэве і інш. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. асфальтавых і гравійных 5,8 тыс.км; чыгунак 490 км. Пад флагам Л. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў прац. заканадаўства плаваюць гандл. судны ЗША і краін Зах. Еўропы агульнай грузападымальнасцю 56,7 млн. брута-рэг. т (1997). Гал. парты — Манровія (разнастайныя грузы) і Б’юкенен (экспарт жал. руды). У краіне 59 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт Робертсфілд каля Манровіі. У 1989 экспарт склаў 505 млн.дол., імпарт — 394 млн. долараў. У экспарце пераважаюць жал. руда (61%), каўчук (20%), драўніна і лесаматэрыялы (11%), кава, у імпарце — паліва, хімікаты, машыны і прамысл. абсталяванне, харч. прадукты. Гал.гандл. партнёры — ЗША і краіны Зах. Еўропы. Знешні доўг Л. перавышае 1,7 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліберыйскі долар.
Літ.:
Френкель М. Гражданская война в Либерии (1989—1997) // Мировая экономика и междунар. отношения. 1998. № 7.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Ліберыі.Сталіца Ліберыі — горад Манровія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger),
Рэспубліка Нігер (République du Niger), дзяржава ва ўнутранай частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Алжырам і Лівіяй, на У з Чадам, на Пд з Буркіна-Фасо, Бенінам, Нігерыяй, на З з Малі. Пл. 1267 тыс.км². Нас. 9962,2 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — французская, пашыраны мовы хаўса і джэрма. Сталіца — г.Ніямей. Краіна падзяляецца на 7 дэпартаментаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (18 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Орган заканад. улады — аднапалатны Нар. сход. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт. Урад падсправаздачны перад парламентам.
Прырода. Большая частка Н. — у Сахары. Ў рэльефе пераважаюць выраўнаваныя плато і раўніны выш. 200—500 м. Найб. узвышаная ч. — пласкагор’е Аір (Азбін) выш. ад 700—800 м на З да 2000 м на У (г. Ідукальн-Тагес, 2022 м). На У — пясчаная пустыня Тэнерэ. Карысныя выкапні: уранавыя (па запасах адно з першых месцаў у свеце) і жал. руды, фасфарыты, золата, каменны вугаль, нафта, марганец, медзь і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, на Пд субэкватарыяльны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 25 °C на Пд, ліп. адпаведна 30 і 25 °C. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі каля 100 мм за год, на крайнім Пд і ПдЗ — да 800 мм. На ПдЗ адзіная значная р. Нігер, у пустынях і паўпустынях трапляюцца толькі уэды. На ПдУ частка воз. Чад. 87% тэр. займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты зоны пустынь і паўпустынь з рэдкімі аазісамі, на Пд і ПдЗ участкі тыповых саваннаў з асобнымі дрэвамі акацый і баабабаў. Жывёльны свет у пустыні — дробныя грызуны, ліс фенек, антылопы арыкс і адакс, у саваннах — газелі, гепарды, гіены, шакалы. Шмат птушак. Міждзяржаўны нац. парк Дубль-В (часткі ў Беніне, Буркіна-Фасо і Н.), некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд, уздоўж граніц з Нігерыяй, жывуць хаўса (56% насельніцтва краіны, па мове адносяцца да афразійскай сям’і), на ПдЗ — джэрма і сангаі (разам 22%, мова ўваходзіць у ніла-сахарскую сям’ю). Жывуць таксама туарэгі, кануры, фульбе, маўры і інш. Еўрапейцаў каля 2 тыс., у т. л. 1,2 тыс. французаў. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (80%), ёсць прыхільнікі мясц. вераванняў (на Пд) і хрысціяне (у гарадах). Сярэдні прырост 2,95% (1999). Сярэдняя шчыльн. 7,9 чал. на 1 км², каля палавіны насельніцтва сканцэнтравана ў даліне р. Нігер. У гарадах жыве 13% насельніцтва. У г. Ніямей 600 тыс.ж. (1998). Больш за 50 тыс.ж. у гарадах Зіндэр і Марады. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 6%, кіраванні — 4%.
Гісторыя. Негроідныя плямёны жылі на тэр. Н. з часоў неаліту. Караванны гандаль цераз Сахару спрыяў узнікненню тут шэрагу гарадоў. У сярэднявеччы розныя раёны Н. ўваходзілі ў склад дзяржаў Сангаі (7—16 ст.), Канем-Борну (9—19 ст.) і інш., з пач. 19 ст.Паўд. Н. увайшоў у халіфат Сакота. У канцы 19 ст.тэр. Н. заваявана Францыяй: у 1904—22 «Ваен.тэр. Н.», з 1922 асобная калонія ў складзе Франц.Зах. Афрыкі. Каланізацыя Н. выклікала некалькі ўзбр. выступленняў, найб. з іх — паўстанне туарэгаў у 1914—17. Пасля 2-й сусв. вайны нац.-вызв. рух у Н. ўзначаліла Нігерская прагрэсіўная партыя (НПП, засн. ў 1946), якая складалася з прадстаўнікоў традыц. племянных вярхоў, інтэлігенцыі і чыноўнікаў. У 1946 Н. атрымаў статус заморскага дэпартамента Францыі, у 1957 абвешчаны аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці.
З 18.12.1960 Н. — незалежная дзяржава на чале з лідэрам НПП А.Дыёры. У Н. ўсталяваўся аднапартыйны рэжым, які падтрымліваў сувязі з Францыяй і спрыяў прыватнаму прадпрымальніцтву. Незадаволенасць насельніцтва карупцыяй улад, іх няздольнасцю ліквідаваць вынікі моцнай засухі 1968—74 прывялі да ваен. перавароту 15.4.1974. Улада перайшла да Вышэйшага ваен. савета (BBC) на чале з палкоўнікам С.Кунчэ (1974—87). У канцы 1980-х г. новае кіраўніцтва BBC на чале з А.Сайбу (1987—93) пачало дэмакратызацыю паліт. жыцця Н. У 1990 дазволена стварэнне паліт. партый, у снеж. 1992 прынята дэмакр. канстытуцыя. У сак. 1993 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр партыі Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама» М.Усман. Барацьба ў кіраўніцтве Н. прывяла да ваен. перавароту 27.1.1996. Новая канстытуцыя 1996 значна пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта, а ў ліп. 1996 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр ваенных — І.Б.Майнасара. Пасля забойства Майнасары ў крас. 1999 у выніку няўдалага дзярж. перавароту новым прэзідэнтам Н. ў ліст. 1999 выбраны Т.Мамаду.
Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама», Альянс за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. Н. — эканамічна слабаразвітая краіна з адсталай эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 670 дол. (1997). Сельская гаспадарка дае 40% ВУП, прам-сць — 18%, абслуговыя галіны — 42%. Пасля заваявання незалежнасці разам з прыцягненнем замежнага і нац. прыватнага капіталу ўрад імкнецца расшырыць дзярж. сектар. У сельскай гаспадарцы гал. ролю адыгрывае папарнае матычнае земляробства. Пад ворывам каля 3,8 млн.га, пад пашай каля 8,9 млн.га. Арашаецца 66 тыс.га у даліне р. Нігер і асобных раёнах на Пд краіны. Гал. земляробчы раён — ПдЗ і Пд. У земляробстве захавалася абшчыннае землеўладанне. Дробныя натуральныя і паўнатуральныя сял. гаспадаркі даюць гал. частку с.-г. прадукцыі. У даліне р. Нігер складваюцца таварныя гаспадаркі экспартнага кірунку. Гал.харч. культуры — проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, батат, бабовыя, агародніна. На экспарт ідзе частка арахісу і бавоўны. Сярэднегадавы ўраджай (тыс.т): збожжавых — 1600, арахісу — 190—312, бавоўны — 4—10, агародніны — каля 80. Жывёлагадоўля качавая і паўкачавая. Пад пашу выкарыстоўваюцца паўпустыні і саванны на Пд краіны. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 6,15, коз і авечак больш за 6, вярблюдаў 0,3. Птушкагадоўля (20 млн. курэй). Рыбалоўства ў воз. Чад і р. Нігер (каля 20 тыс.т штогод). Збор гуміарабіку (на ПдУ). Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі горназдабыўной, апрацоўчай і буд. галін. У 1996 атрымана 170 млн.кВт∙гадз электраэнергіі, 195 млн.кВт∙гадз імпартавана з Нігерыі. Электрастанцыі працуюць пераважна на драўніне (85%). Гал. экспартная галіна — горназдабыўная прам-сць. Н. — адзін з вядучых вытворцаў уранавай сыравіны. Здабыча уранавых руд вядзецца ў Аіры (цэнтр здабычы г. Арлі) кампаніямі з пераважнай доляй капіталу з Францыі, Германіі, Італіі, Японіі і інш. Працуюць 2 з-ды па вытв-сці уранавага канцэнтрату магутнасцю 2 тыс.т за год кожны. Вядзецца невял. здабыча каменнага вугалю (каля 170 тыс.т у год), фасфарытаў, кухоннай солі. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі харч., тэкст., гарбарна-абутковай галін, вытв-сцю буд. матэрыялаў, хім. і фармацэўтычнай прадукцыі. Прадпрыемствы харч. прам-сці: 3 з-ды па атрыманні арахісавага алею, мукамольны, малаказавод, бойня-халадзільнік і піўзавод у г. Ніямей, млын і цэх безалкагольных напіткаў у г. Зіндэр. Тэкст.прам-сць: 5 бавоўнаачышчальных, тэкст., прадзільна-ткацкая ф-кі. Прадпрыемствы па апрацоўцы скур, абутковае прадпрыемства канцэрна «Баця» (1,25 млн. пар абутку за год). Вядзецца зборка кузаваў і прычэпаў для аўтамашын, вытв-сць мэблі, дробнага с.-г. інвентару і інш. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці цэглы і цэменту, керамічных і мармуровых плітак. У г. Ніямей фармпрадпрыемства і мылаварна-парфумерная ф-ка і інш. Развіты рамёствы: саматужны выраб біжутэрыі, упрыгожанняў з золата і серабра, тканін, скураных вырабаў, адзення, абутку, ганчарная вытв-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 41,6 тыс. аўтамашын (1998). Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. 798 км з цвёрдым пакрыццём. Рака Нігер суднаходная ніжэй г. Ніямей. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. каля гарадоў Ніямей і Агадэс. У 1997 экспарт склаў 267 млн.дол., імпарт 295 млн. долараў. Н. экспартуе уранавы канцэнтрат (50% па кошце), жывёлу і прадукцыю жывёлагадоўлі (20%), бабовыя, агародніну; імпартуе харч. і спажывецкія тавары, трансп. сродкі, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады больш за 50% экспарту і імпарту), Канада, Нігерыя, Японія, Бельгія і інш. Знешні доўг 1,6 млрд.дол. (1998). Краіна атрымлівае дапамогу міжнар. арг-цый і асобных краін (найб. Францыі). Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Архітэктура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд.-зах. раёнах пашыраны саламяныя хаціны, на У — глінабітныя або складзеныя з камянёў дамы з травяным дахам. Гліняныя зернясховішчы ў форме круглай пасудзіны з адтулінай зверху да 3 м вышыні. На Пн качавое насельніцтва (туарэгі, фульбе) жыве ў шатрах, накрытых скурамі. У горадзе будуюць жылыя дамы і мячэці з банка (сумесь гліны з саломай). Жылыя дамы ў Зіндэры, Тахуа і інш. прамавугольныя ў плане, з несапраўднымі купаламі з пальмавых ствалоў або двухсхільным чаротавым пакрыццём (вільчак апіраецца на гліняны слуп унутры будынка), маюць прамавугольныя парталы з рэльефным арнаментам і зубцамі па вуглах. Мячэці складаюцца з вял. шматслупавой залы з плоскім земляным пакрыццём на драўляных бэльках і мінарэта ў выглядзе ўсечанай піраміды, у якой знадворку тырчаць канцы драўляных гарыз. сувязей. Новыя кварталы г. Ніямей і інш. гарадоў забудоўваюцца паводле сучаснага еўрап. тыпу. У раёне Ніямея і ў абласцях, населеных хауса, вырабляюць ціснёныя скураныя вырабы з яркай афарбоўкай — сумкі, сёдлы, абутак, пасудзіны, каралі. Пашыраны кавальства, ювелірная справа, пляценне. Вырабляюцца нажы з бронзавай і сярэбранай інкрустацыяй, сярэбраныя бранзалеты і падвескі, конская вупраж. Сярод ганчарных вырабаў пашыраны пасудзіны з выцісненым і размаляваным арнаментам. Вырабляюць ярка афарбаваныя тканіны (пераважна чырвонага, белага, блакітнага колераў), пасудзіны з гарбузоў (калебасы) з разным і выпаленым арнаментам.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя).
