ТРОФАЭКАЛО́ГІЯ (ад троф... + экалогія), экалогія харчавання,

раздзел экалогіі, які вывучае сукупнасці трафічных ланцугоў у біягеацэнозах. Асн. праблемы Т.: суадносіны розных трафічных узроўняў папуляцый (трафічная структура), харч. спектры і аб’ём корму розных відаў, метады вызначэння тыпаў жыўлення, залежнасць інтэнсіўнасці і спектраў жыўлення ад абіятычных і біятычных фактараў асяроддзя і інш. Фундаментальныя канцэпцыі Т. распрацаваў англ. эколаг Ч.​Элтан (1927).

т. 15, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕ́НДА карты, сукупнасць умоўных знакаў на карце і тлумачэнне да іх. Служыць ключом для чытання карты і ў некаторай ступені раскрывае яе змест, значэнне і суадносіны асобных элементаў. Змяшчаецца на палях або на вольнай плошчы ўнутры рамак карты, радзей на адвароце. У атласах і шматліставых картах Л. можа займаць асобны ліст або дадавацца ў выглядзе тлумачальнай запіскі са звесткамі, якія нельга перадаць графічна.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМАТЫ́ЎНЫ АКТ,

афіцыйны дакумент паўнамоцнага суб’екта праватворчасці, які ўстанаўлівае, змяняе або адмяняе прававыя нормы. Класіфікуецца паводле юрыд. сілы, якая залежыць ад кампетэнцыі дзярж. органа, што выдаў іх, і характару самога акта. Юрыд. сіла выражае суадносіны пэўнага акта з іншымі, яго месца і ролю ў сістэме крыніц права. Н.а. падзяляюцца на законы і падзаконныя акты. У многіх дзяржавах, у т. л. Рэспубліцы Беларусь, Н.а. з’яўляюцца асн. крыніцамі права.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРОП (ад грэч. tropos паварот, моўны зварот, вобраз),

слова ці моўны выраз, ужытыя ў пераносным значэнні; адзін з прыёмаў стварэння мастацкага вобраза. У аснове Т. — суадносіны на аснове агульных рыс дзвюх з’яў, адна з якіх характарызуецца праз прыкметы другой. Т. падзяляюцца на простыя (параўнанне, эпітэт) і складаныя (метафара, метанімія, сінекдаха, сімвал, алегорыя, гіпербала, літота, іронія, гратэск, перыфраза, этымалагізм). Найчасцей выкарыстоўваецца ў маст. л-ры.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ ў біялогіі,

уласцівасць біялагічных сістэм аўтаматычна ўстанаўліваць і падтрымліваць на пэўным, адносна пастаянным, узроўні біял. (фізіял.) паказчыкі. Да сістэм, што самарэгулююцца, адносяцца тыя, у якіх параметры, што рэгулююцца, канстантныя, а вынікі — стэрэатыпныя (напр., стэрэатыпныя, таму «бессэнсоўныя» ў некат. умовах паводзіны насякомага), таксама адаптыўныя сістэмы, што саманастройваюцца, саманавучаюцца і аўтаматычна прыстасоўваюцца да змен навакольнага асяроддзя. Пры С. кіруючыя фактары фарміруюцца ў самой сістэме, а не ўздзейнічаюць на яе звонку. Механізмы С. разнастайныя. Напр., рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі на малекулярным узроўні — ферментатыўныя рэакцыі, у якіх канчатковы прадукт уплывае на актыўнасць ферменту; на клетачным узроўні — самазборка клетачных арганел з біял. макрамалекул, на надклетачным — самаарганізацыя разнародных клетак ва ўпарадкаваныя клетачныя асацыяцыі. Большасць органаў здольныя да ўнутрыарганнай С. функцый. Напр., унутрысардэчныя рэфлекторныя дугі забяспечваюць заканамерныя суадносіны ціску ў поласцях сэрца. На арганізмавым узроўні С. забяспечвае і падтрымлівае пэўныя паказчыкі ўнутр. асяроддзя (гамеастаз): т-ру, крывяны і асматычны ціск, узровень цукру ў крыві. Відавы (папуляцыя) і надвідавы (біяцэноз) узроўні С. — старэнне і смерць біял. асобін, суадносіны полаў, рэгуляцыя колькасці папуляцый і інш.

