КЕРЭКСУ́РЫ (манг.),
пахавальныя збудаванні 1-га тыс. да н.э. і 6—10 ст. н.э. ў Манголіі, Тыве і Забайкаллі. Размешчаны пераважна ў катлавінах і па далінах буйных рэк. Уяўляюць сабой каменныя насыпы (курганы), акружаныя квадратнай ці круглай каменнай агароджай з дадатковай кальцавой выбрукоўкай.
т. 8, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ЧНЫ ЗАКО́Н,
любое сапраўднае лагічнае сцвярджэнне. Да Л.з. адносяцца законы логікі выказванняў (напр., закон несупярэчнасці, закон выключанага трэцяга, закон ускоснага доказу) або логікі прэдыкатаў. Напр., у выраз «няправільна, што р і не-р адначасова верныя» (закон несупярэчнасці) замест пераменнай р трэба падставіць выказванне; усе вынікі такіх падстановак уяўляюць сабой сапраўдныя выказванні (напр., «няправільна, што 11 — просты лік і разам з тым не з’яўляецца простым»). Кожная з лагічных сістэм утрымлівае бясконцае мноства Л.з. і ўяўляе сабой абстрактную знакавую мадэль, якая дае апісанне якога-н. пэўнага фрагмента або тыпу разважанняў. На фармалізаванай мове логікі ўсякі яе закон — гэта заўсёды сапраўдная, правільна пабудаваная формула; можна пабудаваць бясконцае мноства такіх формул, але Л.з. лічаць толькі тыя з іх, якія інтэрпрэтаваны на пазнаючае чалавечае мысленне. Гл. таксама Інтуіцыянізм.
В.М.Пешкаў.
т. 9, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШО́Т I Багратуні
(?—890),
армянскі цар [885—890], заснавальнік дынастыі Багратыдаў. Узначаліў барацьбу за незалежнасць і аб’яднанне Арменіі. Разбіў араб. войска (880-я г.). У 886 араб. халіф і візант. імператар, якія сапернічалі паміж сабой, паслалі Ашоту I кожны па кароне, г. зн. прызналі незалежнасць Арменіі.
т. 2, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЧАТКО́ВЫ ГРАМА́ДСКІ ПРАДУ́КТ,
эканамічны паказчык вымярэння аб’ёму нац. вытв-сці. Уяўляе сабой суму нац. даходу і амартызацыйных выдаткаў. Вылічаецца як кошт створанай канчатковай прадукцыі і паслуг у рыначных цэнах за пэўны перыяд (звычайна за год), за выключэннем кошту выкарыстанай сыравіны, матэрыялаў, паўфабрыкатаў і энергарэсурсаў.
т. 8, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РУЛА (новалац. morula ад лац. morum тутавая ягада),
стадыя зародкавага развіцця некаторых губак, кішачнаполасцевых, плоскіх чарвей, членістаногіх, большасці млекакормячых у перыяд драблення. На стадыі М. зародак уяўляе сабой шарападобнае ўтварэнне шчыльна прыціснутых (без поласці) адна да адной клетак (бластамераў). У млекакормячых М. ператвараецца ў бластацысту.
т. 10, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТАНА́Л (Pantanal),
забалочаная нізіна ў вярхоўях р. Парагвай каля зах. падножжа Бразільскага пласкагор’я (пераважна ў Бразіліі). Займае тэктанічную ўпадзіну, запоўненую азёрна-рачнымі адкладамі. Выш. 50—70 м. У перыяд дажджоў затапляецца. У засуху ўяўляе сабой спалучэнне балот, азёр, саланчакоў, лясных і травяністых участкаў. Запаведнік Каракара.
т. 12, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́МЕТР СТА́НУ ў тэрмадынаміцы, тэрмадынамічны параметр,
фізічная велічыня, якая служыць для характарыстыкі макраскапічнага стану сістэмы. Да П.с. належаць: ціск, тэмпература, аб’ём удзельны, унутраная энергія, энтрапія і інш. П.с. звязаны паміж сабой, таму раўнаважны стан сістэмы можна вызначыць праз абмежаваную колькасць параметраў (гл. Ураўненне стану).
т. 12, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ГЕЛЬ (ням. Riegel папярочка, засаўка),
1) у будаўніцтве — гарызантальная ці нахільная бэлька, што звязвае паміж сабой калоны будынкаў, стойкі рам і інш. Служыць апорай для кладзей, пліт перакрыццяў і пакрыццяў. Бывае метал., жалезабетонны, драўляны; паводле канструкцыі — суцэльны ці рашэцісты.
2) Засаўка ў дзвярных замках.
т. 13, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВЫ́ ВАЛ,
акумулятыўная форма рэльефу, утвораная з доннага матэрыялу (пяску, жвіру, галькі, ракушачніку) прыбоем. Уяўляе сабой нізкую граду (вал), выцягнутую ўздоўж лініі берага мора або возера. Даўжыня дасягае соцень метраў або некалькіх кіламетраў, выш. да 1—4 м. Павернуты ў бок мора схіл берагавога вала называецца пляжам.
т. 3, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КНЕ КЕЛО́ІД, сасочкавы дэрматыт галавы, склеразуючы фалікуліт патыліцы,
хвароба мужчын. Існуе меркаванне, што ўзбуджальнік — залацісты стафілакок. На патыліцы на мяжы росту валасоў, зрэдку на падбародку з’яўляюцца дробныя вузельчыкі, якія групуюцца і зліваюцца паміж сабой. Скура робіцца цвёрдай, валасы растуць пучкамі. Пасля ўскрыцця фалікулярных вузельчыкаў застаюцца келоідныя рубцы.
т. 1, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)