Герб і сцяг Нігера.Да арт.Нігер. Мячэць у Агадэсе. 16 ст.Да арт.Нігер. Тыповы ландшафт пустыннай саванны на поўдні краіны.Да арт.Нігер. Уранавы руднік у Арлі.Да арт.Нігер. Зернясховішчы.Да арт.Нігер. Жаночая сумка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МБІЯ (Zambia),
Рэспубліка Замбія (Republic of Zambia), краіна ва ўнутранай ч.Паўд. Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Дэмакр. Рэспублікай Конга (б. Заір), на Пн з Танзаніяй, на У з Малаві і Мазамбікам, на Пд з Зімбабве, Намібіяй і Батсванай, на З з Анголай. Пл. 752,6 тыс.км². Нас. 8936 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская, але шырока карыстаюцца і мясц. мовамі.
Сталіца — г.Лусака. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (24 кастр.).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўніком дзяржавы і ўрада з’яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган дзяржавы — Нац. сход (аднапалатны парламент), 150 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра і міністраў якога назначае прэзідэнт.
Прырода. Амаль усю краіну займае хвалістае пласкагор’е (выш. 1000—1500 м), складзенае з дакембрыйскіх гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. На У горы Мучынга (выш. да 1893 м, г. Мумпу). З. мае запасы медзі сусв. значэння (частка т.зв. «Меднага пояса» на граніцы з Дэмакр. Рэспублікай Конга), кобальт, поліметалы, ванадый, уран, золата, жалеза, каменны вугаль. Клімат субэкватарыяльны з трыма сезонамі — дажджлівым і цёплым (ліст.—крас.), сухім і халаднаватым (май—ліп.), сухім і гарачым (жн.—кастр.). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) каля 20—25 °C, самага халоднага (ліп.) каля 15—20 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Бываюць засухі. Рачная сетка густая: р. Замбезі з прытокамі Кафуэ, Луангва і інш., вытокі Конга з азёрамі Бангвеулу і Мверу, паўд.ч.воз. Танганьіка. На Замбезі вадасх. Карыба, ёсць парогі і вадаспады, у т. л. вадаспад Вікторыя. Агульныя запасы гідраэнергіі больш за 50 млн.кВт. Пераважае саванная расліннасць на чырвона-карычневых глебах. Жывёльны свет разнастайны: ёсць буйныя траваедныя — сланы, насарогі, буйвалы, зебры, жырафы, антылопы; драпежнікі — ільвы, леапарды, гіены. Каля 20 нац. паркаў (Кафуэ, Сіёма-Нгвезі, Паўн. і Паўд. Луангва і інш.).
Насельніцтва. 99% насельніцтва складаюць афрыканцы моўнай сям’і банту, у т. л. народы групы цэнтр. банту — бемба (жывуць на Пн і ў цэнтр. частцы, 34%) і тонга (Пд, 16%), групы ўсх. банту — малаві (У, 18%), інш. груп — балунда (ПнЗ), балозі (ПдЗ), нгоні (У), чэва (У). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна англічане і афрыканеры) і выхадцы з Індыі. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне, у т. л. пратэстанты (35%), католікі (27%), афр. цэрквы (9%). Ёсць невял. групы мусульман (на Пн), індуістаў, прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 12 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены «Медны пояс» і раёны на Пд ад яго да г. Лусака (50—200 чал. на 1 км²). У засушлівых мясцінах на З і У шчыльнасць памяншаецца да 1 чал. на 1 км. У гарадах жыве каля палавіны насельніцтва (1995). Найб. гарады (тыс.ж., 1990): Лусака — 982,4, Ндола — 467, Кітве-Нкана — 348,6, Кабве — 200,3, Чынгола — 186,8, Муфуліра — 175, Луанш’я — 147,7. У краіне вельмі пашыраны СНІД.
Гісторыя. Тэр. З. заселена з глыбокай старажытнасці. Гэта адно з найстаражытнейшых месцаў апрацоўкі жалеза. Бушменаў, якія прыйшлі сюды, верагодна ў 1-м тыс. да н.э., з 6 ст.н.э. пачалі выцясняць на Пд плямёны банту. У 17—19 ст. тут фарміраваліся раннефеад. дзяржавы плямён лунда, баротсе, бемба, нгоні. Першыя еўрапейцы (партугальцы) на тэр. З. з’явіліся ў канцы 18 ст. У 1880-я г. на тэр. дзяржавы баротсе праніклі агенты Брыт. паўднёва-афр. кампаніі, заснаванай С.Родсам. У 1890 кампанія атрымала ад уладара баротсе Леванікі I выключнае права на эксплуатацыю прыродных багаццяў. У 1891 англічане навязалі пратэктарат дзяржаве баротсе, потым лунда. У 1895 гэтыя тэрыторыі атрымалі афіц. назву Радэзія (ад прозвішча Родса). У 1900 пад кіраванне кампаніі перададзены таксама землі плямён бемба і нгоні. Пачалася эксплуатацыя радовішчаў медзі, у 1903—10 тут пабудавана чыгунка. Еўрап. каланісты набывалі найб. урадлівыя землі, а мясц. насельніцтва выцяснялі ў спец. рэзервацыі. У 1911 тэр. сучаснай З. вылучана ў асобны пратэктарат пад назвай Паўн. Радэзія (у 1924 афіцыйна абвешчана брыт. пратэктаратам). Пасля 1-й сусв. вайны пачалося хуткае развіццё горнаруднай прам-сці, асабліва здабычы медзі. У 1948 створана першая афр.арг-цыя — Кангрэс Паўн. Радэзіі (з 1951 Афр.нац. кангрэс, АНК). У 1953 Паўн. Радэзія разам з Паўд. Радэзіяй (сучасная Зімбабве) і Ньясалендам (сучасная Малаві) увайшлі ў створаную Вялікабрытаніяй Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда, дзе дамінавала еўрап. меншасць з Паўд. Радэзіі. Пасля расколу АНК у 1959 узнікла Аб’яднаная партыі нац. незалежнасці (ЮНІП) на чале з К.Каўндай. У 1962 абвешчана канстытуцыя і створаны кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў АНК і ЮНІП на чале з Каўндай. Пасля скасавання федэрацыі (1963) Паўн. Радэзія 24.10.1964 атрымала незалежнасць і прыняла назву З., з 1965 — рэспубліка. Член Садружнасці, член ААН, Арг-цыі афр. адзінства. Прэзідэнтам краіны быў абраны Каўнда (у 1964—73 адначасова кіраўнік урада), які распачаў унутр. рэформы ў рамках абвешчанай у 1969 канцэпцыі «філасофіі гуманізму» (у т. л. кантроль над брыт. і амер. горнапрамысл. кампаніямі). Знешняя палітыка гэтага часу характарызавалася збліжэннем з Танзаніяй і Кітаем, канфліктамі з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), калан. ўладамі партуг. Мазамбіка і Радэзіі, падтрымкай вызв. руху ў гэтых краінах. У 1971 адзін з кіраўнікоў ЮНІП С.Капвепве заснаваў апазіцыйную Аб’яднаную прагрэс. партыю (АПП), якая разам з АНК выступіла супраць прэзідэнта Каўнды і ЮНІП. У 1972 улады аб’явілі АПП і АНК па-за законам і абвясцілі З. аднапарт. дзяржавай. У 1975 З. ўвайшла ў кааліцыю прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі, удзельнічала ў перагаворах з уладамі ПАР і Нар. арг-цыяй Паўд.-Зах. Афрыкі (СВАПО) па сітуацыі ў Паўд. Афрыцы. У 1976 прэзідэнт Каўнда абвясціў сацыяліст. канцэпцыю т.зв. камунакратыі. Эканам. крызіс, што нарастаў у З. з пач. 1980-х г., стаў прычынай актывізацыі апазіцыі, якая дамагалася ліквідацыі аднапарт. сістэмы (няўдалы дзярж. пераварот ваенных 1990), узнік Рух за шматпарт. дэмакратыю (ММД), які патрабаваў свабодных выбараў і стварэння часовага ўрада. У 1991 прынята новая канстытуцыя, адбыліся выбары, перамогу на якіх атрымаў ММД. Яго лідэр Ф.Чылуба стаў прэзідэнтам.
У краіне дзейнічае шматпарт. сістэма. Асн. партыі: Рух за шматпарт. дэмакратыю і Аб’яднаная партыя нац. незалежнасці.