Літ.:

Общая физиология нервной системы.

Л., 1979; Пальцев М.А., Иванов А.А. Межклеточные взаимодействия. М., 1995.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЕВАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

разнастайнасць цывільнай адказнасці пры наяўнасці ў абавязацельстве некалькіх даўжнікоў. Паводле агульнага правіла, замацаванага цывільным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, такое абавязацельства лічыцца долевым, прычым кожны з даўжнікоў абавязаны выканаць яго ў роўнай долі. У законе або ў дагаворы могуць быць устаноўлены інш. суадносіны памераў Д.а. Калі з закону або з дагавора іх не вынікае, дзейнічае прэзумпцыя роўнасці долей пры адказнасці кожнага з садаўжнікоў перад крэдыторам. Гл. таксама Салідарная адказнасць, Субсідыярная адказнасць.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙКАЦЫТА́РНАЯ ФО́РМУЛА, лейкацытаграма, лейкаграма,

працэнтныя суадносіны розных відаў лейкацытаў у перыферычнай крыві пазваночных жывёл і чалавека. Мае ўзроставыя асаблівасці. У норме Л.ф. дарослага чалавека ўтрымлівае лейкацыты (базафільныя гранулацыты — 0—1%, эазінафільныя — 0,5—5%, нейтрафільныя — 65—75%), лімфацыты — 19—45%, манацыты — 3—11%. Л.ф. і колькасць лейкацытаў адрозніваюцца ў розных відаў жывёл і чалавека, залежаць ад фізіял. стану арганізма, зменьваюцца ў час хвароб. Л.ф. мае дыягнастычнае і прагнастычнае значэнне.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНЫ ГУКАРА́Д,

паслядоўнасць тонаў, якая складаецца з асн. тону і гарманічных прыгукаў (абертонаў), што ўтвараюць гук музычны. Гучанне асн. тону абумоўлена ваганнямі вібратара (струны, паветр. слупа і інш.), у выніку якіх узнікаюць абертоны. Іх частотныя суадносіны адпавядаюць натуральнаму раду лічбаў (1, 2, 3, 4, 5 ...). Ніжнія абертоны ўтвараюць мажорнае трохгучча (гл. нотны прыклад). Вучэнне пра Н.г. выклаў франц. муз. тэарэтык М.​Мерсен у кн. «Усеагульная гармонія» (1636—37).

Т.​А.​Дубкова.

Натуральны гукарад.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЎНГО́ФЕРА ДЫФРА́КЦЫЯ,

дыфракцыя плоскай светлавой хвалі на неаднароднасці, напр., вузкай шчыліне ці адтуліне ў экране. Назіраецца, калі характэрныя памеры неаднароднасці значна меншыя за дыяметр 1-й зоны Фрэнеля (гл. Фрэнеля дыфракцыя); выконваюцца суадносіны b ≪ λz , дзе b — шырыня шчыліны, z — адлегласць ад экрана да пункта назірання, λ — даўжыня хвалі. Пры гэтым паралельны пучок прамянёў пераўтвараецца ў разбежны з вуглом разбежнасці прыкладна роўным λ/b. Такі спосаб назірання дыфракцыі святла прапанаваў І.Фраўнгофер (адсюль назва).

т. 16, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭНЕ́ЛЯ ФО́РМУЛЫ,

суадносіны, якія звязваюць амплітуды, фазы і станы палярызацыі адбітай і пераломленай светлавых хваль, што ўзніклі пры праходжанні святла праз мяжу падзелу 2 празрыстых дыэлектрыкаў, з адпаведнымі характарыстыкамі падаючай хвалі. Устаноўлены А.Ж.Фрэнелем у 1823. Вынікаюць з эл.-магн. тэорыі святла пры рашэнні Максвела ўраўненняў і атаясамліванні светлавых ваганняў з ваганнямі вектара напружанасці эл. поля ў светлавой хвалі. Умова дастасавальнасці Ф.ф. — незалежнасць паказчыка пераламлення асяроддзя ад амплітуды вектара напружанасці эл. поля светлавой хвалі.

т. 16, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)