АМІРХА́Н Фатых Зарыфавіч (13.1.1886, Казань — 9.3.1926),

татарскі пісьменнік. Заснаваў прагрэсіўную газ. «Эль-іслах» («Рэформа», 1907—09). Аўтар аповесцяў «Татарская дзяўчына», «Фатхула хазрат» (абедзве 1909), «На раздарожжы» (1912), драмы «Моладзь» (1910) і інш. Змагаўся за рэаліст. мастацтва, выступаў супраць перажыткаў феадалізму, паказваў імкненне тат. моладзі да новага жыцця.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЛАЖЭ́ННІ» 19 ЛЮ́ТАГА 1861,

сукупнасць заканад. актаў, што аформілі адмену прыгоннага права ў Рас. імперыі. Зацверджаны імператарам Аляксандрам II 3 сак. (19 лют. па старым стылі) 1861, апублікаваны 17.3—14.4.1861. Складаліся з «Агульнага палажэння аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці», 4 «Мясцовых палажэнняў», «Правіл» і «Дадатковых правіл». Гл. Сялянская рэформа 1861.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТЭ Сяргей Юльевіч (29.6.1849, Тбілісі — 13.3.1915),

рускі дзярж. дзеяч. Граф (1905), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1893). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1870). У лют.—жн. 1892 міністр шляхоў зносін, у 1892—1903 міністр фінансаў. Пры Вітэ значна вырас уплыў дзяржавы на эканоміку (падтрымка асобных груп прадпрымальнікаў, некаторых галін прам-сці — горназдабыўной і металургічнай, вінакурэння, чыг. буд-ва і інш.). Гал. мерапрыемствы Вітэ — вінная манаполія (1894), грашовая рэформа (1897), рус.-кіт. дагавор аб буд-ве і эксплуатацыі Кіт.-Усх. чыгункі (1896), рэформа гандл.-прамысл. падаткаабкладання (1898), спроба рэфармаваць гандл.-прамысл. заканадаўства. Са жн. 1903 старшыня Кабінета міністраў. У час рус.-яп. вайны 1904—05 у неспрыяльных міжнар. абставінах дамогся заключэння Портсмуцкага мірнага дагавора з Японіяй (1905). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі пад кіраўніцтвам Вітэ складзены Маніфест 17 кастрычніка 1905, адначасова апублікаваны яго даклад з праграмай рэформаў. Узначальваў (да Крас. 1906) рэфармаваны Савет міністраў. Аўтар мемуараў, якія змяшчаюць багаты фактычны матэрыял.

Тв.:

Воспоминания. Т. 1—3. М., 1960;

Избр. воспоминания, 1849—1911 гг. М., 1991.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАСЛО́ЎСКІ Міхаіл Міхайлавіч (25.3.1867, Масква — 20.4.1929),

расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1921). Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). З 1911 праф. гэтага ун-та. Вучань В.В.Ключэўскага. Даследаваў гісторыю Расіі 18 ст. ў працах «Быт і норавы рускага дваранства ў першай палавіне XVIII ст.» (1906), «Пётр Вялікі і яго рэформа» (1920), «Пётр I. Матэрыялы для біяграфіі» (т. 1—5, 1940—48) і інш. Быў сакратаром Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцяў расійскіх, старшынёй Рус. гіст. Т-ва.

т. 2, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭАПА́Г (грэчаскае Areios pagos літаральна ўзгорак Арэса),

1) орган улады ў Старажытных Афінах (назва ад месца яго пасяджэнняў на ўзгорку Арэса каля Акропаля). Узнік у эпоху родаплемяннога ладу як савет старэйшын. Складаўся з пажыццёвых членаў, з 8 стагоддзя да нашай эры папаўняўся з ліку былых архонтаў. Валодаў шырокай палітычнай, судовай і рэлігійнай уладай. Рэформа Эфіяльта (462 да нашай эры) ліквідавала палітычную ўладу і ўплыў арэапага.