Гаспадарка З. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 400 дол. ЗША. Прам-сць дае 46% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 18, абслуговыя галіны — 36%. Вядучае месца ў прам-сці належыць горназдабыўной і каляровай металургіі. З 1982 горназдабыўная прам-сць цалкам кантралюецца дзяржавай. З. займае 5-е месца ў свеце па здабычы медзі — каля 500 тыс.т штогод. Буйнейшыя руднікі каля гарадоў Кітве-Нкана, Луанш’я, Муфуліра, Чынгола, Ндола, Рон-Антэлап, Чыбулума. У «Медным поясе» працуюць буйныя медзеплавільныя заводы. З. займае 2-е месца ў свеце па здабычы кобальту; штогадовая здабыча каля 5 тыс.т (каля 15% сусв. вытв-сці). Здабываюць таксама цынк, свінец, берылій, селен, каменны вугаль, аметысты і інш.Вытв-сць электраэнергіі каля 8 млрд.кВтгадз за год. ГЭС Карыба на р. Замбезі (магутнасць каля 700 тыс.кВт) і ГЭС Кафуэ на р. Кафуэ даюць больш за 70% усёй электраэнергіі. Буйная ЦЭЦ у г. Ндола. Частка электраэнергіі экспартуецца ў суседнія краіны. Астатнія галіны прам-сці маюць меншае значэнне. У г. Ндола заканчваецца нафтаправод з Дар-эс-Салама (Танзанія), працуюць нафтаперапр.з-д, шынны камбінат, хім. прадпрыемствы. У г. Луанш’я з-д па вытв-сці электракабелю, вырабаў з медзі і алюмінію, у г. Муфуліра выплаўка другаснага чыгуну і сталі, вытв-сці метал. вырабаў для горнай прам-сці. Там жа і ў г. Кафуэ выраб выбуховых рэчываў. У краіне ёсць асобныя прадпрыемствы хім. (Кітве-Нкана, Лусака, Ндола), па вытв-сці мінер. угнаенняў (Кафуэ), цэменту (Лусака), буд. матэрыялаў (Кітве-Нкана), па зборцы аўтамабіляў і веласіпедаў з імпартаваных дэталей і вузлоў (Лусака, Ндола). Лёгкая прам-сць прадстаўлена галінамі: тэкст. (Кітве-Нкана, Кафуэ), швейнай (Лусака, Кітве-Нкана, Муфуліра, Лівінгстан), гарбарна-абутковай (Кафуэ), мэблевай (Кітве-Нкана, Ндола, Кафуэ), дрэваапр. (Кітве-Нкана, Луанш’я, Лівінгстан), керамічнай (Кітве-Нкана). Параўнаўча развіты харч. (цукр., мясная, мукамольная, піваварная — Лусака, Ндола, Чынгола) і харчасмакавая (пераважна тытунёвая — Луанш’я, Муфуліра, Лівінгстан і інш.) прам-сць. Вытв-сць асобных відаў прамысл. прадукцыі (1994): азотных угнаенняў — 58 тыс.т, фосфарных — 19,2 тыс.т, калійных — 8,3 тыс.т, цукру — 150 тыс.т. прадукцыі лесапілавання — 112 тыс.м³, паперы і кардону — 4 тыс.т, цэменту — 376 тыс.т. Каля 70% жыхароў краіны занята ў сельскай гаспадарцы. Агульная пл.с.-г. зямель каля 7 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 2 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: традыцыйны (на 1 гаспадарку прыпадае 1,5 га), вытв-сцьхарч. культур на свае патрэбы; таварны (каля 1000 буйных ферм па 1000 га). На свае патрэбы вырошчваюць (1994, тыс.т): кукурузу — 1021, пшаніцу — 43, проса — 63, сорга — 35, маніёк — 580, арахіс — 27. Таварныя культуры (1994, тыс.т): цукр. трыснёг — 1311, тытунь — 7, бавоўна — 16. Развіта агародніцтва. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд краіны (шкодзяць муха цэцэ, эпідэміі, засухі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 3 млн. галоў), коз і авечак (каля 0,4 млн. галоў), свіней (каля 0,3 млн. галоў). Развіта птушкагадоўля. Штогод ловяць каля 60—70 тыс.т рыбы. Аснова трансп. сеткі — чыгункі Ндола—Лівінгстан і Капіры-Мпошы—Дар-эс-Салам (Танзанія) з адгалінаваннямі. Агульная даўж. чыгунак 2164 км. Аўтадарог каля 37 тыс.км, з іх каля 6,7 км з цвёрдым пакрыццём. Краіна залежыць ад доступу да марскіх партоў ПАР, Анголы, Танзаніі. Міжнар. аэрапорты ў гарадах Лусака, Ндола, Лівінгстан. Экспарт і імпарт З. прыкладна роўныя — па 1 млрд.дол. ЗША штогод. З. экспартуе медзь (85% экспарту па кошце), кобальт (6%), цынк, свінец, тытунь і інш., імпартуе машыны і трансп. сродкі (38%), хім. і харч. прадукты, разнастайныя прамысл. вырабы. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Японіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, ПАР. Грашовая адзінка — квача.
Літ.:
Березин В.И. Замбия: Пуги завоевания экон. независимости. М., 1972;
Перышкин Е.В. Политическая система Республики Замбии. М., 1980.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Замбіі.Да арт.Замбія. Вёска на паўночным захадзе краіны (злева). У адным з раёнаў г. Лусака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-АФРЫКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (афрыкаанс Republiek van Suid-Afrika, англ. Republic of South Africa),
ПАР, дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн з Намібіяй, Батсванай, Зімбабве, на ПнУ з Мазамбікам і Свазілендам. Унутры краіны знаходзіцца дзяржава Лесота (анклаў на тэр. ПАР). На З абмываецца Атлантычным ак., на Пд і У — Індыйскім ак.Пл. 1219,9 тыс.км². Нас. 43426,4 тыс.чал. (1999). Дзярж. мовы — афрыкаанс, англійская, ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Сталіца — г.Прэторыя, рэзідэнцыя парламента — г.Кейптаўн. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень Свабоды (27 крас.).
Дзяржаўны лад. ПАР — рэспубліка. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца Нац. асамблеяй з яе членаў тэрмінам на 5 гадоў, з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Нац. савету правінцый (верхняя палата, 90 чал., выбіраюцца па 10 чал. ад кожнага правінцыяльнага заканад. органа) і Нац. асамблеі (ніжняя палата, 400 чал., выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў на аснове прапарцыянальнага і прадстаўніцтва).
Прырода. Большая ч. краіны знаходзіцца ў межах Паўд.-Афрыканскага пласкагор’я. У рэльефе пераважаюць плато і пласкагор’і на выш. 800—1500 м, абмежаваныя на У і ПдУ стромкімі схіламі Вял. Уступу (выш. да 3482 м). На ПнЗ частка пустыні Калахары. На Пд сярэдневышынныя Капскія горы. Уздоўж берагоў вузкая паласа нізін. Нетры надзвычай багатыя разнастайнымі карыснымі выкапнямі: залатыя (1-е месца ў свеце), уранавыя (2-е месца), жал., хромавыя, ванадыевыя, сурмяныя, плацінавыя, тытанавыя, цырконавыя, медныя, свінцовыя і інш. руды, алмазы, каменны вугаль, апатыты, азбест; радовішчы каменнай солі, рэдкіх і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялаў і інш. Клімат унутр. раёнаў трапічны кантынентальны, на ПдУ — субтрапічны мусонны, на ПдЗ — субтрапічны міжземнаморскі. Сярэднія т-ры зімовых месяцаў (чэрв.—жн.) на пласкагор’і 7—17 °C, летніх 18—24 °C; ападкаў 150—750 мм за год. На Пд сярэднія т-ры летніх месяцаў каля 21 °C, зімовых каля 13 °C; ападкаў 650—750 мм за год. Найб. ападкаў на ўсх. узбярэжжы і на ўсх. схілах Драконавых гор (1000—2000 мм за год), найменш — на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. (менш за 100 мм). Найб. рэкі Аранжавая, Лімпопа, Грэйт-Фіш. Пераважае саванная і стэпавая (на У), паўпустынная і пустынная (на 3) расліннасць. Пад лесам і хмызнякамі 7% тэрыторыі. Адзначаюцца фларыстычная і фауністычная своеасаблівасці (гл.Капская біягеаграфічная вобласць). Характэрныя жывёлы — сланы, насарогі, зебры, антылопы, гіены, віверы, жырафы, ільвы, леапарды. Шмат насякомых. Нац. паркі: Кругера, Калахары-Гемсбак і інш., каля 300 запаведнікаў і фауністычных рэзерватаў. Ахоўваемыя тэр. займаюць 60 тыс.км.
Насельніцтва. ПАР — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 75,2% насельніцтва. Пераважаюць народы групы банту — ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Жывуць таксама гатэнтоты і бушмены. Выхадцаў з Еўропы і іх нашчадкаў 13,6%. Гэта ў асноўным афрыканеры (каля 3,5 млн.чал., 1999) і англа-паўднёваафрыканцы (каля 2 млн.чал.), невял. групы англічан, яўрэяў, немцаў і інш. Больш за 3,5 млн. метысаў, больш за 1 млн. выхадцаў з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў хрысціян 68%, прыхільнікаў мясц.традыц. вераванняў 28,5%, мусульман 2%, індуістаў 1,5%. Сярэднегадавы прырост 1,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. 35,6 чал. на 1 км. Больш шчыльна населена ўсх.ч. краіны, асабліва горна-прамысл. раёны і ўзбярэжжа. Гар. насельніцтва 50%. Буйнейшыя гарады (млн.ж., 1999): Кейптаўн — 2,4, Іаганесбург — 1,9, Прэторыя — 1,1. У прам-сці занята 29% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 30%, у абслуговых галінах і кіраванні — 41%. Працуюць значныя групы рабочых з суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельніцтва ПАР — плямёны бушменаў і гатэнтотаў. Да пач. 17 ст.б.ч.тэр. ПАР засялілі плямёны банту: зулу, коса, матабеле і інш. Першы еўрапеец, які наведаў у 1487—88 Паўд. Афрыку, — партуг. мараплавец Б.Дыяш. У 1652 прадстаўнік галандскай Ост-Індскай кампаніі Я.Рыбек заснаваў каля мыса Добрай Надзеі пасяленне Капстад (англ. Кейптаўн — горад каля мыса). У 1680-я г. да галандскіх пасяленцаў далучылася група франц.гугенотаў, якія выратаваліся ад рэліг. праследаванняў на радзіме. У выніку ўзнікла новая этн. супольнасць — буры (афрыканеры), якія размаўлялі на блізкай да галандскай, але асобнай мове — афрыкаанс. Ад шлюбаў бураў з гатэнтотамі ўзнікла супольнасць «метысаў» — т.зв. каляровых. Рух бураў ва ўнутр. раёны Афрыкі прывёў да сутыкнення з народам коса. У выніку т.зв. кафрскіх войнаў (1770—1860-я г.) землі коса далучаны да Капскай калоніі. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў зулу — Чака стварыў зулускую дзяржаву з моцнай арміяй. У 1806 Капскую калонію захапіла Вялікабрытанія. Незадаволенасць бураў брыт. панаваннем прывяла ў 1836—37 да «Вял. трэка» — перасялення ч. бураў на чале з П.Рэтыфам на свабодныя землі. У снеж. 1838 буры на чале з А.Прэторыусам разбілі зулускае войска і стварылі ў 1839 на захопленых у зулусаў землях рэспубліку Наталь, якую Вялікабрытанія анексіравала ў 1843 (з 1856 калонія). Пазней створаны інш. бурскія рэспублікі: Аранжавая свабодная дзяржава (АСД, 1848) і Паўд.-Афр. Рэспубліка (Трансвааль, 1852). У 1879 англічане канчаткова падпарадкавалі зулу і да 1880-х г. наблізіліся да бурскіх рэспублік. Спроба англічан захапіць іх скончылася паражэннем брыт. войск пры Маджубе (1881), што прымусіла Вялікабрытанію прызнаць незалежнасць АСД і Трансвааля. У 1880-я т. ў Капскай калоніі выяўлены буйныя паклады золата, у Трансваалі — алмазаў, што спрыяла хуткаму іх развіццю і прытоку імігрантаў з Еўропы. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 Вялікабрытанія захапіла АСД і Трансвааль і ператварыла іх у свае пратэктараты. Паводле прынятага ў 1909 брыт. парламентам закона 31.5.1910 Капская калонія, Наталь і бурскія рэспублікі аб’яднаны ў Паўд.-Афр. Саюз (ПАС) з правамі дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. Садружнасці. Першыя ўрады ПАС узначальвалі лідэры Паўд.-афр. партыі (ПАП) Л.Бота (1910—19) і Я.Х.Смэтс (1919—24). Кіраўніцтва ПАС ажыццяўляла палітыку дыскрымінацыі нябелага насельніцтва (78,5% насельніцтва краіны ў 1910), асабліва жорсткую ў дачыненні да карэнных афрыканцаў (67% насельніцтва). У 1913 прыняты закон, які замацоўваў за афрыканцамі толькі 13% тэр. краіны ў 264 рэзерватах. Дыскрымінацыя павялічылася пасля прыходу ў 1924 да ўлады Нацыяналіст. партыі (НП), урад якой на чале з Дж.Герцагам (1924—33) прыняў у 1924—26 законы, што пазбавілі афрыканцаў права займацца кваліфікаванай працай. У 1931 ПАС атрымала пэўную самастойнасць у знешняй палітыцы. У 1933 створаны аб’яднаны ўрад НП і ПАП на чале з Герцагам і Смэтсам, а ў 1934 абедзве партыі злучыліся ў Аб’яднаную партыю. У 1935 найб. кансерватыўныя члены б. НП аднавілі «ачышчаную» НП на чале з Д.Ф.Маланам. У 2-ю сусв. вайну ўрад Смэтса (1939—48) накіраваў на фронт больш за 300 тыс.чал., якія змагаліся ў складзе брыт. войск супраць Германіі і Італіі. На выбарах у маі 1948 перамагла НП. Яе ўрады Малана (1948—54), І.Г.Стрэйдама (1954—58) і Х.Ф.Фервурда (1958—66) ажыццяўлялі дактрыну апартэіду — жорсткую дыскрымінацыю ўсіх нябелых. Афрыканцаў прымусова высялялі з гарадоў у спец. пасяленні (лакацыі), у 1957 ім канчаткова забаранілі займацца кваліфікаванай працай; у 1959 ліквідавана сістэма місіянерскіх школ, што пазбавіла афрыканцаў магчымасці атрымаць добрую адукацыю, забаронены і міжрасавыя шлюбы. Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. 21.3.1960 паліцыя расстраляла дэманстрацыю афрыканцаў у Шарпевілі. Неўзабаве забаронена буйнейшая афр.паліт.арг-цыя — Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), яго лідэры на чале з Н.Мандэлам арыштаваны.
