КВІ́НСЛЕНД (Queensland),

штат на ПнУ Аўстраліі. Пл. 1727,5 тыс. км². Нас. 3,1 млн. чал. (1993), з іх каля 80% гарадскога. Адм. ц.г. Брысбен. Усх. частка К. занятая Вялікім Водападзельным хрыбтом (выш. да 1611 м), зах. — нізіннай раўнінай. Клімат субэкватарыяльны (на Пн) і трапічны (на Пд). На ўсх. схілах гор і прыбярэжнай нізіне выпадае каля 2 тыс. мм ападкаў, месцамі да 2,5 тыс. мм. У гарах захаваліся ўчасткі трапічных і субтрапічных лясоў. Для зах. раёнаў характэрны саванны і пустыні. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. На долю К. прыпадае каля 1/3 агульнааўстралійскага пагалоўя буйн. раг. жывёлы, каля 10% авечак, каля 20% свіней. На прыбярэжных раўнінах пасадкі цукр. трыснягу, трапічных фруктаў (ананасаў, бананаў, папайі, манга і інш.). На зах. схілах гор — пасевы пшаніцы і кукурузы, часта ў спалучэнні з малочнай жывёлагадоўляй. Развіта горназдабыўная прам-сць. Значная здабыча медзі, баксітаў, цынку, свінцу, рутылу, цыркону, каменнага вугалю, вальфраму, золата, урану, волава, жал. руды і інш. Маш.-буд., хім., харч., прам-сць. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Гал. індустр. цэнтры: Брысбен, Гладстан, Таўнсвіл, Ракгемптан.

т. 8, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСТ-І́НДЫЯ (West Indies),

агульная назва астравоў Атлантычнага ак. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі. Агульная пл. каля 240 тыс. км². Нас. больш як 35 млн. чал. (1993). Астравы выцягнуты дугой на 3500 км. Уваходзяць у склад Лацінскай Амерыкі. Вест-Індыя ўключае: Багамскія, Вялікія Антыльскія астравы, Малыя Антыльскія астравы, Трынідад, Табага і інш. а-вы; найб.в-аў Куба. Рэльеф моцна расчлянёны, пераважна гарысты. Выш. да 3175 км (на в-ве Гаіці). Рэгіён моцна сейсмічны (акрамя раўніннай часткі Кубы), шмат дзеючых і патухлых вулканаў (Суфрыер, Мантань-Пеле і інш.). Радовішчы марганцавай і жал. руды, храмітаў, нафты, баксітаў, фасфарытаў і інш. Клімат трапічны пасатны. На раўнінах вырошчваюць цукр. трыснёг, трапічныя культуры, у гарах ёсць участкі вечназялёных і лістападных лясоў, другасныя саванны. На астравах Вест-Індыі размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Багамскія Астравы, Барбадас, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідад і Табага, Ямайка, а таксама шэраг уладанняў Вялікабрытаніі, ЗША, Нідэрландаў і Францыі. Астравы адкрыты Х.​Калумбам (1492—1502) і да пач. 16 ст. памылкова лічыліся часткай Азіі. Названы пазней у адрозненне ад Ост-Індыі.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАНЕ́ЗІЯ,

адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі (каля 1500 дробных астравоў), у зах. ч. Ціхага ак., гал. ч. на Пн ад экватара. Уключае Марыянскія астравы, Каралінскія астравы, Маршалавы астравы, Гілберта астравы, а-вы Ошэн, Банаба, Науру і інш. Пл. 2,6 тыс. км². Нас. каля 500 тыс. ж. (1998). Карэннае нас. — мікранезійцы. Жывуць таксама амерыканцы, англічане, філіпінцы, кітайцы. Большая ч. а-воў — атолы, астатнія вулканічнага паходжання; самы буйны в-аў Гуам. На Марыянскіх а-вах ёсць дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Сярэднія месячныя т-ры ад 26 °C да 28 °C. Ападкі ад 2000 да 6000 мм выпадаюць раўнамерна на працягу ўсяго года. Частыя трапічныя цыклоны (раён Каралінскіх а-воў). Прыроднае покрыва на вулканічных астравах складаюць вечназялёныя трапічныя лясы, радзей — саванны. Расліннасць на каралавых астравах бедная. Буйныя млекакормячыя жывёлы на М. адсутнічаюць. Найбольш пашыраны пацукі, лятучыя мышы, розныя віды яшчарак, птушкі. Трапічнае земляробства; рыбалоўства. Плантацыі цукр. трыснягу, рысу. Радовішчы баксітаў, фасфарытаў (Каралінскія а-вы), здабыча фасфатаў (на в-ве Науру). На а-вах М. размешчаны дзяржавы: Маршалавы Астравы, Мікранезія (Федэратыўныя Штаты Мікранезіі), Науру, Палау, Паўночныя Марыянскія Астравы, асн. частка дзяржавы Кірыбаці (а-вы Гілберта), уладанне ЗША Гуам.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ ПАЎДНЁВЫ УЭ́ЛЬС (New South Wales),

