МЯШКО́ (дзявочае Вараб’ёва) Ніна Канстанцінаўна

(н. 31.5.1917, в. Мадахава Цвярской вобл., Расія),

расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1945). Кіравала самадз. нар. харамі. З 1956 хормайстар Хору рус. песні Усесаюзнага радыё, з 1960 маст. кіраўнік акад. Паўн. рус. нар. хору (Архангельск). У 1945—58 выкладала ў Маскоўскім гар. муз.-пед. вучылішчы, з 1969 у Рас. акадэміі музыкі імя Гнесіных (з 1982 праф.). Паставіла шэраг манум. хар. кампазіцый, у т.л. «Паўночнае ігрышча», «Паморская сюіта», «Пячорскія бяседы». Аўтар хар. твораў і апрацовак нар. песень для хору, артыкулаў па пытаннях хар. мастацтва. Дзярж. прэмія Расіі імя М.І.Глінкі 1968.

т. 11, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІН (Руслан Яўгенавіч) (н. 16.5.1974, г. Львоў, Украіна),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1991, педагог А.Калядэнка). З 1992 саліст Нац. акад. т-ра балета Рэспублікі Беларусь. Яго творчасці ўласцівы тэхнічнасць, схільнасць да выразнай выяўл. пластыкі. Сярод партый: Князь Уладзімір («Страсці» А.Мдывані), Зігфрыд і Ротбарт, Прынц і Драсельмеер («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Конрад і Ланкедэм («Карсар» А.Адана), Актэон («Эсмеральда» Ц.Пуні), Юнак («Балеро» М.Равеля), Кашчэй, Юнак («Жар-птушка», «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Спартак і Крас («Спартак» А.Хачатурана), Абдэрахман («Раймонда» А.Глазунова), Тэрэніо («Ундзіна» Г.Генцэ), Хазэ і Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Д’ябал («Стварэнне свету» А.Пятрова).

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСАН ((Larsson) Ларс Эрык Вільнер) (н. 15.5.1908, Окарп, Швецыя),

шведскі кампазітар, педагог; адзін з прадстаўнікоў швед. муз. неакласіцызму. Чл. Каралеўскай муз. акадэміі (1943). Вучыўся ў Стакгольмскай кансерваторыі (1925—29). У 1947—59 праф. Вышэйшай муз. школы ў Стакгольме. Сярод твораў: опера «Царыца Кіпрская» (паст. 1937), балет «Ліпы» (паст. 1958); 3 сімфоніі (1928—45), 3 канцэртныя уверцюры, «Пастаральная сюіта» і інш. для аркестра; сімфаньеты для стр. аркестра (1932), 12 канцэрціна для саліруючых інструментаў і стр. аркестра (1953—57), канцэртаў для скрыпкі (1952), віяланчэлі (1947), саксафона (1934) з аркестрам; камерна-інстр. ансамблі, у т.л. 2 стр. квартэты; хары, рамансы, песні; музыка да кінафільмаў.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЕ́РУ ((Vieru) Анатал) (н. 8.6.1926, г. Ясы, Румынія),

румынскі кампазітар. Д-р музыказнаўства (1978). Вучыўся ў Бухарэсцкай (1946—51) і Маскоўскай (1951—54, клас А.Хачатурана) кансерваторыях. Адзін з вядучых рум. кампазітараў. Сярод твораў: оперы «Іона» (1976), «Свята жабракоў» (1978), 3 камічныя мікраоперы паводле твораў І.Л.Караджале (1983); араторыя «Міярыца» (1957), паэма-кантата «Дрозд Іліе Пінтыліе» (1948), кантата для барытона, аргана, віяланчэлі і кантрабаса «Опус 91» (1983); 5 сімфоній (1967—85); п’есы «Клепсідра-I» і «Клепсідра-II» (1968, 1970) для аркестра, канцэрты для аркестра (1955), для розных інструментаў з аркестрам (1963—85), камерна-інстр. ансамблі, сюіта для 2 хароў а капэла «Начныя сцэны» (1963) і інш. Дзярж. прэмія Румыніі 1949.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКАЛІ́З (франц. vocalise ад лац. vocalis галосны гук; гучны, пявучы),

1) практыкаванне для развіцця вакальнай тэхнікі, якое выконваецца на галосным гуку.

2) Канцэртны твор, найчасцей для сапрана з інстр. суправаджэннем. Адсутнасць слоў і кантыленнасць, часам віртуознасць, дазваляюць выявіць прыгажосць і выпрацаванасць голасу («Вакаліз у форме хабанеры» М.Равеля, «Вакаліз» С.Рахманінава). У 20 ст. вакаліз набліжаецца да інстр. жанраў (5 мелодый для голасу ці скрыпкі з фп. С.Пракоф’ева, вакаліз-эцюд К.Шыманоўскага; саната-вакаліз, сюіта-вакаліз для голасу з фп. М.Метнера; канцэрт для голасу з арк. Р.Гліэра). Спецыфічны эфект дасягаецца ў харавым вакалізе («Дафніс і Хлоя» Равеля). Вакаліз ў бел. музыцы: Канцэрціна для голасу з арк. Дз.Лукаса, вакаліз з сімф. арк. памяці Дз.Шастаковіча Л.Абеліёвіча, вакаліз-калыханка з балета «Мара» Я.Глебава і інш.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДУНО́Ў (Аляксандр Барысавіч) (28.11.1949, г. Паўднёва-Сахалінск, Расія — 13.5.1995),