31.5.1961 абвешчана Паўд.-Афр. Рэспубліка, краіна выйшла з Садружнасці. З-за палітыкі апартэіду ў 1962 Ген. Асамблея ААН заклікала ўсіх сваіх членаў да ўвядзення эканам. санкцый і разрыву дыпламат. адносін з ПАР. У час прэм’ерства Б.І.Форстэра (1966—78) афр. рэзерваты аб’яднаны паводле этн. прыкмет у 10 хаўмлендаў («айчын», гл.Бантустаны), некаторыя з якіх (Транскей, Сіскей, Венда і Бапутатсван) абвешчаны «незалежнымі» дзяржавамі, што яшчэ больш пагоршыла становішча афрыканцаў. У чэрв. 1976 расстрэл паліцыяй дэманстрацыі афр. школьнікаў прывёў да паўстання ў лакацыі Соўэта. Пашыралася партыз. барацьба ваен. крыла АНК — «Умконтаве сізве» («Кап’ё нацыі»). Пад націскам выступленняў афрыканцаў і сусв. супольнасці ўрад П.Боты (1978—84) вымушаны быў абвясціць некаторыя рэформы, якія, аднак, не закраналі асноў апартэіду. Новая канстытуцыя 1983 пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта (з 1984 — Бота), каляровыя і азіяты атрымалі права голасу, але карэнныя афрыканцы па-ранейшаму былі пазбаўлены ўсіх грамадз. правоў. Новы прэзідэнт ПАР Ф.В. дэ Клерк (1989—94) быў вымушаны абвясціць праграму ліквідацыі апартэіду. У 1990 вызвалены Мандэла, легалізаваны АНК і інш.афр. партыі. У 1991 апартэід скасаваны. У выніку перагавораў паміж кіраўніцтвам НП, АНК, зулускай Партыі свабоды Інката і інш. арг-цыямі ў 1993 створаны Пераходны выканаўчы савет, які арганізаваў у крас. 1994 першыя шматрасавыя выбары, на якіх перамог АНК, а яго лідэр Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР. Урад Мандэлы (1994—99) намеціў асн. кірункі развіцця краіны, якія разам з паляпшэннем жыццёвых умоў карэннага насельніцтва ПАР прадугледжваюць захаванне прыватнай маёмасці ўсіх расавых груп, шматукладнасць у эканоміцы, прыцягненне замежных інвестыцый. Гэты курс прадоўжыў пераемнік Мандэлы на пасадзе кіраўніка АНК і краіны Т.Мбекі (з чэрв. 1999). ПАР — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі афр. адзінства (з 1994). Дыпламат. адносіны паміж ПАР і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў сак. 1993. Дзейнічаюць паліт. партыі: Афр.нац. кангрэс. Нацыяналіст. партыя, Партыя свабоды Інката, Панафр. кангрэс і інш.
Гаспадарка. ПАР — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем развіцця, найб. развітая ў эканам. адносінах дзяржава Афрыкі. Складаючы 5% тэр. і 9% насельніцтва кантынента, яна выпускае каля 40% прамысл. і каля 30% с.-г. прадукцыі Афрыкі, па эканам. узроўні займае 25-е месца ў свеце. Валавы ўнутр. прадукт складае 290,6 млрд.дол. — па 6,8 тыс.дол. у год на душу насельніцтва (1998). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі складае 39%, сельскай гаспадаркі — 5%, абслуговых галін — 56%. Важныя пазіцыі ў эканоміцы належаць мясц. і замежнаму капіталу.
Значнае месца займаюць дзярж. прадпрыемствы (асабліва ў чорнай металургіі, электраэнергетыцы, цяжкім машынабудаванні, хім. прам-сці). У прамысловасцінайб. развіта горназдабыўная галіна, засяроджаная гал. чынам у паўн. і цэнтр. раёнах. ПАР займае адно з вядучых месцаў у свеце па здабычы золата (каля 700 т штогод, больш за 50% здабычы ў свеце), плаціны (каля 100 т, больш за 60% здабычы ў свеце), алмазаў (пераважна ювелірныя, штогод больш за 10 млн. каратаў), храмітаў (больш за 3 млн.т), марганцавай руды (больш за 3 млн.т), ванадыю, сурмы, азбесту, уранавых канцэнтратаў. Здабываецца жал. руда (каля 15 млн.т штогод), медзь, волава, нікель, тытан, свінец і цынк, рэдкія і рэдказямельныя металы. Значная здабыча горнахім. сыравіны (флюарыту, фасфатаў, барыту, пірыту і каменнай солі), буд. матэрыялаў, прыроднага каменю і інш. Аснова паліўна-энергет. рэсурсаў — каменны вугаль (каля 170 млн.т штогод). У 1996 атрымана 186,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 93% на ЦЭС, 6,3% на АЭС, 0,7% на ГЭС. Развіта чорная (Прэторыя, Фандэрбейлпарк, Ферыніхінг, Ньюкасл) і каляровая (Спрынгс, Джэрмістан, Прэторыя, Акіп) металургія. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне і металаапрацоўка: вытв-сць горнага, эл. і чыг. абсталявання, рэек, пад’ёмных кранаў, катлоў, с.-г. машын, рухавікоў, буд-ва і рамонт суднаў, зборка аўтамабіляў і інш.; асн. іх цэнтры — гарады Іаганесбург, Кейптаўн, Джэрмістан, Спрынгс, Ферыніхінг. Хім.прам-сць цесна звязана з горназдабыўной. Найб. значэнне маюць нафтаперапрацоўка (Кейптаўн, Дурбан), вытв-сць выбуховых рэчываў, штучных угнаенняў, сернай кіслаты, лакаў і фарбаў (раёны Іаганесбурга, Кейптаўна, Дурбана). Развіты харч. (мукамольная, мясная, вытв-сць цукру, агароднінных, фруктовых, рыбных кансерваў), тэкст. і швейная, радыётэхн. і радыёэлектронная, дрэваапр., гарбарна-абутковая, тытунёвая, шкляная, цэм., буд. матэрыялаў, папяровая, паліграф.прам-сць. Спецыфічная галіна — агранка алмазаў (Кейптаўн і Іаганесбург). Лясная прам-сць. Сельская гаспадарка — асн. крыніца існавання для большасці карэннага насельніцтва. Ёсць буйныя таварныя гаспадаркі белых фермераў (сярэдні памер 1 тыс.га) і нізкапрадукц. дробныя гаспадаркі афрыканцаў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,4 млн.га, арашаецца 1,3 млн.га; большая ч. краіны (каля 81,7 млн.га, пераважна на 3), выкарыстоўваецца пад пашу. Найб. значэнне мае жывёлагадоўля — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы, воўнавых авечак, пуховых ангорскіх коз. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 13,8, авечак — 30, коз — 7, свіней — 1,6. Каля гарадоў буйныя птушкагадоўчыя комплексы (59 млн. курэй, 1997). У раслінаводстве найб. развіта збожжавая гаспадарка. Асн. культуры (сярэдні штогадовы збор у канцы 1990-х г.): кукуруза — каля 7 млн.т, пшаніца — 2 млн.т, цукр. трыснёг — 2,2 млн.т цукру-сырцу. Сеюць таксама сорга, жыта, авёс, бабовыя. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, яблыкі) і вінаградарства найб. развіты ў раёне Кейптаўна, цытрусавыя і бананы — на Пн. У паўн. раёнах на арашальных землях значныя пасевы бавоўны і тытуню. Кветкаводства, пчалярства. Марское рыбалоўства (509,4 тыс.т рыбы, 1997), асн. база рыбалоўнага флоту — г. Іст-Лондан. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс.км, 1995): чыгунак — 21,4, аўтадарог — 331,3, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 137,5, магістральных трубаправодаў (для перапампоўвання нафты, нафтапрадуктаў, газу) — 3. У краіне 4,4 млн. легкавых і 1,6 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Дзейнічае 749 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Кейптаўна і Іаганесбурга. Знешнегандл. сувязі пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Кейптаўн, Дурбан, Іст-Лондан, Порт-Элізабет, значная роля мазамбікскага порта Мапуту. У 1998 экспарт склаў 28,7 млрд.дол., імпарт — 27,2 млрд.дол. У экспарце пераважаюць золата (20%), інш. металы і алмазы (разам з брыльянтамі, 20—25%), каменны вугаль, харч. прадукты, хімікаты, шэрсць, віны, кансервы, горнае абсталяванне; у імпарце — машыны, трансп. сродкі, хімікаты, нафта, нафтапрадукты, тэкстыль, навук. абсталяванне. Гал.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Італія. ПАР — краіна развітога турызму. У 1997 замежны турызм прынёс даход у 2,4 млрд.дол. Грашовая адзінка — рэнд.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (каля 80 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя і інш.), усяго 138 тыс.чал. (1998). Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 54,3 тыс.чал., 224 танкі, больш за 3 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, каля 500 гармат, 600 зенітных установак і інш. У ВПС 11,4 тыс.чал., 114 баявых самалётаў, 14 баявых верталётаў. У ВМС 8 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 6 тральшчыкаў, 9 катэраў, у т. л. 6 ракетных.
Ахова здароўя. Медыцына пераважна платная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 52,7, жанчын 56,9 года (1999). Смяротнасць — 12,8 на 1 тыс.чал., забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 239 чал., урачамі — 1 на 1529 чал. Узровень нараджальнасці — 25,9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,3%. Дзіцячая смяротнасць — 52 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Друк, радыё. тэлебачанне. У 1999 у ПАР больш за 900 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на мове афрыкаанс — «Die Burger» («Грамадзянін», з 1915), «Rapport» («Рапарт», з 1970), на англ. мове — «The Star» («Зорка», з 1887), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1906), «The Citizen» («Грамадзянін», з 1976), «Sowetan» («Жыхар Соўэта», з 1981). Нац.акц.інфарм. агенцтва — Паўд.-Афрыканская асацыяцыя прэсы (САПА, з 1938). Паўд.-Афрыканская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя (САБК, з 1936) трансліруе б.ч. тэлевізійных і некаторыя радыёпраграмы; паралельна працуюць 2 камерцыйныя тэлерадыёкампаніі: М-НЕТ і Боп ТВ. Перадачы вядуцца на 20 мовах. Тэлебачанне з 1976.