штат Аўстраліі, на ПдУ краіны. Пл. 801,6 тыс. км². Нас. каля 6 млн. чал. (1998). Адм. і прамысл. цэнтр, гал. порт — г. Сідней. У межах штата знаходзіцца сталіца Аўстраліі — г. Канбера. Паверхня — пераважна раўніна ўздоўж р. Мурэй і яе прытокаў — рэк Дарлінг і Марамбіджы. На У Вялікі Водападзельны хрыбет і прыморская нізіна (шыр. 20—40 км). Клімат на прыморскай нізіне субтрапічны вільготны (ападкаў 1200—1500 мм за год), на астатняй тэр. больш кантынентальны і сухі (ападкаў да 250 мм за год). Сярэднія месячныя т-ры ад 10—12 °C (ліп.) да 22—26 °C (студз.). На раўніне — засушлівае рэдкалессе і паўпустынныя хмызняковыя саванны, на ўзбярэжжы — вільготныя лясы. Найб. населены і эканамічна развіты штат Аўстраліі. Здабыча каменнага вугалю (Ньюкасл і інш.), поліметалаў (Брокен-Хіл), серабра, медзі, волава, каштоўных камянёў, буд. матэрыялаў. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: маш.-буд. (с.-г. тэхніка, судны, легкавыя аўтамабілі, станкі і інш.), чорная і каляровая металургія, хім., нафтахім., харч., тэкст., папяровая, шкляная. Лесанарыхтоўкі (на У). У сельскай гаспадарцы найб. развіты вырошчванне збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень, кукуруза), гадоўля мясной буйн. раг. жывёлы (на У) і авечак (на З). Пояс збожжавых культур цягнецца з Пн на Пд уздоўж зах. схілаў гор. Значныя пл. арашальных зямель. На ўзбярэжжы — малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, на Пн — вырошчванне цукр. трыснягу. Пашыраны вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, пчалярства. Марское рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Суднаходства па р. Мурэй.

т. 11, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКСІКА́НСКАЕ НАГО́Р’Е.

На Пд Паўн. Амерыкі, большая ч. ў Мексіцы і на Пд ЗША. Пл. каля 1200 тыс. км². Унутр. яго ч. ўтварае плато Паўн. Меса (выш. 900—1200 м) і Цэнтр. Меса (выш. 2000—2400 м). На У, З і Пд іх абкружаюць горныя хрыбты Усх. Сьера-Мадрэ (4054 м), Зах. Сьера-Мадрэ (3150 м) і Папярочная Вулканічная Сьера (дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). Складзена з вапнякоў, пясчанікаў, мергеляў, вельмі пашыраны лававыя покрывы і алювіяльна-дэлювіяльныя адклады. Радовішчы руд каляровых і высакародных металаў. Клімат трапічны, змяняецца ад кантынентальнага сухога на Пн да мяккага, вільготнага на Пд. Сярэднія месячныя т-ры студз. ад 9 да 14 °C (у высокіх гарах і на Пн бываюць маразы да -20 °C), ліп. ад 15 °C да 20 °C. Гадавыя ападкі 200—400 мм на Пн, 2000—3000 мм на Пд. Сухія паўн. часткі не маюць сцёку ў акіян, вадатокі носяць часовы характар, за выключэннем р. Кончас. На Пд рэкі паўнаводныя, шмат азёр. Расліннасць б.ч. пустынная з мноствам сукулентаў. На Пн пануюць кактусы (каля 500 відаў), агавы (140 відаў), юкі, калючыя хмызнякі, на Пдсаванны, на наветраных схілах гор — вільготныя трапічныя лясы, якія змяняюцца з выш. 1000—2000 м хваёва-піхтавымі лясамі, а вышэй 4000 м — субальпійскімі і альпійскімі лугамі. Для жывёльнага свету характэрны алені, антылопа віларог, розныя грызуны, з драпежных — чырвоная рысь, пума, ваўкі, лісы, выдры, яноты, з птушак — разнастайныя прадстаўнікі вераб’іных; шмат паўзуноў. На Пд трапляюцца ягуар, ацэлот, пекары, браняносец, мурашкаед і інш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАНЕ́ЗІЯ [ад грэч. melas (melanos) чорны + nēsos востраў],

