ЛІГНІ́Н (ад лац. lignum дрэва, драўніна),

арганічнае палімернае злучэнне, што знаходзіцца ў клетачных абалонках сасудзістых раслін. Разам з цэлюлозай выклікае іх адраўненне. Цвёрдасць і моцнасць абалонак дазваляюць дрэвам дасягаць выш. больш за 150 м (напр. эўкаліпты), а галінам вытрымліваць цяжар лісця, пладоў і інш. Драўніна лісцевых парод мае ў сабе 20—30% Л., хвойных — да 50%. Выкарыстоўваецца ў прам-сці як хім. сыравіна.

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ПСАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты алей з насення рапсу. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Вадкасць ад светла-жоўтага да цёмна-рудога колеру, шчыльн. 914 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -4 да -10 °C. Паўвысыхальны алей (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці мыла, пакостаў, алкідных смол, кампанент змазачных матэрыялаў, сродак для тлушчавання скуры, рафінаваны — сыравіна для атрымання маргарыну.

т. 13, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДЭЛЕ́ІТ,

мінерал падкласа простых аксідаў, двухвокіс цырконію (ZrO2). Мае ў сабе 96,5—99% ZrO2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі каротка- або доўгапрызматычныя, таблітчастыя. Колер жоўты, зялёны, карычневы, чорны. Бляск тлусты, шкляны. Цв. 6,5. Крохкі. Шчыльн. 5,4—6 г/см³. Трапляецца ў карбанатных і ультраасноўных шчолачных пародах, алмазаносных і інш. россыпах. Сыравіна для керамічнай прам-сці, вытв-сці абразіваў, ферасплаваў і атрымання метал. цырконію.

Бадэлеіт.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГХЕД (ад назвы паселішча Богхед у Шатландыі),

разнавіднасць выкапнёвых вуглёў (сапрапелітаў). Колер ад аліўкавага да бура-чорнага. Шчыльны, тонказярністы. Злом ракавісты. Мае вадароду 8—12%, лятучых рэчываў 75—90%; выхад першаснага дзёгцю да 50%. Цеплыня згарання гаручай масы 33,5—37,7 МДж/кг. Трапляецца лінзамі і праслоямі ў пластах гумусавых вуглёў. Каштоўная сыравіна для атрымання вадкага паліва, змазачных рэчываў, смалы, свабоднай ад фенолаў і асфальтэнаў і інш.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.

Знаходзіцца ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Засн. ў 1928 як завод сілікатнай цэглы № 2. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1945 адноўлены. З 1958 сучасная назва. З 1958 і 1970 працуюць 2 тэхнал. лініі вапнавага цэха (часова спынены), з 1971 — сілікатны цэх. Сыравіна: пясок і мел з радовішча Пясчаная Гара, вапну прывозяць з Гродна і Ваўкавыска. Асн. прадукцыя (1998) — сілікатная цэгла.

т. 8, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІВІ́Н (ад лац. oliva аліва),

група мінералаў падкласа астраўных сілікатаў. Гал. прадстаўнікі — фарстэрыт Mg2SiO4, фаяліт Fe2SiO4, тэфраіт Mn2SiO4 утвараюць ізаморфныя рады. Крышталі кароткаслупкаватыя, рамбічнай сінганіі. Агрэгаты зярністыя. Колер ад жаўтавата-зялёнага да зеленавата-чорнага. Бляск шкляны. Цв. 6—7. Крохкі. Шчыльн. 3,2—4,4 г/см³. Пародаўтваральны мінерал магматычнага паходжання. Пашыраны ў асн. і ультра-асн. вывергнутых пародах. Фарстэрыт — сыравіна для вогнетрывалых матэрыялаў. Празрысты залаціста-зялёны алівін — каштоўны камень хрызаліт (перыдот).

Алівін.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́ЎКАВЫ АЛЕ́Й, праванскі алей,

алей з мякаці аліў (гл. Масліна). Вадкасць ад светла-жоўтага да карычневага колеру, t застывання ад -2 да -6 °C, шчыльн. 0,91—0,918∙10​3 кг/м³, невысыхальны алей. Мае ў сабе тлустыя кіслоты: насычаныя 9—20% (пераважна пальміцінавая), алеінавую 54—81%, лінолевую 15%. Выкарыстоўваецца як харч. прадукт, сыравіна ў вытв-сці спец. тэкст. мыла; кампанент змазвальных матэрыялаў, касметычных сродкаў, раствораў вітамінаў і прэпаратаў для ін’екцый.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІБАЛІ́Т,

масіўная або сланцаватая метамарфічная горная парода. Складаецца пераважна з амфіболу (рагавой падманкі), плагіяклазу і мінералаў-прымесяў. Колер ад цёмна-зялёнага да чорнага. Шчыльн. 2700—3200 кг/м³. Можа ўтварацца за кошт асн. вывергнутых парод (габра, дыябазаў, базальтаў, туфаў і інш.), ультраасноўных парод, асадкаў мергелістага саставу. Трапляецца ў раёнах развіцця метамарфічных парод, найчасцей дакембрыйскага ўзросту. Выкарыстоўваецца як буд. камень (сыравіна на друз); чорныя разнавіднасці — вырабныя і абліцовачныя камяні.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГІ́НАЎСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1823—67 у мяст. Даўгінава Вілейскага пав. (цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл.). У 1824 мела 2 ткацкія станкі, у 1840—28 станкоў, вадзяны і паравы рухавікі. Сыравіна (воўна, клей, фарбы і інш.) набывалася ў Рызе. Прадукцыя рэалізоўвалася ў Мінску, Вільні, Гродне, Пецярбургу, Рызе, Палтаве. Працавалі прыгонныя і замежныя майстры. У 1861 выпушчана прадукцыі на 66,1 тыс. руб. У 1866 былі 162 рабочыя.

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНЯ,

балота ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., пераважна ў вадазборы рэк Волта (на Пн), Бярэжа (на Пд), Яльнянка (на У). Вярховага тыпу. На балоце група азёр, найб. Ельня, Доўгае, Белае, Бярэжа, Чорнае, Яжгіна. Пл. 20 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 16,8 тыс. га. Глыб. торфу да 8,3 м, сярэдняя 3,8 м. Ёсць сапрапель магутнасцю да 1,5 м, гідролізная сыравіна. Балота ў натуральным стане; уваходзіць у гідралагічны заказнік Ельня.

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)