Літаратура народаў ПАР развіваецца пераважна на мовах афрыкаанс і англ., а таксама на мовах групы банту (зулу, коса, сута, чуана). Фальклор прадстаўлены гераічным эпасам, гіст. легендамі, стараж. бушменскімі і гатэнтоцкімі казкамі пра жывёл, чарадзейнымі зулускімі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі. Першыя пісьмовыя творы адносяцца да сярэдзіны 19 ст., калі з’явілася пісьменнасць на афр. мовах на аснове лац. алфавіта. Заснавальнік л-ры на мове сута — Т.Мофала, аўтар гіст. рамана «Чака» (1925). У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся антыкалан. публіцыстыка, апавяданні і раманы А.Шрэйнер, рэв.-рамант. вершы Я.Селірса, Б.У.Вілаказі, раманы Дж.Дубе, Р.Злома. Трылогія «Ампі» I. ван Бругена (1924—42) — узор крытычнага рэалізму ў л-ры на мове афрыкаанс. Вядомасць набыла паэзія т.зв. трыццатнікаў (Н. ван Вейк Лаўв, М.Крыхе). Узмацненне расісцкай палітыкі пасля 2-й сусв. вайны выклікала моцную хвалю л-ры пратэсту, якая развівалася пераважна ў рэчышчы крытычнага рэалізму (творы А.Пейтана, Н.Гордымер, Дж.Коўпа, Дж.Гордана, Э.Мпахлеле, П.Г.Абрахамса). Антырасісцкая тэма вядучая і ў л-ры 1960—70-х г. (А.Ла Гума). Вастрыня сац. праблематыкі застаецца характэрнай для твораў сучаснай л-ры ПАР (раман «Непажаданыя элементы» К.Барнарда і З.Стэндэра, проза Д.Брутуса, вершы І.Іонкер). На бел. мове выдадзены раман Абрахамса «Вянок для Удома» (1959, пер. С.Дорскі), аповесці і апавяданні Абрахамса і Ла Гумы ў зб. «Закон вольных пашаў» (1987).
Архітэктура. Са старажытнасці на тэр. ПАР пашыраны 2 тыпы нар. жытла: паўсферычныя круглыя ў плане хаціны са звязаных рамянямі жэрдак, прымацаваных да цэнтр. слупа, накрытыя травой ці шкурамі жывёл (у народаў герэра і гатэнтотаў) і круглыя або квадратныя ў плане пабудовы, накрытыя саломай, каркас якіх складаецца з укапаных па перыметры слупоў, а прамежкі паміж імі запоўнены глінай ці гноем (у народаў авамба). Асн. тып сельскага паселішча карэнных народаў — крааль. Развіццё архітэктуры еўрап. тыпу пачалося з сярэдзіны 17 ст. (форт на мысе Добрай Надзеі). Асн.буд-ва вялося ў г. Кейптаўн у духу галандскай архітэктуры 17—18 ст. (пяцівугольны ў плане каменны замак, 1662—72, арх. П.Дамбаер). У канцы 18 ст. дойлід Л.М.Цібо і скульпт. А.Анрэйт прыўнеслі ў архітэктуру элементы франц. рэнесансу (ордэр у апрацоўцы фасадаў, пышны скульпт. дэкор франтонаў). У 19 ст. інтэнсіўна развіваліся гарады (Дурбан, Прэторыя і інш.), у іх забудове да пач. 20 ст. панаваў эклектызм. У Кейптаўне пераважала неаготыка, у Іаганесбургу — неакласіцызм (арх. Х.Бейкер), у Прэторыі захоўваліся традыцыі «капскай архітэктуры». У 1920-я г. паявіліся пабудовы ў духу функцыяналізму (арх. Р.Мартынсен, У.Г.Макінташ). З сярэдзіны 20 ст. пад уплывам архітэктараў Еўропы, ЗША і Лац. Амерыкі ствараюцца добраўпарадкаваныя раёны (будынкі адм. цэнтраў, гандл. фірм, кантор, банкаў, асабнякоў).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. ПАР развівалася мастацтва плямён бушменаў і банту. Высокай тэхнікай выканання вызначаюцца шматлікія наскальныя пятрогліфы і размалёўкі (выявы жывёл, сцэны палявання, бітваў і інш.), якія датуюцца ад 7-га тыс. да н.э. да апошніх ст. да н.э. Узнікненне прафес. мастацтва звязана з культурай еўрап. перасяленцаў. У 18—19 ст. працавалі скульпт. Анрэйт, жывапісцы Д.У.Ангас, Т.У.Баулер, П.Венінг, Я.Х.Пірнеф, Ч.Пірс; у 20 ст. — жывапісцы І.Масіке, Э.Нгкоба, Ю.Нод, А.Нібе, Ж.Секота, скульпт. Дж.Кубхека, С.Кумала, С.К.Седыбане, графікі А.Дламіні, П.Кларк, Дж.Мітчэл, разьбяр па дрэве Дж.Кекана і інш. Развіваюцца традыц.маст. рамёствы: кераміка, апрацоўка металаў, выраб разьбянага начыння, апрацоўка шкур, пляценне і інш.
Музыка. Муз. культура ПАР убірае ў сябе музыку карэнных жыхароў, белага насельніцтва і выхадцаў з краін Азіі — пераважна індыйцаў. Найб.стараж. пласт — музыка бушменаў і гатэнтотаў (магічныя абрады, бытаванне муз. інструмента гора — лук). Пераважае вак. музыка; спевы звычайна шматгалосыя. Тыповыя троххордавыя, тэтрахордавыя, пентатанічныя ладавыя ўтварэнні. У муз. традыцыях народаў банту вылучаюцца традыцыі сота (танец, імітацыя працоўных рухаў у суправаджэнні спеваў і спевы без рухаў), венда са складанай сістэмай муз. жанраў (дзіцячыя і юнацкія спевы-танцы, песенна-танцавальныя жанры складанай метрарытмічнай структуры), шона (хары, інструментальныя ансамблі, характэрны дыятанічныя лады, разнастайная рытміка песень). Муз. інструменты пераважна ўдарныя (найб. ксілафоны). У аснове муз. традыцый белага насельніцтва вак. жанры (сельскія песні, балады і інш.). Вял. значэнне меў узаемаўплыў еўрап. і афр. музыкі, на харавыя спевы паўплывала хрысц. музыка, на вакальную манеру і характар акампанементу — лац.амер. вак.-танцавальныя жанры. У традыц. ансамблі ўключаюцца еўрап.муз. інструменты. Развіццю муз. жыцця ў гарадах у 1-й пал. 20 ст. спрыяла дзейнасць англ. музыканта У.Г.Бела, кампазітараў і дырыжораў А.Коўтса, Э.Чызолма. Пад уплывам зах.-еўрап. музыкі мадэрнізаваліся традыц. песенныя жанры. У 1930—50-я г. ўзніклі стылі квела, мбубе, джайв (кампазітары Р.Калуза, Э.Сангонгі і інш.). На гар.муз. культуру зулу паўплывалі паўн.-амер. джаз і блюз, музыка «кантры», спевы ў стылі «госпел» (спевакі Дж.Нгобені, Сьюзі). У 1940—50-я г. пачала фарміравацца кампазітарская школа (Г.Фаган, Б.Герстман, П.Рэйнір, А, ван Вейк). Развіццю муз. тэатра садзейнічалі Тэатр. кампанія банту (засн. ў 1953, Кейптаўн), Школа музыкі і драмы пры Саюзе артыстаў Паўд. Афрыкі (Іаганесбург), Нац.тэатр.арг-цыя (Прэторыя). Пастаўлены джазавая опера «Кінг-Конг» Т.Матчыкізы (1959), муз. спектаклі А.Трэйсі, Дж.Тэйлара, Б.Лешоая, Г.Скосана. Сярод спевакоў Дж.Магатоі, Н.Мдледле, П.Фанга, М.Макеба, Б.Самхлахла, Т.Кумала, сярод выканаўцаў джазавай музыкі піяніст Д.Брэнд. Развіваюцца формы т.зв. культываванай музыкі белага насельніцтва. Оперныя тэатры і трупы ў г. Кейптаўне (з 1893), Іаганесбургу, Прэторыі, сімфанічныя аркестры ў Іаганесбургу, Кейптаўне, Дурбане і інш. Дзейнічаюць Паўд.-Афр. кансерваторыя (з 1905, Кейптаўн), муз. ф-ты ва ун-тах у г. Кейптаўн, Прэторыя, Натал, Порт-Элізабет, Іаганесбург. Т-ваафр. музыкі ў Іаганесбургу.
Літ.:
Вяткина Р.Р. Создание Южно-Африканского Союза (1902—1910). М., 1976;
Егоров В.В., Тищенко Т.Ф. История Юга Африки (60—70-е гг.). М., 1982;
Вышинский М.П. Юг Африки: апартеид, геноцид, агрессия. М., 1988;
Асоян Б.Р. Сквозь 300 лет — от Кейпа до Трансвааля: Штрихи к портрету Южной Африки. М., 1991;
Современные литературы Африки: Вост. и Юж. Африка. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛІЯ (Portugal),
Партугальская Рэспубліка (República Portuguêsa), дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве. Уключае а-вы Азорскія і Мадэйра ў Атлантычным акіяне. Мяжуе на Пн і У з Іспаніяй. Пл. 92,4 тыс.км². Нас. 9918 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г.Лісабон. Краіна падзяляецца на 18 акруг і 2 аўт. акругі (на астравах). Нац. свята — Дзень Партугаліі (10 ліп.).
Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976 са зменамі 1982, 1989, 1992 і 1997. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Сход Рэспублікі (230 дэпутатаў, выбіраюцца на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. На ПнУ горныя хрыбты выш. 1000—1200 м (найб.выш. 1993 м, г. Эштрэла ў хр. Сера-да-Эштрэла) і плато. Уздоўж узбярэжжа — нізіна. На Пд ад р. Тэжу хвалістая Партугальская нізіна з асобнымі кражамі, Астравы гарыстыя. На в-ве Піку з групы Азорскіх а-воў г. Піку выш. 2351 м. У краіне бываюць моцныя землетрасенні. Карысныя выкапні: вальфрамавыя, алавяныя, уранавыя, медныя, жал. руды, мармур і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. 5—11 °C, ліп. 20—29 °C. Ападкаў 700—1000 мм на ўзбярэжжы, 1000—2000 мм за год у гарах. Гал. рэкі: ніжнія цячэнні Міньё, Дору (Дуэра), Тэжу (Таха), Гвадыяна. Пад лесам (коркавы і каменны дуб, эўкаліпт, каштан, прыморская хвоя і пінія) і хмызнякамі (маквіс і гарыга) 36% тэрыторыі. Шмат грызуноў, птушак, паўзуноў. Трапляюцца воўк, куніца, ліс, рысь. Нац. парк Пенеда-Жэрэш, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Партугальцы складаюць больш за 98%. Жывуць невял. групы эмігрантаў з б. калоній, бразільцы і інш. Вернікі — католікі (97%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва блізкі да нулявога. Сярэдняя шчыльн. 107,3 чал. на 1 км². Больш за 70% насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы. У гарадах жыве 66% насельніцтва. Найб. (млн.ж., з прыгарадамі і суседнімі невял. гарадамі): Лісабон — 2,1, Порту — 1,7. У прам-сці і буд-ве занята 32% працоўных, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 12%, у абслуговых галінах — 56%. Значная эміграцыя ў краіны Еўропы і Амерыкі.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут аселі кельты. У 4—3 ст. да н.э. большую ч. краіны насялялі лузітаны. У 138—136 да н.э.тэр. П. заваявалі рымляне, у канцы 1 ст. да н.э. яна амаль уся ўвайшла ў рым.прав. Лузітанія, у 1-й пал. 5 ст.н.э. — у каралеўства свеваў. У 2-й пал. 5 ст. свеваў выцеснілі вестготы. У 713—718 тэр. П. заваявалі арабы і берберы (маўры). Горныя землі на Пн ад р. Дору сталі ачагом Рэканкісты, да сярэдзіны 11 ст. яны ўвайшлі ў каралеўства Леон. У 1095 кароль Леона Альфонс VI (у 1094 яго войска разбілі каля Лісабона Альмаравіды) стварыў на Пн П. асобнае графства і аддаў яго ў леннае ўладанне свайму зяцю Генрыху Бургундскаму, які стаў тытулавацца графам Партугальскім (па назве рэзідэнцыі Портус-Кале, цяпер г. Порту). Сын Генрыха Альфонс I Энрыкіш у 1139 абвясціў сябе каралём (Альфонс I). У 1143 незалежнасць каралеўства П. (тагачасная сталіца — г. Каімбра) прызнаў Леон. У 1147 у арабаў адваяваны Лісабон, у 1249—50 з авалоданнем тэр. Алгарві ў П. завяршылася Рэканкіста. У час яе сфарміраваліся партуг. народнасць і элементы партуг. культуры, узмацнілася роля духавенства і духоўна-рыцарскіх ордэнаў. У 13 ст. ў П. ўстанавілася саслоўная манархія (гл.Картэсы), актывізаваўся рост гарадоў. Пасля смерці апошняга з Бургундскай дынастыі Фернанду I (1383) картэсы выбралі каралём П. вял. магістра Авіскага ордэна Жуана (Жуан 1), які адстаяў незалежнасць краіны. У 15—16 ст. у П. ўсталявалася абс. манархія, узмацнілася знешняя экспансія (пачалася з захопу ў 1415 афр. крэпасці Сеута і экспедыцый, арганізаваных Генрыхам Мараплаўцам). Да канца 15 ст. П. каланізавала зах. ўзбярэжжа Афрыкі (Гвінея, Ангола), а-вы Мадэйра, Зялёнага Мыса, Сан-Таме і Прынсіпі, Азорскія, пасля адкрыцця Васка да Гамай марскога шляху ў Індыю (1498) — усх. Афрыку (Мазамбік), Індыю (Гоа і Дыу), Паўд.-Усх. Азію (Макао і інш.), а пасля экспедыцыі П.А.Кабрала — Бразілію (з 1500). Эксплуатацыя багаццяў калоній спрыяла ўзнікненню ў П. мануфактурнай вытв-сці (канец 15—1-я пал. 16 ст.), але з-за марнатраўства сродкаў на прадметы раскошы з 2-й пал. 16 ст. назіраўся эканам. заняпад П. Пасля гібелі караля Себасцьяна I [1557—78] і спынення Авіскай дынастыіпартуг. прастол заняў ісп. кароль Філіп II. У перыяд панавання ў краіне іспанцаў (1581—1640) П. была прыдаткам ісп. імперыі, удзельнічала ў войнах Іспаніі з Англіяй, Галандыяй. У выніку антыісп. паўстання 1640 вярнула незалежнасць (прызнана Іспаніяй у 1668), стала правіць дынастыя Браганса. У пач. 18 ст. П. ўдзельнічала ў вайне за іспанскую спадчыну, у сувязі з чым краіна трапіла ў паліт. і эканам. залежнасць ад Англіі (Лісабонскі дагавор 1703 і Метуэнскі дагавор 1703). У 2-й пал. 18 ст. праведзены рэформы маркіза Памбала, але большасць іх адменена пры Марыі I [1777—1816], У перыяд напалеонаўскіх войнаў П. акупіравалі франц. (1807), потым англ. войскі (да 1811); каралеўскі двор эмігрыраваў у Бразілію. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1820—23 краіна вызвалена ад англічан, ад яе адасобілася Бразілія (1822, незалежнасць прызнана П. у 1825), кароль вярнуўся ў Лісабон, прынята ліберальная канстытуцыя. Пасля рэвалюцыі адбыліся грамадз.Мігелісцкія войны 1823—34, у 1842—46 існавала ваен. дыктатура А.Б.Кабрала. У 1853 пракладзена першая чыгунка. У канцы 19 ст.сац.-эканам. цяжкасці абумовілі значную эміграцыю з краіны. Актывізацыя руху за ўстанаўленне рэсп. ладу (з 1870-х г.) прывяла да Партугальскай рэвалюцыі 1910 і падзення манархіі; першым прэзідэнтам рэспублікі быў Т.Брага. З 1916 П. ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне на баку Антанты. Ва ўмовах эканам. нестабільнасці (паміж 1910 і 1926 змяніліся 8 прэзідэнтаў і 44 урады) уладу захапілі ваенныя (путч 28.5.1926), якія адмянілі канстытуцыю 1911 і распусцілі парламент; з ліп. 1926 краінай кіраваў ген. А.О. дэ Фрагоза Кармона (прэзідэнт у 1928—51). У 1932 прэм’ер-міністрам з дыктатарскімі паўнамоцтвамі стаў А.Салазар. Паводле канстытуцыі 1933 у-П. ўстаноўлена карпаратыўна-аўтарытарная дзяржава (у гіст. і паліталагічнай л-ры разглядаецца як мяккі, або іберыйскі, варыянт фашызму), забаронены ўсе партыі, акрамя ўрадавага Нац. саюза (засн. ў 1930, з 1970 Нац.нар. дзеянне).
У 2-ю сусв. вайну П. абвясціла нейтралітэт, але пастаўляла стратэг. сыравіну Германіі, у канцы вайны пераарыентавалася на ЗША. Пасля вайны далучылася да Маршала плана (1948), НАТО. У 1951 партуг. калоніі абвешчаны заморскімі правінцыямі; уздым з пач. 1960-х г.нац.-вызв. руху ў афр. калоніях П. намагалася спыніць калан. войнамі. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1974 скінуты постдыктатарскі ўрад М.Каэтану (з 1968), спынены калан. войны, П. прызнала незалежнасць Гвінеі-Бісау, Мазамбіка, а-воў Зялёнага Мыса (Каба-Вердэ), Сан-Таме і Прынсіпі, Анголы. Канстытуцыя 1976 (са зменамі) заклала асновы сучаснага грамадска-паліт. ладу. У 1976—78, 1983—85 прэм’ер-міністрам, у 1986—96 прэзідэнтам дзяржавы быў М.Саарыш. З 1996 прэзідэнт П. — Ж.Сампаю.
П. — чл.НАТО (з 1949), ААН (з 1955), Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1968), Савета Еўропы (з 1976), Зах.-еўрап. саюза (з 1988), Еўрап. саюза (з 1993, з 1985 была чл.Еўрап. супольнасці). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 26.1.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Сацыяліст. партыя (кіруючая), С.-д. партыя, Нар. партыя, Камуніст. партыя П. і інш.Прафс. аб’яднанні — Усеагульная канфедэрацыя партуг. працоўных — Нац. інтэрсіндыкал, Усеагульны саюз працоўных.
Гаспадарка. П. — індустр.-агр. краіна. Пасля рэвалюцыі 1974 павялічыўся дзярж. сектар, у шэрагу раёнаў праведзена агр. рэформа. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 144,8 млрд.дол., па 14,6 тыс.дол. на чалавека. У прам-сці ствараецца 36% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 4%, у абслуговых галінах — 60%. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена здабычай вальфрамавых (8-е месца ў свеце, штогадовая здабыча каля 2 тыс.т аксіду вальфраму), медных, алавяных, уранавых і жал. руд. Асн. раёны здабычы на Пн, медных руд — на Пд. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва (55%) і гідраэнергіі (45%). У 1997 атрымана 31,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Буйнейшыя ЦЭС каля Лісабона і Порту, ГЭС на рэках Дору і Тэжу. Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне. Вылучаюцца суднабудаванне і суднарамонт (у раёне Лісабона), аўтазборка (на базе імпартных вузлоў і дэталяў), эл.тэхн. прам-сць, вытв-сць некаторых тыпаў станкоў (у значнай ступені на экспарт), швейных машын, веласіпедаў, дызельных рухавікоў, а таксама традыц. металавырабаў (нажы, царк. званы і інш.). Развіваецца хім., нафтаперапр., нафтахім. прам-сць, выпуск мінер. угнаенняў, хім.-фармацэўтычных тавараў, сернай кіслаты. Развіты тэкст. (баваўняная — гарады Порту, Брага, шарсцяная — гарады Гуарда і Кавільян), швейная, гарбарна-абутковая, харч. (вытв-сць віна, рыбных кансерваў, аліўкавага алею) прам-сць. Па зборы коркавай кары і вывазе корку (каля 120 тыс.т штогод) П. займае 1-е месца ў свеце. Штогадовая вытв-сцьасн. відаў прамысл. прадукцыі (сярэдзіна 1990-х г.): чыгуну — 0,4 млн.т, хім. валокнаў і нітак — 90 тыс.т, вываз драўніны — 9,8 млн.м³, паперы і кардону — 0,9 млн.т, цэменту — 7,8 млн.т, баваўняных тканін — 190 млн.м², цукру — 0,4 млн.т, алею — 360 тыс.т. Каля 70% прамысл. патэнцыялу сканцэнтравана ў гарадах на ўзбярэжжы. У сельскай гаспадарцы найб. развіта раслінаводства. Выкарыстоўваецца каля 4,6 млн.га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 2,3 млн.га, пад садамі (у т. л. пад цытрусавымі), аліўкавымі насаджэннямі і вінаграднікамі каля 1 млн.га, пад пашай і лугамі каля 0,8 млн.га. Арашаецца 630 тыс.га (1997). Асн.таварныя галіны — вінаградарства, пладаводства і вырошчванне аліўкавых дрэў. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу (штогадовы збор каля 600 тыс.т), пшаніцу (каля 400 тыс.т), жыта, рыс, бульбу, гародніну (найб. памідоры і цыбулю). Вінаградарства пашырана ўсюды. Асн. раёны аліўкавых плантацый на Пд ад р. Тэжу. На Мадэйры і Азорскіх а-вах трапічнае садоўніцтва (ананасы, бананы). Пасевы кукурузы на Пн, пшаніцы ў сярэдняй ч. і на Пд. У жывёлагадоўлі (1997) найб. значэнне мае гадоўля буйн. раг. жывёлы — 1,3 млн. галоў; свіней 2,4 млн. галоў, авечак 6,3 млн. галоў, коз 0,8 млн. галоў. Птушкагадоўля (27 млн. курэй, 1997). У 1997 вылаўлена 221,9 тыс.т рыбы (пераважна сардзіны, траска, тунец). Развітой галіной гаспадаркі з’яўляецца турыстычная справа. Штогод П. наведваюць больш за 10 млн. замежных турыстаў, якія пакідаюць у краіне 4—5 млрд.дол. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны, унутр. водны. У 1996 у П. было 68,7 тыс.км аўтадарог, у т. л. 59,1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 3,1 тыс.км чыгункі, 0,8 тыс.км унутр, водных шляхоў, 0,7 тыс.км магістральных газаправодаў. У знешніх і ўнутр. перавозках значная роля марскога флоту (у 1998 налічваў 132 караблі агульнай грузападымальнасцю 894,6 тыс.т). Гал. парты: Лісабон, Порту, Сетубал, Фуншал (на в-ве Мадэйра), Понта-Дэлгада (Азорскія а-вы). У краіне 40 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Лісабона, Порту, на а-вах Мадэйра і Азорскіх. У 1998 экспарт склаў 25 млрд.дол., імпарт — 34,9 млрд.дол. У экспарце пераважаюць адзенне і абутак, прадукцыя машынабудавання, хімікаты, корак, драўніна, скуры, віно, рыбапрадукты, фрукты; у імпарце — машыны і трансп. сродкі, нафта, харч. прадукты. Гал.гандл. партнёры: Іспанія (15% экспарту, 24% імпарту), Германія (адпаведна 20% і 15%), Францыя (14% і 11%), Вялікабрытанія (12% і 7%). Дэфіцыт знешнегандл. балансу пакрываецца даходамі ад турызму, партуг. інвестыцый за мяжой, грашовымі пераводамі эмігрантаў. П. атрымлівае дапамогу ад краін Еўрап. Супольнасці. Грашовая адзінка — партуг. эскуда.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (59 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (больш за 40 тыс.чал.), у т. л. каля 21 тыс.чал. у рэспубліканскай нац. гвардыі (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 32 тыс.чал., 186 танкаў, 356 бронетранспарцёраў, 284 гарматы, 160 мінамётаў і інш. У ВПС 7,7 тыс.чал., 96 баявых самалётаў. У ВМС 14,8 тыс.чал., у т. л. 1,7 тыс. ў марской пяхоце, 3 падводныя лодкі, 10 фрэгатаў, 39 катэраў, 5 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Медыцынская дапамога аказваецца ва ўстановах сац. страхавання, бясплатная — у дзярж. бальніцах. Існуе прыватная ўрачэбная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72,3, жанчын 79,3 года (1999). Узровень нараджальнасці 11 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,04%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 253 чал., урачамі — 1 на 332 чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1300 перыяд. выданняў. Найб. значныя газеты: «Diário do República» («Газета Рэспублікі», з 1820), «Diário de Noticias» («Газета навін», з 1864), «Diário Popular» («Народная газета», з 1942), «A Capital» («Сталіца», з 1968), «O Dia» («Дзень», з 1975), «Público» («Грамадскасць», з 1990). Інфарм. агенцтва — Ажэнсія Луза ды Інфармасан (Луза, з 1987, створана ў выніку аб’яднання Натысіяш ды Партугал, з 1982, і Ажэнсія Натысіёза Афісіял Партугеза, з 1975). Радыёвяшчанне і тэлебачанне з 1974; іх дзейнасць кантралююць дзярж. радыёвяшчальная кампанія Радыёдыфусау Парту еза (РДП) і акц. тэлекампанія Тэлевісау Партугеза (ТП, абедзве з 1975). Трансліруюцца 4 каналы (2 дзярж. і 2 прыватныя). Перадачы вядуцца на партуг., англ., ісп., італьян., ням., франц. і інш. мовах.