адна з асн. астраўных груп Акіяніі, у паўд.-зах. ч. Ціхага ак., якая працягнулася ад экватара да тропіка Казярога на 5 тыс. км. Гал. астравы і архіпелагі: Новая Гвінея, Бісмарка архіпелаг, Саламонавы астравы, Новыя Гебрыды, Новая Каледонія, Фіджы. Агульная пл. каля 1 млн. км². Нас. больш за 5 млн. чал. (1995). Астравы мацерыковага і вулканічнага паходжання, утвораныя ў альпійскую складкавасць. Складзены з крышт., метамарфічных, ападкавых і вулканічных адкладаў. Амаль усе астравы гарыстыя. Горы выш. да 2000 м на архіпелагу Бісмарка, Саламонавых а-вах; на Новай Гвінеі г. Джая — 5029 м. М. — раён вулканізму і сейсмізму (дзеючы вулкан Багана на в-ве Бугенвіль, вулканы на Новых Гебрыдах і інш.). Многія астравы абкружаны або складзены каралавымі рыфамі. Уздоўж зах. берага Новай Каледоніі доўгая паласа бар’ерных рыфаў. Клімат экватарыяльны, субэкватарыяльны, на паўд. астравах — трапічны. Сярэднія т-ры 25—28 °C. Гадавая колькасць ападкаў на наветраных схілах гор прыэкватарыяльных астравоў 7000—9000 мм, на астатняй тэрыторыі — 1000—2000 мм. Рачная сетка густая. Найб. колькасць рэк на Новай Гвінеі (буйныя рэкі Флай і Дыгул). На буйных паўн. астравах — вільготныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў (пальмы, хлебнае, дыннае дрэвы, фікусы-каўчуканосы і інш.). На схілах гор з выш. 900—1000 м размешчаны горныя гілеі. На астравах у цэнтр. і паўд. частках М. пераважаюць мусонныя лясы, а ў больш засушлівых абласцях — саванны. Трапічнае земляробства. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Здабыча жэмчугу і перламутравых ракавін, руд нікелю (Новая Каледонія), медзі (Саламонавы а-вы).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 10, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ВОДАПАДЗЕ́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т (Great Dividing Range),

Усходне-Аўстралійскія горы, горная сістэма ўздоўж усх. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Даўж. каля 4000 км. Выш. да 2230 м (г. Касцюшкі). Горы ўтварыліся ў неаген-антрапагене на месцы дэнудзіраванай палеазойскай складкавай краіны. Усх. схілы стромкія, моцна і глыбока расчлянёныя, зах. схілы паката пераходзяць ва ўзгоркавыя перадгор’і (даунсы). На Пн ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет дасягае шыр. 650 км і складаецца з берагавых пласкагор’яў і масіваў (выш. да 1000 м), сярэдзінных тэктоніка-эразійных катлавін і слаба выяўленага ў рэльефе горнага ланцуга выш. 500—700 м. На Пд ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет — вузкі ланцуг асобных масіваў, дзе вылучаюцца крышт. хрыбет Нью-Інгленд, хрыбты Хейстынгс і Ліверпул, Блакітныя горы і Аўстралійскія Альпы. Горы складзены ў асн. з вапнякоў, гранітаў, гнейсаў, вулканічных парод. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, каменны і буры вугаль, волава, поліметалы, золата, медзь, тытанамагнетытавыя пяскі.

