РАТЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. ratificatio вырашаны, зацверджаны + facere рабіць). 1) зацвярджэнне вярх. органам улады пэўнай краіны дагавора міжнароднага. заключанага яе ўпаўнаважаным. Р. падлягаюць звычайна найб. важныя міжнар. дагаворы. Канстытуцыі большасці дзяржаў адносяць права Р. міжнар. дагавораў да кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы (з санкцыі вышэйшага заканад. органа або без яе) або непасрэдна да кампетэнцыі вышэйшага заканад. органа. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права Р. міжнар. дагавораў належыць Палаце прадстаўнікоў Нац. сходу.
2) У некаторых краінах (напр., ЗША, Расія і інш.) зацвярджэнне суб’ектамі федэрацыі, рэферэндумам або спецыяльна скліканымі органамі змен ці дапаўненняў да тэксту канстытуцыі, прынятых парламентам краіны.
т. 13, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЭ́ЛЬБІШЧА,
спецыяльна абсталяваны ўчастак для правядзення стрэльбаў са стралковай зброі, гранатамётаў і інш. Падзяляюцца на вайсковыя і спартыўныя. Тэрыторыя вайсковага С. ўключае рубяжы адкрыцця і спынення агню, мішэннае поле, тылавы раён, пункты кіравання, выдачы боепрыпасаў і інш. На С. можа быць цір для праверкі зброі, прывядзення яе да нармальнага бою і інш. Спартыўнае С. — спец. збудаванне адкрытага тыпу для стральбы з вінтовак і пісталетаў. Складаецца з некалькіх ціраў, дзе вызначаны лініі агню (месца, з якога вядуць стральбу) і лініі мішэняў, абсталяванай бліндажамі, пад’ёмнымі ўстаноўкамі, механізмамі для кіравання і інш.
С.А.Фамін, І.А.Шор.
т. 15, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТАНДА́Р (польск. sztandar ад ням. Standarte),
1) сцяг у кавалерыйскіх часцях шэрагу армій свету ў 16—20 ст., у т. л. ў арміі Рас. імперыі (з 1731). У сав. узбр. сілах Ш. наз. сцягі зводных палкоў, франтоў, ВМФ і наркамата абароны, якія ўдзельнічалі ў Парадзе Перамогі ў 1945. Ад звычайнага сцяга адрозніваецца формай (квадратная, трохвугольная), меншымі памерамі палотнішча, спосабам мацавання (упоперак дрэўка). У кав. роце (эскадроне) Ш. нёс спецыяльна прызначаны афіцэр (гл. Карнет).
2) Флаг кіраўніка дзяржавы (імператара, караля, прэзідэнта) і некат. вышэйшых службовых асоб, які ўзнімаецца на месцы яго прысутнасці (на ваен. караблі — суднавы Ш.).
т. 17, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСФАЛЬТАБЕТО́Н, асфальтавы бетон,
будаўнічы матэрыял, які атрымліваюць ушчыльненнем спецыяльна прыгатаванай у нагрэтым стане сумесі друзу, пяску, мінер. парашку і бітуму. Для надання асфальтабетону аднароднасці і паляпшэння яго якасці ў сумесь дабаўляюць таксама паверхнева-актыўныя рэчывы.
Адрозніваюць асфальтабетон гарачы — мае ў сабе вязкі бітум і ўкладваецца пры т-ры не ніжэй за 120 °C; цёплы — малавязкі, з т-рай укладкі 40—85 °C, халодны — з вадкім бітумам, які ўкладваецца пры т-ры навакольнага асяроддзя, але не ніжэй за 10 °C. Асфальтабетон бывае буйна-, дробназярністы і пясчаны (памеры зерня 40, 20 і 5 мм адпаведна). Выкарыстоўваецца для буд-ва пакрыццяў і асновы аўтамабільных дарог, аэрадромаў, гарадскіх вуліц і плошчаў.
т. 2, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
прэпараты з каштоўнымі для с.-г. раслін глебавымі мікраарганізмамі. Да іх належаць нітрагін, азотабактэрын, фосфарабактэрын і прэпараты сілікатных бактэрый. Павышаюць фіксацыю атм. азоту раслінамі, актывізуюць біяхім. працэсы ў глебе, паляпшаюць каранёвае жыўленне раслін.
На Беларусі наладжана вытв-сць гама-рызатарфіну (разнавіднасць нітрагіну) — прэпарату клубеньчыкавых бактэрый, вырашчаных на спецыяльна прыгатаваным тарфяным субстраце. Для лепшай азотфіксацыі ў яго дадаюць мікраэлементы — бор, кобальт, малібдэн. Для кожнага віду бабовых (лубін, гарох, віка, канюшына, люцэрна і інш.) прэпарат рыхтуюць са спецыфічных відаў бактэрый, здольных у сімбіёзе толькі з гэтым відам раслін фіксаваць атм. азот. Асабліва эфектыўны прэпарат на глебах, дзе бабовыя высяваюцца ўпершыню (прыбаўкі ўраджаю больш за 100%).