2) У пераносным сэнсе — сход аўтарытэтных асоб.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ННАЯ МАНАПО́ЛІЯ,

выключнае права дзяржавы на выраб спіртных напіткаў і гандаль імі. Займае важнае месца ў сістэме падаткаабкладання даходаў на карысць дзяржавы за кошт тавараў усеагульнага спажывання. У ВКЛ выключнае права на выраб і продаж спіртных напіткаў належала вял. князю, які перадаваў яго пэўным феадалам і мяшчанству гарадоў. У Расіі вінная манаполія вядома з 16 ст., канчаткова замацавалася ў канцы 19 ст., калі з 1894 па ініцыятыве міністра фінансаў С.​Ю.​Вітэ пачала праводзіцца піцейная рэформа (з 1897 у Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губ.). У СССР частковая вінная манаполія дзейнічала з 1923.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАДЗЬКО́ Уладзімір Фёдаравіч (н. 27.9.1951, в. Марозавічы Пінскага р-на),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1993), праф. (1995). Віцэ-прэзідэнт Бел. акадэміі адукацыі (з 1994). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1977). Працаваў у НДІ прафтэхадукацыі. З 1990 нам. дырэктара, з 1993 — дырэктар Нац. ін-та адукацыі. З 1995 нам. міністра адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы тэорыі, метадалогіі, методыкі выхавання. Навуковы кіраўнік даследаванняў сац.-псіхал. рэабілітацыі дзяцей Чарнобыльскай зоны (1993—95). Аўтар «Канцэпцыі выхавання ў нацыянальнай школе Беларусі» (1993), працы «Рэформа адукацыі і выхавання» (1995) і інш.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЗІЧ (Radić) Сцяпан (11.7.1871, Трэбар’ева-Дзесна, Харватыя — 8.8.1928),

харвацкі грамадскі і паліт. дзеяч. Скончыў Школу паліт. навук у Парыжы (1899). Супрацоўнічаў у чэш., рас. і франц. прэсе, з 1902 жыў у Заграбе. У 1904 разам з братам А.​Радзічам засн. Харвацкую сял. партыю. Развіваў тэорыю «сялянскага права» (гегемонія сялян у паліт. жыцці, памяркоўная агр. рэформа), тэорыю «аграрызму» (устойлівасць дробнай сельскай гаспадаркі і перавага агр. эканомікі). У 1924 наведаў СССР і ўступіў у Сялянскі інтэрнацыянал. У 1925—26 міністр асветы Югаславіі, з 1926 у апазіцыі. Выступаў за аўтаномію Харватыі. Смяротна паранены сербскім шавіністам.

т. 13, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЖЭ́СКІ Мікалай Карнілавіч (1860, Мінск — 9.8.1910),

эканаміст, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1886). Працаваў у Мін-ве фінансаў, з 1891 рэферэнт у канцылярыі Дзярж. савета. З 1893 чл. тарыфнага і гандл.-прамысл. к-та Мін-ва фінансаў, адначасова ў дэпартаменце ўскосных падаткаў. У 1909 ахвяраваў сваю б-ку (каля 3 тыс. тамоў кніг па фін. пытаннях) Віленскаму т-ву сяброў навук, за што атрымаў тытул чл.-пратэктара т-ва. Аўтар прац «Падатковая рэформа: Французскія тэорыі XVIII ст.» (1888), «Кругавая парука сельскіх суполак» (1896), нарысаў аб прававым становішчы сельскіх суполак, гіст. агляду заканадаўства аб ускосных падатках.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДКО́Ў Дзяніс Аляксандравіч (23.6.1904, г.п. Круглае Магілёўскай вобл. — 23.3.1948),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1935). Скончыў БДУ. З 1931 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, Ін-це гісторыі АН БССР, БДУ, Мінскім пед. ін-це. Удзельнік Вял. Айч. вайны. Аўтар прац па гісторыі Беларусі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Даследаваў развіццё капіталізму, рабочы і сял. рух і інш.

Тв.:

Сталыпінская рэформа ў Віцебскай губерні. Мн., 1931;

Аб развіцці капіталізма ў Беларусі ў 2-й палове XIX і пачатку XX ст. Мн., 1932.

Літ.:

Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)