Вялікі Водападзельны хрыбет ляжыць у субэкватарыяльным, трапічным і субтрапічным кліматычных паясах. Сярэднямесячныя т-ры паніжаюцца з Пн на Пд (на ўзбярэжжы ад 26 да 21 °C летам і ад 17 да 10 °C зімой). Ападкаў на вільготных усх. схілах ад 1000 да 2000 мм, на заходніх — 500—700 мм за год. З Вялікага Водападзельнага хрыбта пачынаюцца рэкі Мурэй і Дарлінг, у Каралавае і Тасманава моры сцякаюць кароткія парожыстыя і паўнаводныя рэкі Фіцрой, Хантэр і інш. Усх. схілы парослыя лесам. Да выш. 1000 м на Пн ад 15° паўд. ш. — лістападна-вечназялёныя вільготныя лясы, ад 15 да 28° паўд. ш. — эўкаліптавыя трапічныя лясы, больш на Пд — субтрапічныя мусонныя лясы з эўкаліптаў. На зах. схілах Вялікага Водападзельнага хрыбта развіты лесасаванны, саванны і зараснікі ксерафітных хмызнякоў. У лясах жывуць каала, кускусы, дрэвавы кенгуру; характэрны райскія птушкі, птушка-ліра, казуары, папугаі.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Аравія (ад стараж.-яўр. араба пустыня),

на ПдЗ Азіі, самы вялікі на зямным шары. Пл. каля 2730 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 2700 км. Абмываецца на З Чырвоным м., на Пд Адэнскім залівам і Аравійскім м., на У Аманскім і Персідскім залівамі. Мяжу на Пн звычайна праводзяць па 30° паўн. шыраты. Паверхня Аравійскага паўвострава — плато з узвышанымі зах. і паўд. ўскраінамі (пераважныя выш. 1000—2000 м), размешчанае на Аравійскім шчыце. Найб. высокія горныя вобласці на ПдЗ — горы Хіджаз і Йеменскія (выш. 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб) і на ПдУ Асманскія горы (выш. 3353 м, г. Шаме). Уздоўж зах. берага нізіна Тыхама, уздоўж усх. — Эль-Хаса. На Пн пясчаныя пустыні Вял. Нефуд, М. Нефуд, на Пд пустыня Руб-Эль-Халі. Фундамент Аравійскага паўвострава складзены са стараж. крышт. парод (архейскія сланцы і граніты) і ўкрыты на Пн і У мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі вапнякамі і пясчанікамі. Карысныя выкапні: буйныя радовішчы нафты (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн), золата, жал. і поліметалічныя руды, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад 7 °C на Пн да 24 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 і 30 °C (самы цёплы — чэрв., максімум да 55 °C). Ападкаў на раўнінах каля 100 мм, у гарах Йемена 500 мм за год (індыйскі мусон). Малы сцёк, рэдкая сетка рэк і азёраў, сухія рэчышчы — вадзі. Вял. роля належыць падземным водам і карставым крыніцам. Пастаянныя вадасцёкі на Пд і ПдЗ — рэкі Масіла, Тыбан і інш. Большая ч. тэрыторыі — зона пустыняў і паўпустыняў. На прымітыўных шэразёмах жорсткая падушкападобная паўхмызняковая расліннасць (вярблюджая калючка, палын, салянкі, ахіла), шматгадовыя травы (арыстыда, астрагал), пашыраны перакаці-поле, іерыхонская ружа, лішайнік манна; па схілах гор лістападобныя лясы з дробным лісцем (акацыі, мімозы, друр-джуп, трапляюцца кактусападобныя малачаі); на ПдУсаванны. У рэдкіх аазісах — фінікавая пальма, садавіна, бавоўнік. Жывёльны свет: антылопы, газелі, дзікі кот, шакалы, гіены, ліс фянёк, бабуіны, гамадрылы, сабакападобныя малпы; з птушак — арлы, ястрабы, сокалы, на ўзбярэжжах — фламінга, пеліканы, чаплі; паўзуны — рагатая гадзюка, гюрза, кобра, хамелеоны. На тэр. Аравійскага паўвострава дзяржавы Саудаўская Аравія, Йемен, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кувейт, частка Ірака і Іарданіі.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Аравійскі паўвостраў. Падушкавыя формы раслін у камяністай пустыні.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ГВІНЕ́Я (New Guinea; інданез. Ірыян),