рускі артыст балета. Скончыў Рыжскае харэагр. вучылішча (1967). З 1967 саліст харэагр. ансамбля «Маскоўскі класічны балет», з 1971 — Вял. т-ра ў Маскве. Яго танец вылучаўся яркасцю, тонкай пластычнай выразнасцю, адточанасцю тэхнікі ў партыях класічнага і сучаснага рэпертуару: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Клаўдзіо («Каханнем за каханне» Ц.Хрэннікава), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Іван Грозны («Іван Грозны» С.Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Вронскі («Ганна Карэніна» Шчадрына). З 1979 у ЗША і Зах. Еўропе: у Амер. т-ры балета, у трупе А.Эйлі, з 1984 у антрэпрызе «Гадуноў і зоркі». Залаты медаль Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Масква, 1973). У 1985 пакінуў сцэну. Здымаўся ў Галівудзе («Моцны арэшак-1», 1988, і інш.).

А.І.Максаў.

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРКО́Ў (Аляксандр Валер’евіч) (н. 21.4.1958, Баку),

бел. і расійскі артыст балета. Засл. арт. Расіі (1995). Скончыў Бакінскае харэаграфічнае вучылішча (1976). З 1976 саліст Азерб. т-ра оперы і балета імя М.Ф.Ахундава, у 1980—87 Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1989 — Марыінскага т-ра. Творчасці ўласцівы дасканалая тэхніка танца, выразнасць і чысціня пластычнага малюнка, лірычная пранікнёнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Зігфрыд і Прынц («Лебядзінае возера» і «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Крас («Спартак» А.Хачатурана), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Юнак («Балеро» М.Равеля) і інш. Лаўрэат V Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 140—144.

Т.М.Мушынская.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЧА́К (Яраслаў Антонавіч) (19.2.1921, г. Броды, Украіна — 2.3.1989),

дырыжор. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Вышэйшы муз. ін-т імя М.Лысенкі (Львоў, 1939). З 1944 дырыжор у оперных т-рах Украіны і Расіі. З 1972 гал. дырыжор, з 1980 дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. сцэне кіраваў пастаноўкай опер «Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Міндыя» А.Тактакішвілі (1972), «Сельскі гонар» П.Масканьі (1973), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1974), «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1979), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1986) і балетаў «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984); вак.-харэагр. прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983). Выканальніцкая манера Вашкевіча вызначалася спалучэннем эмац. свабоды са строгім густам, уважлівым стаўленнем да аўтарскага тэксту.

А.А.Саламаха.

т. 4, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАХРО́СТ (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 18.9.1951, в. Навахросты Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1982, клас Я.Глебава). Працуе пераважна ў галіне інстр. музыкі. Лірыка-філас. вобразнасцю адметныя кантаты «Званы» на словы Р.Барадуліна (1983), «Усход сонца» на вершы Я.Коласа (1986), араторыя «210 крокаў» на словы Р.Раждзественскага (1987), сімфонія паводле паэмы «Сцяна» Б.Марцінкявічуса (1984). У кампазіцыйнай тэхніцы арыентуецца на гукавую каларыстычнасць, у т.л. звязаную з бел. нар. музыкай. З інш. твораў: Adagio для голасу, аргана і аркестра (1991), сімф. карціна «Чучала Марэна» (1982), канцэрт для стр. аркестра (1988), канцэрціна (1985, 1995), «Музыка для габоя, фартэпіяна і струнных» (1986), сюіта для флейты і аргана (1988), квінтэт для духавых інструментаў (1983), музыка для аркестра нар. інструментаў, п’есы для фп., хары, рамансы, апрацоўкі нар. песень.

Т.А.Дубкова.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́МБЕРГ, Лембергс (Lehmbergs) Аляксандрс (25.3.1921, Рыга — 25.11.1985), латвійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Латвіі (1971). Нар. арт. СССР (1982). Скончыў балетную школу пры Нац. оперы і балетную студыю А.Фёдаравай у Рызе (1938). У 1939—68 (з перапынкам) артыст, з 1968 гал. балетмайстар Латв. т-ра оперы і балета. З 1956 выкладчык, у 1964—68 дырэктар Рыжскага харэагр. вучылішча. Сярод партый: Аўстрыс («Лайма» А.Лепіньша), Тот («Сакта свабоды» А.Скултэ), Лайманіс («Стабурагс» А.Калніньша), Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Франдоса («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Альберт («Жызэль» А.Адана), Прынц, Рамэо і Тыбальд («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Паставіў балеты; «Спрыдытыс» А.Жылінскіса, «У агні» Ю.Карлсана, «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга, «Сабор Парыжскай Божай Маці» Ц.Пуні, Р.Дрыга, Р.Глазупа, «Скарамуш» Я.Сібеліуса, «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына, «Антоній і Клеапатра» Э.Лазарава і інш.

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)