Літаратура. Узнікла ў працэсе фарміравання партугальскай мовы, утварэння ў 12—13 ст.самаст. дзяржавы, барацьбы супраць араб. заваёўнікаў. Гэтыя падзеі адлюстраваны ў гераічных паэмах, што выконваліся нар. песнярамі-«жаграйш». Першыя літ. тэксты на партуг. мове — «кансьёнейру» — зб-кі рыцарскіх «песень пра каханне», «песень пра сябра», «песень кпінаў і ганьбавання» (13—14 ст.); сярод іх аўтараў рыцары Ж.Гарсія ды Гальяды, П.Гарсія ды Бургуш, клірыкі М.Моша, А.Нуніш, каралі П.Саншу I, Дыніш 1 і інш. Былі пашыраны перапрацоўкі вядомых у еўрап. л-ры жыцій святых, франц. рыцарскіх раманаў. З канца 13 ст. развівалася нар. фарсавая і літургічная драма, прыдворныя спектаклі масак («момуш»). Першы самабытны рыцарскі раман «Амадыс Гальскі» (14 ст.). У 1-й пал. 15 ст. Ф.Лопіш стварыў дакумент.-маст. хроніку пра ўладаранне першых 10 каралёў П., Г. ды Рэзенды ўклаў анталогію сярэдневяковай і перадрэнесансавай паэзіі «Усеагульны кансьёнейру» (1516). У канцы 15 ст. ўзнікла новая рэнесансавая культура, яе прадстаўнікі — заснавальнік нац. драмы і т-ра Ж.Вісентэ, а таксама Ж.Ферэйра ды Вашканселуш (камедыя «Еўфразіна»), А.Ферэйра (камедыі «Брышту», «Раўнівец»), Ф. ды Са ды Міранда (лірыка, камедыі «Іншаземцы», «Фанфароны»). Развівалася творчасць паэтаў-«петраркістаў» П. ды Андрады Каміньі і Д.Бернардыша, з’явіліся пастаральныя раманы і эклогі Ж. ды Мантэмура, Б.Рыбейру, рыцарскі раман Ф. ды Марайша, хронікі падарожжаў і заваяванняў Ж. ды Баруша, Г.Карэі, Ф.Л. ды Каштаньеды, Д. ды Гойша, Ф.Мендыша Пінту. Вяршыня партуг. Адраджэння — творчасць Л. ды Камоэнса. Л-ра барока адзначана ўзмацненнем ісп. уплываў (героіка-эпічная паэзія Ф.Радрыгіша Лобу, драмы і сатыры Ф.М. ды Мелу, камедыі С.Машаду, А.Ж. да Сілвы). Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася ўплывам франц. асветніцкага класіцызму. Тэорыю партуг. класіцызму распрацоўваў Ф.Ж.Фрэйры. Класіцыстычныя традыцыі прадоўжылі паэт П.А.Карэя Гарсан, драматургі М. ды Фігейрэду і Д. душ Рэйш Кіта, асветніцкія і перадрамант. ідэі пераважалі ў творчасці Н.Талентыну, М.М. ду Бакажы, Ф.М. ду Насіменту. Нар.-вызв. войны 1808—13 і рэвалюцыя 1820 спрыялі росту нац. свядомасці і пашырэнню рамантызму ў л-ры (творчасць Ж.Б.Алмейда-Гарэта, лірыка, драм. творы і гіст. раманы А.Эркулану, прыродаапісальная лірыка А.Ф. ды Каштылью, гіст.-сац. драмы Ф.Гоміша ды Амарына, «раманы страсці» і навелы К.Каштэлу Бранку, ідылічныя раманы пра вясковае жыццё Ж.Дыніша). За рэаліст. метад выступілі пісьменнікі т.зв. каімбрскай школы (А.Т. ды Кентал, Ж.М.Эса ды Кейруш, С.Верды, А.М. ды Гера Жункейру). Раманы Ф.Тэйшэйры ды Кейруша і А.Батэлью пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму. У пач. 20 ст. ўзнікла сімвалісцкая школа (паэты А.Нобры, Э. ды Каштру, Р.Г.Брандан). Неарамант. тэндэнцыі, адраджэнне гарэтаўскай традыцыі ў л-ры прапаведавалі паэт А.Л.Віейра, драматург Ж.Данташ. Пасля рэвалюцыі 1910 пашырыліся разнастайныя дэкадэнцкія (паэты М. ды Са-Карнейру, Ф.А.Песоа, А.Сардынья, драматургі Ж. ды Алмейда Негрэйруш, А.Патрысью) і экзістэнцыялісцкія (вершы Г. ды Фарыі, Ж. ды Бружыша, А. ды Созы, Ж. ды Каштру Азор’ю, п’есы Б. да Фансекі, Б.Сантарэну) плыні. З сярэдзіны 20 ст. развіваецца рэаліст. проза — раманы А.Рыбейру («Калі выюць ваўкі»), А.А.Рэдола («Лодка з сямю стырнамі», «Яр сляпых»), Ф. да Розы («Люстэрка жыцця»), Ф.Наморы Гансалвіша («Ноч і світанак», «У нядзелю вечарам»), п’есы А.Каргэша («Лалаш»), Л.Ф.Рэбелу («Назаўтра»). У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. прыкметная з’ява — неканвенцыяльная проза Ж.Сарамагу. Неарэаліст. традыцыі развіваюцца ў раманах Ж.Кардозу Пірыша («Дафін»), У.Таварыша Радрыгіша («Распад»), А.Лобу Антуніша («Памяць слана», «Аўтамабіль праклятых»). Уплывы экзістэнцыялізму ў паэзіі Э. ды Андрады, прозе В.Ферэйры (раман «З’яўленне», дакумент.зб. «Бягучыя справаздачы»), фемінісцкія матывы ў прозе Л.Жоржы, І.Лозы, мадэрнісцкія тэндэнцыі ў творчасці М.Торгі (15-томны «Дзённік» у вершах і прозе), паэзіі Э.Гансалвіша, А.Азор’ю, Э.Элдэра, А.Ф.Алешандры, прозе Ж.Р.Дырэйтынью, драматургіі А.М. ды Созы Арагана. На бел. мову перакладзены асобныя творы Камоэнса, Эсы ды Кейруша, Песоа, Л.Жасінту. Сярод перакладчыкаў: Л.Баршчэўскі, Я.Лапатка, А.Марціновіч, С.Мурашка.
Архітэктура. У П. захаваліся дальмены часоў неаліту (Аліжа, Павія), рэшткі ўмацаваных паселішчаў лузітан (1-е тыс. да н.э.), руіны рым. збудаванняў (2 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.), масіўныя мураваныя храмы вестготаў (7 ст.). Да 12 ст. паселішчы выраслі ў гарады з нерэгулярнай планіроўкай. У 11—12 ст. у Каімбры, Лісабоне ставілі замкі і саборы крапаснога тыпу, касцёлы і кляштары ў раманскім стылі. У стылі готыкі створаны комплексы кляштараў 12—14 ст. (у Алкабасе, Батальі). У канцы 15 — пач. 16 ст. расквітнеў самабытны стыль «мануэліна», які сінтэзаваў у арх. формах познагатычныя рысы з экзотыкай маўрытанскага стылю (кляштар св. Хрыста ў Тамары, 1508—31, арх. Д. ды Аруда; вежа-маяк Торы ды Белен у Лісабоне, 1515—20). У канцы 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. дойлідства П. было ў заняпадзе. З канца 17 ст. аднаўлялася горадабудаўніцтва, развіваліся рэгулярныя планіровачныя сістэмы (забудова Лісабона пасля землетрасення 1755). Рэпрэзентацыйны характар набыла палацава-культавая архітэктура 18 ст. (палац-кляштар Мафра каля Лісабона, 1717—35, арх. Ф.Лудавісі). У аздабленні будынкаў выкарыстоўвалі маёлікавыя пліткі (азулежу), якія часам суцэльным дываном пакрывалі фасады, арнаментальныя і сюжэтныя пано з іх упрыгожвалі інтэр’еры. У пабудовах 19 ст. дамінаваў класіцызм (палац Ажуда ў Лісабоне, з 1802, арх. Ф.К.Фабры). У 1-й пал. 20 ст. панавалі эклектычныя стылі. У 2-й пал. 20 ст. пашырана сучасная архітэктура. Праведзена рэканструкцыя многіх раёнаў Лісабона, г. Порту, пабудаваны тыпавыя жылыя дамы з лоджыямі і сонцаахоўнымі прыстасаваннямі. У буд-ве выкарыстоўваюцца новыя буд. канструкцыі і смелыя прасторавыя вырашэнні (арх. Ф.К. ду Амарал, А.Ж.Песоа і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі палеаліту захаваліся наскальныя размалёўкі (у Сант’ягу-ду-Эшкарал), ад эпохі неаліту — кераміка, антрапаморфныя фігуркі з пласцінак шыферу, бронз. зброя. З 1-га тыс. да н.э. развівалася культура плямён лузітан, у 3 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. — Стараж. Рыма, у 7 ст. — вестготаў, з 8 ст. — арабаў і бербераў. У раманскі перыяд (10—12 ст.) з’явіўся каменны дэкор арх. пабудоў, які вызначаўся сакавітай пластычнасцю форм, спалучэннем незвычайных натуралістычных дэталей (выявы карабельных канатах, ракавін, каралаў і інш.) з гатычнымі, маўрытанскімі, часам інд. матывамі. Скульпт. дэкор раманскіх храмаў паводле тэхнікі выканання блізкі да разьбы па дрэве. 13—15 ст. — росквіт гатычнай пластыкі (найб. цэнтр — Каімбра). Высокім маст. узроўнем вызначаецца надмагілле караля Жуана I у Батальі (1433, скульпт. Ж.Афонсу). У 15—16 ст. на жывапіс П. ўплывалі франц. рэнесанс (Ф.Удартэ, Н.Шантэрэн і інш.) і нідэрл. мастацтва (алтар святога Вінцэнта, 15 ст., мастак Н.Гансалвіш; творы В.Фернандыша, Г.Ваша, Г.Лопеша і інш.). Яркай самабытнасцю вылучаецца дэкар.-прыкладное мастацтва 16—17 ст., у якім спалучаліся еўрап. і ўсх. традыцыі (мэбля, дываны, тканіны, кераміка лузітана-ўсх. і інда-партуг. стыляў, маёлікавыя пліткі азулежу і інш.). У 17—18 ст. склаліся асновы нац. барока: манум. драўляная і каменная скульптура, тэракотавыя алтарныя статуэткі «прэзепіу» (Ж.Машаду ды Каштру, А.Ферэйра), партрэтны жывапіс (Д.Віейра Эшкуру, Ф.Віейра Лузітану) і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. развіваліся класіцызм (Ф.Віейра Партуэнсі) і рамантызм (гіст. кампазіцыі Д.А.Сікейра). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. перажываў рэаліст. кірунак: скульптура А.Саарыж душ Рэйша, А.Тэйшэйры Лопеша, Ф.Франку, пейзажы і жанравыя кампазіцыі А.К. да Сілва Порту і Ж.М. да Сілва Алівейры, партрэты М.А.Лупі і інш. У 1833 створана маст. групоўка «Льва» (кіраўнік К.Бардалу Піньейру, мастакі М.Агушту, Э.Малта, А.Манта, Э.Медына, К.Фернандыш і інш.), якая сцвярджала нац. самабытнасць у мастацтве і паўплывала на развіццё мастацтва П. 1-й пал. 20 ст. З парыжскай школай звязаны жывапіс кубіста А.Созы Кардозу і абстракцыяністкі М.Э.Віейры да Сільва. З сярэдзіны 20 ст. пашырыўся неарэалізм, у якім пераважала тэматыка нац. гісторыі і нар. жыцця (Ж.Памар і інш.). Сярод мастакоў жывапісцы Ф. ды Азеведу, Р.Рыбейру, графікі М.Жыл, А.Куньял, скульптары Л. ды Алмейда і інш. Развіваюцца традыц. віды нар. творчасці: маёлікавыя вырабы, карункапляценне, ткацтва, разьба па дрэве («прэзепіу», мэбля і інш.).