в-аў на З Ціхага ак. (2-і па велічыні на Зямлі пасля Грэнландыі). Пл. 829 тыс. км² (паводле інш. даных — 771,9 тыс. км²). Нас. больш за 5 млн. ж. За 150 км на Пн ад Аўстраліі, аддзелены ад яе пралівам Торэса. Абмываецца на Пд Арафурскім і Каралавым морамі. Зах. ч.тэр. Інданезіі (Ірыян-Джая), усх.тэр. дзярж. Папуа—Новая Гвінея. Праз увесь востраў (2400 км) цягнуцца Цэнтральныя горы сярэдняй выш. 3500 м. Найвышэйшы пункт — г. Джая (5029 м). Горы складзены з крышт. і метамарфічных парод, на З пераважаюць пясчанікі. Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнуцца Берагавыя горы, аддзеленыя ад Цэнтральных гор падоўжнымі алювіяльнымі раўнінамі. На Пд вялізная нізінная раўніна, якая перасякаецца шматлікімі рэкамі. Клімат паўн. ч. Н.Г. экватарыяльны, паўд. ч. — субэкватарыяльны з сухім зімовым перыядам. На нізінах сярэдняя т-ра 25—28 °C. У гарах з вышынёй клімат зменьваецца ад горнага трапічнага да нівальнага. На схілах гор выпадае больш за 4000 мм ападкаў, якія прыносяць зімой паўд.-ўсх. пасат, а летам паўн.-зах. мусон. На ПдЗ, дзе адчуваецца ўплыў зімовага аўстрал. мусону, гадавая колькасць ападкаў 1100 мм. Рэкі (Флай, Мамберама, Дыгул, Сепік, Раму) мнагаводныя, у перыяд дажджоў бурныя паводкі. На нізінах і схілах. гор развіты латэрытныя глебы, на ПнУ чырвоныя, на ўзбярэжжы балотныя. У раслінным покрыве пераважаюць вільготна-экватарыяльныя лясы (гілеі). На выш. 1500—3000 м пояс горных гілей з дрэвападобнымі папарацямі, вечназялёнымі лаўровымі дрэвамі, міртамі, хвойнымі з роду падакарпус, вышэй за 3800 м — высакатраўныя лугі з хмызнякамі рададэндранаў. На высокіх вяршынях гор — снежнікі і невял. ледавікі. У больш сухой паўд. ч. вострава развіты саванны з купінамі цвёрдых злакаў аланг-алангу, барадачу і аўстрал. відамі дрэў — банксіямі, эўкаліптамі і акацыямі. У вусцях рэк і ўздоўж нізінных берагоў мангравыя лясы. У жывёльным свеце пераважаюць сумчатыя млекакормячыя: газель, кенгуру, сумчаты барсук, дрэвавы кускус, апосум. Шматлікія птушкі (500 відаў), паўзуны, насякомыя. Вырошчваюць ямс, кукурузу, батат, плантацыі какосавых пальм, кавы, какавы, каўчуканосаў. Здабыча нафты. Рыбалоўства. Асн. гарады: Порт-Морсбі, Маданг (Папуа—Новая Гвінея), Саронг, Джаяпура (Інданезія).

М.​В.​Лаўрыновіч.

Да арт. Новая Гвінея. Вёска Бонгу, у якой больш як сто гадоў назад жыў М.​М.​Міклуха-Маклай.

т. 11, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУА́М (Guam),

уладанне ЗША у зах. ч. Ціхага ак. Уключае в-аў Гуам (найб. з Марыянскіх астравоў) і суседнія невял. астравы. Пл. 549 км². Нас. 143 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — Аганья. Афіц. мова — англійская, пашырана мясц. мова чамора. Нац. свята — Дзень працы (3 вер.).