т. 2, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Acariformes),
атрад членістаногіх кл. павукападобных. Больш за 6 тыс. відаў з 200 сямействаў. На Беларусі спецыяльна не вывучаліся; найб. пашыраны акарыформныя кляшчы з 2 падатрадаў: саркаптыформных (акароідныя кляшчы, кароставыя кляшчы, панцырныя кляшчы, пер’евыя кляшчы, валасяныя) і трамбідыформных (галавыя кляшчы, чырванацельцавыя кляшчы, вадзяныя, павуцінныя). Жывуць на глебе, у глебе, вадзе.
Даўж. цела 0,2—0,8 мм. Цела падзелена на галаву і тулава. Ротавы апарат утвораны 2 парамі пярэдніх ног. 4 пары ног, кожная з 5—б членікаў. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы (3) і дарослай асобіны. Кладуць яйцы. Сапрафагі і фітафагі. Многія — шкоднікі раслін і с.-г. прадуктаў, паразіты жывёл і чалавека.
т. 1, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДЧЫК,
асоба, якая займаецца разведвальнай дзейнасцю ў інтарэсах пэўнай дзяржавы (гл. Разведвальныя органы). У залежнасці ад формы развед. дзейнасці адрозніваюць: Р. галоснага складу (кадравыя супрацоўнікі разведкі, спец. падрыхтаваныя для аператыўнай работы, якія выкарыстоўваюць афіц. пасады ў развед. органах); Р. негалоснага складу (кадравыя супрацоўнікі разведкі, якія ажыццяўляюць развед. дзейнасць без раскрыцця сваёй прыналежнасці да органаў знешняй разведкі); Р. нелегалаў, у якасці якіх выкарыстоўваюцца спецыяльна падрыхтаваныя і накіраваныя за рубеж з развед. заданнем кадравыя супрацоўнікі разведкі або агенты (з мэтай маскіроўкі яны выдаюць сябе за інш. асоб); нелегаламі наз. таксама агентаў-іншаземцаў (пастаянныя жыхары пэўнай краіны, якія перайшлі на нелегальнае становішча).
В.А.Окунеў, А.А.Мініч.
т. 13, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́РБЫ мастацкія,
спецыяльна прыгатаваныя вадкія цестападобныя або цвёрдыя рэчывы і саставы, якія маюць павышаныя колеравыя якасці паводле здольнасці афарбоўваць і ўстойлівасці. Падзяляюцца на мінеральныя (неарганічныя, солі або вокіслы металаў) і арганічныя (складаныя злучэнні, пераважна расл. і жывёльнага паходжання). Бываюць натуральныя і штучныя. Колеравая аснова Ф. — парашкападобныя пігменты. У залежнасці ад сувязных рэчываў вылучаюць акварэль, гуаш, пастэль, сангіну, соус, тэмперу, а таксама алейныя фарбы, клеявыя фарбы і васковыя (гл. Васковы жывапіс). Ф. бываюць празрыстыя, непразрыстыя і лесіровачныя. Вядома каля 150 Ф. для жывапісу. З іх найб. выкарыстоўваюцца цынкавыя і свінцовыя бялілы, хромы, вохры, умбра, чырвоная і зялёная кінавар, ізумрудная зелень, кобальт, ультрамарын, паленая слановая косць і інш.
т. 16, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНОТАБІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. gnōtos вядомы + біялогія),
раздзел эксперым. біялогіі і медыцыны, які займаецца атрыманнем і вырошчваннем у стэрыльных умовах гнотабіётаў — жывёл, свабодных ад мікраарганізмаў, гельмінтаў і членістаногіх, а таксама стэрыльных жывёл, спецыяльна заражаных пэўнымі відамі мікраарганізмаў. Сфарміравалася ў 1960-я г. Вывучае ўзаемаадносіны паміж макра- і мікраарганізмамі, што мае значэнне для вырашэння праблем трансплантацыі органаў, імуналогіі, генетыкі, мікрабіялогіі, марфалогіі, фізіялогіі, радыебіялогіі, касм. біялогіі і медыцыны, хірургіі, анкалогіі і інш. Развіццё гнотабіялогіі прывяло да меркавання, што нармальнае жыццё чалавека і вышэйшых жывёл магчыма толькі пры наяўнасці ў іх мікрафлоры.
Літ.:
Чахава О.В. Гнотобиология. М., 1972;
Гнотобиология в хирургии. М., 1982;
Теоретические и практические основы гнотобиологии. М., 1983.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗА ВАЕ́ННАЯ,
спецыяльна абсталяваная тэрыторыя для размяшчэння на ёй войскаў, ваен. тэхнікі, запасаў матэрыяльных сродкаў і інш. Базы ваенныя ствараюцца на ўласнай тэр. і тэр. інш. дзяржаў у стратэгічна важных раёнах свету з мэтай забеспячэння вядзення ваен. дзеянняў. Падзяляюцца на ракетныя, авіяцыйныя, ваенна-марскія, сухапутных войскаў і агульнага прызначэння. Шмат баз ваенных мелі за межамі сваіх тэрыторый ЗША і інш. дзяржавы. З канца 1980-х г. іх колькасць пачала скарачацца паводле шэрагу міжнар. пагадненняў. У складзе б. СССР Беларусь мела значную колькасць баз ваенных (у т. л. стратэгічнага прызначэння). Пасля яго распаду ідзе скарачэнне і ліквідацыя баз ваенных на яе тэрыторыі, застаюцца толькі тыя, якія адпавядаюць ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь.
т. 2, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)