Музыка П. развівалася ва ўзаемадзеянні з іспанскай. У муз. фальклоры пераважаюць песенныя і песенна-танц. формы. Найб.стараж. песні прац. і каляндарныя, у т. л. калядныя (вільянсікуш), навагоднія (жанейраш), вясновыя (маяш), а таксама звязаныя з царк. святамі (рамарыяш). Сярод нар.муз. інструментаў: стр.-шчыпковыя віуэла (пазней віёла і віялан), кавакінью, духавы гайта (валынка), ударныя забумба (вял. барабан), тамбур (меншы барабан), адуфе (квадратны бубен з 2 мембранамі). У вёсках пашыраны інстр. ансамблі. Прафес. музыка развіваецца з 12 ст. У 12—13 ст. расквітнела мастацтва трубадураў. У 13—14 ст. былі пашыраны свецкія рамансы, песні вілансіка разнастайнага зместу, сольныя лірычныя песні фаду, танцы рода, віла, вілан, пазней шакота (чакона) і фолія. З 15 ст. развіваецца муз.т-р, адзін са стваральнікаў якога Ж.Вісентэ. У інстр. музыцы складваліся варыяцыйныя і поліфанічныя формы. Вядомы кампазітары-віуэлісты Дон Педра (герцаг Каімбрскі), Ант. і Аф. да Сілва, П.Ваш, віуэліст-віртуоз П. да Пена. Буйнейшыя поліфаністы 15—16 ст.: Т. да Сілва, Ж. ды Менезіш, М.Машаду ды Азеведу, Э. ды Павія. У 2-й пал. 16—17 ст. дасягнула росквіту хар. поліфанія (М.Мендыш, Д.Лобу, М.Кардозу, Ф. ды Магальяйніш). Інстр. музыку пісалі М.Каэлью да Кошта, арганіст Ф.Карэа ды Араўжу, А. да Круш (аўтар аднаго з першых падручнікаў па ігры на скрыпцы, 1639). У канцы 17—19 ст. панавала італьян. опера. У 1793 адкрыты каралеўскі т-р «Сан-Карлуш» у Лісабоне. Сярод оперных кампазітараў 18 ст. Ф.А. д’Алмейда (першая нац. опера «Цярпенне Сакрата», 1733), Ж. ды Соза Карвалью, Д.Перэс, МА.Партугал да Фансека. Інстр. і культавую хар. музыку пісалі д’Алмейда, ды Соза Карвалью, Ж.А.К.Сейшас. У пач. 19 ст. паявіліся нац.сімф. і камерна-інстр. творы Ж.Д.Бантэмпу (заснавальнік філарманічнага т-ва, 1822 і Каралеўскай кансерваторыі, 1835). У 2-й пал. 19 ст. створаны муз. т-вы і канцэртныя арг-цыі: «Публічныя канцэрты» (1860), Т-ва класічных канцэртаў (1874), Каралеўская акадэмія аматараў музыкі (1884) у Лісабоне, філармонія (1852), т-вы камернай музыкі (1883) і сімф. канцэртаў, хор «Арфеон» (1881) у Порту. У 1-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Ж.Віяна да Мота (заснавальнік сучаснай кампазітарскай школы), 0. да Сілва, Л.М.Фрэйташ Бранку, К.Карнейру, у нац. стылі працавалі І.Круш і Ф.Лопіш Граса, у 2-й пал. 20 ст. — Э.Брага Сантуш, А.Касату, прадстаўнікі авангардызму Ф.Пірыш, Ж.Пешынью. Сярод выканаўцаў спявак Ф. д’Андрады, піяністы Л.Мендыш, Ж.Секейра Кошта, А.Марэа, С.Кастнер, скрыпач А.Бетэнкур. У П. працуюць: аркестры Нац. радыёвяшчання, Філарманічны і Нац. Савета, Нац. кансерваторыя, Т-вапартуг. аўтараў, Асацыяцыя кампазітараў, Т-вахар. музыкі, Т-ва прыгожых мастацтваў, «Музычная моладзь Партугаліі» ў Лісабоне, аркестр радыё і Муніцыпальная кансерваторыя ў Порту, Муз. акадэмія ў Каімбры і інш.
Тэатр. З 12 ст. вядомы літургічная драма і тэатралізаваныя прадстаўленні імправізацыйнага характару, якія разыгрываліся жанглёрамі. У канцы 15 ст. станаўленне культуры эпохі Адраджэння садзейнічала развіццю т-ра і драматургіі. Родапачынальнік нац.т-ра — драматург, акцёр і кампазітар Ж.Вісентэ (16 ст.). У канцы 16 ст. ў Лісабоне з’явіліся публічныя т-ры, але пад уздзеяннем царк. цэнзуры і інквізіцыі тэатр. жыццё П. заняпала. У пач. 18 ст. адкрыўся т-р «Байру-Алту», дзе выступалі прафес.парт. трупы. Уздым тэатр. мастацтва звязаны са сцвярджэннем у 1-й чвэрці 19 ст.рамант. кірунку. Па ініцыятыве драматурга Ж.Б.Алмейды-Гарэта ў Лісабоне створаны Кансерваторыя драм. мастацтва і Нац.т-р каралевы Марыі II (1846, дзейнічае), які стаў адным з цэнтраў сцэн. культуры. Заснаваны т-ры «Донья Амелія» (1894), «Свабодны тэатр» (1904). Сярод акцёраў 19 ст.: А.Абраншыс, Э.Бразан, Э. даж Невіш, бр. Ж. і А.Роза, А.Ферэйра да Сілва, Ф.Таборда. У 20 ст. ў т-ры П. пераважалі мадэрнісцкія кірункі і пастаноўкі на грамадска-значныя тэмы. Ставіліся п’есы драматургаў Ж. ды Алмейды Негрэйруша, Р.Карэі, Л.С.Мантэйру, Л.Ф.Рэбелу, А.А.Рэдола, Б.Сантарэну, К.Ферэйры і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: П.Баштуш, Э.Брага, А. да Кунья, Р.Мантэйру, М.Матуш, Р.Паўлу, А.Рэй-Каласу, Л.Сімоінш і інш. У Лісабоне дзейнічаюць Нац.нар.т-р (з 1957), «Маст.т-р Лісабона» (1955—56 і з 1960), прафес.тэатр. трупы працуюць таксама ў Порту і Каімбры.
Кіно. З 1896 здымаліся асобныя стужкі. Кінавытв-сць набыла рэгулярны характар пасля стварэння фірмы «Партугалія-фільм» (1909). Першы маст. фільм — «Мёртвая каралева» (1910, рэж. Х.Коста). Лепшы нац. фільм нямога кіно — экранізацыя камедыі Ф.Лаге і Ж.Карэі Алівейры «Ваўкі» (1923, рэж. Р.Лупу). У 1930-я г. зняты фільмы «Марыя з мора» (1930), першы гукавы фільм «Суровая» (1931, рэж. абодвух Л. ды Баруш), дакумент. «Дуэра, цяжкая праца на рацэ» (1931, рэж. М. ды Алівейра). У перыяд фаш. дыктатуры здымаліся гал. чынам камерцыйныя стужкі. Спробы ўнесці змены ў кінематограф пачаты суполкай «Новае партуг. кіно» (П.Роша, А.Рамуш, Ф.Лопіш, А. да Кунья Тэліш, ды Алівейра і інш.). Сярод фільмаў: «Веснавая казка» (1962, дакумент.) і «Паляванне» (1964, рэж. абодвух ды Алівейра), «Беларміна» (1964, рэж. Лопіш), «Змяніць жыццё» (1966, рэж. Роша), «Круг» (1969, рэж. да Кунья Тэліш). У 1970 маладыя кінематаграфісты аб’ядналіся ў вытв. кааператыў «Партуг. кінацэнтр». З 1971 развіваецца незалежная кінавытв-сць; пастаўлены фільмы «Пчала на дажджы» (1971, рэж. Лопіш), «Прысяга» (рэж. А. ды Маседу), «Нелюбімы» (рэж. М.Сілва, абодва 1972), «Мае сябры» (1973, рэж. да Кунья Тэліш). Сярод фільмаў 1970—80-х г. «Бог, радзіма, улада» (рэж. Р.Сімоіш), «Дэманы Алкасер-Кібіра» рэж. Ж.Фансека-і-Кошта), «Канфедэрацыя» (рэж. Л.Галван Тэліш), «Святы саюз» (рэж. Э.Жэада), «Франсіска» (рэж. ды Алівейра), «Месца смерці» (рэж. А.П.Вашканселуш).
Літ.:
Варьяш О.И., Черных А.П. Португалия: дороги истории. М., 1990;
Капланов Р.М. Португалия после второй мировой войны, 1945—1974. М., 1992;
Каптерева Т.П. Искусство Португалии. М., 1990.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Дз.М.Чаркасаў (гісторыя да 20 ст.), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.М.Малей (друк, радыё, тэлебачанне), Л.П.Баршчэўскі (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Партугаліі.Узбярэжжа на поўдні Партугаліі.Горны ланцуг Сера-ды-Маран на поўначы Партугаліі.Да арт.Партугалія. Раўніна Алентэжу.Да арт.Партугалія. Салдаты і жыхары на барыкадах Лісабона ў час Партугальскай рэвалюцыі 1910.Да арт.Партугалія. Высадка экспедыцыі партугальскага мараплаўца П.А.Кабрала на ўзбярэжжы Бразіліі каля сучаснага г. Порту-Сегуру 22.4.1500. Сярэдневяковая гравюра.Да арт.Партугалія. Галоўны порт Азорскіх астравоў — г. Понта-Дэлгада.Да арт.Партугалія. Кляштар святога Хрыста ў г. Тамар. 1508—31.Да арт.Партугалія. Н.Гансалвіш. Сям’я герцагаў Браганса. Дэталь алтара св. Вінцэнта. 15 ст.