Прырода. Паўд., больш узвышаная (г. Ламлам, 405 м) частка вострава вулканічнага паходжання, складзена з андэзітаў, паўн., нізінная — з каралавых вапнякоў. Частыя землетрасенні. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры каля 26 °C. Гадавая колькасць ападкаў 2000—3000 мм. Дажджлівы сезон май—лістапад. У гэты сезон бываюць тайфуны. На паўд. і ўсх. схілах вільготна-трапічныя лясы, на Пн ксерафітна-злакавыя саванны. На паўн.-ўсх. канцы — запаведнік Паці-Пойнт (пл. 304 га).

Насельніцтва. 43% складае мікранезійскі народ чамора — карэнныя жыхары вострава, 29% — выхадцы з Філіпін (пераважна ілокі), 28% — амерыканцы (ваеннаслужачыя на ваен. базах і члены іх сем’яў). Больш за 80% вернікаў католікі. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана ў невял. гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы.

Гісторыя. Карэнныя жыхары — абарыгены чамора здаўна называлі востраў Гуам. Першым з еўрапейцаў в-аў адкрыў у 1521 Ф.Магелан. Да канца 17 ст. Гуам каланізавалі іспанцы (пасля задушэння шэрагу паўстанняў мясц. насельніцтва ў 1670—95), на востраве размясцілася рэзідэнцыя ісп. губернатара Марыянскіх а-воў. Асн. заняткам карэннага насельніцтва было земляробства. У 1825 і 1828 у сувязі з заходам на Гуам брыт. і амер. кітабойных суднаў пачата стварэнне партовай службы (у Апры і Уматаку). У выніку ісп.-амер. вайны 1898 востраў стаў уладаннем ЗША, якія ператварылі яго ў апорны пункт на Ціхім ак. У 2-ю сусв. вайну тут 10.12.1941 высадзіўся яп. дэсант, які прымусіў капітуляваць невял. амер. гарнізон і служачых гуамскай марской паліцыі і добраахвотніцкай арміі. 21.7.1944 у межах ваен. аперацыі «Фуражыр» на востраў высадзіліся амерыканцы і ў ходзе жорсткіх 22-дзённых баёў амаль цалкам знішчылі яп. гарнізон. Да 30.5.1946 востравам кіравала амер. ваен. адміністрацыя, ён стаў буйнейшай ваен.-марской базай ЗША на Ціхім ак. У 1949 кіраванне Гуам перададзена грамадз. адміністрацыі. Пасля прыняцця ў 1950 у ЗША «Акта аб Гуаме» ўсе жыхары вострава, якія нарадзіліся пасля 11.4.1899, атрымалі амер. грамадзянства (без права ўдзелу ў нац. выбарах), абраны мясц. аднапалатны заканад. орган — Гуамскі кангрэс (21 дэпутат). У 1952 тут створана першая ВНУТэр. каледж Гуама. У 1970 гуамцам дадзена права выбіраць на 4 гады губернатара вострава (раней яго прызначаў прэзідэнт ЗША). З 1982 Гуам мае ўнутр. аўтаномію. Дзейнічаюць мясц. аддзяленні Рэсп. і Дэмакр. партый ЗША.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — турызм. Штогод Гуам наведваюць 600—800 тыс. турыстаў (85% — японцы). Вял. значэнне маюць даходы ад ваен. аб’ектаў ЗША. На востраве 2 буйныя ваен. базы ЗША: паветраная Андэрсен, марская Апра-Харбар. Жыхары вырошчваюць агародніну, а таксама кукурузу, каву, бананы, цукр. трыснёг, тара і інш. трапічныя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. На невял. прадпрыемствах вырабляюць какосавы алей, мыла, цэмент, чарапіцу, штучны лёд, безалкагольныя напіткі, хлебабулачныя вырабы. З рамёстваў развіты пляценне, выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў з ракавін і бісеру, разьбярства па дрэве. Унутр. транспарт аўтамабільны. Востраў — важны вузел паветр. і марскіх камунікацый. Гал. парты Апра-Харбар і Аганья. Экспарт нязначны, імпарт — прамысл. і харч. тавары. Грашовая адзінка — долар ЗША.

Літ.:

Малаховский К.В. Остров, открытый Магелланом (Гуам). М., 1975.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 5, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)